Вы тут

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца


Валанцёры праекта «Дапамога бяздомным» па ўласнай iнiцыятыве штодня кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.


У Алесi — яркiя блакiтныя вочы i прыгожая ўсмешка. На выгляд ёй гадоў 25, хоць яна — мацi дваiх дзяцей. Працуе Аляксандра Салаўёва на фрылансе — пiша тэксты. А ў вольны час пячэ салодкiя прысмакi сацыяльнай сталоўцы, дзе валанцёры гатуюць ежу для бяздомных.

— Кулiнарнай адукацыi ў мяне няма, — прызнаецца жанчына. — Проста смачна гатую. Аб праекце «Дапамога бяздомным» ГА «Водгук» даведалася выпадкова, патэлефанавала i пазнаёмiлася з Валерыем Еранкевiчам, куратарам праекта i кухарам гэтай сталоўкi. Цяпер з iм дамаўляемся: на колькi людзей i што спячы.

— Але ж быць мамай — гэта нялёгкая праца, да таго ж — заказы на фрылансе. Навошта вам яшчэ i гатаваць для бяздомных?

— Проста шкада людзей, якiя трапiлi ў цяжкую сiтуацыю. Грашыма я дапамагчы не магу, затое мая выпечка — гэта маленькая радасць, якая дае iм магчымасць вярнуць смакі жыцця i паверыць, што для iх яшчэ ўсё можа скласцiся добра.

Iнгрэдыенты для выпечкi Аляксандра часта купляе сама. Кажа, муж i дзецi падтрымлiваюць яе ў валанцёрскай рабоце. А спячы пiрог або торт на такую колькасць людзей, па словах Алесi, не так складана, як здаецца.

— На гэтым тыднi пякла аўсянае пячэнне, каля 200 штук. Зрабiла цеста, закiнула печыва ў духоўку, на паўгадзiны забылася, дастала — i закiдваю наступную партыю. А на будучым тыднi спяку шакаладны пiрог.

Алеся — адна з валанцёраў у камандзе Валерыя Еранкевiча. Валанцёры грошай не атрымлiваюць, працуюць па заклiку сэрца. Кожную ранiцу прыходзяць у будынак былога дзiцячага садка на Матусевiча, 15, каб бяздомныя маглi раз на дзень паесцi гарачага. На кухнi ў Валерыя старая плiта i некалькi электрычных плiтак — вось i ўсё абсталяванне. Кожны дзень тут гатуюць ежу на 80-90 «сваiх» бяздомных (тых, што прыходзяць пастаянна) i яшчэ некалькi дзясяткаў пастаяльцаў Дома начнога знаходжання на Ваўпшасава — там знойдзены COVID-19, яны на каранцiне.

— Вядома, я быў бы не супраць пашырыць кухню, але ж будынак не наш, мы толькi арандатары. I цана на арэнду расце пастаянна, — кажа Валерый.

Звычайная дабрыня

— Мы заўсёды складаем меню на наступны дзень — з тых прадуктаў, якiя ёсць у наяўнасцi, — расказвае Валерый. — Але меню разнастайнае. Я стараюся, каб стравы не паўтаралiся. З аднаго i таго ж невялiкага набору прадуктаў магу прыгатаваць некалькi дзясяткаў страў.

Прадукты прывозяць людзi, крамы, арганiзацыi.

— Мы звяртаемся праз СМI i сацсеткi да тых, хто мог бы дапамагчы, — i людзi адклiкаюцца. Бiзнесмен пачуў пра нас, патэлефанаваў: магу даць бульбы. Фермер прывёз агароднiны. Дапамагаюць пратэстанты i Чырвоны Крыж. Хтосьцi дапамог рысам, хтосьцi — макаронай. Квашаную капусту прывозяць арганiзацыi, якiя яе вырабляюць. Мы з яе гатуем запяканкi, супы, пудынгi. Хтосьцi прыносiць леташняе варэнне — на морсы i ўзвары. Крамы даюць фрыкадэлькi, флякi, рыбныя кансервы, тушонку. Сёння, напрыклад, прывезлi проста з завода сардэлькi i вараную каўбасу — за грошы, але вельмi танна.

Не без гонару Валерый адзначае, што мяса ў меню сталоўкi ёсць кожны дзень. З курэй другой катэгорыi або курыных «спiнак» атрымлiваецца булён на першае, а варанае мяса кухар аддзяляе ад костак, здрабняе i пускае на гуляшы, гювеч з агароднiнай або начынку для запяканак. Яшчэ адзiн бюджэтны варыянт — мяса свiных галоў. Валерый гатуе з яго сальцiсоны, зельцы, халадзец. Заўсёды ў меню салаты: вiнегрэт, алiўе, нешта з сезонных.

— Бачу, што людзям падабаецца, — кажа суразмоўнік.

Як сапраўдны шэф-кухар, ён заўсёды выходзiць да наведвальнiкаў i цiкавiцца iх меркаваннем.

— Калi ў чалавека хворы страўнiк, а на гарнiр у мяне, напрыклад, тушаная капуста, падыходжу, раю: лепш вазьмi дзве порцыi першага цi нешта iншае, што ёсць на кухнi.

«На ўсялякi выпадак» на кухнi ў Валерыя Еранкевiча заўсёды што-небудзь ёсць: гасцей можа быць больш, чым чакалася.

Прыйсцi ў сацыяльную сталоўку можа любы чалавек, у якога ў пашпарце няма штампа рэгiстрацыi цi стаiць штамп Дома начнога знаходжання. Таксама тут бясплатна кормяць iнвалiдаў. Бо з пенсii па iнвалiднасцi пасля камунальных плацяжоў i набыцця фармацэўтычных прэпаратаў, няхай i па льготных цэнах, на ежу нярэдка застаецца 80-100 рублёў у месяц. Ёсць i яшчэ адна катэгорыя — Валерый вызначае яе як «людзi, якiя апынулiся ў складанай сiтуацыi». Напрыклад, нядаўна выйшлi з турмы.

— Часам, каб вярнуцца да нармальнага жыцця, патрэбна проста звычайная дабрыня, — тлумачыць Аляксандра. — Псiхалагiчна тыя, хто прыходзiць да нас, проста не ведаюць, куды кiнуцца, у каго прасiць дапамогi. Чалавечае цяпло i падтрымка — яны ж нават праз ежу перадаюцца.

Як сэканомiць на ежы

Пра мастацтва эканомii Валерый Еранкевiч мог бы напiсаць кнiгу. Соусы, запраўкi ўласнага прыгатавання ў яго халадзiльнiку заўсёды захоўваюцца ў запас. Грыбы ён вырошчвае на цюках жытняй саломы, а свежую зелянiну — у кантэйнерах на падаконнiках. I авёс малоцiць сам з дапамогай адмысловай машынкi.

— Каб сэканомiць на ежы, трэба купляць тое, што табе неабходна, а не тое, што прапануюць. Калi ў цябе дзясятка на дзень, не пераскоквай на 12 рублёў. А адзiн раз на тыдзень можна i пасцiцца: аўсяная каша, агароднiна. Дапусцiм, бяром вялiкi агурок — з тых, якiя сёння таннейшыя. Здымаем лупiну, лыжачкай дастаем насенне. Адварваем рыс, пасiруем цыбулю, дадаём дробна парэзанае мяса. Солiм i перчым. Фаршыруем агурочныя «лодачкi» i запякаем у духоўцы. Смачна, як кабачок, нават яшчэ смачней! Можна так фаршыраваць i бульбу. Зверху добра б сыр, але часцей у мяне ёсць тварог. Я яго салю i перчу, узбiваю сырое яйка, змешваю. Пакрываю фаршыраваную бульбу гэтай масай — i ў духоўку. Смачна i прыгожа. Яшчэ варыянт: тую ж бульбу нацiраем на тарку для морквы. Бляху змазваем салам, пасыпаем сухарамi, выкладваем пласт бульбы i запякаем яго, як блiн. Далей — агароднiнная або грыбная начынка i наступны пласт бульбы. Зноў запякаем. I так некалькi слаёў. Атрымлiваецца класiчная беларуская бабка — духмяная i сакавiтая.

Вядома, гэта ежа, якая патрабуе часу на прыгатаванне. З дарагiх прадуктаў гатаваць прасцей i хутчэй. З бюджэтных прадуктаў «на хуткую руку» можна рабiць амлеты — Валерый можа прапанаваць некалькi дзясяткаў варыянтаў.

Аднаразовы посуд, якi сёння ў сувязi з пандэмiяй абавязковы, — сур'ёзны выдатак для дабрачыннага праекта, якi iснуе толькi на ахвяраваннi.

— Гэта мой галаўны боль, — дзелiцца Валерый. — 14 капеек плюс 7 капеек плюс 3 капейкi памнажаем на 110 чалавек i на 22 днi (па выхадных сталоўка не працуе). I атрымлiваем, што ў месяц амаль 350 рублёў вылятае толькi на посуд.

Порцыi ў сталовай вялiкiя — частку абеду бяздомныя, як правiла, пакiдаюць на вечар. Амаль 500 г першага, 250 г гарнiру i каля 100 г мясной стравы. Плюс трацiна батона на кожнага. На хлеб трацiцца амаль 600 рублёў у месяц, кажа суразмоўца.

70 % гасцей сталоўкi — мужчыны, жанчын цяпер абедае мала. Улетку бяздомным пракармiцца лягчэй — ягады, грыбы, рыбалка. А ў халодную пару года сацыяльная сталоўкi для многiх — адзiны шанец не быць галодным.

Вярнуцца да жыцця

Свой «кантынгент» Валерый ведае па iмёнах. Агульная колькасць тых, хто за пяць гадоў харчаваўся ў яго сталоўцы, — 436 чалавек.

— Бывае, з'язджаюць куды-небудзь цi ў зняволенне трапляюць. Але часцей памiраюць. Хоць ёсць i тыя, хто прыстасавалiся, — яны жывуць так па 20 i больш гадоў. Ёсць у нас адзiн вакзальны пастаялец, ён ужо 35 гадоў бамжуе. Ужо i думае зусiм па-iншаму...

— А як думаюць бяздомныя?

— Жывуць мiнулым, успамінаюць. Нехта — аб тым, як быў дырэктарам, нехта — аб тым, як быў ваенным, як жылі ў сям'і. I гэтым жывуць. Гэта вельмi страшна.

— Як трапляюць у такую сiтуацыю?

— Часцей за ўсё гiсторыя адна i тая ж: спiўся. Найбольш складана працаваць з тымi, хто стаў бяздомным нядаўна... Але мы верым: усiм гэтым людзям можна дапамагчы. I дапамагаем.

Галоўная праблема для бамжа, якi хоча вярнуцца да нармальнага жыцця, — працаўладкаванне. Пры прыёме на работу патрэбны пашпарт, у якiм ёсць штамп аб рэгiстрацыi. У бяздомных часта наогул няма дакументаў, а ўжо прапiскi няма ў 99 % падапечных праекта «Дапамога бяздомным». Можа быць штамп Дома начнога знаходжання на Ваўпшасава, але з такой «прапiскай» наўрад цi возьмуць на якую работу. Каб уладкавацца шафёрам, трэба прайсцi медкамiсiю, грузчыкам часта патрэбна санкнiжка. I за ўсё гэта трэба заплацiць. А ў бяздомнага няма грошай. Замкнёнае кола. Валанцёры дапамагаюць людзям, якiя апынулiся на дне жыцця, аднавiць дакументы, даюць грошы на медкамiсiю для працаўладкавання.

— Хачу арганiзаваць прытулак для бяздомных, — кажа Валерый. — Каб людзi маглi адчуць сябе дома, каб быў кавалак зямлi, дзе яны маглi б разбiць свой агародзiк. I, галоўнае, каб iх можна было там «прапiсваць». Цяпер мы разглядаем адзiн будынак у Нясвiжскiм раёне — гэта былая школа. Калi ўсё атрымаецца, некаторых бяздомных зможам працаўладкоўваць па месцы рэгiстрацыi. У нас там ужо паўгектара малiннiку. Будзем збiраць ягады, працаваць на зямлi. Побач ёсць закiнутая майстэрня — нiкому не была патрэбна. Як мы на яе вока паклалi — адразу ж арганiзуецца аўкцыён. Цяпер вырашаем гэтае пытанне.

Доўгая гiсторыя

Бедным людзям па ўсiм свеце Валерый дапамагае больш за дваццаць гадоў. На пытанне, навошта яму гэта, адказвае:

— Доўгая гiсторыя...

У пачатку 1990-х малады таленавiты хлопец быў шэф-кухарам аднаго з прэстыжных рэстаранаў Мiнска. Нi ў чым не меў патрэбы, грошай хапала на ўсё, чаго хацелася. Стаў многа пiць. I за некалькi гадоў спiўся. Мог страцiць i работу, i сям'ю. Але здарыўся цуд — iнакш Валерый гэтую падзею, што крута змянiла яго жыццё, не называе. Ён паверыў у Бога. Разам з жонкай прыняў хрышчэнне i вырашыў стаць мiсiянерам — дапамагаць людзям, якiя апынулiся за мяжой беднасцi, па ўсiм свеце. Украiна, Славакiя, Чэхiя, Турцыя, Малдова, Расiя... Гарачыя пункты, найбяднейшыя рэгiёны. Прытулкi для бяздомных, рэабiлiтацыя тых, хто вызвалiўся з турмаў, алка- i нарказалежных. Жыллё i прапiску, дарэчы, Валерый таксама страцiў — вярнуўся дадому пасля дваццацi гадоў сваiх падарожжаў, а сваякi яго кватэру даўно прадалi. Страцiў i працоўны стаж — у яго ж не залiчылi мiсiянерскую дзейнасць. Так што людзей, якiя апынулiся на краi беднасцi, мой суразмоўца не асуджае, як прынята ў нашым грамадстве. Ён упэўнены: калi вы думаеце, што такiм людзям дапамагаць не трэба, будзьце гатовыя выпрабаваць iх лёс на ўласным вопыце.

Па словах Валерыя Еранкевiча, адказ на пытанне «Навошта вам гэта?» — просты. Калi ты бачыш, як гэтыя людзi, ад якiх адвярнулася грамадства, паступова вяртаюцца да нармальнага жыцця — перастаюць пiць i думаць як раней, знаходзяць работу i сям'ю, — ты разумееш, што жывеш не дарэмна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота з ўласнага архiва Валерыя Еранкевiча

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.