Вы тут

Ігар Кізім: Ты — ніхто, калі губляеш свае карані


На пытанні часопіса адказваў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Украіны ў Беларусі


Часу для зносін, калі глядзіш адзін аднаму ў вочы, было адведзена няшмат: роўна праз гадзіну ад пачатку нашай гутаркі ў спадара Амбасадара была прызначаная новая дзелавая сустрэча. Працоўны графік дыпламатаў вышэйшага ўзроўню, у чым мы не раз пераконваліся, як правіла, вельмі напружаны. Але прызнаемся, гэтага часу было цалкам дастаткова, каб зразумець, наколькі Ігар Юр’евіч Кізім шануе шчырасць у зносінах. І як ён сам сказаў, убачыць яе, адчуць можна толькі гледзячы ў вочы адзін аднаму. Гадзіны таксама хапіла і для таго, каб мы паспелі пагаварыць і пра нашу агульную гісторыю з часоў Кіеўскай Русі, і пра тое, што акрэсліў словамі, пакінуў нам як запавет вялікі ўкраінскі Кабзар Тарас Шаўчэнка ў драме «Мікіта Гайдай»: у кім няма любові да краіны роднай, тыя сэрцам убогія калекі…

Трэба было бачыць, з якой зайздроснай хуткасцю адказваў спадар Амбасадар на пытанні, якія нас цікавілі. Мы нават паспелі даведацца ў нашага візаві, якія ж яго самыя любімыя ўкраінскія песні. Аказалася, і нам яны вядомыя. І спяваць іх час ад часу любім. Праўда, Іван, этнічны беларус, выконвае іх з беларускім акцэнтам. А я, Валянціна, хоць украінка і закордонна, як кажуць ва Украіне, спяваю і па-нашаму, і па-беларуску чыста. Як жа было прыемна даведацца, што песня «Дивлюсь я на небо, та й думку гадаю…», якая мне з дзяцінства падабаецца — у ліку любімых у Амбасадара! А голас у Ігара Юр’евіча добры, прыемны. Праўда, чулі мы адну з украінскіх песняў у яго выкананні не ў працоўным кабінеце Амбасадара, а ў тэлеперадачы «Кулінарная дыпламатыя», дзе ён гатаваў разам з вядучым Цімафеем Рагавым украінскую страву — кручэнікі і дэсерт — крэм Шантыйі. Дарэчы, вельмі віртуозна абыходзіўся з нажом, міксерам… І пры тым паспяваў і вядучаму ў вочы глядзець, і ў тэлекамеру.

Спадзяемся, што і наш чытач паміж радкоў адчуе шчырасць і глыбіню эмацыйнай украінскай душы спадара Амбасадара Ігара Кізіма.

— Ігар Юр’евіч, як вядома, наша першаснае ўяўленне пра іншыя краіны фарміруецца на аснове прачытаных кніг, мастацкіх фільмаў ды іншых відаў мастацтва. А як у вас? Бо паездзіць па свеце прыйшлося ж нямала… Францыя, Нігерыя, Канада, Вялікабрытанія…

— Дзякуючы сваёй прафесіі я маю ўнікальную магчымасць жыць у розных краінах. Але адна справа — турыстам іх наведаць, і зусім іншае — пажыць даўжэй, гадамі, ды яшчэ ў дыпламатычным статусе. Па маёй дыпкар’еры сітуацыя склалася так, што пабываў я ў краінах абсалютна розных. Пачынаў службу ў Францыі, працягнуў у Нігерыі. Чым не сведчанне таго, наколькі шматстайнае наша жыццё! Гэтыя краіны такія розныя па культуры, ментальнасці народаў. І кожная пакідае сваё незабыўнае ўражанне. У Францыі, напрыклад, заўсёды мне падабалася нейкая ўласцівая ёй паэтычнасць і рамантызм. З юнацтва любіў кнігі Мапасана, Бальзака…

— І яшчэ — шансон…

— Так-так, і французкі шансон. Усё гэта праявы ў розных формах нейкай лёгкасці, бестурботнасці ды рамантызму, якія ўласцівыя ўсяму французкаму грамадству. Гэтая асаблівасць французаў знаходзіць адлюстраванне ў розных сферах культуры, у тэатральнай і песеннай творчасці. А ў аснове такога светапогляду, я зразумеў, ляжыць радасць жыцця, нейкі аптымізм, пачуцці, уласцівыя ўсім французам. Яны праяўляюцца незалежна ад іх сацыяльнага статусу і становішча ў грамадстве. На што і звярнуў увагу, калі жыў у Францыі. А ў Нігерыі ўразіла культура. У прыватнасці, як выконваюцца там традыцыйныя танцы. Тое трэба абавязкова бачыць ужывую, каб зразумець, наколькі гэтае мастацтва ўнікальнае! Традыцыйнае адзенне, непаўторная пластыка, неверагоднае пачуццё рытму ў танцораў… Захапляльнае відовішча! І быццам бы простая, немудрагелістая музыка гэта суправаджае, а ўсё разам — заварожвае. Яшчэ я быў здзіўлены тым, што ў Нігерыі граюць джаз.

— Сябрамі ў тых краінах абзавяліся?

— Хутчэй, не. Бо дыпламатыя — перш за ўсё праца. Падтрымліваю адносіны з некаторымі дыпламатамі з розных краін, з якімі кантактаваў, як той казаў, па абавязку службы. А яны паціху пасоўваюцца па кар’ернай лесвіцы. Скажам, працуючы ў Канадзе, я меў зносіны з Артурам Міхальскім — цяпер ён Амбасадар Польшчы ў Беларусі. Падобныя дзелавыя сувязі ў мяне, вядома, ёсць. І мы іх падтрымліваем дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі.

— Што запомнілася з жыцця ў Канадзе?

— Перш за ўсё — мазаіка культур. Там жывуць і ўжываюцца прадстаўнікі розных народаў свету. На пытанне пра культуру Канады мне тамтэйшыя спецыялісты так і казалі: гэта мазаіка культур, якая ствараецца ўсімі іншымі культурамі. Вы, напэўна, ведаеце: у Канадзе даволі вялікая ўкраінская дыяспара — больш мільёна чалавек.

— І беларуская быццам немаленькая… Ну не мільён, вядома…

— Шчыра скажу: беларусы не вельмі там былі прыкметныя. А нашых супляменнікаў вельмі шмат. Дарэчы, калі фарміравалася канадская нацыя, канадская дзяржава, то ўкраінская мова мела шанец стаць у Канадзе трэцяй дзяржаўнай — пасля англійскай і французкай. Цяпер там, канешне, і палякаў нямала, і кітайцаў нават больш, чым украінцаў. Але прэрыі па-ранейшаму застаюцца ўкраінскімі па складзе — з ХIХ стагоддзя, як засяляліся. Пасля Канады я два гады ў Брытаніі папрацаваў. І потым наўпрост — сюды.

— А якія ўспаміны звязаны з Беларуссю, беларусамі?

— Яны больш юнацкія. Я два гады служыў у Печах пад Барысавам, у танкавых войсках. Быў прызваны ў 1980‑м у савецкую яшчэ армію. Больш за тое: 9 мая сёлета спецыяльна паехаў у Печы, падышоў да кантрольна-прапускнога пункту, парог якога 40 гадоў таму пераступіў. І сфатаграфаваўся на тым месцы, дзе стаяў яшчэ салдатам — ёсць здымак у маім дэмбельскім альбоме. А фота‑2020 я выклаў на Фэйсбуку, можна паглядзець. Мяне ў Печах сустрэлі, нават інтэрв’ю ўзялі. І запрасілі на юбілей часткі, якой неўзабаве будзе 80 гадоў. У верасні, дай Бог, адсвяткуем.

— Вядома, што навучальны цэнтр у Печах вядзе свой пачатак ад 120‑й стралковай дывізіі, якая мае ганаровае найменне «Ровенская». Гэта ад месца фарміравання дывізіі?

— Яна вызваляла Украіну, праз вайну прайшла і стала вучэбнай ужо тут. Дык вось, першыя мае ўражанні пра Беларусь склаліся менавіта тады. У 2017‑м я свядома ехаў у краіну, якую, як мне здавалася, ужо ведаў. Але, прыехаўшы сюды Амбасадарам, зразумеў: мой армейскі досвед — гэта далёка не веданне пра ўсю Беларусь, пра яе паўсядзённае жыццё. У Печах зусім іншы парадак быў: армейскі. Але, тым не менш, гэта была школа жыцця, і мне, вядома ж, было прыемна пабываць у частцы, казармах, пагутарыць з афіцэрамі навучальнага цэнтра цяпер ужо незалежнай Беларусі.

— З вамі тады ўкраінцаў шмат служыла?

— Так, нямала. У нашу дывізію з Украіны першы прызыў заўсёды ішоў. З Ровенскай вобласці, дарэчы. Было шмат і беларусаў. Больш за тое, калі я стаў Амбасадарам — мяне былыя калегі-беларусы прызналі за свайго (усміхаецца). Адзін, з якім у адным узводзе служыў, прыходзіў нават у госці, ён цяпер жыве ў Барысаве. Мы абодва потым былі камандзірамі аддзяленняў, ён на паўгода раней дэмабілізаваўся, а ўвесну 82‑га я і сам з’ехаў з Беларусі.

— У працяг размовы пра салдацкае мінулае. Як вядома, салдаты радзіму заўсёды памятаюць, і родныя песні. А якая вам песня ўкраінская больш за ўсё падабаецца?

— Ой, я зусім нядаўна яе слухаў: «Чорнії бровы, карії очі…». Мне так падабаецца гэтая песня! І яшчэ — «Дивлюсь я на небо…». Гэта мая песня, як кажуць, з дзяцінства.

— Мама яе спявала?

— Не, мама ў мяне руская, таму для мяне песні ўкраінскія не спявала. І тут якраз наадварот атрымалася: я вучыў маму іх спяваць. Калі ў школе быў, займаўся мастацкай самадзейнасцю. Ды і так слухаў шмат.

— Вы ў Харкаве жылі?

Так праходзіла інтэрв'ю ў кабінеце спадара Амбасадара

— Нарадзіўся ў Харкаве, пражыў там толькі паўгода. У мяне тата будаўніком быў, і сям’я па ўсёй Украіне паездзіла. У 1968‑м годзе мы ўжо апынуліся ў Бярдзянску. І там, па сутнасці, мая малая радзіма. У Бярдзянску я вучыўся, скончыў школу. З‑пад Харкава былі родавыя карані бацькі. І я знайшоў месца, дзе жыве многа Кізімаў. Гэта бліжэй да расійскай мяжы, Арцёмаўка. А мама мая нарадзілася ў Казахстане, жыла ў Паўладары: туды яе радня пераехала яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, падчас Сталыпінскай рэформы. Бацька мой, Юлій Іванавіч, пасля вайны там паступіў у ваеннае вучылішча. Дзядоў я не ведаў сваіх — абодва з вайны не вярнуліся. Бацька мой, асірацеўшы, трапіў у вайсковае вучылішча, і там пазнаёміўся з будучай мамай маёй, Нінай Міхайлаўнай. Потым бацьку камісавалі па здароўі: ён вымушаны быў у 50‑я гады мяняць прафесію. І стаў будаўніком. Скончыў тэхнікум у Харкаве.

— А вы сваю дыпламатычную «лінію жыцця» свядома выбіралі?

— Жаданне стаць дыпламатам было, як гаворыцца, яшчэ са школы. Я і дваім сваім сынам кажу: важна выбраць тую справу, якой ты хочаш займацца ў жыцці. Мне недзе з 5–6 класа вельмі падабаліся замежныя мовы. У прыватнасці, англійская. Хоць перспектыў асаблівых у правінцыйным савецкім мястэчку для хлопчыка, які настойліва вывучае замежную мову, нібыта і не было. Я і не ведаў, куды потым паступаць. Бо тады які быў парадак? Скончыў школу — ідзеш у войска. А пасля службы пачынаеш думаць: куды далей. І я ведаў, што ў войска пайду служыць, а потым іншае жыццё пачнецца. Так, і пасля 8 класаў пайшоў у тэхнікум вінаградарства і вінаробства — скончыў яго ў Бярдзянску. А потым — у войска. Але заўсёды, дзе б ні быў, вучыў мову.

— А па тэхнікумаўскім дыпломе вы хто?

— Тэхнік-механік вінаробнай і харчовай прамысловасці.

— На будучую вашу вайсковую спецыяльнасць гэта, мабыць, неяк паўплывала?

— Думаю, так: бо тэхнік-механік усё ж. У войску вучыўся на механіка-кіроўцу. А потым, калі пачаў вучыць іншых у вучэбным палку, то ўжо рыхтаваў наводчыкаў. Па сутнасці, атрымаўся з мяне камандзір танка. Вось такая мая воінская спецыяльнасць. Звольніўся ў запас старшым сяржантам. Ёсць што пра тыя часы ўспомніць, але гэта, як кажуць, асобная гісторыя.

— Што ж, калі складзецца — давайце пасля юбілею дывізіі пра тое і пагаворым.

— Давайце, калі складзецца. Тут я, калі кажу, што ў Печах служыў — адразу адчуваю да сябе глыбокую павагу. Усе ведаюць, якая школа была, а тым больш у той час.

— Вось нават гісторыя Ровенскай дывізіі — гэта, па сутнасці, сумесная беларуска-ўкраінская гісторыя. А якія старонкі нашага агульнага мінулага вам падаюцца найбольш цікавымі? У прыватнасці, мы ведаем, што з нашых супляменнікаў ураджэнец Беларусі Піліп Орлік ва Украіне ўшанаваны, а таксама першадрукар Іван Фёдараў… Здаецца, у яго родавыя карані з Вілейскага раёна Мінскай вобласці…

— Вось пра беларускія карані Івана Фёдарава я і не чуў. Ведаю, што нейкі час ён у Маскве працаваў, а потым у нас у Львове. А якое ён мае дачыненне да беларускай зямлі?

Ігар Кізім на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем 26 мая 2020 года

— Самае прамое! Музейшчыкі Вілейскага раёна кажуць пра яго прыналежнасць да шляхецкага беларускага роду Рагозаў, а род той быў блізкі да Радзівілаў і Хадкевічаў. Краязнаўцы знайшлі ў вайсковым перапісе 1528 года Вялікага Княства Літоўскага дзевяць прадстаўнікоў роду Рагозаў, і ўсе былі «прыпісаны» да маёнтка Хаценчыцы, які размяшчаўся ў цяперашніх межах раёна. Іван, сын Фёдараў, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Туды менавіта з зямель ВКЛ траплялі таленавітыя юнакі — не з Масковіі. Ёсць версіі, што сустракаўся ён з Францыскам Скарынам, друкаваныя кнігі якога Масква адпрэчыла: іх нават спалілі на лобным месцы. І вось ужо праз Івана Фёдарава прагрэс, у выглядзе кнігадрукавання пранік у Маскву. І заўважце: калі давялося рускаму першадрукару яе пакінуць, то бег ён на тэрыторыю ВКЛ, у Заблудаў, да сваіх! І там выдаваў кнігі. Адна з іх такая: «Евангелие учительное. Заблудов, типография Г.  А. Ходкевича, 1569». Ужо ў наш час у пячатцы Івана Фёдарава і ў гербе Рагозаў краязнаўца Анатоль Капцюг разгледзеў аднолькавыя элементы, звярнуў на тое ўвагу. Такі вось атрымліваецца гістарычны дэтэктыў!

— Вельмі цікава! Трэба будзе гэтую тэму капнуць глыбей, у тым ліку і з навукоўцамі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, яго дырэктарам Вячаславам Даніловічам. Дарэчы, з першага дня свайго знаходжання тут я заняўся «гістарычнай матэматыкай». І высветліў: мы з вамі, украінцы з беларусамі, жылі ў адной дзяржаве, якая называлася Вялікае Княства Літоўскае, больш, чым у якім-небудзь іншым дзяржаўным аб’яднанні. А тая частка нашай сумеснай гісторыі да гэтага часу слаба даследавана. Там атрымліваецца больш за 200 гадоў.

— Значна больш за 200, як нам здаецца. Паводле гістарычных звестак, Кіеў быў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 1362–1654 гадах. Заўважым, што Рэч Паспалітая (утворана ў 1569‑м) была федэрацыяй Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Так што амаль 300 гадоў атрымліваецца…

— Па сутнасці, уся Правабярэжная Украіна была ў складзе ВКЛ. Чамусьці пра гэта ў нашай гісторыі савецкай, якую мы вучылі, практычна не згадвалася! А ВКЛ узгадвалі ў сувязі з паходамі на Маскву. І калі казаць пра людзей, якія з даўніх часоў аб’ядноўваюць нашы народы, то варта ўзгадаць, перш за ўсё Піліпа Орліка, слаўнага гецьмана Украіны, ураджэнца беларускай зямлі (1672–1741). І мы такія асобы павінны шукаць у нашых культурах, у гісторыі. Другое імя, якое належыць успомніць — гэта Канстанцін Астрожскі (1460–1530), які першым атрымаў званне Вялікага гецьмана Літоўскага за перамогу над войскамі хана Мехмет-Гірэя ў 1497 годзе пад Ачакавам. Пад яго кіраўніцтвам была здабытая перамога войскаў ВКЛ над маскоўскім войскам у Бітве пад Оршай у 1514 годзе — гэта важная падзея еўрапейскай гісторыі. Дарэчы, сёлета — 560 гадоў з дня яго нараджэння. І да нас звярнуліся ўкраінскія кінематаграфісты з просьбай аб дапамозе ў здымках гістарычнага фільма пра гэтую асобу на тэрыторыі Беларусі. Пакуль пытанне ў стадыі рашэння. Мне гэтая тэма цікавая. Дарэчы, сын Канстанціна Астрожскага — Канстанцін Васіль Астрожскі — заснаваў Астрожскую Акадэмію. А гэта — адзін з найстарэйшых дзеючых універсітэтаў ва Усходняй Еўропе. Частка матэрыяла пра яго ўжо знята ва Украіне і Літве, але фільм будзе ня поўным без здымак у Беларусі, дзе прайшла значная частка жыцця і дзейнасці гэтай унікальнай гістарычнай асобы. Спадзяюся, пасля нармалізацыі сітуацыі з каранавірусам гэты кінематаграфічны і навуковы ўкраінска-беларуска-літоўскі праект будзе завершаны.

— Раскажыце нашым чытачам больш падрабязна пра Піліпа Орліка і яго заслугі перад нашчадкамі…

— Нарадзіўся будучы гецьман у вёсцы Касута Ашмянскай воласці (цяпер Вілейскі раён) у шляхецкай чэшска-беларуска-літоўскай сям’і. На Вілейшчыне прайшлі яго дзіцячыя гады і пачатак юнацтва. Відавочна, хадзіў ён у пачатковую школу пры мясцовым манастыры святога Васіліана. У канцы 80‑х гадоў XVII стагоддзя сям’я Орлікаў пераехала ва Украіну, дзе малады шляхціц паступіў у Кіева-Магілянскую акадэмію.

Пасля смерці гецьмана Мазепы ў эміграцыі Орлік абіраецца гецьманам Правабярэжнай Украіны. У дзень выбараў гецьмана 5 красавіка 1710 года абвяшчае складзеныя ім «Пакты і Канстытуцыю законаў і вольнасцяў Войска Запарожскага», якія атрымалі назву «Канстытуцыі Піліпа Орліка». Гэты помнік палітычнай думкі і сёння ўражвае сваёй актуальнасцю і высокім прававым узроўнем. Канстытуцыя Піліпа Орліка ўпершыню ў сусветнай гісторыі падзяліла ўладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Будучы гецьманам у эміграцыі, Піліп Орлік прадпрымаў сур’ёзныя крокі ў імкненні аб’яднаць Украіну: стараўся заручыцца падтрымкай Турцыі і Францыі, выступаў аўтарам публікацый, дзе абгрунтоўваў правы ўкраінцаў на ўласную дзяржаву.

На малой Радзіме Піліпа Орліка, у вёсцы Касута, Вілейскага раёна, усталяваны памятны знак, прысвечаны 335‑годдзю з дня яго нараджэння. Працу над гэтым праектам Беларускае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» і яго Мінскае аддзяленне «Заповiт» і, перш за ўсё, кіраўніца гэтай украінскай грамадскай арганізацыі Галіна Юхімаўна Калюжная, яна ж старшыня грамадскай камісіі па ўвекавечанні памяці Піліпа Орліка, пачалі яшчэ ў 2002 годзе. І ў 2010 годзе пры падтрымцы Вілейскага выканкама памятны знак быў урачыста адкрыты. Дарэчы, сёння Калюжная да мяне прыходзіла: мы рыхтуем першы пераклад Канстытуцыі Піліпа Орліка на беларускую мову. Гэта будзе першае ўкраінска-беларускае выданне вялікага юрыдычнага і прававога дакумента.

У кастрычніку 2017 года па ініцыятыве Амбасады і пры садзеянні Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адбыўся міжнародны круглы стол «Дзейнасць Піліпа Орліка і прававая думка ў Еўропе ў першай палове XVIII стагоддзя», у якім прынялі ўдзел як украінскія, так і беларускія навукоўцы. Быў выдадзены буклет, прысвечаны Піліпу Орліку.

Аднак, павінен з сумам канстатаваць той факт, што нягледзячы на дамоўленасці паміж нашымі Прэзідэнтамі аб усталяванні помніка Піліпу Орліку ў Беларусі, гэтая ініцыятыва Амбасады так і не знайшла падтрымкі з боку беларускіх улад і застаецца пакуль не рэалізаванай.

— Усяму, як кажуць, свой час… Але ж не толькі людзі — нават войны нас з вамі аб’ядноўвалі!

— Сапраўды, так. Не магу не ўспомніць трагічныя старонкі нашай агульнай гісторыі. У XX стагоддзі і Украіну, і Беларусь аб’яднала вялікае гора — Першая і Другая сусветныя войны. І калі пра герояў Першай сусветнай мы ведаем не так шмат, то гісторыя Другой сусветнай вывучана дастаткова добра.

У Беларусі спачываюць сотні тысяч украінцаў, якія аддалі свае жыцці, вызваляючы Беларусь ад нацысцкіх захопнікаў. На тэрыторыі Беларусі размешчана мноства мемарыялаў героям-украінцам, якія загінулі тут у ваенны час: і на пачатку вайны, і вызваляючы Беларусь ад ворагаў. Мы такія мемарыялы і месцы вечнага спачынку герояў наведваем. Сёлета 8–9 мая я разам з супрацоўнікамі Амбасады і прадстаўнікамі мясцовых уладаў усклаў кветкі да мемарыялу герояў-артылерыстаў «Батарэя Герояў» (батарэя капітана Антона Леанцюка, ураджэнца Хмяльніцкай вобласці) у вёсцы Узляны Мінскай вобласці; да помніка ўраджэнцу Днепрапятроўшчыны, Герою Савецкага Саюза, байцу легендарнай «Батарэі Герояў» Васілю Токараву ў горадзе Мар’іна Горка, а таксама да месца пахавання легендарнага экіпажа танка пад камандаваннем ураджэнца Палтаўскай вобласці, гвардыі лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза, Паўла Рака ў горадзе Барысаве Мінскай вобласці.

— Ды і ў больш старажытнай гісторыі ёсць людзі, якія аб’ядноўваюць нашы народы…

— Вядома! З гісторыі Кіеўскай Русі варта ўспомніць Уладзіміра Вялікага, Рагнеду Полацкую, і княгіню Вольгу, як расказвае легенда, заснавала Віцебск…

— І Яраслава Мудрага, сына Рагнеды, — аднаго з самых знакамітых князёў, якія сядзелі на Кіеўскім троне… І святую Еўфрасінню Полацкую, мошчы якой доўгія стагоддзі захоўваліся ў пячорах Кіеўска-Пячэрскай лаўры, пакуль не былі перавезены ў Полацк у маі 1910 года. А яшчэ — Кірылу Тураўскага. Бо Тураўская епархія была заснавана ў 1005 годзе, а біскупы епархіі пастаўляліся на кафедру Кіеўскім мітрапалітам. Дарэчы, ёсць дастаткова аргументаваныя версіі пра тое, што менавіта Тураўскі мог быць аўтарам знакамітага «Слова пра паход Ігараў». Акрамя таго: беларускія аматары даўніны ўжо абгрунтоўваюць смелыя гіпотэзы пра тое, што Ілья Мурамскі быў… Ільёй Мірамскім. То бок родам з ваколіц Міру, вядомага сваім замкам, што цяпер у Карэліцкім раёне Гродзеншчыны. І маршрут яго «быліннага» руху ў бок Кіева прапануецца шукаць якраз на беларускай тэрыторыі.

— Ёсць вядомы выраз: гісторыю пішуць пераможцы. А той факт, што нават Вялікае Княства Літоўскае ў савецкі час апынулася зусім «незаўважаным», «нязначным», пра многае сам па сабе гаворыць. І я не выключаю, што ў нашай украінска-беларускай гісторыі далёка не ўсё напісана так, як было на самой справе. Я таксама звярнуў увагу і на вельмі блізкую да нас і вельмі цікавую гісторыю. Успомнілі пра чалавека, якога можна лічыць сімвалам эпохі. Вы памятаеце знакамітую фатаграфію «Сустрэча на Эльбе»? На ёй абдымаюцца амерыканскі лейтэнант Робертсан і савецкі лейтэнант Сільвашка.

Фота БЕЛТА

— Памятаем! І ведаем, што Сільвашка жыў доўгі час у Клецкім раёне Міншчыны, а родавыя карані ў яго — украінскія. Здаецца, да вайны быў ён камсамольскім работнікам…

— Так і ёсць! А вы ведаеце, што Аляксандр Сафронавіч Сільвашка дырэктарам школы быў у вёсцы Морач, асветніцтвам там займаўся?

— Вядома, і Морач на слыху. Бо ў нас за 9 кіламетраў ад Клецка бацькоўскі дом у вёсцы…

— Вось да 75‑годдзя Перамогі мы і ўспомнілі пра гэтага знакамітага чалавека. Падключылі амерыканскую Амбасаду. Знайшлі яго магілу. Усклалі кветкі. Некаторыя палітычныя дзеячы нядаўна зусім называлі Аляксандра Сільвашку «рускім салдатам», але ж гэта несправядліва. Бо ён — украінец: родам з вёскі Кавуноўка Чаркаскай вобласці. А жыў пасля вайны ў Беларусі. Давайце аднаўляць, як кажуць, гістарычную справядлівасць. Такія дэталі для гісторыі — не другарадныя.

Мы ўшанавалі яго памяць. На цырымоніі прысутнічаў намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур, ваенныя аташэ нашых амбасадаў. І з намі была дачка героя, Таццяна Аляксандраўна Герашчанка. Разам усклалі кветкі на магілу. Рэпартажы пра падзею зрабілі цэнтральныя беларускія тэлеканалы.

— З вайсковай і паваеннай гісторыі ёсць яшчэ вельмі цікавыя факты. Кінарэжысёр Сяргей Бандарчук быў украінец, родам з Херсоншчыны, з вёскі Белазерка. Яго знакаміты фільм «Лёс чалавека» глядзелі многія. Але не ўсе ведаюць, што правобразам Андрэя Сакалова, героя аднайменнага апавядання Міхаіла Шолахава, а потым і героя кінастужкі, паслужыў Рыгор Дольнікаў — лётчык, беларус з вёскі Сахараўка Быхаўскага раёна Магілёўшчыны. Дольнікаў у пасляваенны ўжо час стаў Героем Савецкага Саюза, генералам авіяцыі. Як бачым, складана бывае ў савецкай гісторыі знаходзіць такія падрабязнасці. Але трэба. У імя гістарычнай справядлівасці, як вы сказалі.

 Ігар Кізім з украінскімі пісьменнікамі і выдаўцамі на XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, люты 2020 г.

— Павярхоўна мы, на жаль, арыентуемся ў фактах нашай супольнай гісторыі. Вось ехаў я ў вашу краіну, якую, думаў, ведаю — а колькі новага тут для сябе адкрываю! Як цікава, скажам, чытаць Уладзіміра Караткевіча, які вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, працаваў настаўнікам у адным з украінскіх сёлаў! Дарэчы, яго знакаміты нарыс «Зямля пад белымі крыламі» быў напісаны для ўкраінцаў і ўпершыню выдадзены на ўкраінскай мове. Васіля Быкава чытаў: «Альпійскую баладу», «Мёртвым не баліць». І ён з Украінай звязаны — менавіта там заспела яго вайна. Як усё ярка ў яго выпісана! Які склад! Чытаеш — і сам быццам там прысутнічаеш. З тых, хто пісалі пра вайну ён і Віктар Някрасаў у мяне — любімыя пісьменнікі. А возьмеш «Знак бяды» Быкава — гэта ж які велізарны свет у адным творы! Нядаўна перачытаў. Ва Украіне да 90‑годдзя Васіля Быкава выйшлі перавыдадзеныя яго кнігі, у тым ліку з новымі перакладамі на ўкраінскую мову. Летась тыя кнігі былі прэзентаваныя на найбуйнейшай украінскай кніжнай выставе — Кіеўскім кніжным Арсенале. А сёлета, пры падтрымцы Амбасады, сучасныя пераклады Быкава на ўкраінскі, а таксама рарытэтнае, адно з першых выданняў Быкава былі перададзены ў калекцыю Дзяржаўнага Музея гісторыі беларускай літаратуры.

— Мы чулі, што ў Палтаўскім педуніверсітэце была віртуальная прэзентацыя тых выданняў па ініцыятыве выкладчыка з беларускімі родавымі каранямі Глеба Кудрашова.

— Так, было такое. І мы таксама з Глебам супрацоўнічаем. А летась мы адзначалі юбілей Івана Катлярэўскага (1769–1838), аўтара «Энеіды». Пры падтрымцы Амбасады мінулай восенню ў Мінску прайшла лекцыя Глеба Кудрашова пра жыццё і творчасць Катлярэўскага. А вы ведаеце, дзе ён у арміі некаторы час служыў? У Лідзе! Так, у беларускім горадзе!

У Печах пад Барысавам праз многа гадоў пасля службы ў войску

— А яшчэ лёс Яна Баршчэўскага, аўтара кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» звязвае Беларусь і Украіну. Бо ён нарадзіўся ў Беларусі (цяпер вёска Мурагі ў Расонскім раёне Віцебшчыны), жыў і працаваў у Піцеры, а ў апошнія гады жыцця — ва Украіне: памёр у 1851‑м у горадзе Чуднаў, на Валыні. Там і пахаваны. А ў мінулым годзе было знойдзена надмагільная плита з яго магілы… Дарэчы, у Купалаўскім тэатры пастаўлены выдатны спектакль «Шляхціц Завальня…» Паглядзіце!

— Пастараюся, дзякуй. Ды ўсе праявы нашых цесных узаемасувязяў і не прыгадаеш! Кожнаму сваё. Я, як вінароб, скажу: адным адно віно падабаецца, іншым — іншае. Як тут растлумачыць?

— Валянціна: — А як растлумачыць, чаму мой сын Багдан у чатыры гады ўвесь час прасіў, каб яму чытала «Энеіду» на ўкраінскай мове? Сама я ўкраінка, з Харкаўшчыны, з горада Ваўчанска. Па-ўкраінску мы ў Беларусі не размаўлялі. Але ўкраінскія гены, кроў, відаць, у сына моцныя. І мелодыка ўкраінскай мовы, пэўна, яму на душу клалася. І вершы Шаўчэнкі яму таксама чытала. Адзін з маіх любімых — «Лілея»…

— Душэўны верш, тонкі… Я вам пакажу, як прыгожа Катлярэўскага ва Украіне выдалі (паказвае кнігу). А вось гэта пераклады з украінскай мовы трылогіі Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл» на беларускую мову. Першыя дзве кнігі былі прадстаўлены на цэнтральнай пляцоўцы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу сёлета і летась. І мы, спазнаючы культурныя дасягненні адзін аднаго, узаемна ўзбагачаемся. Так было і ў 2018‑м, калі мы правялі вялікія Дні культуры Украіны ў Беларусі (паказвае шыкоўны фотаальбом). Спачатку ў Палацы Рэспублікі з удзелам дзвюх з паловай тысяч людзей. Потым на радзіме Аляксандра Лукашэнкі — у Александрыі. І ў Гомелі завяршылі. Унікальныя былі падзеі! Спадзяюся, атрымаецца сёлета правесці Дні беларускай культуры ва Украіне. Ужо ёсць рашэнне Урада Украіны, і бюджэтныя сродкі на гэты праект выдзелены. На жаль, умяшаўся каранавірус, але планы такія ёсць. І пакуль у нас, дзякуй Богу, усё атрымліваецца. Завяршаючы размову пра нашу агульную гісторыю, хачу сказаць: нам ёсць, што адзін аднаму паказаць, ёсць чым падзяліцца. І традыцыі дружбы мы будзем умацоўваць і прадаўжаць.

— Мабыць, перыяды прыцягнення, збліжэння народаў падпарадкаваныя нейкім прыродным рытмам. Ідуць хвалепадобна. І цяпер якраз той перыяд, калі ў нашых краін ёсць вялікая ўзаемная зацікаўленасць.

— Згодзен. Мы з вамі жылі ў той краіне, якая называлася Савецкі Саюз. Пра жыццё ў іншых рэспубліках бракавала мала інфармацыі. Пра Беларусь мы ведалі мала: Купала, Колас, «Песняры»… Таксама і пра Украіну ў Беларусі няшмат ведали: песні, Шаўчэнка… Мы сілкаваліся савецкай культурай, арыентаванай на пабудову светлай будучыні. А ў дакастрычніцкую так званую гісторыю народаў калі паглыбляліся, то з мэтай паказаць, як цяжка жылі прыгнечаныя людзі да 1917 года.

— Так, гэтак і было. Цяпер ёсць магчымасць, як гавораць, капнуць углыб. Скажыце, а каго з украінскіх паэтаў вы чытаеце?

— Ведаеце, я цяпер пад вялікім уражаннем ад паэзіі Ліны Кастэнка. Мабыць, з узростам яе больш разумееш, успрымаеш глыбіню, душэўнасць яе твораў. Зрэшты, у мяне няма, шчыра прызнаюся, вялікага досведу паглыблення ў паэзію. Усё ў рамках праграмы школьнай, праграмы ВНУ. З творчасцю Лесі Украінкі крыху быў знаёмы. Цяпер пачынаю для сябе адкрываць Івана Франка — як філосафа, публіцыста. Усяму свой час. У школе, у студэнцтве чытаць трэба было больш.

— Валянціна: — Я добра памятаю, як вучылася ў Кіеве, і тады ля помніка Тарасу Шаўчэнку, што насупраць галоўнага «чырвонага» корпуса КДУ, збіраліся студэнты. І там вершы чыталіся. У прыватнасці, Васіля Сіманэнкі, якога не было ні ў школьных, ні ў праграмах ВНУ.

— На жаль, тады рэгламентавалася, што трэба чытаць савецкім людзям. А ў любым такім несанкцыяваным сходзе нязменна былі «людзі ў пінжаках». І рамантыкаў, што называецца, бралі на аловак. Такія гады былі. Гэта наша гісторыя. І дзякуй Богу, што мы выйшлі з гэтага трэка і пайшлі сваёй дарогай. Ва ўсялякім выпадку, Украіна.

— Каго з беларусаў чытаюць ва Украіне? Кажуць, што Уладзіміра Караткевіча, найбольш запатрабаванага ў Беларусі. Ён жа, як вы ведаеце, вучыўся ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце імя Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі. Дарэчы, у аповесці «Лісце каштанаў» Караткевіч пісаў менавіта пра Кіеў. Ці даводзілася вам чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў? Хто з іх найбольш блізкі?

— Ва Украіне ведаюць і Якуба Коласа, і Янку Купалу і Алаізу Пашкевіч. А, мабыць, вы маеце рацыю: Уладзімір Караткевіч, якога мы ўжо згадвалі, найбольш чытаемы з беларусаў. Магчыма, гэта сапраўды звязана з тым, што Уладзімір Караткевіч вельмі любіў Украіну, часта прыязджаў у Кіеў ды іншыя ўкраінскія гарады, сябраваў з многімі выбітнымі ўкраінскімі пісьменнікамі. У 2011 годзе ў цэнтры Кіева быў адкрыты выдатны помнік Уладзіміру Караткевічу.

— Як бы вы пракаментавалі вось гэты верш Паўла Тычыны?

Як не горю — я не живу.

Як не люблю — я не співаю.

Але цього я ще не знаю,

Бо завжди я —

Як полум’я.

Я мертвих всіх палю, палю.

Живих огнем своїм я грію.

І як я вмру — не розумію:

Життя моє —

Одвічнеє.

— Мабыць, гэта трэба разумець так: што не варта жыць як камар, а імкнуцца пакінуць пасля сябе нейкую памяць. Каб справы нашы памяталіся. Калі ты жывеш і не гарыш — якая ў тым карысць? Вось зноў вярнуся да Аляксандра Сільвашкі. Яго жыццё вартае павагі. Хоць і ўзнагарод асаблівых не меў. Але жыццё пражыў шчыра, быў для іншых прыкладам. І дачка яго, дарэчы, гаворыць па-ўкраінску, яна сябе ўкраінкай усведамляе. Так што чалавек памяць пра сябе добрую пакінуў. І нам пра такіх людзей трэба памятаць, не забываць іх. А талент свой рэалізаваць можна ў розных сферах — што каму па душы і па сілах. І ў сям’і можна самарэалізавацца, і на дзяржслужбе, у прафесіі, у творчасці, у дапамозе бліжняму… І зусім не абавязкова быць вядомым. Але тое, што трэба гарэць — гэта дакладна. Мне падчас інтэрв’ю неяк задалі пытанне: што для вас у жыцці самае галоўнае? І я сказаў: рух. А яшчэ — поспех. Бо нішто так не натхняе цябе на далейшы рух, як твае сённяшнія поспехі. Каб дасягнуць поспеху — трэба нешта рабіць. Варушыцца. Рухацца.

— Іван: У Экзюперы мы знайшлі падобнае выслоўе, назіранне: «Жыццё выяўляецца ў дзеянні». Я так назваў нават адзін са сваіх тэкстаў, калі пісаў пра нядаўні парад у Дзень Перамогі ў Мінску.

— Мабыць, разумныя думкі лётаюць у паветры — толькі варта іх улавіць. І сапраўды: трэба рухацца, пакуль мы жывыя. А стаяць на месцы, або чакаць «спадарожнага ветру», асаблівых умоў, каб самарэалізавацца — гэта не мой стыль працы. І не мой стыль жыцця.

— Давайце паспрабуем цяпер, што называецца, ілюстраваць праз лічбы дзейнасць Амбасады Украіны ў Беларусі, каб пацвердзіць эфектыўнасць вашых калектыўных намаганняў на карысць нашых краін.

— Першы важны паказчык, па якім звычайна расцэньваюць эфектыўнасць нашай працы — гэта гандлёвы абарот. Як маркер актыўнасці двухбаковых адносін і для вас, і для нас. За 2019 год агульны таваразварот склаў 5570,7 млн долараў ЗША і ў параўнанні з 2018 годам павялічыўся на 249,6 млн долараў ЗША ці на 4,7 %. За I квартал 2020 года наш таваразварот склаў 1121,4 млн долараў ЗША і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года, на жаль, шмат у чым з‑за ўплыву пандэміі СOVID‑19, паменшыўся на 36,4 млн долараў ЗША ці на 3,1 %. Але пры тым экспарт украінскіх тавараў і паслуг за I квартал 2020 дасягнуў 393,6 млн долараў ЗША, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года на 21,3 млн долараў ЗША ці 5,7 %.

Па вашай статыстыцы ў мінулым годзе таваразварот — больш за 6 млрд долараў, па нашай — крыху менш за шэсць. Гэта вялікае дасягненне для нашых краін, нашых эканомік. Абавязкова ўспомнім, што мы — другія ў спісе найбольш важкіх партнёраў Беларусі на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і што 4–5‑я ў свеце — мы для вас, а вы для нас. Як бачым, у нас адносіны вельмі цесныя і ўзаемадапаўняльныя, узаемавыгадныя. У 2013‑м быў пік: 8 мільярдаў. Але потым —шэраг вядомых падзей, што адбілася на дынаміцы нашых гандлёва-эканамічных адносін. У снежні 2016‑га ўжо быў рост таваразвароту, і пасля, калі я пачаў тут працаваць. С 2017 года рост ёсць пастаянны. З 4‑х да 6‑ці мільярдаў. Добры рост!

— Па сутнасці, у паўтара раза…

Ігар Кізім у Мінску выступае на адкрыцці Дзён культуры Украіны ў Беларусі. Ліпень 2018 г.

— Нават у паўтара-два разы, калі дакладней браць. Бо пачыналі аднаўляцца ад лічбы 3,6.

— А якія лічбы характарызуюць актыўнасць украінскай дыяспары ў Беларусі?

— Безумоўна, украінская дыяспара ў Беларусі ёсць, і яна праводзіць пэўную работу. З іншага боку, я працаваў у розных краінах і ведаю, якога ўзроўню можа дасягаць актыўнасць дыяспары. У Беларусі я часта чую як ад сваіх супляменнікаў, так і ад беларусаў: мы ўсе роўныя, аднолькавыя, брацкія народы… Савецкі менталітэт адбіўся на такім светаўспрыманні.

— Значыць, праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ёсць?

— Так, з украінцамі ў Беларусі — ёсць. Хтосьці станоўча ўспрымае тое, што мы нацыянальную рэвалюцыю правялі. Падкрэслю: не нацыяналістычную, як кажуць нашы праціўнікі, а менавіта нацыянальную! Хтосьці не зусім разумее, у імя чаго гэта было зроблена. А вось у Канадзе ўкраінцы — больш мабілізаваныя, з высокім узроўнем украінскай самасвядомасці. Яны свае карані шануюць, сваёй культурай ганарацца… А тут амаль сто гадоў такое не практыкавалася: тут усіх «перакоўвалі» спачатку ў вялікарускі, а потым у савецкі народ. Як і ва Украіне. У нас нацыянальнае абуджэнне, дзякуй Богу, ідзе ў апошнія 25–30 гадоў. Больш актыўна пасля Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года — тое адбылося, калі Прэзідэнтам быў Віктар Юшчанка, асабліва пасля рэвалюцыі Годнасці 2013–2014 гадоў. Цяпер людзі пачынаюць ганарыцца тым, што яны ўкраінцы… Украінцам становіцца быць модна.

— Валянціна: Ведаеце, у мяне сяброўка жыве ў Кіеве, мы разам на рускамоўным філфаку КДУ вучыліся. Дык вось яна, дачка ваеннага, па-ўкраінску ў тыя гады не гаварыла. У мяне ж добра атрымлівалася, бо «спілкувалася» з этнічнымі ўкраінцамі, жывучы ў студэнцкім інтэрнаце. І вось цяпер яна лічыць сябе патрыёткай сваёй Бацькаўшчыны, цудоўна валодае «рідною моваю»…

Ігар Кізім з сям'ёй у аграгарадку Александрыя падчас свята «Купалле»

— Таму што па-іншаму ты — ніхто, калі губляеш свае карані. Пра гэта і ваш Прэзідэнт гаворыць. Ты можаш быць у любым аб’яднанні, жыць у любой дзяржаве, але дачыненне да свайго народу варта адчуваць. І не толькі для таго, каб спяваць украінскія песні ці чытаць па святах вершы ля помніка Шаўчэнку.

— Ёсць адно такое цікавае выказванне: «Нішто не выпадковае. А калі вы думаеце, што нешта выпадковае, то, мабыць, вы проста не ведаеце ўсіх прыхаваных прычын таго, што адбываецца». І вось у гэтай сувязі як лічыце: чаму менавіта вам выпала місія прадстаўляць цяпер інтарэсы Украіны ў Беларусі? Ці задумваліся вы пра гэта? Можа быць, нейкія далёкія родавыя ніціны, вобразна кажучы, пацягнулі вас у Беларусь?

— Дыпламат, як гавораць, не ўплывае на свой лёс — звычайна за нас выбіраюць, дзе будзем служыць. Я выдатна сябе адчуваў у Лондане, калі быў намеснікам Амбасадара. І меў вялікія планы і перспектывы. Але калі мне патэлефанавалі і сказалі, што Прэзідэнт хоча так — у мяне не было выбару. Але нейкае «відчуття», то бок заставалася адчуванне таго, што не даглядзеў нешта ў Беларусі, калі тут служыў. (Агульны смех). Два гады я быў у лясах, у палях, на палігонах. У брані. А Беларусь і не бачыў. І калі ў мяне спыталі: нешта змянілася ў нас за гэтыя гады? Я сказаў: не! — Што, і Мінск не змяніўся? Кажу: друзі, я ж Мінска не бачыў тады! Камароў в‑о‑ось такіх бачыў у лясах і балоты…

— Як вы ацэньваеце такі фармат супрацоўніцтва — Форумы рэгіёнаў? Ці апраўдаліся чаканні? Як ідзе падрыхтоўка да чарговага форума? Ці ёсць у беларускіх і ўкраінскіх партнёраў да яго інтарэс?

— Важнае пытанне. Упэўнены ў мэтазгоднасці правядзення Форумаў рэгіёнаў менавіта як магутнага драйвера пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарнай сферах. Пазітыўным з’яўляецца прынцып правядзення форумаў менавіта на штогадовай аснове, які пацвердзілі Прэзідэнты Украіны і Беларусі Уладзімір Зяленскі і Аляксандр Лукашэнка ў час іх сустрэчы на Другім форуме ў Жытоміры ў кастрычніку 2019 года.

Ці апраўдаліся чаканні? Давайце разважым: у рамках двух Форумаў рэгіёнаў у Гомелі і Жытоміры ў 2018 ды 2019 гадах было падпісана: 1 міжурадавае, 4 міжведамасныя і 21 міжрэгіянальныя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж украінскімі ды беларускімі абласцямі, а таксама камерцыйныя кантракты на суму больш за 600 млн долараў ЗША.

Менавіта развіццё міжрэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва мы лічым адным з рэзерваў павелічэння нашага двухбаковага таваразвароту. Паводле дадзеных Дзяржстата Украіны, 16 украінскіх абласцей павялічылі аб’ёмы экспарту ў Беларусь у 2019 годзе ў параўнанні з 2018‑м. Павялічыўся імпарт беларускай прадукцыі ў 9 рэгіёнаў Украіны. Як бачым, правядзенне Форумаў рэгіёнаў спрыяе павялічэнню ўкраінска-беларускага гандлю на рэгіянальным узроўні. У кантэксце падрыхтоўкі Трэцяга форуму рэгіёнаў, які запланаваны на кастрычнік у Гродне, хацеў бы адзначыць, што на нядаўнім пасяджэнні ўкраінска-беларускай Рабочай групы па пытаннях міжрэгіянальнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, якое адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі 9 чэрвеня, бакі праінфармавалі аб ходзе падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства, яго асноўных элементах і месцах іх правядзення. Запланаваныя пасяджэнні некалькіх профільных працоўных груп (у тым ліку РГ па павелічэнні ўзаемнай прысутнасці на рынках Украіны і Беларусі сельскагаспадарчай, прадуктовай ды іншай прадукцыі, РГ па супрацоўніцтве ў сферы прамысловасці і вытворчай кааперацыі, Камісія па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій ды шмат іншых), пасяджэнне Кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, выставы прадукцыі прадпрыемстваў і кампаній абедзвюх краін, а таксама Пленарнае пасяджэнне пры ўдзеле Прэзідэнтаў нашых краін.

Мы канстатуем павышаную цікавасць украінскіх рэгіёнаў да ўдзелу ў Форумах, што праяўляецца, напрыклад, у ініцыятыўным выхадзе на беларускія рэгіёны нашых абласных дзяржадміністрацый з прапановамі аб развіцці супрацоўніцтва і падпісанні адпаведных дагавораў (Днепрапятроўская, Херсонская, Кіраваградская, Тэрнопальская і Чарнігаўская ОДА).

Як паказаў мой нядаўні ўдзел у відэаканферэнцыі па пытаннях двухбаковага гандлёвага супрацоўніцтва, бізнесмены як ва Украіне, так і ў Беларусі вельмі зацікаўлены ў развіцці двухбаковага гандлю і супрацоўніцтва. У ходзе відэаканферэнцыі я прапанаваў прадстаўнікам бізнесу абдумаць магчымасць стварэння тут, у Беларусі, сумеснай мадэлі гаспадарання для садзеяння выхаду ўкраінскай прадукцыі на беларускі рынак. Прыемна, што такая ініцыятыва цяпер актыўна абмяркоўваецца ў бізнес-асяроддзі. Спадзяемся, што адбудзецца яе практычная рэалізацыя.

Усё гэта пацвярджае: цікавасць да развіцця міжрэгіянальных і гандлёва-эканамічных сувязяў у нашых краін высокая, і Форумах рэгіёнаў на штогадовай аснове становяцца менавіта магчымасцю і зручнай пляцоўкай для іх пашырэння.

— Як лічыце: што перашкаджае больш дынамічнаму развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі?

— Спачатку неколькі слоў пра інструменты, што спрыяюць паглыбленню ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Гэта змешаная ўкраінска-беларуская Міжурадавая камісія па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якая правяла 27 пасяджэнняў; міжведамасныя рабочыя групы; двухбаковыя пагадненні. Гэта механізмы, якія спрыяюць у пошуку рашэнняў, накіраваных на пашырэнне эканамічных сувязяў. Падчас першага і другога Форумаў мы істотна пашырылі двухбаковую дагаворна-прававую базу міжрэгіянальных адносін. Упэўнены, што паступова ўзрастуць аб’емы гандлю на ўзроўні нашых рэгіёнаў. Сёлета, хутчэй за ўсё, яшчэ да Форуму правядзем 28‑е пасяджэнне міжурадавай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

А цяпер пра тое, што тармозіць працэсы ўзаемадзеяння. Адчувальна стрымліваюць аб’ёмы двухбаковага гандлю ахоўныя меры. Рашэнні адносна ўкраінскіх тавараў, якія прымаюцца Еўразійскай эканамічнай камісіяй, я сказаў бы, істотна ўплываюць на ўкраінска-беларускі таваразварот — у бок яго змяншэння. Ухіленне такіх мер знаходзіцца як у інтарэсах украінскага, так і беларускага бакоў.

Асаблівасці працы для бізнесу на замежных рынках — гэта вядомая, я сказаў бы, не праблема, а складнік, які ўлічваецца пры бізнес-планаванні. Так, на беларускім, як і на любым іншым замежным рынку, для дасягнення поспеху трэба ведаць пэўныя асаблівасці і падыходы. На парадку дня двухбаковых адносінаў не стаіць такое пытанне як бізнес-асяроддзе краіны-партнёра. Але мы пачалі працаваць і ў гэтым напрамку ў партнёрстве з дзелавымі асацыяцыямі, гандлёва-прамысловымі палатамі нашых дзяржаў. На жаль, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай падрыхтаваны да правядзення на 1 красавіка гэтага года Форум дзелавых магчымасцяў «Украіна — Беларусь 2020» давялося перанесці. Адной з мэтаў гэтага Форуму было знаёмства ўкраінскага бізнесу з асаблівасцямі працы на беларускім рынку. Але мы ідзем наперад, рыхтуемся да Трэцяга форуму рэгіёнаў, спадзяемся на добры вынік і эканамічны эфект на гэтым трэку.

— Ці займаецца Амбасада пытаннямі развіцця турызму паміж нашымі краінамі?

— Безумоўна. Цяпер Амбасада надае пэўную ўвагу гэтаму напрамку супрацоўніцтва. У той жа час, пытанні развіцця турызму ва Украіне на дадзены момант курыруе Дэпартамент турызму і курортаў Міністэрства развіцця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Украіны. А ў цэлым варта разумець, што турызм — гэта бізнес, і галоўная задача дзяржавы — ствараць умовы для развіцця любога бізнесу, у тым ліку і турыстычнага. Дзяржава стварае правілы гульні ў бізнесе, і вельмі важна, каб яны былі стабільнымі.

Што тычыцца ролі Амбасады, магу адзначыць нашу падтрымку ўдзелу Украіны ў міжнародных турыстычных выставах, якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі. У мінулыя гады наша краіна была актыўна прадстаўлена на міжнароднай турыстычнай выставе «Адпачынак», якая традыцыйна праходзіць у Мінску ў красавіку. На жаль, сёлета выстава не адбылася ў сувязі з пандэміяй COVID‑19. З кожным годам колькасць украінскіх фірмаў, якія прымаюць удзел у гэтай выставе, павялічвалася. Дарэчы, у нас ёсць традыцыя: усе тураператары, якія прыязджаюць на выставу, збіраюцца ў Амбасадзе, і мы абмяркоўваем планы, даем нейкія рэкамендацыі. Хаця нам здаецца, што ва Украіне беларуская выстава яшчэ мала разрэкламаваная. Мы такую працу вядзем самі. Заклікаем прадстаўнікоў украінскіх турыстычных структур прыязджаць сюды, бо Украіна чакае і любіць беларускіх турыстаў.

— А што са страў беларускай кухні любіце вы? І ці падабаецца самому часам нешта гатаваць? Да прыкладу, Амбасадар Турцыі Мустафа Азджан, як толькі мы ў яго пра гэта спыталі, вельмі ажывіўся, бо ён, аказалася, вялікі аматар гатавання розных страваў… А вы у тэлеперадачы «Кулінарная дыпламатыя» расказвалі пра кручэнікі. Падобна да таго, што гэтая страва вам вельмі падабаецца…

— Яна гатуецца досыць хутка, таму для перадачы яе і абраў. А любімая мая страва — боршч. Яшчэ галубцы і варэнікі. Але ўвогуле мне падабаецца ўсё, што гатуе мая жонка Таццяна. Часам і сам гатую, праўда, рэдка. Але ёсць стравы, якія раблю выключна я. Пра гэта ўжо казаў журналістам: лепшыя яечня і амлет атрымліваюцца толькі ў мужчын! Дамачадцы таксама нахвальваюць мае супы. А беларуская і ўкраінская кухні вельмі падобныя. У вас дранікі, у нас дзеруны… І вы, як і мы, таксама боршчы гатуеце. І галубцы, і варэнікі… Галоўнае, каб у гатаванне душа, добры настрой укладваліся.

— Што, на Вашу думку, самае важнае для зносін паміж людзьмі?

— Для паспяховых зносін у наш век месэнджараў трэба яшчэ глядзець у вочы адзін аднаму…

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы

Фота прадастаўлены Амбасадай Украіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».