Вы тут

Сацыяльная дыстанцыя


Сацыяльная дыстанцыя

Мяне не пакідае адчуванне, нібыта да ўсяго, што мы цяпер перажываем, я рыхтаваўся загадзя. Натуральна, сам таго не разумеючы.

Так атрымалася, што ў апошнія гады я даволі рэзка знізіў шчыльнасць кантактаў. Хаця лагічным быў бы адваротны шлях — іх здабыццё. Асабліва ўлічваючы маю працу і інтарэсы. Нягледзячы на гэта, я ўсё болей занурваўся ў сябе і імкнуўся да ўнутранага жыцця, якое з часам выйшла на першы план.

Памятаю, быў у мяне такі адмысловы нататнічак, у які я запісваў усе важныя даты: лакальныя святы, дні народзінаў, нешта адметнае. Акрамя гэтага, кожны месяц я рабіў квадрат з днямі, у якіх пазначаў, калі і каму трэба пазваніць. Без прычыны, проста спытацца, як справы і жыццё. І гэта мяне неверагодна стамляла.

А потым з’явіўся «ВКонтакте», куды ўсе масава пабеглі рэгістравацца. І справа з нататнікам заглухла сама сабою, бо ў гэтай сацыяльнай сетцы адзін за адным пачалі з’яўляцца ўсе важныя для мяне людзі. Больш не было патрэбы памятаць іх тэлефоны, дні народзінаў і пытацца пра справы. Мой жа любімы liveJournal хоць і быў дастаткова распаўсюджаны, але захоўваў прыкметы элітарнасці — там можна было завесці цікавае знаёмства па інтарэсах, але даўніх сяброў там было вобмаль.

Пра цяперашнія інстаграмы я прамаўчу. Усё жыццё як на далоні: хто ажаніўся, хто з’ехаў на адпачынак, а хто з ранку да вечара сядзіць анлайн. Нагода для шчыльнай камунікацыі адпадае сама сабою, бо збольшага ўсё асноўнае і так бачыш. Для крытычнага чытача заўважу: вядома, і я маю там акаўнт, які больш-менш актыўна вяду.

Спачатку я не разумеў усіх гэтых сторыз, якія падаваліся мне нейкай абсалютнай бздурай. Навошта рабіць кантэнт, які праз суткі знікне? А цяпер і сам актыўна іх пошчу. Бо сторыз — гэта тое, чым бы ты хацеў падзяліцца са сваімі сябрамі, але не лічыш вартым асобнага паста. Зручная магчымасць адлюстраваць імгненне. Кароткая зацемка з твайго жыцця — дзе быў, што бачыў, што еў, што глядзеў. І неабавязкова пераказваць адно і тое ж сто разоў, як гэта робяць старыя па тэлефоне. Дастаткова запосціць сваю невялічкую гісторыю-аднадзёнку. Схадзіў на футбол — вось яскравая фотачка, звадзіў жонку ў кавярню, пагаліў галаву ці набыў новае адзенне — а вось і здымак. Можна нават запытацца: «Як вам?»

З надыходам каранавіруснай пандэміі людзі загаварылі пра сацыяльную дыстанцыю, якую цяпер пажадана трымаць. Але ж насамрэч, калі так задумацца, мы даўно ўжо жывём ва ўмовах, калі кожны сам па сабе. Як раней на хутары — здаецца, недзе побач ёсць людзі, але нікога не бачна.

Эксперты сцвярджаюць, што такі лад жыцця ў бліжэйшы час стане трэндам. А з гэтага вымалёўваюцца выразныя абрысы будучыні: людзі будуць імкнуцца жыць адасоблена, можа нават за горадам. Яшчэ болей вырасце роля анлайн-маніпуляцый — можна будзе не толькі замаўляць, набываць, працаваць, але, магчыма, і выбіраць урады. Калектывізм, як рэха мінулага стагоддзя, адыдзе з часам у нябыт.

Калі прагнозы гэтыя пачнуць спраўджвацца, то такі свет мне падабаецца. Я б хацеў у ім жыць. Бо вышэйапісаная перспектыва выглядае куды больш прывабнай за тую, што ўяўлялі фантасты мінулага і пра якую здымалі ў Галівудзе — зацюканае чалавецтва, якое таўчэцца на невялічкіх брудных вуліцах змрочных гарадоў-полісаў.

Канстанцін КАСЯК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».