Вы тут

Сямiгадзiнны анлайн-канцэрт класiчнай музыкi адбыўся ў Мiнску


Пакуль большасць канцэртных залаў i музычных тэатраў усё яшчэ закрытыя для наведвальнiкаў, прафесiйныя музыкi i аматары з розных краiн аб'ядналiся, каб сустрэцца з публiкай хоць вiртуальна. Амаль сем гадзiн доўжыўся канцэрт «Гранд-лета», зладжаны нядаўна першай у Беларусi прыватнай музычнай школай Арцёма Шаплыкi.


«Справаздачныя канцэрты нашай школы праходзяць некалькi разоў на год, — зазначае кiраўнiк прыватнай музычнай школы, салiст Белдзяржфiлармонii Арцём Шаплыка, — i для нас вельмi важна, каб вучнi, людзi розных узростаў i прафесiй, мелi магчымасць выступiць перад публiкай нароўнi з прафесiяналамi. Таму сёлета, нягледзячы на складаную эпiдэмiялагiчную сiтуацыю, канцэрт мы вырашылi не толькi не адмяняць, але з дапамогай сучасных тэхналогiй правесцi яго на мiжнародным узроўнi».

Iдэю падхапiлi iншыя музычныя навучальныя ўстановы — вучнi i педагогi Рэспублiканскай гiмназii-каледжа пры Акадэмii музыкi, школ мастацтваў з Мiнска, Магiлёва, Iванава, Наваполацка, Царскасельскай гiмназii мастацтваў, Прынстанскай струннай акадэмii, Акадэмii музыкi i танца з Iерусалiма... Удзел у анлайн-iмпрэзе ўзялi больш за 100 юных i дарослых музыкантаў з Беларусi, Расii, Украiны, Вялiкабрытанii, Германii, ЗША, Iзраiля, Мексiкi, Нарвегii, Францыi i нават Сенегала. У незвычайным канцэрце былi прадстаўленыя творы для сямi музычных iнструментаў — фартэпiяна, флейты, скрыпкi, гiтары, балалайкi, арфы i вiяланчэлi, — а таксама некалькi вакальных нумароў. Акрамя класiчных твораў Баха, Моцарта, Бетховена, Шапэна i iншых вялiкiх прагучалi творы сучасных выканаўцаў — кампазiтараў ХХ стагоддзя Уiльяма Гiлака i Скота Джоплiна, амерыканскага электроншчыка Marshmello.

Асаблiвую атмасферу мерапрыемству надала незвычайная сцэнiчная прастора — не толькi канцэртныя залы, але i ўтульныя дамашнiя iнтэр'еры, загарадныя ўчасткi i нават адкрытыя пляцоўкi проста пасярод лесу... Вiдэазапiс канцэрта ў iнтэрнэце паглядзелі ўжо больш за 4 тысячы чалавек. Наступнае выступленне вучняў музычнай школы, як плануецца, пройдзе 30 жнiўня i ўжо ў афлайн-фармаце — на малой сцэне Белдзяржфiлармонii.

Вiкторыя ЗАХАРАВА

Фота арганiзатараў імпрэзы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.