Вы тут

Наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх


Дзень Незалежнасцi 3 лiпеня — гэта нагода не толькi ўспомнiць тых, хто заваяваў нам права быць гаспадарамi на сваёй зямлi, але i падумаць пра тое, якi ўнёсак можа зрабiць кожны з нас у прагрэсiўнае заўтра нашай краiны. Што ўсё ў нашых руках, казалi ўчора Прэзiдэнт, калi звяртаўся з уступным словам да грамадзян на Плошчы Перамогi, прадстаўнiкi ўлады, галоўныя героi падзеi — ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны.


Па традыцыi старт святочным мерапрыемствам не толькi ў сталiцы, але i па ўсёй краiне дае патрыятычнае шэсце «Беларусь памятае!». У Мiнску ва ўрачыстасцях узяў удзел Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка з сынамi.

Калона амаль з пяцi тысяч чалавек пачала рухацца ад Дзяржаўнага цырка па праспекце Незалежнасцi да плошчы Перамогi. Наперадзе яе — рота ганаровай варты з кветкавай гiрляндай у нацыянальных колерах. За вайскоўцамi па галоўнай вулiцы сталiцы прайшлi ветэраны Узброеных Сiл Беларусi, воiны-iнтэрнацыяналiсты, вышэйшыя службовыя асобы, кiраўнiкi дзяржаўных органаў улады, дзеячы культуры, вядомыя спартсмены, пiянеры, кадэты, маладзёжныя актывiсты. За iмi выстраiўся картэж аўтамабiляў УАЗ, дзе размясцiлiся шаноўныя госцi свята — удзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, якiх суправаджалi падлеткi — iх праўнукi або тыя, хто шэфствуе над ветэранамi.

 

* * *

Да пачатку шэсця журналiсты змаглi крыху пагаварыць з прадстаўнiкамi ўлады i ветэранамi i павiншаваць iх са святам.

«Мы сёння ў першую чаргу аддаём данiну памяцi, павагi, пакланення подзвiгу нашых людзей, якiя яго здзейснiлi, каб мы жылi ў свабоднай, вольнай краiне, якая развiваецца i накiравана ў будучыню.
Учора на святочным канцэрце рэтраспектыва паказала, што мы зрабiлi за 26 гадоў нашага суверэнiтэту, чаго дасягнулi ў сферы прамысловасцi, сельскай гаспадаркi, як развiваюцца IТ-сфера, навука. Мы сталi касмiчнай краiнай. У Беларусi захоўваюцца сацыяльныя гарантыi — мы клапоцiмся аб ветэранах, дзецях, шматдзетных сем'ях, маладых людзях. I гэтае свята заўсёды выклiкае прыўзнятыя пачуццi, гэта этап, пасля якога хочацца зрабiць у сваёй справе, на сваiм месцы яшчэ больш», — сказаў намеснiк прэм'ер-мiнiстра Iгар Петрышэнка.

Намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па мiжнародных справах Алег Гайдукевiч выказаў думку, чаму 3 лiпеня — найважнейшы дзень у календары: «Дзень Незалежнасцi — галоўнае свята. Чаму? Гэта магчымасць беларусам самiм вызначаць свой лёс. То-бок мы самi вырашаем, як нам жыць, самi вырашаем, у якiя iнтэграцыйныя аб'яднаннi нам уступаць, мы самi вызначаем, якiя будзем мы i наша краiна».

Парламентарый акцэнтаваў увагу на дасягненнях Беларусi, самае значнае з якiх тое, што мы стварылi сваю дзяржаўнасць. «Мы адбылiся як самастойная i незалежная краiна. Дасягнулi многага i пра гэта павiнны гаварыць i памятаць, каб больш нiколi ў нашай гiсторыi мы не пачыналi з пачатку», — упэўнены ён.

Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiр Андрэйчанка падкрэслiў: «Мы павiнны сваёй працай, мiрам, згодай, узаемаразуменнем рабiць усё, каб краiна развiвалася i мы захавалi тое, што зроблена за гады незалежнасцi». Уладзiмiр Паўлавiч i падчас свята не забывае пра работу i дадае, што самае галоўнае сёння — гэта развiццё эканомiкi.

Прэм'ер-мiнiстр Раман Галоўчанка таксама падтрымаў такую думку: «Эканомiка — гэта залог дабрабыту насельнiцтва, магчымасць развiвацца i iсцi наперад. Няма эканомiкi — няма фундамента, на якiм стаiць дзяржава», — канстатаваў кiраўнiк урада. Гэтымi днямi на плошчы перад Палацам Рэспублiкi выстаўлена тэхнiка, створаная айчыннымi iнжынерамi на працягу апошнiх 20 гадоў. Дасягненнi ў галiне машынабудавання за гэты час старшыня Саўмiна назваў вялiзным скачком. Ён быў зроблены на базе, якая засталася з савецкiх часоў, але мала хто сёння з постсавецкiх краiн можа пахвалiцца захаваннем прамысловасцi i вывядзеннем яе на новы якасны ўзровень.

«Беларусь фактычна не страцiла нiводнага буйнога прадпрыемства. Гэта, мабыць, i ёсць адно з дасягненняў незалежнасцi, — сказаў прэм'ер-мiнiстр. — Мы перажываем складаны эканамiчны перыяд. Ён звязаны з тым, што мы адкрытая, экспартаарыентаваная эканомiка, якая завязана на знешнiя рынкi. Мы звыш 60 працэнтаў прадукцыi павiнны рэалiзоўваць на экспарт, каб мець плацежны баланс, адпаведны нашым iнтарэсам».

Але ў часы закрыцця рынкаў, па словах Рамана Галоўчанкi, мы знiзiлi ВУП менш, чым суседнiя краiны, што валодаюць мацнейшай падушкай бяспекi. «Нам на iх фоне ўдаецца падтрымлiваць больш пазiтыўную карцiну, а зараз мы бачым выхад на траекторыю росту. Будзем трымацца. У фундамент незалежнасцi кожны павiнен залажыць цаглiнку на сваiм месцы», — сказаў прэм'ер.

 

* * *

Ад сённяшнiх спраў i перспектыў на заўтра пяройдзем да тых, хто заваяваў нам магчымасць казаць пра выбар самастойнага шляху, — ветэранаў. Уладзiмiр Барадзiн, былы артылерыст, гвардыi палкоўнiк акцэнтаваў увагу на сувязi Дня Незалежнасцi i лёсу сталiцы i адзначыў, што радуецца таму, як вырас Мiнск з пасляваенных часоў. «Перамога для мяне — гэта, па-першае, вызваленне горада i рэспублiкi.
З таго моманту пачалося яго адраджэнне пасля нямецкага нашэсця. Мы ўсе рабiлi ўнёсак у аднаўленне горада, а сёння радуемся мiрнаму часу i прыгожай сталiцы».

Iван Сiнельшчыкаў падкрэслiў, што Беларусь заслужыла незалежнасць сваёй працай, партызанскiм рухам i нашым укладам жыцця. «I правiльна Прэзiдэнт падымае сёння патрабаваннi да народа, армii. I мы, ветэраны, разумеем сваю адказнасць, бо прадстаўляем армiю», — дадаў ветэран авiяцыi. Па яго словах, гэты дзень для яго асаблiвы: «З учарашняга дня рыхтаваў мундзiр, перажываў. Сэрцайка б'ецца ад хвалявання».

На плошчы Перамогi для 50 ветэранаў размясцiлi пляцоўку з крэсламi. Побач з iмi — прадстаўнiкi дыпламатычнага корпуса. У канцы цырымонii «Беларусь памятае!» Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з ветэранамi.

 

* * *

Апоўднi ў Мiнску стартавалi забаўляльныя мерапрыемствы: на пляцоўцы каля Палаца спорту можна было падсiлкавацца на фуд-корце, падзiвiцца i набыць вырабы на выстаўцы-кiрмашы «Зроблена ў Беларусi». Дарэчы, ён працягвае працаваць сёння i заўтра.

А дзявятай гадзiне вечара каля стэлы «Мiнск — горад-герой», дзе падрыхтавалi святочны гала-канцэрт «Беларусь бязмежная», гараджан чакалi артысты беларускай эстрады i харэаграфiчныя калектывы.

Пасля святломузычнага фантаннага шоу на набярэжнай Свiслачы неба Мiнска расквецiў святочны феерверк, залпы якога выпусцiлi ў васьмi месцах горада. Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасцi, прайшлi ва ўсiх раёнах беларускай сталiцы.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.