Вы тут

Дарогамі Славы. «Мы былі простыя салдаты...»


«Звязда» працягвае праект «Дарогамi Славы», якi запусцiла сумесна з музеем гiсторыi Узброеных Сiл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якiя нарадзiлiся ў Беларусi або звязалi з ёй свой далейшы лёс.

Заклiкаем вас, паважаныя чытачы: калi сярод вашых родных i блiзкiх хтосьцi або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабiста iх ведаў i захаваў успамiны цi фотаздымкi, то дзялiцеся вашымi гiсторыямi з намi! Наш адрас: вулiца Б. Хмяльнiцкага, 10а, Мiнск, 220013. Адрас электроннай пошты: info@zviazda.by. Нiводны лiст не застанецца без увагi! 

Сёння мы апавядаем пра двух салдат. Яны прайшлi праз усю вайну. Адзiн з iх быў у дзеючым войску з верасня 1941 года, другi колькi часу партызанiў, перш чым яго атрад злучыўся з часцямi Чырвонай Армii. Свае ўзнагароды яны здабылi ў цяжкiх баях, у тым лiку — i на тэрыторыi нашай краiны.


Мiнула болей за трыццаць гадоў з таго часу, як адбылiся мае сустрэчы з легендарнымi землякамi, што падчас вайны як сапраўдныя мужчыны ўзялi ў рукi зброю — спачатку папоўнiлi шэрагi народных мсцiўцаў, потым храбра змагалiся на перадавых рубяжах, гналi акупанта з нашай зямлi. I Уладзiмiра Карнеенку, i Льва Хадановiча можна па праве назваць вызвалiцелямi Бацькаўшчыны. Дзевятнаццацiгадовы юнак Лёва Хадановiч авалодаў уменнем разведчыка-падрыўнiка (ад тых часоў у яго застаўся нагрудны знак «Выдатнiк разведкi»), а Валодзя Карнеенка ў гэткiм самым узросце заслужыў ужо першыя свае ўзнагароды — дзве зоркi салдацкай славы, прычым на тэрыторыi Беларусi — у Быхаўскiм раёне. Нездарма сёння, напярэдаднi свята, iх партрэты ўпрыгожваюць «Звязду» — газету-партызанку i падпольшчыцу. Колькi б нi мiнула часу, я па-ранейшаму з цеплынёю i хваляваннем згадваю тыя непрацяглыя, але душэўныя сустрэчы i размовы.

Дзякуючы жонцы франтавiка Уладзiмiра Карнеенкi — Ульяне Дзмiтрыеўне — мне пашчасцiла ўбачыць i сфатаграфаваць самога поўнага кавалера. Справа ў тым, што ў той час Уладзiмiр Якаўлевiч быў прыкаваны да ложка — вынiк цяжкага iнсульту. Сем гадоў Ульяна даглядала ветэрана — кармiла, вучыла гаварыць, хадзiць, чытала яму газеты i кнiгi. Калi трапiў у iх кватэру — а жылi Карнеенкi ў той час у Магiлёве, — гаспадыня прыгадала мне тое-сёе з франтавой бiяграфii мужа. Сам франтавiк, слухаючы нашу гаворку, увесь час плакаў, iмкнуўся нешта сказаць, магчыма, дапоўнiць — ён усё ўсведамляў i разумеў.

— У Валодзi на вайне быў цяжкi кулямёт — «Максiм», пранёс яго на плячах ад Быхава да Беластока, таму заўсёды казаў: самае цяжкае на вайне — перамяшчэнне, — пераказвала ад iмя мужа Ульяна Дзмiтрыеўна. — У яго было чатыры раненнi, у палон ён не трапляў. Iх вучылi: каб у палон не трапiць, дык гранату пад жывот...

Часта ў мiрныя гады ветэрана даймалi сны пра вайну, пра тое, як немцы iшлi ў контратаку. Карнеенка казаў, што на фронце нiколi не было страху, хоць даводзiлася страляць адкрыта — акоп быў толькi да пояса. Не верыў, што заб'юць, хоць бачыў, як гiнулi iншыя...

А яшчэ Ульяна Дзмiтрыеўна згадала, як яны да вайны разам хадзiлi ў адну вясковую школу: яна — у сёмы клас, ён — у дзявяты. Пажанiлiся ў 1947 годзе, жылi дружна — пелi, танцавалi. Уладзiмiр працаваў сакратаром сельскага Савета i старшынёй калгаса. Для фотаздымка Ульяна пераадзела мужа, пасадзiла на канапу, але ордэны не прышпiлiла, бо iх у ветэрана на той час ужо не было.

— Узнагароды прапалi, калi мы пераязджалi з Крычава ў Магiлёў, — расказала жанчына. — Але пра гэта дзеду мы не кажам, каб не паранiць яго душу.

Зусiм iншая сустрэча адбылася ў Пiнску з Львом Хадановiчам. Ветэрану на той час было ўжо шэсцьдзясят шэсць гадоў, як кажуць, час заслужанага адпачынку. Але ён зусiм не збiраўся адпачываць, па-ранейшаму працаваў на рачным флоце.

— Я вырас на Сожы i з маленства марыў быць мараком, насiць цяльняшку. Толькi пасля вайны, нарэшце, наблiзiўся да сваёй мэты — паступiў у Гомельскi рачны тэхнiкум, — казаў поўны кавалер.

Пра сябе, свае партызанскiя i франтавыя буднi Леў Сяргеевiч не надта iмкнуўся апавядаць — маўляў, ён чалавек даволi вядомы, пра яго многiя газеты шмат пiсалi, i наогул не любiць ён выхваляцца. Адчувалася, што за гэтымi словамi стаiць чалавечая сцiпласць. Нават для гэтага партрэта Леў Сяргеевiч неахвотна накiнуў на сябе святочны пiнжак.

— Мы былi простыя салдаты i не заўсёды ведалi, за што нас узнагароджвалi, — казаў ветэран. — Рабiлi шмат чаго, але камандзiры ўсё ведалi пра нашы подзвiгi i падавалi рапарты.

Сярод беларускiх поўных кавалераў ордэна славы Леў Хадановiч — адзiн з тытулаваных: на яго пiнжаку, акрамя трох зорачак «славы», былi прышпiлены яшчэ чатыры ордэны — два ордэны Чырвонай Зоркi, ордэн Чырвонага Сцяга i ордэн Айчыннай вайны. Убачыўшы маё здзiўленне, ветэран растлумачыў, як адбiралi прэтэндэнтаў на парад Перамогi ў сорак пятым у Маскве: трэба было мець чатыры баявыя ордэны, рост не меней за метр семдзесят, быць без фiзiчных недахопаў i атрымаць станоўчую характарыстыку ад камандзiра.

Мы рушылi ў Пiнскi порт, дзе працаваў ветэран, — ён хацеў паказаць сваю нафтаналiўную баржу, на якой нёс матроскую вахту. Дарогай стары салдат прыгадваў розныя жыццёвыя гiсторыi: «Аднойчы, у шасцiдзясятыя, я ледзь не страцiў свае ордэны, а ўсё таму, што ветэраны былi не ў пашане — франтавiкам перасталi плацiць грошы за баявыя ўзнагароды. У той час у маёй сям'i раслi тры сыны, двое з iх паступiлi, але не было грошай на iх вучобу. Таму i вырашыў абмяняць свае «славы», панёс у скупку. Скупшчык праверыў метал, але параiў не здаваць ордэны, зберагчы на памяць. Вельмi ўдзячны таму мудраму чалавеку!»

Анатоль КЛЯШЧУК


Леў Хадановiч

Герой нашага аповеду меў вельмi пакручасты ваенны шлях. Мяркуйце самi: Льву Хадановiчу яшчэ не было васямнаццацi гадоў, калi немцы акупавалi яго родную Кармяншчыну. Усё, што было за яго плячыма, — скончаныя 9 класаў. Зрэшты, чакаць паўналецця, якое надышло б у канцы лiстапада, юнак не стаў. Ён дадаў сабе крыху гадоў i так трапiў у вераснi 1941-га ў склад 45-га стралковага палка на Бранскi фронт.

...Арлоўска-Бранская аперацыя, якая iшла ў гэты час, мела мэтай скаваць наступ немцаў на тульскiм напрамку, каб не даць iм акружыць Маскву з поўдня. Сямнаццаць дзён Чырвоная Армiя стрымлiвала там акупантаў. За гэты час атрымалася падрыхтаваць абарону рубяжоў каля Тулы i Масквы. На самiм жа Бранскiм фронце абстаноўка была вельмi напружаная. Вермахт здолеў акружыць часцi Чырвонай Армii, але i сам нёс цяжкiя страты.

У лiку тых, хто прарываўся з акружэння позняй восенню 1941-га, быў i Леў Хадановiч. Яму пашанцавала — застаўся жывы. Але выйсцi да сваiх так i не здолелi. Спярша ён разам з некалькiмi баявымi таварышамi арганiзаваў невялiкi партызанскi атрад, якi ў маi 1942-га ўлiўся ў 1-ю Гомельскую партызанскую брыгаду. Леў Хадановiч быў накiраваны ў склад дыверсiйнай групы. Дзякуючы юнаму падрыўнiку пад адхон паляцеў не адзiн нямецкi эшалон.

У канцы 1943 года Леў Хадановiч другi раз за жыццё быў прызваны ў Чырвоную Армiю — яго партызанская брыгада ўз'ядналася з часцямi рэгулярнага войска. Далей лёс юнака быў звязаны з 718-м стралковым палком, якi ўваходзiў у склад 139-й стралковай дывiзii 2-га Беларускага фронту. Вось толькi давялося змянiць квалiфiкацыю — падрыўнiк стаў разведчыкам. 

...У ноч на 23 лiпеня 1944 года памочнiк камандзiра ўзвода сяржант Хадановiч выконваў важнае даручэнне камандавання — знiшчыць двух варожых карэкцiроўшчыкаў агню, якiя заселi на адной з вышынь паблiзу вёскi каля Гродна. Зрабiў ён гэта паспяхова, а назад вярнуўся з каштоўнымi звесткамi пра тое, як размяшчаюцца агнявыя сродкi ворага. Загадам па дывiзii ён быў узнагароджаны за гэта ордэнам Славы III ступенi.

У канцы 1944 года баi перамясцiлiся ўжо на тэрыторыю Польшчы. У ноч на 1 снежня наш герой разам з групай байцоў здзейснiў дзёрзкi рэйд. Яны пераадолелi раку непадалёк ад горада Ломжа i пранiклi ў размяшчэнне працiўнiка. Немцы не паспелi зразумець, што да чаго, як у iх блiндаж адна за другой паляцелi гранаты. На асабiстым лiку старшага сяржанта Хадановiча — знiшчаны станкавы кулямёт i два «языкi». А праз тры тыднi — i ордэн Славы II ступенi.

А неўзабаве Леў Хадановiч стаў i поўным кавалерам ордэна. У адным з баёў у лютым 1945-га, якiя iшлi на подступах да Гдынi, ён паблiзу вёскi Слаўна здолеў захапiць нямецкага афiцэра ў палон. Пры iм былi вельмi каштоўныя дакументы, дзе змяшчалiся ўсе звесткi пра пярэднi край абароны працiўнiка. Дакументы ўжо рыхтавалiся на подпiс камандуючаму 2-га Беларускага фронта Маршалу Савецкага Саюза Канстанцiну Ракасоўскаму, як у скарбонку заслуг Леў Сяргеевiч паклаў яшчэ адзiн учынак, якi нельга было абмiнуць, — у канцы сакавiка 1945 года ён даставiў у савецкае размяшчэнне 35 палонных немцаў.

Старшыну Хадановiча прадстаўлялi i да звання Героя Савецкага Саюза. Але так склалася, што загадам па 49-й армii ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У красавiку 1945-га ўзмоцнены ўзвод разведкi фарсiраваў раку Одэр i ўтрымлiваў невялiкi плацдарм, пакуль не падаспелi савецкiя асноўныя сiлы. Тых, хто здолеў выжыць у той мясарубцы, было няшмат. Сярод iх — i Леў Хадановiч.

...Яшчэ ў школе ў юнака была адна мара — працаваць на флоце. На жаль, праз ваенную вiхуру ён здолеў ажыццявiць яе толькi ў 1947 годзе, калi дэмабiлiзаваўся з войска. Ён паступiў у Гомельскi рачны тэхнiкум. Пасля таго як яго скончыў, быў накiраваны ў Пiнск, дзе i працаваў старшым дыспетчарам Днепра-Бугскага тэхнiчнага ўчастка. Там жа i выйшаў на пенсiю.

Удзельнiк трох Парадаў Перамогi — 1945, 1985 i 1990 гадоў. Памёр у лiпенi 2007-га.


Уладзiмiр Карнеенка

Даваенны жыццёвы шлях Уладзiмiра Карнеенкi мала чым адрознiваўся ад бiяграфii соцень тысяч яго маладых суайчыннiкаў. Нарадзiўся ў сярэдзiне лiпеня 1924 года ў вёсцы Губiншчына Крычаўскага раёна. Да вайны паспеў атрымаць сярэднюю адукацыю i пайшоў працаваць у мясцовы калгас — сялянская сям'я жыла незаможна. Там яго i заспела вайна. На той час узрост Уладзiмiра Карнеенкi быў непрызыўны — яму толькi-толькi споўнiлася сямнаццаць. Але гэта не стала перашкодай для яго, каб пайсцi ў партызанскi атрад. Ваяваў ён там да вызвалення Крычаўшчыны ў канцы 1943 года. Адтуль жа i быў прызваны ў Чырвоную Армiю.

Уладзiмiр Карнеенка трапiў у кулямётную роту, якая ваявала на 1-м Беларускiм фронце ў складзе 1262-га стралковага палка 380-й стралковай дывiзii. I ўжо праз два месяцы 19-гадовы юнак здабыў ордэн Славы III ступенi. 28 лютага 1944 года баi iшлi каля вёскi Янава Быхаўскага раёна. Кулямётчык Карнеенка вёў па немцах прыцэльны агонь, знiшчыў каля дзясятка захопнiкаў.

Моцныя баi на ўсходзе Быхаўшчыны працягвалiся i праз месяц. Немцы жорстка бiлiся за кожны населены пункт, бо савецкiя войскi пагражалi перарэзаць важную артэрыю — чыгунку Магiлёў—Жлобiн. Падчас вызвалення вёскi Краснiца яфрэйтар Карнеенка асабiста знiшчыў 25 немцаў i прымусiў назаўжды замаўчаць ручны кулямёт. Варожая куля зачапiла i яго, але з поля боя ён не сышоў i працягваў страчыць з кулямёта i далей. Камандаванне дывiзii ацанiла мужнасць i адвагу, паўторна ўзнагародзiўшы Уладзiмiра Якаўлевiча Ордэнам Славы III ступенi.

...5 лiпеня 1944 года Мiнск быў ужо вызвалены. Але паблiзу галоўнага беларускага горада немцы яшчэ заставалiся на сваiх пазiцыях. У гэты дзень разам са сваiм аддзяленнем Уладзiмiр Карнеенка ажыццявiў вельмi дзёрзкi рэйд. Разам са сваiм аддзяленнем ён ціхенька пранiк у размяшчэнне ворага i, дачакаўшыся зручнага моманту, пачаў трапна весцi агонь па акупантах, знiшчыўшы iх некалькi дзясяткаў. Дзякуючы панiцы, якая ўзнялася сярод немцаў, вёска Белая Лужа Смалявiцкага раёна была вызвалена з мiнiмальнымi стратамi. А вось малодшаму сяржанту Карнеенку, якi атрымаў за гэтую аперацыю ордэн Славы II ступенi, пашанцавала меней. Ён быў цяжка паранены i паўгода правёў у шпiталi. Пасля вяртання ў родны полк яго яшчэ чакалi баi ў Польшчы i на Далёкiм Усходзе — супраць Японii.

Як жа ён стаў поўным кавалерам? Праз 25 гадоў пасля заканчэння Вялiкай Айчыннай, у 1970-м, Прэзiдыум Вярхоўнага Савета СССР пераўзнагародзiў Уладзiмiра Карнеенку ордэнам Славы I ступенi — за ўзорнае выкананне заданняў камандавання. Тым самым быў адменены загад аб паўторным узнагароджаннi ордэнам Славы I ступенi — бо фактычна старшына Карнеенка быў адзначаны двойчы за адзiн подзвiг. Ордэн яму асабiста ўручыў ваенны камiсар Крычаўскага раёна 9 мая 1971 года — пасля заканчэння баявых дзеянняў Уладзiмiр Якаўлевiч вярнуўся да сябе на радзiму. Потым жыў у Магілёве, дзе і памёр 10 мая 1996 года.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Анатоль КЛЯШЧУК (фота)

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.