Вы тут

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка


Нават калі вы раней жылі як птушка божая і з цяжкасцю маглі палічыць дробязь у краме, 2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі, хоць і раней гэта таксама было вельмі актуальна. Адзіны спосаб застацца на плаве для многіх сем'яў — паставіць сямейны бюджэт на дзелавыя рэйкі: так, як гэта робіцца ў сур'езных кампаніях. Менавіта таму аб кансультацыі па планаванні сямейнага бюджэту мы папрасілі спецыялістаў Нацыянальнага банка.


Крок першы.

Вызначаем форму ўліку грашовых сродкаў

У якой форме вы будзеце складаць сямейны бюджэт — план даходаў і выдаткаў на месяц, а ў ідэале і на год (з унясеннем карэкціровак штомесяц) — няважна, але ўлічвайце, што з гэтым дакументам вам давядзецца працаваць даволі часта. Можна спампаваць спецыяльную праграму, можна стварыць табліцу ў Ехсеl або проста ўзяць сшытак і ручку.

— Важна таксама вызначыцца, наколькі дакладна вы будзеце запісваць свае выдаткі. Некаторыя вядуць улік аперацый з дакладнасцю да капеек. Ад абранай ступені акруглення ў канчатковым выніку будзе залежаць і дакладнасць параўнання рэальнай сумы грошай, якую вы будзеце мець, с сумай, атрыманай разліковым шляхам. Калі вы аплачваеце свае выдаткі банкаўскай аплатнай карткай, то ўлік істотна спрашчаецца — у асабістым кабінеце інтэрнэт-банка можна ўбачыць, куды пайшлі грошы (назва крамы, аптэкі і г. д.), — адзначае галоўны спецыяліст аддзела фінансавай адукаванасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Аляксандр ІЛЬІЧ.

Крок другі.

Падлічваем даходы

Складанне бюджэту пачынаецца з ацэнкі і падліку даходаў сям'і. Фіксуем усе фінансавыя паступленні — заробак дарослых членаў сям'і, падпрацоўкі, сродкі ад здачы ў арэнду кватэры, сацыяльныя выплаты, працэнты па ўкладах у банках і г. д. — у каго што ёсць. Гэта дазволіць ацаніць тое, якой сумай вы можаце распараджацца.

— Даходы бываюць пастаянныя і часовыя, — тлумачыць спецыяліст. — Да часовых адносяцца, напрыклад, разавая прэмія або сродкі ад рэалізацыі гародніны з вашых «сотак». Іх пры складанні сямейнага бюджэту ўлічваць не варта. Мы працуем толькі з пастаянным прыбыткам, нам трэба дакладна ведаць, якой сумай мы можам распараджацца.

Крок трэці.

Пазначаем расходы

Выдаткі сям'і можна падзяліць на абавязковыя і неабавязковыя. Пры складанні сямейнага бюджэту ў першую чаргу ўпісваем у яго артыкулы абавязковых расходаў.

  • Прадукты харчавання (у тым ліку «ссабойкі» на работу або выдаткі на харчаванне ў сталовай/кафэ падчас абедзеннага перапынку)
  • Камунальныя плацяжы
  • Выдаткі на праезд (на аплату праезду ў грамадскім транспарце / на бензін, калі вы перамяшчаецеся на аўтамабілі)
  • Аплата мабільнай сувязі і інтэрнэту
  • Фармацэўтычныя прэпараты пры наяўнасці хранічных захворванняў
  • Аплата вучобы дзяцей
  • Выплаты па крэдытах
  • Выдаткі на набыццё адзення.

Эканамісты кажуць, што абавязковыя выдаткі ў ідэале павінны складаць 45—50 % ад даходу сям'і. Калі ж гэтая сума набліжаецца да сумы даходу, варта пайсці на яе скарачэнне.

— Нават абавязковыя плацяжы можна карэктаваць, — адзначае Аляксандр Ільіч. — Напрыклад, эканомія на камунальных плацяжах — гэта прывычка выключаць святло там, дзе яно не патрэбна, эканомія вады, у кватэрах з рэгуляваным ацяпленнем — «выключэнне» батарэй, калі на вуліцы плюсавая тэмпература і г. д. Расходы на набыццё адзення — гэта набыццё менавіта неабходных рэчаў, а не шопінг як спосаб падняць сабе настрой. Пры разумным падыходзе і выдаткі на харчаванне паддаюцца сур'ёзнай карэктоўцы.

Неабавязковыя выдаткі — гэта «радасці жыцця»: традыцыйныя сямейныя паходы ў кіно і тэатр, салоны прыгажосці і трэнажорная зала, пасядзелкі ў кафэ з сябрамі або паходы ў начны клуб, новы смартфон, падарожжы (паездка да мора, у санаторый або кемпінг), вольны час з дзецьмі (аквапарк, заапарк, катанні на конях і г. д.). Як ні сумна, калі стаіць мэта скараціць выдаткі, менавіта гэтыя артыкулы фінансісты раяць скасаваць па максімуме.

Крок чацвёрты.

Фарміруем «фонд бяспекі»

Ад страты работы або раптоўнай сур'езнай хваробы не застрахаваны ніхто.

— Менавіта таму з эканамічнага пункту гледжання заўсёды прасцей выжыць сям'і, чым аднаму чалавеку, — падкрэслівае спецыяліст. — У сям'і верагоднасць, што ўсе дарослыя адначасова апынуцца беспрацоўнымі, невялікая.

І яшчэ ў нашы дні важна мець сямейны «фонд бяспекі» — свайго роду «стабілізацыйны фонд». Туды штомесяц трэба адпраўляць нейкую суму. Гэта можа быць фіксаваная сума або 10 % ад даходу сям'і. Эканамісты сцвярджаюць, што згаданую суму ў сілах адкладаць любы чалавек.

— Калі казаць пра «фонд бяспекі», у якой валюце вы раілі б захоўваць сродкі?

— Лепш прытрымлівацца прынцыпу дыверсіфікацыі (як кажа народная мудрасць, не трымаць усе яйкі ў адным кошыку). Рацыянальна палову зберажэнняў захоўваць у беларускіх рублях, а другую палову падзяліць паміж доларам і еўра. Каб не было спакусы «залезці ў скарбонку» — у выглядзе банкаўскага ўкладу. Што датычыцца ўкладаў, то трэба сказаць: у айчыннай валюце на сённяшні дзень значна большая даходнасць па іх, — адзначае Аляксандр Ільіч. — Глядзіце: стаўкі па доларавых дэпазітах — у межах 2 % гадавых, і калі вы здымаеце грошы раней, чым праз два гады, вам прыйдзецца заплаціць падаходны падатак — 13 %. Так можна апынуцца і ў мінусе. Па дэпазітах у еўра працэнтныя стаўкі яшчэ ніжэйшыя. А ў беларускіх рублях стаўкі на год складаюць да 13 %, значна перакрываючы ўзровень інфляцыі. І без аплаты падаходнага падатку можна закрыць рахунак ужо праз год.

Крок пяты.

Плануем буйныя пакупкі

Набыццё аўто, рамонт кватэры, паездка да мора наступным летам, замена халадзільніка або тэлевізара — гэта патрабуе сур'ёзных фінансавых укладанняў. Сродкі на буйныя пакупкі лепш збіраць асобна. Звычайна хочацца ўсяго адразу і шмат, але грошай на ўсё не хапае. Што рабіць?

— Трэба расставіць прыярытэты. Адсартуйце спіс па ступені важнасці тых ці іншых расходаў. Падумайце, наколькі вам патрэбна кожная з буйных пакупак, якую вы хацелі б здзейсніць. Вызначце тэрміны. Некаторыя буйныя выдаткі самі па сабе прывязаныя да нейкіх дат. Але ўстанавіць тэрміны варта нават для тых пакупак, з якімі вас ніхто не падганяе. Адкладайце грошы рэгулярна. Разлічыце, якую частку сваіх даходаў вам неабходна адкладаць кожны месяц, каб да вызначанага вамі тэрміну ў вас была патрэбная сума.

Калі бюджэт — дэфіцытны

З месяца ў месяц вам даводзіцца пазычаць «дзясятку да палучкі», а схема «перапазычыць, каб перааддаць» для вас — норма жыцця? Ваш сямейны бюджэт — дэфіцытны: выдаткі перавышаюць даходы.

— Як паказвае практыка, параўноўваючы некалькі сем'яў з аднолькавай колькасцю людзей і аднолькавым прыбыткам, мы бачым, што ў адной сям'і даходы ўраўнаважваюць выдаткі, у другой назіраецца дэфіцыт бюджэту, а ў трэцяй бюджэт будзе нават прафіцытны, — тлумачыць суразмоўнік.

Відавочна, што пастаянны дэфіцыт сямейнага бюджэту дрэнна адбіваецца на ўсіх сферах жыцця сям'і. І каб выйсці з гэтага крызісу, варта нешта рабіць. Што? Адказ: максімальна скарачаць выдаткі, пакуль бюджэт не стане збалансаваны. Магчыма, бюджэт сям'і дэфіцытны з прычыны вялікіх плацяжоў па крэдытах, якія сям'я не зусім абдумана ўзяла некалькі гадоў таму. У гэтым выпадку, верагодна, варта разгледзець пытанне рэструктурызацыі (змянення ўмоў існуючага крэдыту) або рэфінансавання вашага крэдыту (новы крэдыт на пагашэнне ранейшага). Але вельмі ўважліва чытайце дагавор і дакладна разлічыце, колькі будзеце плаціць па новых умовах дагавора, каб не памяняць шыла на мыла.

І напрыканцы: парады па разумнай эканоміі

Гандлёвыя сеткі наперабой аб'яўляюць акцыі на бытавую тэхніку, дэвайсы, аўтамабілі, адзенне і бытавыя дробязі. Ці можна лічыць эканоміяй пакупкі «па акцыі»?

Набыццё па акцыі павінна быць разумным: трэба купляць менавіта тое, што патрэбна. І гэта датычыцца не толькі буйных пакупак, падкрэсліваюць эканамісты. Набыццё будзе разумным, калі вам сапраўды патрэбна гэтая рэч, а сёння яна прадаецца па акцыі. Фінансава мэтазгодна будзе купіць яе па акцыі сёння, а не за поўны кошт заўтра.

Аднак людзі часта бяруць па акцыі ўсё, што бачаць — дзве кофтачкі запар, дзесяць маек, пяць упаковак грэчкі, дзесяць ёгуртаў. І лічаць гэта эканоміяй. У выніку рэчы гадамі ляжаць у шафе, тэрмін прыдатнасці прадуктаў заканчваецца, а грошы выкідваюцца на вецер.

Перад тым, як здзейсніць любую пакупку (асабліва значную па цане), задайце сабе тры пытанні:

  • Ці сапраўды мне патрэбна гэтая рэч? Альбо выключыць магчымасць пакупкі пад уздзеяннем імпульсу.
  • Чаму я хачу яе купіць? Часта мы жадаем не рэч купіць, а атрымаць адчуванне шчасця, з якім у нашай свядомасці звязана гэтая рэч. Але шчасце, на жаль, не прадаецца ў супермаркетах.
  • Ці магу я без яе абысціся?

Разумна эканоміць можна практычна на любых артыкулах выдаткаў. Напрыклад, на перамяшчэнні па горадзе. Грамадскі транспарт або асабісты аўтамабіль — на чым ездзіць танней?

Калі вы працуеце далёка ад дому і дабірацца да работы вам трэба з некалькімі перасадкамі, ехаць на машыне будзе больш выгадна. Асабліва калі вы яшчэ і «падкідваеце» на работу або вучобу некага з дамашніх. Калі ж вы працуеце паблізу ад дому, варта выбраць грамадскі транспарт.

— І, нарэшце, апошняя парада — не зусім з фінансавай сферы, але таксама вельмі важная, — гаворыць Аляксандр Ільіч. — Навучыцеся знаходзіць пазітыў у любой сітуацыі. Эканомія на салодкіх прысмаках да гарбаты — гэта мінус лішнія кілаграмы ды прафілактыка праблем са здароўем. Адмова ад пастаяннага перамяшчэння на машыне — удар па гіпадынаміі. А ўменне складаць сямейны бюджэт — неабходная аснова для пабудовы дабрабыту сям'і.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.