Вы тут

Магiлёўскiя дэпутаты разам з мясцовай уладай i грамадскасцю ўстанавiлi ў Казiмiраўцы памятны знак


Сёння ад 25-кiламетровай лiнii абароны, якая праходзiла лiтаральна на ўездзе ў сучасны Магiлёў з боку Мiнска, захаваўся толькi невялiкi ўчастак. Ён знаходзiцца амаль на ўскрайку лесу i да нядаўняга часу нiяк не быў абазначаны.


— Размовы пра тое, каб устанавiць тут памятны знак, вялiся i раней, але атрымалася толькi цяпер, — кажа дэпутат Магiлёўскага гарсавета Галiна Бяляева.  — Я звярнула ўвагу дэпутатаў на неабходнасць рэалiзаваць гэтую iдэю, i яны мяне падтрымалi. Старшыня гарсавета Максiм Гурын асабiста вырашаў шмат арганiзацыйных момантаў — дамаўляўся, тлумачыў, прасiў. I нам дапамагалi — выканаўчая ўлада, грамадскiя арганiзацыi, жыхары горада. Напэўна, таму атрымалася зрабiць гэтую справу ўсяго за два месяцы.

Пачыналi з суботнiка, бо месца было, мякка кажучы, занядбанае: гараджане па сваiм няведаннi выкарыстоўвалi яго для адпачынку i пасля сябе часта пакiдалi смецце. Актывiсты сабралi тут амаль машыну розных адходаў.

Наводзiць парадак дапамагалi камунальнiкi, навучэнцы з настаўнiкамi з блiжэйшага вучылiшча, прадстаўнiкi магiлёўскага абласнога гiсторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вiккру».

У гарвыканкаме падтрымалi прапанову дэпутатаў пазначыць месца гераiчнай абароны каменем. Галiна Бяляева асабiста аб'ехала ўвесь Магiлёў у пошуках прыдатнага экзэмпляра. Увагу прыцягнуў вялiкi валун, што ляжаў на беразе Дняпра. Як потым высветлiлася, ён быў з уральскага мармуру. Калiсьцi пастаўкамi гэтага каменю ў Магiлёў займалася адна арганiзацыя. Яе ўжо даўно няма, а камень незвычайным чынам захаваўся. Калi зрэзалi адзiн бок, каб нанесцi надпiс, былi ўражаны яго высакародным аранжавым з бардовым колерам...

Дарэчы, на арганiзацыю i рэалiзацыю iдэi не было выдаткавана нiводнай капейкi з бюджэту. Кожны дапамагаў, чым мог. Магiлёўскi мастак Уладзiмiр Конанаў, напрыклад, зрабiў перад памятным каменем кветку, якая сiмвалiзуе вечны агонь. Арганiзацыя «Белая Русь» перадала грошы на выраб пастамента i на плiтку, якой выбрукавана пляцоўка.

Надпiс на каменi сведчыць, што тут у лiпенi 1941-га мужна трымалi абарону падраздзяленнi 394-га i 514-га стралковых, а таксама 493-га гаўбiчнага артылерыйскага i 340-га лёгкаартылерыйскага палкоў Чырвонай армii. А яшчэ напiсана, што «Нямецкiя танкi падчас абароны горада так i не змаглi пераадолець гэтую мяжу».

— Гэта сапраўды так, — пацвярджае кiраўнiк Магiлёўскага абласнога гiсторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вiккру» Мiкалай Барысенка. — Гэтую дарогу прыкрывалi байцы 493-га гаўбiчнага артпалка Iвана Жывалупа. А сам герой падчас жорсткага бою кiнуўся на нямецкi танк са звязкай гранат i загiнуў. Танкi тут дакладна не прайшлi — немцы абышлi гэты ўчастак.

Сёлета пошукавiкi клуба «Вiккру», лiчы, за кiламетр ад гэтага месца паднялi астанкi васьмi байцоў. Але, як мяркуе Мiкалай Барысенка, у тутэйшай зямлi можа знаходзiцца не адна сотня салдат i камандзiраў, i яшчэ шмат давядзецца працаваць, каб аднавiць гiсторыю падзей.

Сёння гэта адзiны на тэрыторыi Магiлёва аўтэнтычны, не стылiзаваны супрацьтанкавы роў. Яго магiляўчане капалi ў чэрвенi—лiпенi 1941-га, каб абаранiць свой горад ад варожага нашэсця. Ад гэтай шматкiламетровай траншэi захавалася ўсяго 150 метраў, i тое, што цяпер пра гэта нагадвае памятны знак, вельмi важна. Але, па сутнасцi, трэба было б захаваць для гiсторыi ўвесь 150-метровы ўчастак. Небяспека ў тым, што горад развiваецца i з гэтым могуць узнiкнуць праблемы.

— На добры лад, трэба было б надаць гэтаму рову статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, — лiчыць Мiкалай Барысенка. — Гэта адзiны спосаб захаваць гiстарычны аб'ект для нашчадкаў. Не трэба рабiць нiякiх работ па кансервацыi: галоўнае — абазначыць месца i ўзяць пад ахову.

Памятны знак у гонар абаронцаў быў устаноўлены напярэдаднi Дня Незалежнасцi краiны. Данiну памяцi тым, хто да апошняга трымаўся на гэтых гарачых пазiцыях у лiпенi 1941-га, аддалi прадстаўнiкi магiлёўскай улады, грамадскасць, жыхары горада.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва «Веснiка Магiлёва»

Загаловак у газеце: Танкi тут не прайшлi

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.