Вы тут

Кніга-шматпавярхоўка


Кніга-шматпавярхоўка
Пра зборнік «Там, дзе сэрца» Маргарыты Латышкевіч

Паэтычныя зборнікі заўсёды лёгка параўноўваць з чым-небудзь. Таму, можа, што праз вершаваныя радкі часта нібы прасвечвае адзіны вобраз, нейкая мастацкая канцэпцыя. Сустракаюцца зборнікі, падобныя да звязкі пярэстых ласкутоў ці да рознакаляровых клумбаў і нават да шэрых, залішне правільных па строю казармаў…
Але ж гэтая кніга — шматпавярхоўка. Канцэпцыю зборніка-будынка прапаноўвае і падтрымлівае сама паэтка: нават змест абазначаны як «Адрасная шыльда», пралог — як «Ганак» і г. д.
Але мастацкая ідэя ахоплівае больш, і гэта можа ўбачыць той, хто сочыць за творчасцю Маргарыты Латышкевіч. Бо папярэдняе выданне яе твораў — зборнік апавяданняў і аповесцей пад назвай «Наш дом» (2018). І  калі пільнае вока звядзе назвы дзвюх кніг — чытач атрымае ўяўленне пра цэльнасць і паўнату.


Структура зборніка нагадвае японскі стыль манагатары — сумяшчэннем прозы і паэзіі. Зборнік падзяляецца на часткі — кватэры, пад рознымі нумарамі (быццам аўтарка блукае па пад’ездным калідоры, падымаецца то на адзін паверх, то на другі). Да кожнай часткі-кватэры вядзе невялікі празаічны ўступ-тамбур: некалькі рыс, пільных назіранняў, праз якія можна зразумець, як сябе паводзяць, чуюцца, бачацца жыхары. І потым галоўнае — верш. Бо менавіта вершы тут з’яўляюцца нечым першачарговым, самым істотным. Між тым як празаічныя замалёўкі — пры ўсёй іх трапнасці, лірычнасці, мастацкім выкананні — больш працуюць на структуру зборніка, аб’ядноўваюць розныя вобразы ў адзіны.
Вобразы патрабуюць падрабязнай размовы, бо яны — сапраўдны скарб. Бо гэта слоўныя выявы тых людзей, якія жывуць вакол нас, селяцца з намі на адной лесвічнай пляцоўцы. Бо з вершаў на нас паглядаюць тыя, з кім мы вітаемся кожны дзень. Зборнік лірыкі, як бы дзіўна гэта ні гучала, дае дастаткова трапны адбітак сучаснасці — праз сваіх герояў. Бо вось жа бабулька, якая ратуецца плёткамі ад адзіноты:

А з-пад цёці-Зінінай усмешкі
На мяне паглядае адчай,
А з-пад плётак — шэптам — самотнае:
«Яшчэ трошачкі
пасядзі?..»

А вось дзяўчынка, да якой у госці завітвае снежны звер «з трыццаццю і трыма хвастамі».

Маленькай Лізе ў студзені стукне дзесяць,
Яна яшчэ мае гэту раскошу —
верыць.

А вось і закаханая пара з другой кватэры, а вось патыхае табакай рэзкі, змрочны «кітабой» (які нечакана піша вясновыя вершы). А вось жанчына трыццаці пяці год, якая кожным ранкам спяшаецца на працу, а вось… І гэтыя «вось» для зборніка — разнастайныя і амаль бясконцыя, бо трапных мастацкіх вобразаў у ім сапраўды шмат. І пры ўсёй сваёй пазнавальнасці яны застаюцца індывідуальнымі. І апісанне іх не абмяжоўваецца нейкімі бытавымі замалёўкамі (нават у празаічных частках, якія можна было б палічыць больш прыземленымі). Наадварот — аўтарку больш цікавіць не тое, чым жывуць «знешнія» кватэры, а тое, што адбываецца ва «ўнутраных»: думкі, пачуцці, мары. І праз сны, праз казкі, якія героі складаюць для сябе ці для кагось іншага, Маргарыта Латышкевіч адкрывае для чытача галерэю незвычайных сардэчных партрэтаў. Пры гэтым быццам спрачаючыся з тымі, хто абвінавачвае сучасных людзей у бездухоўнасці і шэрасці.
Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку. Можна нават сказаць, што звязвае і знітоўвае ўсю кнігу ў адзіны суцэльны твор менавіта гэтая «светласць» погляду, цеплыня, з якой аўтарка вядзе расповед пра сваіх персанажаў. Уласна кажучы, яна дорыць чытачу характэрнае адчуванне — нібы ў змроку адно за другім запальваюцца акенцы.
Але ж звычайна трапнасці вобразаў і душэўнасці недастаткова, каб кнігу можна было назваць «творам высокай якасці». Акрамя структуры і вобразнай сістэмы ёсць яшчэ стылістыка тэкстаў, мастацкае адзенне, якое аўтар апранае на свае ідэі, — форма. «Там, дзе сэрца» сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексікі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; класічны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і (у некаторых з іх) слушны «разлом» вершаванага радка, інтанацыйная «лесвічка» — з боку літаратурнага; нечаканасць і глыбіня сродкаў выразнасці — з абодвух бакоў. Асабліва звяртае на сябе ўвагу жаданне паэткі ажывіць з’явы і прадметы вакол сабе — з дапамогай метафар, увасабленняў і параўнанняў: «Лета валіцца на калені, // І вішчыць, і смяецца йскрыста», «Вуліцы ўмеюць сычэць па-змяінаму…», «Ноч, як рыба, хапае ротам // Месяцовую светлаваду…» І  над усім гэтым чутны фірменны стыль аўтара — характэрная мелодыя, манера, па якой можна пазнаць канкрэтную літаратурную постаць.
Нарэшце ў гэтых вершах выразна праглядваецца творчая эв алюцыя паэткі ў параўнанні з яе папярэднім зборнікам вершаў «Пульс навальніц», які ўбачыў свет у 2013 годзе. Тут назіраюцца і адкрыццё новых тэм, і  ўдасканаленне мастацкай манеры, і відавочнае сталенне і развіццё таленту. А гэта азначае галоўнае: што зборнік «Там, дзе сэрца» — яшчэ адзін крок ці, можа, паверх у «творчай шматпавярхоўцы» Маргарыты Латышкевіч. За ім — прадчуванне наступнага. Большага.

Алена КІСЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.