Вы тут

Талака на бураломе. Лiквiдацыяй наступстваў стыхii на Маларыччыне займаюцца ўсёй грамадой, на дапамогу вяскоўцам выязджаюць гараджане


Стыхiя абрынулася на паўднёвыя раёны Брэстчыны вечарам 6 лiпеня. Найбольш моцна навальнiчны фронт зачапiў Маларыцкi раён. Пацярпелi жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, аб'екты сацкультбыту, могiлкi, дзясяткi гектараў лесу. Лес паламала i спляжыла палосамi. Зверху асобныя лясныя дзялянкi нагадваюць вытаптанае вандаламi поле. Напрыклад, 30—40-гадовыя сосны на вышынi трох-чатырох метраў пераламала нiбы танюткiя запалкi. Бярозы ды iншыя дрэвы вывернула з карэннем i зямлёй, ад iх засталiся варонкi, як ад выбуху бомбы. Якой сiлы спатрэбiлася б тэхнiка, каб хто задумаў так выдраць з зямлi дрэва, нават уявiць цяжка...


Шыфер разгружалi да ночы

Могiлкi ў Велiкарыце аказалiся пад заваламi дрэў, двор школы пасля ўрагану нагадваў лясны буралом. У Пажэжыне вецер сарваў купал з царквы, яго аднесла метраў на 30 ад будынка. Найбольш дамоў i гаспадарчых пабудоў пацярпела ў Масявiчах, Велiкарыце, Печках. Работа па лiквiдацыi наступстваў пачалася адразу на наступны дзень.

— Дах пазрывала поўнасцю альбо часткова са 150 дамоў i гаспадарчых пабудоў — расказаў старшыня Велiкарыцкага сельскага Савета Вiктар КIРЫЧУН. — Першае адрэагавала райспажыўтаварыства. Аператыўна завезлi ўсе будаўнiчыя матэрыялы. Шыфер i цвiкi разгружалi амаль да ночы. I адрамантаваць стрэхi ўдалося лiтаральна за некалькi дзён. На прыватных падворках з рамонтам людзi ў асноўным спраўлялiся сваiмi сiламi. Шматкватэрныя i аднакватэрныя дамы ААТ «Рыта» рамантавалi спецыялiсты сельгаспрадпрыемства. На дапамогу вяскоўцам прыйшлi мужчыны з рэабiлiтацыйнага цэнтра, якi функцыянуе ў Велiкарыце. Яны, дарэчы, дапамаглi паправiць дах на будынку сельвыканкама, якi таксама пацярпеў.

— Сумнае вiдовiшча ўяўляюць сабой могiлкi пасля ўрагану — працягвае Вiктар Мiкалаевiч. — Паваленыя дрэвы ў многiх месцах пашкодзiлi помнiкi, агароджы. Уявiце сабе векавую сасну, нанiзаную на штыр агароджы!.. Такую карцiну засталi назаўтра пасля стыхii. Расчыстку завалаў мы ўжо заканчваем. А вось наконт помнiкаў — зараз вядзецца работа па ўлiку пашкоджаных. Старасты вёсак абыходзяць людзей, збiраюць звесткi. Грамадзяне пiшуць заявы ў сельвыканкам, прыкладаюць фота. Спачатку правядзём улiк, а потым будзем вырашаць, якую дапамогу можна аказаць людзям па аднаўленнi помнiкаў — паведамiў старшыня.

— Работа вядзецца па ўсiх кiрунках. Шмат дапамаглi гараджане. У суботу да нас прыехала каля ста чалавек з усiх арганiзацый i ўстаноў раёна на чале з кiраўнiцтвам райвыканкама. Працавалi на школьным двары, якi завалiла дрэвамi, на могiлках, на вясковых вулiцах побач з помнiкамi ваенным падзеям. Апошнiя, дарэчы, не зачапiла: вакол зваленыя дрэвы, а помнiк стаiць цэлы. Як i купал царквы, што аднесла ад будынка: калi б ён упаў на дах храма, будынак быў бы знiшчаны, гэта ж не смешкi — 10 тон.

Высякаюць спрэс i выбарачна

Актыўна працуе па лiквiдацыi наступстваў урагану i Маларыцкi лясгас. Ёсць спляжаныя ўчасткi ў Велiкарыцкiм, Гвознiцкiм, Чарнянскiм, Пажэжынскiм ляснiцтвах. Паводле слоў галоўнага ляснiчага Маларыцкага лясгаса Васiля ПЯТРУЧЫКА, на 70 гектарах трэба высекчы лес спрэс, i на 200 гектарах — выбарачна. Зараз працуюць 30 вальшчыкаў лесу. З тэхнiкi задзейнiчаны «Харвестар», цялежкi МПТ для вывазкi драўнiны, трактары.

Час прыспешвае, бо мёртвая драўнiна вельмi хутка псуецца. З кожным днём дзелавой драўнiны будзе станавiцца менш i расцi колькасць тых дрэў, якiя годныя толькi на дровы. Як вядома, лес нарыхтоўваюць зiмой, калi дрэва знаходзiцца амаль у закансерваваным стане. А калi яго звалiць у час руху соку, яно хутка сiнее на зрэзе, а гэта сiгнал таго, што на якую-небудзь вытворчасць такое бярвенне непрыгоднае. Таму лесаводы i спяшаюцца.

А калi правядуць нарыхтоўку драўнiны, вывазку, ачыстку дзялянак, прыкладна ў лiстападзе падрыхтуюць глебу для пасадкi новых лясных культур. Што датычыцца лесу, то наступствы стыхii, якая бушавала 20 хвiлiн, можна будзе назваць пераадоленымi праз дзясяткi гадоў, калi вырасце новы лес.

Усёй грамадой

Хоць i сваёй работы многа на лясных дзялянках, у суботу асобныя вальшчыкi лесу працавалi з прадстаўнiкамi iншых арганiзацый на суботнiку на тэрыторыi школы. Бо там атрымаўся такi буралом, што людзям без спецыфiчных навыкаў i сродкаў iндывiдуальнай аховы нельга было прыступаць. Самыя небяспечныя дрэвы распiлавалi i прыбралi па ўсiх правiлах спецыялiсты, астатнiя завалы прыбiралi валанцёры з тых, хто прыехаў на суботнiк.

— На гэтай рабоце найбольш патрабавалася мужчынская сiла — падзялiўся ўражаннямi пра суботнiк старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег ЯКУБЧЫК. — На могiлках дрэвы трэба было выносiць толькi ўручную, чым мы i займалiся з работнiкамi газавай гаспадаркi, ЖКГ, iншых арганiзацый. Работа знаходзiлася для ўсіх. I кiраўнiцтва раёна вельмi ўдзячнае тым, хто адклiкнуўся. Той выпадак, калi людзям трэба дапамагаць усёй грамадой. Папрацавалi некалькi гадзiн — i тэрыторыю школы стала не пазнаць, прыкладна такая ж карцiна з iншымi пляцоўкамi. У гэтую суботу запланавалi яшчэ адзiн суботнiк, зноў кiнулi заклiк на прадпрыемствы i арганiзацыi раёна, былi б рады, калi б знайшлiся ахвотныя на добрую справу i з абласнога цэнтра.

— Самае галоўнае, што стыхiя нанесла толькi матэрыяльны ўрон, нiхто з людзей не пацярпеў — зноў уступае ў гаворку кiраўнiк мясцовай улады Вiктар Кiрычун. — Урон мы падлiчым i паступова лiквiдуем наступствы стыхii, падобнай якой i старажылы не прыпомняць. Людзi, якiх ураган застаў у машынах, расказвалi, што сядзелi i дрыжалi, было такое ўражанне, што машыну зараз паднiме i пераверне альбо панясе некуды. А назаўтра ранкам, калi развiднела, мы не пазнавалi свае вёскi, гэта было нiбы ў фiльмах жахаў, калi яны паказваюць наступствы невялiкага ядзернага ўдару. I яшчэ раз узнiкала адчуванне палёгкi, што ўдалося пазбегнуць ахвяр. А ў парадак нашы вёскi пацiху прывядзём. Ужо i цяпер многае памянялася, пасля суботнiка стала лепш, пасля другога, спадзяёмся, застанецца яшчэ менш завалаў. Ды i самi жыхары вёсак шмат робяць, кожны расчышчае хоць невялiкую тэрыторыю каля свайго падворка.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ, Маларыцкi раён

Загаловак у газеце: Талака на бураломе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».