Вы тут

Прэзідэнт: Сваю краіну мы нікому не аддадзім


За мінулыя два месяцы гэта ўжо другая камандзіроўка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на Віцебшчыну.


Цікавасць кіраўніка краіны да рэгіёну зразумелая: зона крытычнага земляробства, рэгіён, які першым пайшоў на эксперымент па стварэнні аграхолдынгаў, з ужо бачным і ацэненым ім станоўчым вынікам.

Але сёння размова ў горадзе над Дзвіной пойдзе не толькі пра сельскую гаспадарку — сустрэча ў аблвыканкаме працягвае шэраг нарад Прэзідэнта з актывамі абласцей.

І, як паказвае вопыт, тэмы падчас іх закранаюцца разнастайныя: ад штодзённых праблем да самых вострых.

«Рэформы не могуць быць усёабдымнымі»

Прэзідэнт сказаў, што краіна можа стварыць многае, але для гэтага неабходныя велізарныя рэсурсы, якімі краіна не валодае.

«У нас няма вялікіх запасаў вуглевадародаў, іх амаль няма. У нас няма золата, металу. І нам прыходзіцца выкручвацца, як толькі магчыма», — сказаў Прэзідэнт, пазначыўшы, што «на гэта абапіраецца рэфармаванне краіны, якое прапаноўваюць «альтэрнатыўшчыкі».

Трэба развіваць турыстычны сектар

Прэзідэнт паставіў задачу больш рабіць для падтрымкі турыстычнага комплексу ў Віцебскай вобласці. Шмат для яго станаўлення горада зрабіў яго брэнд — фестываль «Славянскі базар».

«Трэба было прыкласці рукі, сабраць фінансавыя рэсурсы і стварыць такі ўтульны горад на нашай планеце», — дадаў ён. — «Прырода ўнікальная, гэта трэба выкарыстоўваць».

Кіраўнік дзяржавы упэўнены: калі збяруцца сілы і сродкі для развіцця айчыннага турыстычнага комплексу на поўначы, Віцебская вобласць атрымае дадатковыя працоўныя рукі і павысіць узровень жыцця.

Прэзідэнт назваў сваёй марай будаўніцтва сучаснай аўтатрасы ад Мінска да Полацка

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што хоча звязаць сталіцу з Полацкам дарогай праз Бягомль. Усе абласныя цэнтры краіны ўжо злучаны з Мінскам выдатнымі сучаснымі дарогамі, але на гэтым спыняцца нельга.

«У мяне ёсць мара. Я вельмі б хацеў, каб мы з Мінска на Полацк пабудавалі дарогу. Гэта вельмі важны накірунак. І, ўпэўнены, мы гэта зробім», — сказаў Прэзідэнт.

«Сёння ніякай размовы не можа быць пра прыватызацыю «Нафтана»

Гэтае прадпрыемства кіраўнік краіны ахарактарызаваў як «адзін з флагманаў беларускай нафтаперапрацоўкі». Па яго словах, як і на іншыя «смачныя кускі нашай эканомікі» на завод прэтэндавалі і сёння таксама прэтэндуюць жадаючыя.

«Гэта прадпрыемства для нас стратэгічнае. Гэта экспарт, гэта валютная выручка, пытанне эканамічнай бяспекі краіны. Таму, натуральна, сёння ніякай размовы не можа быць аб прыватызацыі дадзенага прадпрыемства», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

У бягучай пяцігодцы праведзена рэканструкцыя тэхналагічных установак на «Нафтане». Краіна сама знаходзіць грошы і паступова праводзіць мадэрнізацыю, каб вывесці завод на самы высокі ўзровень перапрацоўкі нафты.


«Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь напярэдадні выбараў апынулася ў сітуацыі, калі заходнія краіны ставяцца да нас з пазіцыі двайных стандартаў. «Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб не дай бог на вуліцы не было сутыкненняў», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што ніхто не крытыкуе Францыю за падаўленне «жоўтых жылетаў», ЗША за выкарыстанне слёзатачывага газу. «Вы пакрытыкуйце Трампа, пакрытыкуйце ЗША за адсутнасць дэмакратыі, на Расію паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, мабыць, вырашылі патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца. Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі. Незаконна ніхто нічога рабіць не будзе. Але сваю краіну мы нікому не аддадзім», — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым, па меркаванні кіраўніка краіны, у заходніх партнёраў нам ёсць чаму павучыцца — развіццю бізнесу, выкарыстанню новых тэхналогій.


Прэзідэнт пра экспарт: Гэта вялікае заваяванне

Прэзідэнт нагадаў, што неабходна сыходзіць ад залежнасці ад аднаго знешняга рынка. Шмат зрабілі ў гэтым плане сёлета

«Мы каля 87 працэнтаў гандлявалі ў Расіі, сёння 47 працэнтаў, калі ўзяць экспарт. Гэта значыць, мы сышлі на іншыя рынкі. Больш чым 100 краін свету атрымліваюць нашу прадукцыю. Рынак вельмі цесны, канкурэнцыя шалёная і выйсці на новыя рынкі — найскладанейшы выпадак», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Да формулы 30–30–30 (Расія — развітыя краіны — новыя рынкі) у экспарце будуць ісці паступова. Канчаткова яна запрацуе ў новай пяцігодцы.

«Экспарт будзе асноўным кірункам нашай дзейнасці, таму што экспарт — гэта валюта, без валюты існаваць краіна не можа. І гэту валюту мы з вамі павінны зарабіць», — дадаў ён.


«Нам трэба падняць рэгіёны, каб людзі ў аграгарадку адчулі сябе, як у Мінску»

З такім пасылам Прэзідэнт звярнуўся да віцебскага актыва. Для гэтага распрацаваныя праграмы развіцця малых, буйных гарадоў. Пачалі планы з Оршы, якая стала прыкладам для іншых.

«Прашу мець на ўвазе, што запыт за выкананне гэтых праграм будзе вельмі сур’ёзны», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І будучая пяцігодка будзе прысвечана малой радзіме. Нам трэба падняць рэгіёны, каб людзі ў аграгарадку адчулі сябе як у Мінску».

«Віцебшчына — складаны рэгіён і ўборка будзе няпростай»

Прэзідэнт адзначыў, што неабходна не проста сабраць ураджай, але і стварыць рэзерв па хлебе ў Віцебскай вобласці.

«Чаго бы нам ні каштавала. Неабходна актывізавацца, нягледзячы ні на якія выбары сабраць хлеб. Выбары скончацца, 9 жніўня дакладна. Есці неабходна будзе і пасля 9. Нельга страціць гэты год. Для Віцебшчыны ён вельмі паказальны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Віцебскую вобласць ён арыентаваў на заснаванне ў будучай пяцігодцы інавацыйнага прадпрыемства. Дарэчы, гэта патрабаванне да кожнага рэгіёна. Прыкладам айчынных рэформаў можа стаць і развіццё вытворчасцяў «на базе, якіх існуе Беларусь».

«Нельга нічога разбураць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Наша рэформа — гэта паглыбленне таго працэса вытворчасці, які мы сёння маем».

Адзін з асноўных яго пасылаў — без строгай выканаўчай і тэхналагічнай дысцыпліны ўсе планы пойдуць пылам.

«Дысцыпліна (выканаўчая і тэхналагічная) і стабільнасць у дзяржаве — гэта аснова любога развіцця. Ніякія майданы і рэвалюцыі нас не выратуюць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Запусцім першы, а затым другі блок АЭС — нам ніхто не перашкодзіць гэта зрабіць»

Так выказаўся Прэзідэнт наконт будаўніцтва першай айчыннай АЭС. Па яго словах, жыць у міры неабходна з усімі суседзямі, але менавіта пазіцыя Літвы ў дачыненні да станцыі стала праблемай у адносінах.

«Увогуле лічу пастаноўку пытання не проста палітызаванай, а неразумнай. У якім плане неразумнай? Нам хтосьці перашкодзіць пабудаваць гэту станцыю? Не перашкодзіць. Мы яе пабудавалі і запусцім першы, а затым другі блок АЭС. Нам ніхто не перашкодзіць гэта зрабіць», — сказаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, АЭС будуюцца ва ўсім свеце. Сёння функцыянуюць больш за 200 станцый, якія даюць 12 % электраэнергіі ў свеце.

Асаблівая ўвага нададзена ў рэгіёне аб’ектам аховы здароўя. Менавіта Віцебшчына разам з Мінскам першай сутыкнулася з праблемай пандэміі каранавіруса. Прэзідэнт падзякаваў ўрачам, кіраўніцтву рэгіёнаў за паспяховае вырашэнне праблемы.

Па яго словах, Віцебшчына дала напрацоўкі для ўсёй краіны па лячэнні хворых.

«Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. З намі павінны застацца фундаментальныя рэчы з гэтай пандэміі», — заклікае Прэзідэнт.


За 20 гадоў вытворчасць прадукцыі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах у рэгіёне вырасла амаль у два разы, павялічылася ўраджайнасць зерневых, бульбы, агародніны, валокнаў. Завершана будаўніцтва шэрагу цэхоў, жывёлагадоўчых ферм. Вырас аб’ём прамысловай вытворчасці ў тры разы, экспарт тавараў — у чатыры разы, дасягнуўшы двух мільярдаў долараў.

Сёння Віцебшчына забяспечвае прыкладна 15 % прамысловай вытворчасці ў краіне. Сярод прадукцыі — ільняная тканіна, даламітавая мука, дыванныя вырабы, абутак.

Будзе дапоўнена

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.