Вы тут

АЭС як стымул для развiцця электракараў


Трацiна сусветнага аўтапарку да 2040 года стане электрычнай. Беларусы ж да канца 2020-га будуць спажываць на зарадку электракараў энергii да 12 мiльёнаў кВт·г, а ў канцы 2021-га ў краiне запрацуе звыш 600 зарадных станцый. Дадатковы iмпульс у гэтым кiрунку надасць увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС. Такiя прагнозы выказвалi ўчора эксперты на Днi электратранспарту, якi прайшоў на пляцоўцы iндустрыяльнага парка «Вялiкi камень».


Чысты, надзейны, камерцыйны

Стымуляванне выкарыстання электратранспарту, развiццё электразараднай iнфраструктуры i, адпаведна, павышэнне камфорту пражывання ў гарадах — на ўсё гэта скiраваны не толькi сiлы спецыялiстаў галiны энергетыкi, але i шэраг адпаведных указаў Прэзiдэнта, у прыватнасцi Указ № 92 аб стымуляваннi выкарыстання электрамабiляў, якi прадугледжвае льготы для ўладальнiкаў электракараў i арганiзацый, што iх абслугоўваюць.

— Атамная станцыя — гэта надзейная i чыстая крынiца энергii, якая стымулюе развiццё не толькi электратранспарту, але i ўкараненне новых тэхналогiй у iншых галiнах: навуцы, медыцыне, прамысловасцi. Электратранспарт — гэта знiжэнне шкодных выкiдаў, аздараўленне гарадскога асяроддзя i павышэнне бяспекi на дарогах, — падкрэслiў мiнiстр энергетыкi Вiктар
КАРАНКЕВIЧ.

Абнаўленне транспартнага парку сучаснай, высока-бяспечнай i экалагiчнай тэхнiкай — важны элемент устойлiвага развiцця нашай краiны. Цудоўна, што айчынныя прадпрыемствы паэтапна пашыраюць мадэльны рад электратэхнiкi, упэўнены Анатоль IСАЧАНКА, намеснiк старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, нацыянальны каардынатар па мэтах устойлiвага развiцця (МУР):

— У Беларусi вядзецца сiстэмная работа па ўкараненнi аўтаматызаваных сiстэм кiравання перавозачным працэсам, павышэннi ўзроўню iнфарматызацыi транспартнага комплексу, пашырэннi электрыфiкацыi чыгункi i павелiчэннi долi электратранспарту. Усё гэта з'яўляецца асновай канцэпцыi «разумных» гарадоў, якую мы развiваем. Паўсюднае ўкараненне зялёных тэхналогiй, якiя грунтуюцца на энерга- i рэсурсазберажэннi, забяспечваюць развiццё эканомiкi без шкоды для экалогii. Гэта адна з задач МУР.

Больш за 80 электробусаў сёння ездзяць па гарадскiх маршрутах. Тэрмiн iх эксплуатацыi разлiчаны на 15 гадоў, i за адну зарадку такi транспарт здольны прайсцi да 300 кiламетраў. МАЗ у найблiжэйшы час павiнен выпусцiць каля 20 адзiнак тэхнiкi, а на МТЗ распрацавалi i выпусцiлi машыну для залiўкi лёду, якая цяпер выпрабоўваецца на лядовых арэнах.

— Трэба разумець, што электрамабiль — больш ёмiстае паняцце, чым проста аўтатранспарт, — падкрэслiў Андрэй БУЙНЕВIЧ, намеснiк мiнiстра прамысловасцi. — Гэта комплексная iнфраструктура зарадных станцый, iнфраструктура спецыялiзаваных станцый тэхнiчнага абслугоўвання, навучанне спецыялiстаў, якiх трэба рыхтаваць, каб развiваць гэты кiрунак надалей. Вялiкая перспектыва бачыцца i ў развiццi камерцыйнага аўтатранспарту.

Аўтобусы-беспiлотнiкi i суперхуткасная зарадка

Дзень электратранспарту ўпершыню праходзiць у «Вялiкiм каменi», i гэта сiмвалiчна, лiчыць кiраўнiк адмiнiстрацыi Кiтайска-беларускага iндустрыяльнага парка Аляксандр ЯРАШЭНКА:

— Менавiта тут першай арганiзаванай вытворчасцю стаў выпуск суперкандэнсатараў рэзiдэнтам «Чэнду Сiньджу Шаўковы Шлях Развiццё», якiя цяпер эксплуатуюцца ў транспарце вытворчасцi Белкамунмаша. Цяпер у парку 62 рэзiдэнты з 15 краiн, высокiя тэхналогii i новая iндустрыя — кiрункi, якiя мы тут развiваем.

На iмправiзаванай выставачнай пляцоўцы журналiсты i наведвальнiкi на свае вочы пабачылi навiнкi электратранспарту, якiя ўжо выпускаюцца ў краiне, пачынаюць эксплуатавацца ў Беларусi, а таксама толькi пачнуць стварацца. Прынамсi, лiтаральна месяц таму «Вялiкi камень» прыняў да сябе рэзiдэнта з Лiтвы, якi будзе выпускаць электрасамакаты, здольныя праходзiць на адной зарадцы больш за 100 кiламетраў. Для айчынных спажыўцоў стануць даступныя таксама зарадныя прылады i пракат такога транспарту.

Ганаровыя госцi праехалi па тэрыторыi на беспiлотным аўтобусе, якi прэзентавалi на свяце. Экатранспарт са штучным iнтэлектам неўзабаве будзе хадзiць па тэрыторыi парка, а ў будучым «Вялiкi камень» стане экалагiчна чыстым горадам, дзе будзе рухацца толькi электратранспарт, прычым беспiлотны, выказаў спадзяванне Аляксандр Ярашэнка.

— На працягу апошнiх 20 гадоў галiна аўтамабiлебудавання змяняецца. Машыны, якiя працуюць на бензiне i дызелi, паступова саступаюць месца гiбрыдным аўто i электракарам. I развiццё электратранспарту на новых крынiцах энергii мае ў Беларусi вялiкую будучыню, — спадзяецца Янь Ган, генеральны дырэктар Кiтайска-беларускага iндустрыяльнага парка «Вялiкi камень». — XXI стагоддзе — эпоха новых энергарэсурсаў. Беларусь — адна з асноўных краiн-iмпарцёраў энергарэсурсаў у ЕАЭС, i прасоўванне новых крынiц энергii i iншых галiн зялёнай эканомiкi несумненна будзе садзейнiчаць эканамiчнаму развiццю краiны ў будучынi.

Ён паабяцаў прыцягваць яшчэ больш прадпрыемстваў з Кiтая, Еўропы i Амерыкi для стварэння прамысловых ланцужкоў першас-
ных i другасных сектараў па вытворчасці аўто на новых крынiцах энергii, каб з'явіліся спрыяльныя ўмовы для выпуску беларускiх электрамабіляў.

Беларусь у плане развiцця электрычнай iнфраструктуры можа лiчыцца сусветным лiдарам, бо тут на кожную зарадную станцыю прыходзiцца ледзь не па адным электракары. Прытым што ў Нарвегii на адну станцыю — 14 аўто, ва Украiне — каля дзясятка, падзялiўся назiраннямi Андрэй КОЦIК, намеснiк генеральнага дырэктара кампанii «Беларуснафта», якая з'яўляецца нацыянальным аператарам зараднай iнфраструктуры краiны:

— У 2014 годзе мы паставiлi першыя зарадныя станцыi, у 2018-м у краiне iх было 17. Сёлета плануецца паставiць дадаткова
яшчэ 180 прылад, прычым гэта будуць хуткiя зарадныя станцыi, якiя дазволяць лiтаральна за паўгадзiны зарадзiць аўто на сотню i больш кiламетраў. Да канца 2021 года ў Беларусi будзе больш як 600 зарадных станцый. Актыўна развiваем iдэю суперхуткасных зарадных комплексаў, якiя будзем усталёўваць з 2022 года. На iх за чатыры хвiлiны можна будзе зарадзiць аўто на 200—300 кiламетраў. Цяпер адлегласць памiж зараднымi станцыямi на трасах — 120—150 кiламетраў. На магiстралях магутнасць станцый у асноўным па 150—180 кВт, а ў гарадах — па 50, i яны знаходзяцца каля гандлёвых i забаўляльных цэнтраў.

У краiне цяпер каля 500 электрамашын, а зарадных станцый, на якiх можна падзарадзiць да дзевяцi тысяч аўто, — 260. Неўзабаве зарадная iнфраструктура краiны зможа абслугоўваць да 35 тысяч электракараў, абяцаюць спецыялiсты.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».