Вы тут

На шляху радасці


Майскім вечарам выбіраліся ў Батанічны сад. Любаваліся бэзам. Бэзарыум у Мінскім батсадзе — вельмі багаты. Трохі пра тое можна пачытаць і ў тэксце, змешчаным далей.


З бэзам звязаныя ў большасці з нас успаміны пра вясну, пару абнаўлення, з цудоўным месяцам маем з яго свежай пяшчотнай лістотай, квеценню. Сёлета з‑за майскіх халадоў і бэз распушыўся пазней: толькі ў першай дэкадзе. У былыя гады да гэтага часу ў Беларусі ён ужо адцвітаў…

Шпацыруючы сярод кустоў, што раскашавалі квеценню, мы ўдыхалі водары кветак і атрымлівалі асалоду ад іх прыгажосці. Я, вядома ж, апусціла твар у пышныя гронкі белага бэзу, адчуваючы іх тонкі водар. І не змагла паціху не засмяяцца. Па суседстве дзяўчынка, зняўшы медыцынскую маску, нахілілася да бэзу, панюхала яго, і толькі потым сказала: «Мама, можна мне панюхаць? Каранавірус жа ў кветцы не жыве?». Мама, усміхаючыся, кіўнула, ухваляючы дачку, і зрабіла тое ж самае. Зрэшты, і ўсе іншыя госці бэзарыума, фатаграфуючыся ў кустах бэзу, здымалі маскі. Набліжаліся ўшчыльную да яго белых і фіялетавых гронак, дакраналіся да іх далонямі, тварам, а то і вуснамі. І паўсюль панавала радасць.

І для нас з мужам гэты дзень у канцы працоўнага тыдня ў Батсадзе быў днём любавання прыгажосцю. Прыгадвалі мы старажытную японскую традыцыю любавання сакурай у пару цвіцення. Дарэчы, цяпер і ў Беларусі гэтае дрэва прыжылося. І паступова пашыраюцца ў школах і ўрокі любавання. А назіраючы дзяцей, успаміналі мы і савецкага педагога-наватара Васіля Сухамлінскага, чыёй велізарнай заслугай было прызнанне асобы дзіцяці як вышэйшай каштоўнасці жыцця, якую трэба выхоўваць праз прыгажосць і радасць. А яшчэ ён казаў, што прыгажосць — гэта люстэрка, у якім чалавек бачыць сам сябе і ў адпаведнасці з тым так сам да сябе і ставіцца.

Як дакладна прыкмечана! Вось таму мы і бачылі людзей сярод бэзавага саду ветлівымі, добразычлівымі, вясёлымі.

Што і казаць, прыгажосць, пэўна, ратуе нават ад каранавіруса. Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць: COVID‑19 з’яўляецца нізкавібрацыйнай сутнасцю з замкнёнай структурай электра-магнітнага контуру. І робіцца вось якая выснова: для людзей, якія жывуць у высокіх вібрацыях, каранавірус не больш небяспечны за ВРЗ, гэта значыць, у больш высокіх дыяпазонах біявібрацый ён не актыўны. Так яно ці не, у тым з часам разбяруцца спецыялісты ў галіне квантавай фізікі. Але думка такая мне па душы. Хочацца верыць, што сустрэчы з прыгажосцю, абуджаючы ў душы радасць, нас аздараўляюць.

Ёсць яшчэ і такое меркаванне. Чалавечы мозг мае так званыя канабіноідныя рэцэптары, і асноўным канабіноідам з’яўляецца анандамід («Ананда» — у перакладзе з санскрыту «асалода»). Яго яшчэ называюць генам добрага настрою. Колькі анандаміда вырабляецца ў арганізме, столькі асалоды мы і атрымліваем.

Успомнілася мне і дзяцінства, калі радаснасць была натуральным станам, а пачуццё незадаволенасці — рэдкім. Я і не памятаю, каб гневалася ў дзяцінстве. Ці была чымсьці незадаволеная. Затое добра памятаю, як зазірала ў сярэдзіну кветкі, як быццам хацела заглыбіцца ў самую яе сарцавіну. То быў сіне-фіялетавы барвінак, які рос у суседнім садзе. Таму ў маі, прабіраючыся праз густы вішняк, якім параслі схілы яра ў нашым садзе, я бегам ляцела на жаданую палянку, клалася сярод кветак і ўсё глядзела, глядзела ў вочы барвінка, адчуваючы асалоду і ні з чым не параўнальную радасць быцця, яе цалкам не ўсведамляючы. І тое было велізарнае шчасце. Пачуццё злітнасці са светам, растворанасці ў ім жыло ўва мне. А ў свеце гулі пчолы, чмялі, скакалі конікі, травінкі казыталі твар, рукі… І я, дзяўчо гадоў пяці, адчувала сябе часткай вялізнага свету. Мяне цалкам задавальняла, што нічога не ведаючы пра хімічныя рэакцыі ў арганізме, адчуваю гэты вялікі цуд Жыцця.

Далей былі пытанні: хто і як усё гэта стварыў… Бабуля казала: Бог. Школа скіроўвала на дарвінізм і іншыя тэорыі. Але веды, якія ўсё павялічваліся, не набліжалі да таямніцы… Толькі паступова астуджаліся пачуцці і прытуплялася здольнасць адчуваць тую дзіцячую асалоду і захапленне, якія пражываеш у пяшчотныя гады пры выглядзе божай кароўкі, мурашоў або пупіхаў на дрэвах. Ранняй вясной у садзе дзяцінства мне нават здавалася, што я чую іх слабое патрэскванне. Бацькі смяяліся і казалі: фантазёрка… А ўжо як яны весяліліся, калі я распавядала, што ўнутры мяне жывуць малюсенькія сонцы, якія ўсё чуюць.

І якой жа вялікай была мая радасць, калі не так даўно я прачытала кнігу Бруса Гаральда Ліптана, малекулярнага біёлага, аднаго з заснавальнікаў новай біялогіі. Найноўшыя навуковыя эксперыменты ён праводзіў разам з калегамі. У прадмове да яго кнігі гаворыцца, што клеткі не кіруюць нашай біялогіяй. Наадварот, сігналы звонку — у тым ліку нашы негатыўныя і пазітыўныя думкі — адказныя за фарміраванне ДНК. Такім чынам, нашы целы здольныя зменьвацца ў залежнасці ад нашых звычак і думак. Гэта значыць, наша свядомасць уплывае на гены! Адкрыцці Ліптана, яго так званая біялогія веры, супярэчаць устойлівым навуковым догмам пра дамінуючую ролю генаў. Адкрыцці і прадвызначылі адну з самых важных на сёння галіну даследаванняў — эпігенэтыку. Існуе меркаванне, што эпігенэтыка — гэта новае разуменне біялогіі чалавека, заснаванае на сіле свядомасці.

Вось яно! Зноў пацверджанне думкі пра тое, што настрой на пазітыўнае ўспрыманне наваколля, людзей у ім нас аздараўлівае. Напрошваецца выснова: вучыцца радасці, шчасцю, пазітыўнаму мысленню варта з дзяцінства. А таксама і таму, што ў свеце няма шчасця-радасці, або гневу: гэтыя пачуцці жывуць у нас. І толькі ў нашай уладзе іх прадуцыраваць. Як выдатна пра тое сказаў індыйскі містык Садхгуру: нам патрэбныя рэлігія радасці, палітыка радасці, і нават эканоміка. Гэты аспект павінен «працаваць» на ўсіх узроўнях жыцця. І яму трэба вучыць з маленства. Але як?

Якія ж метады? Чаму, сталеючы, мы сумуем усё часцей, усё больш засмучаемся па дробязях, а то і гневаемся, губляючы адчуванне шчасця: проста жыць і радавацца кожнаму дню жыцця. Вучыцца — з радасцю, працаваць — з радасцю… І нават посуд мыць — з радасцю! Чаму часцяком мы не ўмеем захоўваць дыстанцыю з тым, што выводзіць нас з сябе? Можа быць, таму што не здольныя ўсвядоміць сваю смяротнасць, і жывем так, як быццам несмяротныя? Забываем, якое кароткае наша жыццё ў параўнанні з Вечнасцю?

Таямніца ў радасці, сказаў мудрэц. Спазнаеш радасць — спазнаеш таямніцу быцця. Як спасцігнуць яе, недасяжную… Памятаеце верш Барыса Пастарнака: «Во всем мне хочется дойти до самой сути...».

Не атрымліваецца дайсці! Ды і ці трэба?..

З гадамі ўсё больш і больш становішся пакорлівым перад веліччу і таямніцай Жыцця.

Таму, як у дзяцінстве, я ўсё часцей узіраюся ў глыбіні — то ружы, то цюльпана, а то і сціплых незабудак. І ў вочы малодшага ката і двух старэйшых яго братоў. У іх ва ўсіх, як і ў кветак, не кажучы пра людзей, характары такія розныя. Усё гляджу — і адчуваю асалоду. І думаю: трэба пад вокнамі нашага дома пасадзіць барвінак, каб ён часцей нагадваў мне пра маю чароўную паляну дзяцінства. Бо цяпер ведаю: так запускаюцца карысныя хімічныя працэсы, і выпрацоўваецца анандамін. Вось нядаўна было любаванне бэзам з яго буйнымі гронкамі, абсыпанымі маленькімі кветкамі. На адным сядзеў мураш. Вандроўнік!

Яшчэ адзін непазнаны цуд прыроды. Ці не так?

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».