Вы тут

Прэзідэнт: Любыя спробы дыскрэдытаваць пакаленне пераможцаў мы будзем расцэньваць як замах на суверэнітэт


Прэзідэнт сёння прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце майстроў мастацтваў «Магістраль нашага жыцця», прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.


Кіраўнік дзяржавы павіншаваў суайчыннікаў, замежных гасцей і асабліва ветэранаў з Днём Незалежнасці — галоўным дзяржаўным святам, якое стала сімвалам свабоды беларускага народа, што перамог смерць у самай страшнай вайне ў гісторыі чалавецтва.

«Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў»

«Так, да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў. Амаль ва ўсе часы, пачынаючы з глыбокай старажытнасці, гэта быў шлях барацьбы: барацьбы з суровым кліматам — за ўраджай, з захопнікамі — за зямлю, з прыгнятальнікамі — за свабоду, з інтэрвентамі — за веру, культуру і традыцыі. Але Вялікая Айчынная вайна стала вайной за жыццё, за само існаванне нацыі. Вайной за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Гады акупацыі наглядна і жорстка паказалі людзям праўдзівы сэнс такіх паняццяў, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Гэтыя каштоўнасці маглі быць страчаныя назаўсёды, але былі здабыты ў дзень вызвалення нашай сталіцы, горада Мінска», — нагадаў Прэзідэнт.

Ён зазначыў, што з тых часоў змянілася амаль чатыры пакаленні беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі нам будучыню, жыве ў нашых сэрцах. У ёй шмат болю, але яшчэ больш гонару — у ёй усведамленне, што ўсе мы, сучасныя беларусы, з'яўляемся носьбітамі гена пераможцаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: тое, што ў далёкім 45-м беларускі народ абараніў сваю незалежнасць са зброяй у руках, — гэта сур'ёзны аргумент супраць любога ўмяшання ў жыццё краіны. Але сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў, з гонарам пранесці яго і перадаць дзецям.

«Надышоў час абараніць гонар сцяга пераможцаў. Калі мы бачым, што нават нашчадкі народаў, выратаваных 75 гадоў таму ад фашысцкага рабства і генацыду, бураць помнікі савецкім воінам і гераізуюць нацыстаў, мы разумеем, што вайна, на жаль, не скончылася. Яна працягваецца ў культурнай, інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай сферах. У брацкай нам краіне нават перайшла ў гарачую фазу, а праз час ва ўжо былых рэспубліках СССР прывяла да расколу ў грамадстве. Гэты гістарычны вопыт мы ігнараваць не можам. І гэту данасць, якая сёння існуе, мы таксама ігнараваць не можам», — канстатаваў беларускі лідар.

Ён упэўнены: усведамленне вялікасці нашых продкаў — гэта тое, што дае кожнаму новаму пакаленню пачуццё самадастатковасці і гонару за сваё паходжанне, робіць нацыю моцнай і незалежнай. Менавіта гераічныя падзеі мінулага фарміруюць нацыянальную ідэнтычнасць народа і аб'ядноўваюць яго.

«Таму любыя спробы дыскрэдытаваць пакаленне пераможцаў мы будзем расцэньваць як замах на суверэнітэт, носьбітам якога з'яўляецца беларускі народ. І трэба разумець, што нашчадкі і ідэйныя паслядоўнікі тых, хто стаяў па іншую лінію фронту, не пакінуць спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны або аддаць яе забыццю. Але мы не можам, проста не маем права дапусціць гэта. Не маем права ў імя памяці тых, хто аддаў жыццё за свабоду беларускай зямлі, за нашу сённяшнюю сучаснасць і будучыню, будучыню нашых дзяцей и унукаў», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на гістарыяграфію Вялікай Айчыннай вайны, якая налічвае больш за 260 лагераў смерці, больш за 140 карных аперацый на тэрыторыі Беларусі, больш за тры гады нечалавечых пакут беларусаў у акупацыі, у балотах, зямлянках. Гэтая памяць ушанаваная ў больш чым васьмі тысячах мемарыяльных помнікаў, у архіўных кінаплёнках і дакументах. Яна жыве ў народнай ініцыятыве "Беларусь памятае", нагадаў Прэзідэнт.

«І сёння важна не толькі захаваць, але і аддаць галоснасці ўсе архіўныя фонды. Гэта пакет контраргументаў, які дапаможа будучым пакаленням беларусаў захаваць гераічную спадчыну сваёй краіны», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

«Вытокі нашай незалежнасці бяруць пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў»

Звяртаючыся да ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: вось ужо 25 гадоў мы разам адзначаем 3 ліпеня Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень незалежнасці нашай дзяржавы.

«Я перакананы, вы шчаслівыя сёння бачыць, што адноўлены вамі мір мы захоўваем як самую вялікую каштоўнасць у жыцці. І наш святы абавязак — у імя вашага вялікага подзвігу захаваць і перадаць наступным пакаленням мірную, бяспечную і незалежную Беларусь. Негледзячы на розныя перашкоды, магу вас запэўніць: мы яе захаваем, гэтую мірную і незалежную краіну», — падкрэсліў лідар краіны.

Ён адзначыў, што ўспамінаючы герояў вайны, мы заўсёды кажам пра іх мужнасць, гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. І разумеем, што выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны абудзілі ў народа невядомыя раней сілы, але ж і ўзгадавала іх шматвяковая гісторыя несвабоднага жыцця далёкіх продкаў.

«Безумоўна, вытокі нашай незалежнасці бяруць пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў. Яны ў імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на нашай зямлі самага прагрэсіўнага права, у шматлікіх навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў — яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох. Але так адбылося, што амаль тысячу гадоў выразнікамі нашай волі на беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў ХХ стагоддзі на адвечнае пытанне: "А хто там ідзе?" знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ, мудры і цягавіты працаўнік, праўдзівы абаронца і захавальнік Радзімы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па яго меркаванні, народ дэ-факта і быў гаспадаром сваёй зямлі, таму што ў жудасныя часы ўсіх войнаў, якіх было нямала, самааддана паўставаў на абарону Бацькаўшчыны і заўсёды ведаў, хто яе вораг. Нават не маючы палітычнай самастойнасці, стагоддзямі жывучы пад гнётам культурнай, канфесійнай, палітычнай экспансіі, ён здолеў зберагчы сваю этнічную самабытнасць і традыцыі. А гэта і ёсць незалежнасць — тая самая найвялікшая прага да сапраўднай волі, якая жыве ў сэрцы, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Яна і дапамагае чалавеку захаваць сувязь з продкамі, роднай зямлёй, зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, веру і мову. Менавіта сэрцам беларускі народ заўсёды выбіраў гістарычны шлях і тым самым даказаў, што заслугоўвае суверэннага права вяршыць свой лёс. І мы і толькі мы будзем вяршыць гэты лёс на гэтым кавалку зямлі», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Беларусь будзе ісці сваім шляхам, чаго б ёй гэта ні каштавала»

«У гэты святочны дзень мы ўспамінаем савецкую эпоху, якая дала беларусам магчымасць упершыню ў сваёй гісторыі пабудаваць легітымную дзяржаву — рэспубліку з усімі нацыянальнымі атрыбутамі: беларускімі сцягам, гербам і гімнам. Але ў найноўшы час нашаму пакаленню выпаў гонар рэалізаваць абсалютнае права на дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. На шчасце, без крыві і ўзрушэнняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларусы зрабілі гэта, абраўшы шлях пераемнасці палітычных, культурных, сацыяльных традыцый — свой, не навязаны знешнімі сіламі гістарычны шлях, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Шлях, які многім, як вы бачыце ўжо сёння, не падабаецца. Але гэта наш шлях, мы яго выбралі і мы будзем ісці гэтым шляхам, чаго б нам ні каштавала», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на рэспубліканскіх рэферэндумах у 90-х беларускі народ падтрымаў моўную роўнасць і дату Дня Незалежнасці. Зрабіў выбар на карысць моцнай улады, здольнай забяспечыць бяспеку і стабільнасць дзяржаўнага развіцця.

«Дзіўна, але апошнім часам я ўсё часцей чую крытыку гэтай формы дзяржаўнага ўпарадкавання нашай краіны. Я хачу некаторым нагадаць,, а моладзь, якая гэтага не ведае, праінфармаваць, што не я ўзяў і манапалізаваў гэтую ўладу, узваліўшы на свае плечы непасільную ношу. Мы ўяўлялі крывавы абрубак вялікай дзяржавы — Савецкага Саюза… І тады я прапанаваў вам варыянт, некулуарна, не маючы тады яшчэ ніякай улады абсалютна. Усе былі супраць, акрамя простага чалавека, які хацеў жыць, і вы, менавіта вы, на рэферэндуме, падтрымаўшы мяне, узвалілі на мае плечы (яшчэ тады маладога чалавека) гэту ношу», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, таму, што беларусы разам зрабілі за чвэрць стагоддзя, зайздросцяць — таму, што яны памяркоўна і спакойна прайшлі гэты шлях, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Сёння сяму-таму няймецца. Хочацца перавярнуць, хочацца рэформаў. Толькі хачу вас папярэдзіць, што ў выніку гэтых рэформаў хтосьці наб'е кішэні, а вы зноў з каструлямі будзеце хадзіць з вёсак і гарадоў у горад-герой Мінск. Паглядзіце на Амерыку — найбагацейшая краіна. Паглядзіце на Заходнюю Еўропу — ім чаго няймецца? Паглядзіце, што робіцца: 60 мільёнаў беспрацоўных апошнія падзеі і пандэмія спарадзіла ў Злучаных Штатах Амерыкі. Мы не Амерыка, мы не друкуем долары. Мы нават не Расія, у якой вуглевадародаў дзяваць няма куды, золата, металы і іншае. У нас толькі рукі, мазгі, галава на плячах», — прызнаў кіраўнік краіны.

«Беларусь хоча, каб да яе ставіліся па-чалавечы»

Беларуская эканоміка як экспартаарыентаваная залежыць ад сусветнай, купляючы асноўную сыравіну і рэсурсы з-за мяжы. Так жывуць шматлікія малыя і сярэднія дзяржавы — але для гэтага патрэбны мір і ўзаемадзеянне. Для гэтага ўзаемадзеяння Беларусь робіць усё, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння Беларусь на разрыў. З усходу нас баяцца згубіць — і я гэта не хаваю. І я разумею нашых братоў і расіян. Ды мы і бегчы нікуды не збіраемся. Мы проста хочам, каб у нашым агульным доме, дзе мы як браты жылі і жывём, да нас ставіліся па-чалавечы. Вось адзінае патрабаванне — усё астатняе мы самі заробім».

Па словах першай асобы, ідзе «страшэнная канкурэнтная барацьба». І беларусам у гэтай барацьбе трэба выстаяць, прайсці яе прыгожа, не стварыць сабе праблем. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што «да канца года мы выйдзем на той шлях развіцця, па якім ішлі заўсёды».

Прэзідэнт адзначыў, што сёння беларусы самастойна будуюць незалежную на міжнароднай палітычнай арэне краіну. Краіну сучасную, з унікальным спалучэннем заходне- і ўсходнееўрапейскай культур.

«Яны — наша агульная гістарычная спадчына. Тое, што за гады незалежнасці мы здолелі захаваць у грамадстве гармонію розных традыцый і моў, навучыліся прымаць і шанаваць дасягненні розных гістарычных эпох, паважаць канфесійны выбар адзін аднаго, гаворыць аб нацыянальнай і палітычнай сталасці нашага народа. Мы гатовы канчаткова пабудаваць нашу незалежную краіну», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

На яго погляд, гісторыя Беларусі прадвызначыла духоўную блізкасць з брацкімі народамі, знешнеэканамічную і знешнепалітычную шматвектарнасць. Наша краіна з'яўляецца не толькі гістарычным, але і сучасным цэнтрам Еўропы — не толькі геаграфічным. За чвэрць стагоддзя беларусы сфарміраваліся ў культурна і духоўна адзіны, незалежны народ.

«Час ставіць нас перад новым выклікам. Выклікам, які выпрабоўвае на трываласць многія дзяржавы, саюзы, а таксама дружалюбныя і эканамічныя адносіны паміж краінамі. Свет на мяжы змены эпох, якая зноў падзеліць яго гісторыю на да і пасля. І кожны думаючы чалавек задаецца сёння пытаннем: якое месца ў геапалітычнай прасторы ў найбліжэйшай будучыні зойме Беларусь? Не будзе пытання «Хто мы?» — будзе адно пытанне: «Дзе мы, дзе наша месца?» Месца наша тут. І чаго б нам ні каштавала, нам трэба адстаяць гэта месца. Яно належыць ужо не столькі нам, колькі нашым дзецям», — адзначыў Прэзідэнт.

Па яго словах, у свеце ідзе жорсткая барацьба за тэрыторыі, рэсурсы, рынкі збыту, за гістарычную спадчыну і сферы ўплыву. Беларусы ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасці знаходзімся «пад прэсам беспрэцэдэнтнага інфармацыйнага ціску».

«На коне бяспека людзей і суверэнітэт дзяржавы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы павінны годна прайсці гэты перыяд»

Прэзідэнт  папярэдзіў: калі толькі пайсці па навязаных сцэнарах услед за тымі, кім кіруюць «замежныя лялькаводы», перастанем быць беларусамі. Беларусамі, якія ў самыя цяжкія часы выходзілі пераможцамі. Беларусамі, якія заўсёды ставіліся з вялікай павагай да таго, што было зроблена папярэднікамі. Беларусамі, якія заўсёды абапіраліся на спрадвечныя традыцыі ў культурным, навуковым, вытворчым, палітычным і грамадскім жыцці краіны.

«Менавіта гэтая пераемнасць зрабіла нас незалежным народам, самадастатковым і самастойным у выбары свайго лёсу. І сёння, як ніколі, мы павінны моцна трымаць у руках сваё мінулае, сучаснасць і, галоўнае, будучыню», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

 «Мы з вамі пражылі разам чвэрць стагоддзя. Як умелі, будавалі нашу Беларусь, як умелі, гадавалі нашу моладзь», — звярнуўся да ўдзельнікаў сходу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што старэйшае і сярэдняе пакаленне, тыя, хто працуе, жыве, як асноўная маса людзей, правільна ацэньваюць сітуацыю ў краіне.

«Я ўсё больш сустракаюся з людзьмі, якія мысляць, разумнымі, кемлівымі працаўнікамі — усё больш і больш адчуваю нейкі жаль да сябе. Яны пытаюцца мяне ў чымсьці супакоіць. Дык вось я вам скажу галоўнае: я ўжо напрацаваўся, я ўжо наеўся гэтай прэзідэнцкай долі. І я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што я, учапіўшыся, трымаюся за гэта крысла пасінелымі пальцамі. Я найлепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як мог — так і будаваў. Як высветлілася, не горш за іншых. Галоўнае, мы пазбеглі войн, мы жывём у бяспечнай, спакойнай краіне», — падзяліўся беларускі лідар.

Па яго меркаванні, гэтай магчымасці ў любы час сутак выйсці з малым на вуліцу і адчуваць сябе ў бяспецы зайздросцяць жыхары іншых краін: расіяне, украінцы.

«А мы жывём і не разумеем, як гэта нам дасталося. Гэта зрабілі мы з вамі. Вы павінны, як у народзе кажуць, узяць галаву ў рукі, падумаць і вырашыць пытанне. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць. А жыццё на гэтай зямлі павінна працягвацца. Таму адкіньце ўсе эмоцыі — сёння не да эмоцый, сёння іграюць на вашых і маіх эмоцыях, сёння выкарыстоўваюць так званыя новыя тэхналогіі. Мы павінны паказаць, што мы беларусы і добра разбіраемся ва ўсялякіх хітраспляценнях інтэрнэтаўскіх. Мы павінны годна прайсці гэты перыяд, а вы павінны вызначыць, з кім вы далей будзеце жыць і як вы будзеце будаваць сваю суверэнную незалежную краіну для сваіх дзяцей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў, каб гістарычнае значэнне гэтай памятнай даты 3 ліпеня давала кожнаму новаму пакаленню беларусаў веру ў сябе і натхняла на новыя здзяйсненні ў імя роднай Беларусі і міру на зямлі.

Урачысты сход працягнуўся святочным канцэртам, які нагадвае аб магістралі, беларускім шляху, што народ абраў 26 гадоў таму і па якім рухаецца, ствараючы сваю найноўшую гісторыю.

Эпізоды канцэрта адлюстроўваюць асноўныя дасягненні Беларусі пад кіраўніцтвам лідара краіны: «Нашы вытокі» (захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны як аснова фарміравання нацыянальнай самасвядомасці), «Перамога» (памяць аб Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне як падмурак незалежнасці), «Беларусь — эпоха стварэння» (дасягненні навуковага, сацыяльнага і духоўнага жыцця суверэннай Беларусі ХХІ стагоддзі).

Пасля канцэрта яго ўдзельнікі атрымалі кветкі ад кіраўніка дзяржавы.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.