Вы тут

Прэзідэнт: Канкурэнцыя, сутыкненне меркаванняў, мазгавая атака — гэта правільна


Гэта мерапрыемства — адно з нямногіх, калі на сустрэчы з удзелам Прэзідэнта журналісты (у тым ліку і прадстаўнікі «Звязды») апынуліся з іншага боку відэакамер, а ў нашым выпадку — дыктафонаў. Карэспандэнты самі сталі героямі сюжэтаў і публікацый, якія запаланілі медыяпрастору гэтым днём. У зале Палаца Незалежнасці сабралася амаль 250 спецыялістаў галіны масмедыя. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што для сустрэчы няма надзвычайнай нагоды — толькі часткова яна звязана з выбарчай кампаніяй


Прысутных у зале журналістаў ён назваў дзяржаўнымі людзьмі, але адзначыў іх «своеасаблівае мысленне» і «тое, што ў іх можа быць на той ці іншы факт рознае меркаванне». «Гэта таксама нармальна, я гэта добра ўспрымаю. Я калісьці гаварыў, што калі мне рыхтуюць нараду, першае пытанне, якое задаю тым, хто рыхтаваў: альтэрнатыўнае меркаванне ёсць па пытанні? Няма — тады нарада адмяняецца, бо яе праводзіць няма сэнсу. Таму выпрацавана пазіцыя на ўзроўні Прэзідэнта: абавязкова альтэрнатыва, абавязкова канкурэнцыя, сутыкненне думак, мазгавая атака, штурм — усё гэта правільна. Я нармальна адношуся да таго, што ў гэтай зале існуюць розныя пункты гледжання, розныя меркаванні», — выказаўся Прэзідэнт.

Свабода слова падпарадкуецца закону

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: заўсёды лічыў, што ўсе сродкі масавай інфармацыі краіны не могуць быць прыватныя. А ў складаны пераходны перыяд трэба вельмі акуратна ісці, вырашаючы такія пытанні, — «ісці як па лязе нажа ці па тонкім лёдзе».

Трэба заняцца і інтэрнэт-сектарам — актыўней выходзіць з дзяржаўнай пазіцыяй і ў гэтую бязмежную прастору. «А там што, не нашы кадры? І не скажу, што яны лепшыя, чым нашы кадры. Проста мы гэтае пытанне ўпусцілі. Мала гэтым займаліся на дзяржаўным узроўні», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны і даў даручэнне сур'ёзна падумаць над гэтым пытаннем.

Дарэчы, Прэзідэнт адзначыў, што «Інтэрнэт у пэўнай ступені сцішыўся апошнім часам». Скарацілася колькасць абразлівых выказванняў на адрас медыйных персон, якія працуюць у дзяржаўных СМІ.

«Нарэшце вы адчулі, што такое «свабода слова», асабліва прагрэсіўна настроеныя ў гэтай зале людзі. Убачылі, што такое «свабода слова». Сказаў не тое — абразяць яшчэ больш. Я не ўсё гавару. Нават у гэтай зале я не магу сказаць, як пішуць і што кажуць. Няхай пра мяне — я ўжо прывык. Але кожны з вас атрымаў, той, хто не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву, у якой прыйдзецца жыць вашым дзецям», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам. Таму мы навядзём тут парадак», — запэўніў Прэзідэнт.

Рэформы несправядлівасці

Прэзідэнт выказаў сваю пазіцыю наконт рэформаў: «разбурыць дашчэнту многа розуму не трэба». Ён расказаў журналістам — сам калісьці выступаў за змены пасля распаду Савецкага Саюза ў сярэдзіне 90-х. Каб утрымаць краіну ад абвалу ў той час, яму прыйшлося ісці на вельмі рашучыя меры.

Ён выказаў меркаванне, што вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, — гэта рэгрэс. «Калі мы гаворым аб рэформах, аб пераменах — гэта неабходна пісаць перадусім у Канстытуцыі і развіваць у законах. Як можна казаць пра рывок наперад і рэформы і ў той жа час заклікаць да Канстытуцыі, якая дрэнна сябе зарэкамендавала?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Ён пракаментаваў прапановы альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарчай кампаніі па рэформах у прамысловасці і аптымізацыі рабочых месцаў. Вызваленым кадрам, напрыклад, прапаноўваюць ісці ў ІТ. «Я гэта прачытаў перад наведваннем МТЗ. Стаю перад людзьмі, гляджу на гэтыя рукі і думаю: ён жа ўсё жыццё круціў гайкі, калупаўся ў рухавіках, трансмісіі. Заўтра яго (пад 50—60 гадоў) выкінуць на вуліцу, і ён стане рэзервам для айцішнікаў?.. — абурыўся кіраўнік краіны. — Яны думаюць, пра што гавораць?».

На думку лідара краіны, калі пачаць такія рэформы, «яны скончацца праз год» — народ не вытрымае несправядлівасці. «Гэта поўны пераварот не толькі ў грамадстве і жыцці нашым, але і ў розумах людзей. Беларусы гэтага не дапусцяць», — выказаў ён меркаванне.

Прэзідэнт заявіў, што роля Міністэрства інфармацыі ў краіне будзе значна павялічвацца і арыентавацца на дзяржаву. «Я чалавек дзяржаўны, дзяржаўнік, і гэту лінію я буду прасоўваць. Пры гэтым хачу падкрэсліць — я абсалютна не супраць прыватнай уласнасці», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт арыентаваў журналістаў на сумленную і шчырую размову. «Я павінен сысці з гэтай залы з разуменнем таго, што задаволіў вашы запыты і патрабаванні, адказаў на тыя пытанні, што не даюць спакою, адрэагаваў на тое, у чым вы маеце патрэбу і чым жывяце, — сказаў ён. — Такога націску, як у гэтыя дні Беларусь не адчувала за ўсе гады свайго незалежнага развіцця».

Падчас размовы, якая доўжылася больш за пяць гадзін, журналісты мелі магчымасць задаць пытанні і атрымаць адказы на кожнае з іх. Абмяркоўвалі геапалітыку, праблемы выхавання моладзі, інтэграцыйных аб'яднанняў, прагнозы развіцця СМІ ў краіне, будучыню традыцыйных відаў СМІ...

«Выхад — разам з аўдыторыяй ісці ў інтэрнэт»

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі падчас свайго дакладу акрэсліў некаторыя сусветныя тэндэнцыі, звязаныя з працай сродкаў масавай інфармацыі. 

«Сыход аўдыторыі ў інтэрнэт і, як вынік, падзенне тыражоў і даходаў друкаванай прэсы — гэта сусветная тэндэнцыя. Выхад — разам з аўдыторыяй ісці ў інтэрнэт», — сказаў міністр.

Недастаткова, на яго думку, кантралюецца размеркаванне рэкламы і даходаў ад яе ў сеціве. Навядзенне парадку з гэтым — адна з найбліжэйшых задач для Мінінфарма.

«У тэлебачанні мы парадак з размеркаваннем рэкламных прыбыткаў практычна навялі. А вось тэрыторыя інтэрнэту патрабуе навядзення парадку. Гэта адна з задач у тым ліку і Міністэрства інфармацыі», — працягнуў Ігар Луцкі. «Дарэчы, рэкламныя бюджэты таксама дрэйфуюць у інтэрнэт, — адзначыў міністр. — Але рэкламны рынак тут — гэта тэрыторыя, якая пакуль недастаткова кантралюецца дзяржавай, як у частцы справядлівага размеркавання рэкламных прыбыткаў, так і ў частцы ўтрымання гэтых сродкаў у краіне. Дрэнна, калі беларускія рэкламадаўцы аддаюць грошы замежнікам, якія нам, беларусам, у нашай жа медыяпрасторы рэкламуюць нашы ж тавары і паслугі».

«Мэта — дабіцца таго, каб мы былі якасным рэгулятарам ва ўсіх сектарах масавай інфармацыі, эфектыўней кантралявалі медыяпрастору, сталі драйверам перадавых медыярэсурсаў і каардынацыйным цэнтрам інфармацыйнай работы для дзяржаўных органаў, каб роля міністэрства была і бачная, і зразумелая грамадству», — зазначыў Ігар Луцкі.

Сустрэча Прэзідэнта з прадстаўнікамі СМІ працягвалася практычна шэсць гадзін. Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб сучасным этапе развіцця краіны, сучасных выкліках, міжнародным супрацоўніцтве і сітуацыі ў свеце. Закраналася і тэма проціэпідэмічных мерапрыемстваў.

Супрацоўнікі медыя і эксперты таксама мелі магчымасць задаць Аляксандру Лукашэнку пытанні, на якія ён падрабязна адказаў. Яны тычыліся як непасрэдна працы СМІ ў розных сегментах, так і больш шырокіх тым, як, напрыклад, маладзёжная палітыка, інтэграцыйныя працэсы, пытанні захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Марыя ДАДАЛКА

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.