Вы тут

Інтэграцыя праходзіць праверку на трываласць


Нядаўняе пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пад старшынствам   Прэзідэнта Беларусі прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі.


Уласна кажучы, кіраўнікі джяржаў-удзельніц ЕАЭС у анлайн-фармаце размаўлялі ўжо ў другі раз. Па ініцыятыве Мінска першая такая сустрэча адбылася яшчэ ў красавіку. Тады пры абмеркаванні тэмы процідзеяння COVID‑19 і рэагавання на эканамічныя наступствы пандэміі Прэзідэнт Беларусі акрэсліў асноўныя прынцыпы, якія прымяняюцца дзеля вырашэння любой праблемы. Гаворка ішла пра тое, што аднабаковыя дзеянні дзяржаў ставяць пад пагрозу гандлёвыя адносіны, кааперацыйныя сувязі, працоўную міграцыю. Адсутнасць каардынацыі намаганняў пагаршае гэтыя негатыўныя фактары. Таму эгаістычныя рашэнні, якія прымаюцца без аглядкі на наступствы як мінімум у дачыненні да бліжэйшых партнёраў, стратэгічна не будуць мець поспеху.

Паскарэнне стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцяў, лакалізацыя на тэрыторыі Саюза крытычна важных галін… Рэцэптаў, як дзейнічаць у падобных сітуацыях, беларускі Прэзідэнт тым красавіцкім днём агучыў адразу некалькі. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі: дзеянні краін-удзельніц ЕАЭС павінны быць пазбаўленыя нацыянальнага эгаізму, а рашэнні — узгоднены з адзіным вектарам скіраванасці.

Адным з найбольш важных пытанняў у ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка пазначыў тады — захаванне транзіту. Кіраўнік дзяржавы даў зразумець сваім калегам:

— Не было выпадку, каб мы забаранілі ўезд грамадзянам вашых краін, ды і наогул любых дзяржаў, пры выкананні ўстаноўленых у Беларусі правілаў. Мяркую, што ў дадзенай сітуацыі трэба дзейнічаць у межах разумнай дастатковасці. Мне здаецца, што нейкі транспартны калідор паміж краінамі павінен захоўвацца не толькі ў Беларусі. А нядрэнна было б вызначыць гэты калідор праз Расію ў Казахстан, Арменію, Кыргызстан і гэтак далей.

На парадку дня былі і адзіныя правілы рэгулявання знешняга гандлю. Адступленні, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, магчымыя толькі ў выключных выпадках. Усе рашэнні павінны быць узгоднены. І перш за ўсё тычыцца гэта задавальнення ўнутраных патрэбаў на тавары з павышаным попытам, а таксама тых, ад якіх залежыць жыццё і бяспека грамадзян. Размова ў першую чаргу пра тавары медыцынскага прызначэння: прэпараты, абсталяванне, сродкі абароны.

Як бачна, пазіцыя Мінска аб узаемадзеянні ў ЕАЭС заўсёды паслядоўная ў сваіх асновах і нязменная. Што, дарэчы, пацвердзіла і майскае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праходзіла пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі.

Пытанняў, якія абмеркавалі лідары «пяцёркі» ўжо ў другой палове мая, таксама было нямала. Але галоўнае з іх — стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года (Стратэгія‑2025). Гэты дакумент — адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і свайго роду паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік краін — удзельніц ЕАЭС.

— Яго падрыхтоўка ішла складана, але ў цэлым нам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі, — адзначаў Прэзідэнт Беларусі.

Сярод удзельнікаў гэтага другога нестандартнага па фармаце пасяджэння з беларускага боку былі намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, кіраўнікі міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, замежных спраў, транспарту і камунікацый, фінансаў, эканомікі, энергетыкі. Акрамя таго, удзел у саміце прыняў Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, які знаходзіўся ў студыі Пасольства ў Маскве.

Падобныя мерапрыемствы звычайна прадугледжваюць абмеркаванне пытанняў у вузкім (удзельнічаюць толькі Прэзідэнты) і пашыраным складзе. Аднак на правах мадэратара Аляксандр Лукашэнка прапанаваў змяніць фармат саміту. Паводле яго слоў, два пытанні з вузкай павесткі — аб Стратэгіі-2025 і аб заяўцы Кубы на атрыманне статусу дзяржавы-назіральніцы пры ЕАЭС — цалкам могуць абмяркоўвацца адкрыта, ніякіх сакрэтаў няма. Калегі такую прапанову падтрымалі, пасля чаго да трансляцыі падключыўся і Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Першапачаткова ён як прадстаўнік дзяржавы-назіральніцы ў ЕАЭС павінен быў прыняць удзел толькі ў пашыранай частцы саміту.

Так, у красавіку Прэзідэнты краін-членаў ЕАЭС, таксама ў фармаце відэаканферэнцыі, разгледзелі найбольш актуальныя пытанні, перш за ўсё, процідзеяння каранавіруснай інфекцыі. Але прыйшла пара абмеркаваць непасрэдна меры эканамічнага характару з улікам зменлівага становішча. І зусім не здарма Прэзідэнт Беларусі закрануў пытанне, якое пакуль у Саюзе не ўрэгулявана. Размова пра цэнаўтварэнне на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, падкрэсліў:

— З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Пры тым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае.

Тэма, сапраўды, надзвычай важная. Варта нагадаць, што Прэзідэнт Беларусі ўжо звяртаў увагу сваіх калег на той факт, што пры рэзкай змене эканамічнай кан’юнктуры цана на газ павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў — пад’ёмным для спажыўцоў. Цяпер тарыфы рэгулююцца нацыянальнымі заканадаўствамі і пастаўкі газу паміж краінамі ЕАЭС ажыццяўляюцца на базе двухбаковых пагадненняў. У той жа час паліва, напрыклад, для Беларусі абыходзіцца практычна ўтрая даражэй, чым для Расіі, з-за чаго беларускім прадпрыемствам значна складаней канкурыраваць на агульным рынку. Між тым, як вядома, метадалогія фарміравання адзінага рынку газу ўжо адлюстравана ў некалькіх дзеючых дакументах Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта меркаванне, дарэчы, падзяляе і Арменія.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца. Працяглыя каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і непрацуючых прадпрыемстваў значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, усё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на найбліжэйшую і аддаленую перспектывы. Адной з найбольш вострых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва харчаваннем.

— Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяемся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб’яднання будзе суадносіць прымаемыя меры па аднаўленні эканамічнага росту з нашымі дамоўленасцямі ў рамках Саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін.

Усяго на парадку дня пасяджэння было дзесяць пытанняў: ад асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на бліжэйшыя два гады да ўнясення змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС у частцы выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры імпарце тавараў на тэрыторыю свабоднай эканамічнай зоны. Што тычыцца Стратэгіі-2025, практычна па ўсіх пытаннях бакі прытрымліваюцца адзінага меркавання. Адкрытай пакуль застаецца толькі газавая тэма. У ходзе пасяджэння Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін агучыў дадатковыя ўмовы па пастаўках газа насуперак раней падпісаных дакументаў. На яго думку, адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сістэмай падаткаабкладання. Пакуль жа цана на газ павінна фарміравацца на ўмовах рынкавай кан’юнктуры. Аднак (што заўважылі пазней назіральнікі) такая пазіцыя ніяк не ўвязваецца з самой ідэяй роўнасці членаў Саюза і ранейшымі дамоўленасцямі паміж краінамі.

У цэлым стратэгічныя кірункі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года лідары краін ЕАЭС адобрылі. Але праект канчаткова не прынялі. Замест кропкі паставілі шматкроп’е. А значыць, дакумент будзе дапрацаваны з улікам шэрагу прапаноў. Бо ён, на погляд Прэзідэнта Беларусі, не мае тэрміновых да рэалізацыі прапаноў. Гэта стратэгія. Таму спяшацца няма куды, за выключэннем пункта па прыродным газе.

Пазіцыя кіраўнікоў дзяржаў-членаў ЕАЭС: было б добра, калі б Стратэгію‑2025 прынялі падчас асабістай сустрэчы, што называецца, гледзячы вочы ў вочы. Калі яна можа адбыцца? У кастрычніку або лістападзе, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

— Я б хацеў прапанаваць, каб сённяшні савет разглядаўся ў якасці экстэрытарыяльнага савета. З улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС я вельмі разлічваю на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў-членаў ЕАЭС у вочным фармаце і прапанаваў бы яе правесці ў Мінску ў той час, калі вы зможаце прыехаць, — адзначыў, звяртаючыся да калег, Аляксандр Лукашэнка. — Мы не збіраліся тут пяць ужо гадоў.

Пярэчанняў не было. Дата будучай сустрэчы і яе фармат будуць вызначаныя пазней.

Дакладна

Нікол Пашынян, Прэм’ер-міністр Арменіі:

— Ва ўмовах глабальных эканамічных выклікаў, перад якімі мы сёння стаім, неабходнасць хутчэйшага фарміравання агульнага рынку газу для Арменіі адчуваецца асабліва востра. Як не раз мною было адзначана, адзіны рынак энергарэсурсаў з недыскрымінацыйнымі прынцыпамі функцыянавання павінен стаць адной з асноў нашай інтэграцыі. Без яго немагчымы якасны прагрэс інтэграцыйных працэсаў. Без яго немагчыма забяспечыць роўныя ўмовы эканамічнай дзейнасці для ўсіх удзельнікаў Саюза. Мы зыходзім з таго, што ў стратэгічных напрамках развіцця эканамічнай інтэграцыі да 2025 года павінен быць зафіксаваны прынцып прымянення адзіных падыходаў да цэна- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу ЕАЭС, у тым ліку адзіных тарыфаў на паслугі, якія аказваюцца суб’ектам натуральнай манаполіі пры транспартоўцы і транзіце газу. Наш Саюз павінен імкнуцца да паэтапнага дасягнення гэтай мэты, што створыць спрыяльную глебу для якасна больш глыбокай эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюза.

Касым Жамарт Такаеў, Прэзідэнт Казахстана:

— Мы плануем прыняць важны стратэгічны дакумент, які вызначыць развіццё Еўразійскага эканамічнага саюза на найбліжэйшую пяцігодку. Па сутнасці, гэта вялікая гістарычная падзея, якая патрабуе дбайнай падрыхтоўкі з усіх бакоў: няхай гэта змест самога дакумента, або арганізацыйна-пратакольнае афармленне, або інфармацыйнае суправаджэнне.

Улічваючы асаблівую важнасць дадзенага дакумента, які закладвае асноўныя контуры інтэграцыі на гады наперад, бачыцца мэтазгодным абмеркаваць яго дадаткова і прыняць у ходзе вочнай сустрэчы. Рана ці позна мы ж убачымся адзін з адным. Важна завяршыць будаўніцтва магутнага падмурка для руху наперад: варта на практыцы забяспечыць рух тавараў без бар’ераў і абмежаванняў, будаваць адзіны рынак паслуг ва ўзгодненых бакамі сектарах, рыхтавацца да агульных энергетычнага і фінансавага рынкаў.

Сааранбай Жээнбекаў, Прэзідэнт Кыргызстана:

— У цяперашніх умовах свабоднае перамяшчэнне тавараў унутры ЕАЭС стала актуальным для забеспячэння харчовай бяспекі. Мы вымушаныя зноў звярнуць увагу на пытанне ліквідацыі бар’ераў на ўнутранай мытнай тэрыторыі Саюза. У нас была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні зялёных калідораў пры пастаўках прадукцыі першай неабходнасці. Нягледзячы на гэта, асобнымі дзяржавамі-членамі Саюза ўзмацняецца кантроль і ўводзяцца абмежаванні на пастаўкі прадуктаў. Існуючы механізм ліквідацыі бар’ераў неэфектыўны з прычыны адсутнасці дастатковых паўнамоцтваў у Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Рашэнні Камісіі аб ліквідацыі бар’ераў некаторымі дзяржавамі-членамі выконваюцца не ў поўнай меры. Прапаную надзяліць Калегію ЕЭК правам звароту ў Суд ЕАЭС па накладанні штрафных санкцый пры неадольванні бар’ераў.

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі:

— Мы жывем у няпростыя часы, звязаныя з пандэміяй: гэта ўсё непасрэдна адбіваецца на нашым узаемадзеянні, на эканоміцы, на прамых кантактах паміж людзьмі, а гэта стварае вядомыя цяжкасці і ў рэалізацыі нашага сумеснага парадку дня. І тым не менш Беларусь, якая старшынствуе цяпер у ЕАЭС, знаходзіць магчымасці актыўна — прычым, я хачу гэта падкрэсліць, — актыўна працягваць нашу сумесную працу. Хацеў бы за гэта падзякаваць Прэзідэнту Беларусі, гэта ўжо другое мерапрыемства, якое вы праводзіце. І Еўразійская эканамічная камісія актыўна працуе з прадстаўніком Беларусі (Міхаілам Мясніковічам. — Аўт.). Мне здаецца, што гэта добры прыклад для пераймання.

Ігар Дадон, Прэзідэнт Малдовы:

— Мы цвёрда маем намер паглыбляць наша ўзаемадзеянне з Еўразійскім эканамічным саюзам і пашыраць парадак супрацоўніцтва. Гаворка ідзе пра ўдзел Малдовы ў шэрагу агульных праграм і праектаў дзяржаў-членаў Саюза. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць для нас праекты супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу, забеспячэння харчовай бяспекі краін ЕАЭС. Высокая цікавасць Рэспублікі Малдова да Еўразійскага эканамічнага саюза звязана перш за ўсё з яго прывабным эканамічным парадкам, з забеспячэннем у ім свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы.

Цікава, на што звяртаюць увагу эксперты па выніках майскага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Калі паглядзець гісторыю развіцця Еўрапейскага саюза, ён пачынаўся з аб’яднання вугалю і сталі, гэта значыць фарміравання агульнага рынку рэсурсаў, неабходных для існавання матэрыяльнага базісу саюза. Таму лагічна, што беларускі бок, Арменія, з большага Кыргызстан настойваюць на тым, што, перш чым рухацца далей, неабходна дамовіцца пра агульныя прынцыпы цэнаўтварэння на энерганосьбіты ды іх транспарціроўку. Але справа ў тым, што ў апошні час моцна ўпалі цэны на тую ж нафту, ёсць праблемы з газавай галіной у Расіі. Гэта значыць рэальна падаюць даходы рэсурсных манаполій РФ, таму інтарэсы паліўна-энергетычнага комплексу пераважаюць над саюзнай логікай, што ўплывае і на палітычныя рашэнні расійскага кіраўніцтва.

Прадстаўнікі экспертнай супольнасці лічаць, што абвешчаная яшчэ ў 2000‑х гадах стратэгія развіцця РФ як энергетычнай звышдзяржавы на паверку апынулася не зусім адэкватнай. Стаўку трэба было рабіць не проста на пастаўкі рэсурсаў за мяжу і атрыманне за гэта валюты, а на развіццё ўласных тэхналогій. Цяпер жа гэтая стратэгія сутыкаецца з ідэалогіяй Еўразійскага саюза, кожны ўдзельнік якога павінен нешта прапанаваць, паступіцца пэўнымі інтарэсамі дзеля атрымання агульнай выгады. Аднак краіны-вытворцы энергарэсурсаў не вельмі хочуць узгадняць свае інтарэсы, паступацца імі ў адносінах да саюзнікаў. У той жа час Расія патрабуе адзінай падатковай, бюджэтнай палітыкі і гэтак далей, хоць гэта — пазнейшыя этапы інтэграцыі.

Варта мець на ўвазе, што пытанні адзінага рынку энерганосьбітаў вельмі адчувальныя для беларускай эканомікі. І Беларусь не выпадкова настойвае на іх хутчэйшым вырашэнні, бо толькі ў такім выпадку можна забяспечыць роўныя ўмовы гаспадарання для ўсіх прадпрыемстваў. А так — з расійскага боку дэкларуецца свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, усё прапісалі, і тут жа выносяцца за дужкі пытанні газу. Гэта двайны падыход, які не раз падвяргаўся крытыцы. У выніку сёння склалася сітуацыя, калі краіны Заходняй Еўропы з пункту гледжання кошту прыроднага газу знаходзяцца ў больш выйгрышным становішчы, чым галоўны саюзнік Расіі. Інакш кажучы, ЕАЭС пакуль не хапае дасканаласці. Абвясцілі інтэграцыю на прынцыпах раўнапраўя, а на справе беларускі бок, напрыклад, упіраецца ў бар’еры для пастаўкі прадукцыі, застаюцца нявырашанымі пытанні па энерганосьбітах. Гэта відавочна шкодзіць іміджу саюза і зніжае давер да яго. Прэзідэнт Беларусі заўсёды адкрыта пра гэта гаворыць. Як і пра тое, што выкарыстоўваць энерганосьбіты ў якасці інструменту для ціску і прымусу да нейкіх палітычных рашэнняў у плане аб’яднання бесперспектыўна. Суверэнітэт Беларусі не мае цаны і не прадаецца.

Менавіта падчас пандэміі каранавіруса ідзе своеасаблівае выпрабаванне на салідарнасць інтэграцыйных утварэнняў. Мы бачым праблемы, якія адчувае Еўрапейскі саюз, праблемы на ўзроўні глабальных эканомік, ЗША ды іх партнёраў. Таму, калі б па такім адчувальным пытанні, як транзіт газу, Расія пайшла насустрач партнёрам, гэта было б рухам у правільным кірунку. Бо газавае пытанне з’яўляецца ключавым для фарміравання бюджэтаў краін ЕАЭС і праверкай на трываласць саюза як структуры.

Уладзімір Веліхаў

Фота БелТА

Дарэчы

Куба выказала жаданне атрымаць статус назіральніка пры Еўразійскім эканамічным саюзе. Цікавасць да супрацоўніцтва з ЕАЭС гэтая краіна праяўляе практычна з моманту стварэння аб’яднання. З 2018 года кубінскі ўрад і наогул узаемадзейнічае, супрацоўнічае з Еўразійскай эканамічнай камісіяй на аснове мемарандума аб узаемаразуменні. Пытанне аб статусе абмяркоўвалася камісіяй ужо двойчы, у парадак дня было ўнесена і на гэты раз. Беларусь, Арменія і Кыргызстан не пярэчаць просьбе, аднак агульны вердыкт наступны: патрэбныя дадатковыя кансультацыі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.