Вы тут

Зорны дождж i рэзгiны кабачкоў. Чым супакоiцца душа, калi мора недасяжнае


Як i ў многiх сёлета, мой адпачынак на моры яшчэ на стадыi планавання на пачатку вясны накрыўся медным тазам. Ну i ладна, накрыўся дык накрыўся. У канцы жнiўня Паўночнае мора на ўзбярэжжы Фландрыi цалкам адпавядае сваёй назве i купацца ў яго сталёва-сiнiх хвалях могуць хiба што мясцовыя суровыя рыбакi ды турысты-авантурысты з берагоў Валмянскага возера, што памiж Мiнскам i Iвянцом.


wallhere.com

Як той казаў, у Бога дзён многа, i калi Ён жа дасць i ўсё будзе добра, я абавязкова яшчэ траплю ў свой улюбёны Астэндэ (месцiчы на сваёй павольнай працяглай гаворцы называюць яго Ооостэндэ, i нават ад гэтай назвы павявае «Лятучым галандцам»). Яшчэ пасяджу на халаднаватым пляжы ў джынсах, гледзячы, як проста ў мора скочваецца сонца, а на яго фоне праплываюць мiма, здаецца зусiм блiзка, вялiкiя акiянскiя лайнеры, якiя кiруюць у недалёкi Ротэрдам. Прыехаўшы, назаўтра з ранiцы абавязкова траплю на мясцовы рыбны рынак, дзе, здаецца, нiчога не змянiлася за апошнiя гадоў трыста, хiба што гандляры працуюць у пальчатках, рыба ляжыць у халадзiльнiках, а ўзважваюць яе на электронных вагах. Але ж па-ранейшаму на досвiтку ў мора выходзяць невялiкiя рыбацкiя шхуны, i людзi на iх — нiбы з карцiн мастакоў фламандскай школы — з абветранымi тварамi i ў трохвуголках з закасанымi над вачыма палямi. I па-ранейшаму свой улоў яны вывальваюць на прыстанi, i ад гэтага серабрыстага трапяткога багацця аж мiльгацiць уваччу. Нiчога так i не купiўшы (ходзiш толькi паглядзець, бо не несцi ж у пакой яшчэ жывую рыбу, тым больш навакол безлiч рэстаранаў i рэстаранчыкаў, дзе яе, свежанькую, ужо прыгатаваную, можна пакаштаваць паўсюль), зайду на мясцовы невялiкi вакзал. Ён нiчым не прыкметны, але ж насамрэч унiкальны, адзiны такi ў Еўропе — тут фактычна з адной кропкi адпраўляецца чыгуначны i марскi транспарт. Менавiта адсюль у 1872 годзе пайшлi па рэйках першыя спальныя вагоны на Кёльн i на Берлiн (славуты «Усходнi экспрэс» з'явiўся пазней). Багатыя англiчане прыплывалi са свайго вострава ў Астэндэ i тут жа перасаджвалiся ў камфартабельныя купэ i ехалi далей — уласна, для iх i быў створаны маршрут, што пачынаўся ў невялiкiм рыбацкiм гарадку... Рыбацкi гарадок з таго часу ператварыўся ў паўночны Монтэ-Карла — у шматлiкiя казiно на набярэжнай прыязджаюць багатыя людзi з Германii i скандынаўскiх краiн. Мне падабаецца гуляць там увечары, сярод рознакаляровых стракатых агнёў, назiраць за людзьмi i iх эмоцыямi. Аднойчы давялося бачыць, як дагледжаны дорага апрануты мужчына, выйшаўшы з клуба, сарваў з рукi даражэнны гадзiннiк i злосна шпурнуў яго ў мора... Калi буду гуляць там, падыду да велiчнай статуi Леапольда II — вельмi сiмпатычна ўвасоблены ў ёй бельгiйскi збiральнiк зямель. Праўда, у святле апошнiх падзей падазраю, што iмператар мяне не дачакаецца — ён жа каланiзаваў Конга, таму разам з iншымi крыўдзiцелямi чорных, напэўна, будзе зрынуты з п'едэстала...

А потым я даеду на цягнiку да станцыi Брусель-Мiдзi, адтуль пераскочу ў аўтобус на аэрапорт, i ўжо ў самалёце на Мiнск буду пiльна ўглядацца ў аблокi, бо кожны час здаецца, што над Радзiмай яны iншыя — бялейшыя, лягчэйшыя, больш прыветлiвыя... I менавiта гэты момант вяртання дамоў будзе самым лепшым, самым запамiнальным фiнальным акордам майго падарожжа, якое сёлета сарвала пандэмiя, але якое, спадзяюся, у маiм жыццi абавязкова будзе...

Але нiякая пандэмiя, халера цi трасца не перашкаджае планаваць iншы адпачынак — на беразе Валмянскага возера, што памiж Мiнскам i Iвянцом. Там у канцы жнiўня з чарнюткага, не падсвечанага нiводным лiхтаром неба шчодра падаюць буйныя яркiя зоры — здаецца, проста ў сад пад вокны старой сцiшанай хаты — толькi паспявай загадваць жаданнi. На пожнi за рэчкай збiраюцца ў чароды буслы — калi сфатаграфаваць iх зверху, можна падумаць, што ходзiць вялiкi статак цялят беларускай чорна-белай пароды. А на карычневай вадзе возера паважна плаваюць лебедзi з ужо падрослымi «качанятамi», i, калi ноч выдасца цёплая, нават у канцы жнiўня можна там пакупацца — прынамсi вада не будзе халаднейшая, чым гэтай парой у Астэндэ. I раскашуюць на кветнiках гашты, аксамiткi, гладыёлусы, вяргiнi. I залацiцца пад сонцам на градах выбраная цыбуля, i соладка-мядова пахне ў садзе спелымi грушамi, якiя сакавiта бухаюць у траву. А кабачкi з грады, не здолеўшы ўзяць у бярэмя, грузiш i нясеш за плячыма ў рэзгiнах, якiя яшчэ да твайго нараджэння змайстраваў твой руплiвы дзед, на якiх калiсьцi цягалi траву i сена для рахманай, вялiкай, бы гара, Зоркi... I з самай ранiцы i да позняга вечара, побач i вакол, куды нi пайдзi, будуць толькi знаёмыя блiзкiя твары, i кожны сустрэты чалавек пажадае табе добрага дня, i ты пажадаеш яму таксама, i дзень (а куды яму будзе падзецца?) абавязкова выдасца добры.

I хто скажа, што нейкая пандэмiя (не хвароба, крый божа, а менавiта гэта агульная навала) сарвала адпачынак? Толькi людзi, якiя, здаецца, у жыццi не ўсё разумеюць. I якiх можна нават крыху пашкадаваць...

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.