Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«I брамы пякельныя не перамогуць яго...»

У вёсцы Мядзведзiчы Ляхавiцкага раёна цягам дзесяцi месяцаў iшоў рамонт аргана з больш чым стагадовай гiсторыяй. I вось нарэшце ў касцёле святых апосталаў Пятра i Паўла адбыўся доўгачаканы святочны канцэрт.

Навуковы кiраўнiк рамонту аргана Аляксандр Бурдзялёў: «Iнструмент пабудаваны з некаторым запасам, з большымi здольнасцямi, чым патрэбна святой iмшы, што, несумненна, дае iнструменту вялiкi канцэртны патэнцыял».

Парафiя ў Мядзведзiчах адна з найстарэйшых у Беларусi. Першы касцёл тут з'явiўся ў далёкiм 1483 годзе, аднак яго то руйнавалi татары, то зачынялi царскiя ўлады, i, дарэчы, вяскоўцы тады дайшлi да самога цара...

Нягледзячы на гэта, вярнуць свой храм iм удалося толькi праз 20 гадоў — i тады ж зразумець, што замест старога, драўлянага будынка трэба ўзводзiць новы. Для гэтага прыхаджане ахвяравалi 60 тысяч рублёў (на той час — проста велiзарныя грошы!).

Як пашчасцiла iх сабраць? Ды, можна сказаць, проста, бо гэта цяпер Мядзведзiчы — сцiплая вёска на 80 падворкаў. А на пачатку мiнулага стагоддзя, як кажуць старажылы, «тут было ўсё сваё: паны, яўрэi, крамы, пякарня, аптэка i нават рэстаран».

Хадзiць да касцёла лiчылася за ганаровае правiла, а калi ў 1912 годзе там з'явiўся арган, то ўжо i за свята, бо паглядзець i паслухаць iнструмент (на двух паверхах 924 трубы ад некалькiх сантыметраў да пяцi метраў), зроблены адным з найлепшых майстроў Пётрам Вайцяховiчам з Вiльнi, хацелася кожнаму.

...«Пры камунiстах» на касцёл, а дакладней, на яго памяшканне, былi iншыя планы. Тут збiралiся зрабiць склад альбо клуб, з чым нiяк не пагаджалiся вернiкi! Мясцовыя жанчыны цэлымi днямi i нават начамi па чарзе хадзiлi ў храм — вартавалi сваю святыню. «Я з бабай Свiрэпiхай часта начавала, — успамiнае Бранiслава Цярпiцкая. — Яна пасцеле нейкага кажуха, сядзе на iм i як быццам спакойна сядзiць, а я дык баюся-баюся. Дрэвы побач вялiкiя, вецер у iх шумiць, а мне здаецца, што нехта iдзе ўжо, у дзверы ляпае... Колькi разоў вось гэтак дзяжурылi».

Так выглядаў касцёл у 1886 годзе.

Прычым — не толькi жанчыны. Мужчыны, бывала, таксама часта «прыбiралiся» ў спаднiцы — хадзiлi разам з жонкамi. I мелi рацыю: тая ж Ядвiга Свiрэпа згадвае, як аднойчы прыехалi камунiсты, каб з касцёла нешта забраць, дык яе бабуля Сарафiна з iмi так ваявала, што на пару месяцаў трапiла ў турму!

...Такiм чынам касцёл перажыў абедзве сусветныя вайны, не закрыўся ў пару бязбожнiцтва ды атэiстычных ганенняў. З часам хiба арган тут замоўк.

Магчымасць адрамантаваць яго з'явiлася летась, i ўжо сёлета, калi б не пандэмiя, у Мядзведзiчах адбыўся б першы Мiжнародны фестываль арганнай музыкi. Чакалася, што прыедуць на яго найлепшыя арганiсты Расii, Польшчы, Германii, нават Нiдэрландаў... «Сыграць на iнструменце 1912 года — гонар для любога арганiста. Гэта як дакрануцца да былога, як пабываць у мiнулым цi нават у пазамiнулым стагоддзi, — тлумачыць iх намеры намеснiк старшынi Ляхавiцкага райвыканкама Святлана Юрлевiч.

Касцёл святых апосталаў Пятра i Паўла.

Адзiн з такiх запрошаных гасцей, народны артыст Беларусi Iгар Алоўнiкаў кажа, што ўжо на першай рэпетыцыi зразумеў, наколькi незвычайны гэты iнструмент: «У нас у Беларусi шмат арганаў, якiя iснуюць стагоддзямi, але, на жаль, не працуюць. Арган у Мядзведзiчах адрознiваецца мяккiм, пяшчотным гучаннем, вялiкiм выбарам галасоў i рэгiстраў на клавiятурах».

...Iншымi словамi, касцёл Пятра i Паўла — раней колькi разоў руйнаваны — зноў i зноў аднаўляецца, абнаўляецца i вяртаецца да людзей яшчэ прыгажэйшы i яшчэ даражэйшы... Яму нiбыта сам Бог спрыяе! У доказ згадваюцца словы з Евангелля: «Ты — Пётр (скала), i на гэтай скале пабудуй Касцёл Мой, i брамы пякельныя не перамогуць яго».

А мясцовыя жыхары ўпэўнены i яшчэ ў адным: майстры з Мiнска аднавiлi не проста арган — яны зрабiлi нешта большае: далi надзею на адраджэнне вёскi.

Таццяна Болтуць, фота аўтара, г. Ляхавiчы.


Для таго, каб выхаваць патрыётаў...

У 2013 годзе рашэннем Мiнгарвыканкама нашай школе было нададзена iмя Героя Савецкага Саюза Аляксея Сямёнавiча Бурдзейнага, i тады ж пачалiся работы па стварэннi музейнай экспазiцыi. Настаўнiкi разам з вучнямi ды iх бацькамi збiралi дакументы, фотаздымкi, успамiны ветэранаў, рэчы, якiя характарызавалi жыццё i побыт людзей у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Тады ж школа наладзiла сувязi з сынам героя Юрыем Аляксеевiчам Бурдзейным, саратаўскiм лiцэем № 62, дзе знаходзiцца музей Тацынскай танкавай брыгады, з пошукавым батальёнам в/ч 3213...

У вынiку ў нас сталi з'яўляцца каштоўныя экспанаты, i праз год адбылося адкрыццё музейнай экспазiцыi, сквера i алеi славы, прысвечаных Героям Савецкага Саюза 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса. На свяце з гэтай нагоды было шмат гасцей, у тым лiку — прадстаўнiкi гарадскога i нашага Фрунзенскага раённага выканкамаў, дэпутаты Нацыянальнага сходу, а таксама дэлегацыя з Масквы ў складзе Ю. А. Бурдзейнага, члена савета Рэгiянальнай грамадскай арганiзацыi «Нацыянальна-культурная аўтаномiя «Беларусы Масквы» М. I. Чахлова, старшынi Савета ветэранаў 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса М. Д. Чубарава, унучкi маршала бранятанкавых войскаў I. А. Лосiк...

Сёння ў музеi больш за 170 экспанатаў у экспазiцыях «Памяць вогненных гадоў», «Баi 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса пры вызваленнi Беларусi», «Партызанскi быт», «Ваенная амунiцыя» i iншых, з якiмi змаглi пазнаёмiцца каля пяцi тысяч наведвальнiкаў — школьнiкаў Мiнска, а таксама замежных гасцей з Расii, Эстонii, Францыi.

...Выхаванне патрыятызму, згадзiцеся, немагчымае без выхавання гонару за сваю радзiму, яе мiнулае i сучаснае, без стварэння сiстэмы па фармiраваннi не толькi цiкавасцi да гiсторыi, але i пазнавальнай дзейнасцi.

У гэтым кiрунку наша ўстанова адукацыi знайшла сваю нiшу праз увекавечанне памяцi герояў i паслядоўна рэалiзуе яе — у тым лiку ў вiртуальным музеi (sch157.minsk.edu.by).

Дырэктар школы С. М. Скроцкая, г. Мiнск.


«Не спяшацца б нам размахваць сякерай»

...Днямi, пераглядаючы ў шафе рэчы, убачыў ільняны ручнiк. Яго мы купiлi на сталiчным Чэрвеньскiм рынку, i яшчэ да вайны. Пасля яе на гэтай абнове мама вышыла сонейка i прыгожага чырвонага пеўня, а пад iм — словы «Добрай ранiцы, мае дзеткi».

Дзесяцiгоддзi прайшлi, а ручнiк усё служыць, усё нагадвае мне пра дзiцячыя гады, пра маму Марыю Яўстаф'еўну, пра Чэрвеньскi рынак, раку Свiслач ды тыя драўляныя хаткi, што стаялi на вулiцы Маякоўскага, хоць на многiх з iх яшчэ захоўвалiся шыльды з надпiсам «Чэрвеньскi тракт».

Апошнiм часам гэтыя хаткi знеслi, а разам з iмi павысякалi прыгожы бэз, яблынi, грушы, вiшнi i слiвы... Усё пайшло пад сякеру...

Неяк Ян Скрыган, якога я крыху ведаў, сказаў: будаўнiкi — гэта разбуральнiкi людскога жыцця: старое, яшчэ добрае, зносяць у надзеi, што новае будзе лепшым, прыгажэйшым за старое... Часам так яно бывае, але...

Кажуць, у Сербii навучылiся будаваць, спалучаючы старое i новае, захоўваючы гармонiю. Вось i нам, як здаецца, многае можна было б захоўваць, не спяшацца махаць сякерай над тым, што нагадвае пра нашу гiсторыю, нашу духоўнасць.

Уладзiмiр Голубеў, г. Мiнск.


Усе шляхi прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў i бяроз

Сёлета палеская вёска Пагост адзначыць свае 500! У гэтага паселiшча — унiкальнае месцазнаходжанне (цяпер яно ў складзе Нацыянальнага парку «Прыпяцкi») i багатая духоўная спадчына: тут дагэтуль жывуць самабытныя паданнi i легенды, традыцыi i абрады, шматлiкiя рэлiквii ды сiмвалы, песнi — сапраўдныя культурныя каштоўнасцi...

Выдатны падарунак сваiм землякам з нагоды юбiлею зрабiў ураджэнец вёскi — пiсьменнiк, кандыдат фiласофскiх навук Мiхась Кузьмiч. Ён падрыхтаваў i выдаў кнiгу «Мой Пагост». У ёй аўтар прасочвае гiсторыю паселiшча з часоў яго «нараджэння», сродкамi роднай мовы перадае гучанне i прыгажосць мноства мясцовых тапонiмаў i расшыфроўвае iх значэнне, дае аб'ектыўную характарыстыку сацыяльна-эканамiчнага развiцця, праўдзiва паказвае жыццё палешукоў, стварае iх яркiя, запамiнальныя вобразы.

Не абмiнае аўтар кнiгi i трагiчныя перыяды ў жыццi Пагоста — яскрава адлюстроўвае падзеi, што адбывалiся ў час Першай сусветнай i Грамадзянскай войнаў, у гады нямецка-фашысцкай акупацыi.

...Застаецца толькi дадаць, што «Мой Пагост» — гэта ўжо другое выданне кнiгi, творча перапрацаванае i дапоўненае. Першае, рускамоўнае, выйшла ў 2018 годзе.

Мiхась СЛIВА, г. Рагачоў

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: zen.yandex.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».