Вы тут

Самаходка для Буйнiцкага поля


Арсенал баявой тэхнiкi на мемарыяльным комплексе «Буйнiцкае поле» ў Магiлёве папоўнiла савецкая супрацьтанкавая самаходная артылерыйская ўстаноўка Су-100. Яе ўрачыстая перадача адбылася падчас мерапрыемства, прысвечанага 79-й гадавiне абароны Магiлёва i 75-й — са дня Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне.


Падобныя ўстаноўкi з'явiлiся на ўзбраеннi Чырвонай Армii пасля таго, як працiўнiк стаў выкарыстоўваць новы цяжкi танк «Тыгр», лабавая браня якога таўшчынёй 101 мiлiметр не прабiвалася з дыстанцыi 500 метраў бранябойнымi снарадамi. Самаходка заняла сваё пачэснае месца на гераiчным полi. Гэты тып тэхнiкi выкарыстоўваўся ў баявых дзеяннях па вызваленнi краiн заходняй Еўропы са студзеня 1945 года.

У гонар абаронцаў i вызвалiцеляў Магiлёва былi ўскладзены кветкi да падножжа каплiцы, адбылася рэканструкцыя баёў 1944-га за вызваленне Буйнiч. Удзельнiкi мiтынгу ўшанавалi памяць герояў хвiлiнай маўчання, быў дадзены трохразовы ружэйны залп.

Са словамi ўдзячнасцi за мiрнае неба над галавой i стабiльнасць у краiне выступiў старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Леанiд Заяц. Ён падзякаваў Прэзiдэнту за асабiсты ўнёсак у вырашэнне пытання па перадачы гэтага сiмвала мужнасцi Савецкай армii. Словы ўдзячнасцi за ўдзел у агульнай справе ён таксама адрасаваў Мiнiстэрству абароны i шклоўскiм пошукавiкам ваенна-патрыятычнага клуба «Пошук», якiя аднавiлi тэхнiку. Удзел у цырымонii ўзяў намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Андрэй Кунцэвiч, якi таксама нагадаў пра неабходнасць берагчы мiр i не забываць подзвiг абаронцаў i вызвалiцеляў краiны. Ён падкрэслiў той факт, што перадачу тэхнiкi Магiлёву падтрымаў кiраўнiк дзяржавы. «Для Беларусi тэма Вялiкай Айчыннай вайны асобая, такiх месцаў у нас шмат, i Буйнiцкае поле адно з iх, — канстатаваў ён. — Тут не трэба доўга расказваць пра тое, што адбылося, — дастаткова ўглядзецца ў мемарыяльныя плiты, паглядзець экспанаты, каб прасякнуцца ўзнёслым духам подзвiгу савецкага салдата».

Нэлi ЗIГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.