Вы тут

Чаму вільготныя сурвэткі і іншае смецце нельга змываць


Некаторыя людзі акрамя звычайнай сметніцы часам карыстаюцца яшчэ адной, якая заўсёды знаходзіцца побач з ваннай. Здагадаліся, пра што я? Вядома, гэта зручна – унітаз здольны «праглынуць» і ватныя палачкі, і прадметы гігіены, і рэшткі ежы. Дастаткова ўсяго націснуць на кнопку – і смецце ўжо выносіць не трэба. Але ніякія адходы проста так не раствараюцца ў прасторы, і такі спосаб іх утылізацыі мае сур’ёзныя наступствы.

Ці ведаеце вы, куды ідзе вада з нашых туалетаў? Спачатку яна трапляе ў сістэму каналізацыі і калектары, потым прыходзіць на ачышчальныя збудаванні і напрыканцы вяртаецца ў вадаёмы. Зразумела, што на апошнім этапе вада ўжо павінна быць чыстай. Аднак мы вельмі перашкаджаем гэтаму працэсу, калі выкідаем ва ўнітаз рознае смецце. А як жа ачышчальныя прыстасаванні – спытаеце вы. На жаль, яны не спраўляюцца з такімі вялікімі яго аб’ёмамі. Да таго ж некаторыя адходы ўвогуле не могуць прайсці праз спецыяльныя рашоткі (шырыня іх адтулін звычайна каля 6 мм). Напрыклад, вільготныя сурвэткі, якія маюць эластычную структуру, вельмі часта яшчэ ў каналізацыі збіваюцца ў камякі памерам з футбольны мяч. І калі яны даходзяць да этапу ачысткі, прылады з імі не спраўляюцца. З-за гэтага супрацоўнікам даводзіцца прыпыняць працу абсталявання і вылоўліваць смецце ўручную. Памятайце: вільготныя сурвэткі ніколі не раствараюцца ў вадзе (не верце, калі вытворцы запэўніваюць вас у адваротным), таму што іх валокны значна таўсцейшыя, чым у туалетнай паперы.

Нароўні з занадта аб’ёмнымі прадметамі ачышчальным прыстасаванням цяжка справіцца і з вельмі маленькімі. Сярод іх – ватныя палачкі. Калі сцёкавыя воды ачышчаюцца ад буйнога смецця, яны трапляюць у пескалоўкі, а затым у адстойнікі. На першых ваду вызваляюць ад дробных мінеральных прымесяў – пяску, бітага шкла, каменьчыкаў і г. д., на другіх – ад іншых нераствораных рэчываў, якія асядаюць на дне падчас адстойвання. Па ідэі, тут ужо не павінна быць ніякіх пабочных прадметаў. Але яны ёсць. Памер гэтых гігіенічных сродкаў занадта малы, каб іх спынілі рашоткі з 6-міліметровымі адтулінамі. Таму яны сцякаюць далей – у пескалоўкі і адстойнікі. І тут іх даводзіцца вылоўліваць з паверхні вады.

Цікава

У 2015 годзе адміністрацыя горада Ваёмінг у штаце Мінесота (ЗША) падала судовы іск супраць шасці вытворцаў вільготных сурвэтак, якія пазіцыянавалі сваю прадукцыю як «тая, што змываецца». Так мэрыя спрабавала кампенсаваць выдаткі на дарагі рамонт каналізацыі.

У вялікай колькасці ў каналізацыю трапляюць сродкі жаночай гігіены і падгузнікі, нават нягледзячы на тое, што ў грамадскіх туалетах вісяць папярэджанні аб забароне выкідаць іх ва ўнітаз. Гэтыя прадметы зусім не раствараюцца ў вадзе, наадварот, яны ўбіраюць яе і павялічваюцца ў аб’ёмах, тым самым засмечваючы каналізацыю.

Часта людзі змываюць ніткі, валасы, зубныя ніці, якія зблытваюцца ўнутры каналізацыйнай сістэмы, намотваюцца на элементы ачышчальных прыстасаванняў і выклікаюць паломкі. Вельмі небяспечна, калі гэтыя прадметы трапляюць у вадаёмы, бо яны цалкам не раскладаюцца, а сінтэтычныя валокны ператвараюцца ў мікрапластык, што апынаецца ў арганізмах водных насельнікаў.

Ні ў якім разе ў каналізацыю не павінны трапіць медыкаменты. Лекі могуць быць таксічнымі, а стэроіды, антыбіётыкі і гармоны, якія ўваходзяць у іх склад, не затрымліваюцца ачышчальнымі сістэмамі і наносяць вялікую шкоду воднай флоры і фаўне. Напрыклад, перашкаджаюць росту рыб і амфібій, парушаюць іх фертыльнасць (здольнасць даваць патомства), выклікаюць праблемы з харчаваннем.

Запомніце!

Калі вам вельмі трэба змыць рэшткі ежы, абавязкова папярэдне здрабніце іх. Але ні ў якім разе не змывайце тлушч! Пры ахаладжэнні ён цвярдзее і ўтварае камякі, якія нарастаюць на ўнутранай паверхні каналізацыйных труб.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».