Вы тут

Святлана ДЗЯТКО: «Цешуся поспехамі нашых выхаванцаў»


Амаль два дзясяткі гадоў Святлана Дзятко працуе галоўным урачом Барысаўскага спецыялізаванага Дома дзіцяці. Па выніках абласнога конкурсу «Жанчына года Міншчыны-2019», арганізаванага ГА «Беларускі саюз жанчын», Святлана Анатольеўна прызнана пераможцай у намінацыі «Паспяховы кіраўнік».

«Алеся» распытала яе пра складанасці працы з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама пра шчасце і пра тое, як спраўджваюцца мары.


— А з чаго ўсё пачыналася?

— Муж у мяне вайсковец, у часы СССР служыў у Азербайджане, Манголіі, скончыў Ваенную акадэмію ў Кіеве. Як любая жонка афіцэра, я ездзіла па гарнізонах разам з ім. Усюды працавала па спецыяльнасці — я педыятр, скончыла Смаленскі медыцынскі інстытут. У Беларусь, на радзіму мужа, прыехалі ў 1993 годзе, апынуліся ў Барысаве. Праца ў практычнай ахове здароўя мне вельмі падабалася, і я ўладкавалася ўчастковым педыятрам у паліклініку. А ў 2002 годзе мяне прызначылі на пасаду галоўнага ўрача Барысаўскага дома дзіцяці.

— Да гэтага вам не даводзілася мець справу з дзецьмі-сіротамі?

— Працуючы на ўчастку, вядома, сутыкалася з нядобранадзейнымі сем’ямі. Здаралася, прыходзіла ў дом, а там — п’яныя дарослыя, у шафе сярод брудных ануч — галодныя, з каростай і вошамі, дзеці. Выклікала міліцыю, хуткую дапамогу, інфармавала службы апекі. Таму для мяне не было навіной даведацца пра дзяцей, якія маюць патрэбу ў абароне дзяржавы.

Іншая справа, што матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы была слабой, патрабаваўся рамонт будынка, узведзенага яшчэ ў 1979 годзе. Патрэбныя была новая мэбля, адзенне дзецям... З вырашэння гэтых праблем і давялося пачынаць.

— Зараз у дзіцячым доме — прыгожыя цацкі, новая мэбля ў групах, добра апранутыя дзеці. З цяжкасцю верыцца, што не заўсёды так было...

— Галоўнае — моцна захацець, і абавязкова знойдзецца той, хто дапаможа. Стаўшы кіраўніцай, я задумала сур’ёзны рамонт. Адначасова дала аб’яву па тэлебачанні бягучым радком: прымем у дар калыскі, манежы. І... ніхто не адгукнуўся. Прыехала толькі гаспадыня сэканд-хэнда, прывезла дзіравыя рэчы: «Вы ж жанчыны, зацыруеце». Я тады заплакала і падумала: «Мае дзеці пазашыванае насіць не будуць». У думках я бачыла дзіцячы дом такім, які ён сёння. І працягвала далей стукацца ў розныя дзверы.

Вядома, мы атрымліваем фінансаванне як установа. Але заўсёды ёсць тое, у чым мы маем патрэбу, каб дзецям было ўтульна, а супрацоўнікам — камфортна. У нас ёсць спіс неабходнага, кожны з нашых сяброў можа выбраць тое, што яму па сілах. І свет не без добрых людзей. Адно з прадпрыемстваў кожны месяц пералічвае па 1200 рублёў. Валанцёры некалькі раз на год прывозяць патрэбныя рэчы, мэблю, цацкі. Да свят — падарункі і сюрпрызы. Мары збываюцца, калі не чакаць склаўшы рукі, а працаваць.

— Як дзеці трапляюць у дзіцячы дом?

— Наш Дом дзіцяці быў адкрыты ў 1944 годзе пасля вызвалення Барысава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жылі ў ім дзеці, якіх асіраціла вайна. Сёння ў нас выхоўваюцца 63 дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. А калі я прыйшла сюды працаваць, было 120 дзяцей, у мінулым бывала і 200, і каля 300. Чаму так многа? Дастаткова пачытаць гісторыі дзяцей — у іх адлюстравана гісторыя краіны. Напрыклад, у саракавыя гады часта сустракаецца такі запіс: бацька загінуў на фронце, маці рэпрэсаваная або памерла. Пазней дзеці змяшчаліся сюды па заяве бацькоў у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Для адзінокіх маці ў савецкі перыяд гэта было выйсце: яны атрымлівалі магчымасць працаваць. Былі і падкідышы, і адказнікі, і дзеці, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў або знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі.

У 2006 годзе з’явіўся Дэкрэт №18, камісія па справах непаўналетніх стала забіраць дзяцей у нядобранадзейных бацькоў і змяшчаць у дзіцячыя ўстановы. Такое дзіця прызнаецца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Найважнейшай задачай з’яўляецца пошук сям’і для яго. Добра, калі бацькі адумаюцца, перастануць піць, забяруць малога. Яго могуць перадаць блізкім сваякам, калі такія ёсць і яны адэкватныя. Альтэрнатыўныя формы ўладкавання — прыёмная сям’я або дзіцячы дом сямейнага тыпу. Але часам, на жаль, уладкаваць хлопчыка ці дзяўчынку ў сям’ю не атрымліваецца, або дзіця мае нейкія сур’ёзныя захворванні. Тады яно накіроўваецца ў інтэрнатную ўстанову на дзяржаўнае забеспячэнне.

— Многія дзеці трапляюць да вас з эмацыйнымі траўмамі. То-бок, гэта ўсё ж асаблівыя дзеці. Што галоўнае ў рабоце з імі?

— Чалавечнасць, дабрыня. Нават не прафесіяналізм, хоць ён, безумоўна, вельмі важны. У працы з нашымі выхаванцамі недапушчальная абыякавасць. Калі чалавек не любіць дзяцей, яны гэта адчуваюць і не давяраюць яму. Такія людзі ў нас не затрымліваюцца. Мы стараемся стварыць для дзяцей добразычлівую абстаноўку. Нашы выхаванцы адкрытыя, лёгка ідуць на кантакт, радуюцца падарункам.

— Вы і калектыў установы фактычна замяняеце ім сям’ю...

— Гэта так. Усіх дзяцей ведаю па імёнах, памятаю гісторыю кожнага. Раніца пачынаецца з таго, што прыходзіць дзяжурная медсястра і дакладвае, як прайшла ноч. Калі ёсць нейкая праблема, я сама агледжу дзіця, прааналізую зробленыя прызначэнні. Штодня наведваю групы.

Але як бы добра ні было нашым малышам, у глыбіні душы мы разумеем: у іх не самае шчаслівае дзяцінства. Таму крыху песцім іх. Дазваляем больш, чым хатнім дзецям. Стараемся, каб нашы дзяўчаткі і хлопчыкі былі прыгожа апранутыя і заўсёды задаволеныя. А яшчэ мы вельмі спадзяёмся знайсці кожнаму з іх добрую сям’ю.

— Гэты працэс рухаецца?

— І даволі актыўна. За мінулы год 99% дзяцей, што выбылі ад нас, уладкаваныя ў сем’і: 17 вярнуліся ў біялагічныя, 19 дзяцей усыноўлена, 3 перададзеныя на апеку. Толькі адну дзяўчынку перавялі ў дзіцячы дом, бо мы не паспелі знайсці ёй бацькоў з-за доўгага судовага працэсу па пазбаўленні бацькоўскіх правоў, але, паводле нашых звестак, яна зараз на апецы.

Дзіця шчаслівае ў сям’і, калі яго ці яе любяць. Вельмі хочацца, каб нашым дзецям пашанцавала.

— Працаваць у дзіцячым доме зможа не кожны, і задача кіраўніка — падабраць такіх людзей. Вам гэта ўдалося?

— Цалкам. У нас цяпер працуе 120 чалавек. У кожнай з васьмі груп — 4 медсястры, 4 няні, настаўнік-дэфектолаг, выхавацелька. Яны працуюць кругласуткава, змяняючы адно аднаго. У нас свой харчаблок, свая пральня, ёсць кіроўцы, дворнікі, рабочыя па рамонце. І, як у любой арганізацыі, бухгалтэрыя, юрыст, а яшчэ — працэдурная медсястра, масажысткі і іншыя супрацоўнікі. Ёсць свая малочная кухня. Шэсць чалавек адпрацавалі ў Доме дзіцяці больш за 30 гадоў, дваццаць — больш за 25. Асноўная колькасць работнікаў — па 10-15 гадоў. Тры медсястры маюць стаж 36 гадоў, гэта ў іх адзінае месца працы. Апошнім часам прыйшла і моладзь: музычны работнік, медсёстры. І ўсе аб’яднаныя жаданнем зрабіць жыццё дзяцей яркім, цікавым, поўным любові і клопату.

Што вас у вашай працы радуе?

— Цешуся поспехамі нашых выхаванцаў. Напрыклад, хлопчык з ДЦП робіць першыя крокі. Або дзіця не размаўляла доўгі час — і вось прамовіла першыя словы. Вядома, мы радуемся, калі дзіця сыходзіць у новую добрую сям’ю. І калі біялагічныя бацькі мяняюць свае паводзіны і забіраюць малыша дадому. Нагода для радасці — відэа і фота, якія дасылаюць нам усынавіцелі, каб мы маглі ўбачыць, як растуць і развіваюцца нашы выхаванцы. Чым горш складваўся лёс у дзіцяці спачатку, тым прыемней бачыць яго ці яе жыццёвыя поспехі. Вельмі вялікая радасць для нас, калі прыязджаюць нашы «выпускнікі» — ужо дарослымі. Нядаўна наведаў Алег, мы яго перадалі ў трохгадовым узросце ў Мар’інагорскую SOS-вёску. Цяпер ён вучыцца ў будаўнічым каледжы ў Мінску. Прыязджаюць і тыя, каго ўсынавілі замежнікі. Такіх прыкладаў мноства.

Вы шчаслівы чалавек?

— Калі займаешся любімай справай, гэта, безумоўна, шчасце. Іншага лёсу я сабе не жадала б. Ні разу не пашкадавала, што выбрала педыятрыю. Калі сёння давялося б зноў рабіць выбар, ён быў бы такім самым.

 

Гутарыла Агата Славіна

Фота: mpravda.by, асабісты архіў С. Дзятко.


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».