Вы тут

Прыступкi подзвігу. Новы аповед на Кургане Славы


Аперацыя «Баграцiён» па сваiм размаху i колькасцi задзейнiчаных войск стала адной з найбуйнейшых у гiсторыi Другой сусветнай вайны. Сiламi 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га i 3-га Беларускiх франтоў быў нанесены знiшчальны ўдар па фашысцкай армii. Даўжыня фронту баявых дзеянняў дасягала 1100 кiламетраў, глыбiня прасоўвання войскаў — 560—600 кiламетраў. Перад пачаткам баёў за вызваленне Беларусi сiлы чатырох франтоў налiчвалi звыш 2,4 мiльёна чалавек баявога складу, больш за 36 тысяч гармат i мiнамётаў, больш за 5 тысяч танкаў i 5,3 тысячы самалётаў. Да таго ж у тыле групы армiй «Цэнтр» дзейнiчала 150 партызанскiх брыгад i 49 асобных атрадаў, удзел якiх у аперацыi меў стратэгiчнае значэнне. За тры днi да пераходу Чырвонай Армii ў наступленне партызаны пачалi трэцi этап «рэйкавай вайны». Толькi за адну ноч 20 чэрвеня 1944 года партызанамi па ўсёй тэрыторыi Беларусi было ўзарвана больш за 40 тысяч рэек, такiм чынам рух нямецкiх войск па чыгунцы быў паралiзаваны.


Гэтая аперацыя лiчыцца адной з найлепшых у ваеннай гiсторыi яшчэ i таму, што падчас яе было выкарыстана многа нестандартных, прынцыпова новых стратэгiчных падыходаў. Былi паспяхова вырашаны пытаннi выбару напрамку ўдару, стварэння групiровак, войскаў, арганiзацыi ўзаемадзеяння памiж злучэннямi, да таго ж падрыхтоўка маштабнага наступлення засталася практычна не заўважаная працiўнiкам.

Подзвiгу воiнаў, якiя вызвалялi Беларусь, прысвечаны адзiн з галоўных беларускiх мемарыяльных комплексаў «Курган Славы», якi знаходзiцца на 21-м кiламетры шашы Мiнск—Масква. Менавiта ў гэтых мясцiнах у лiпенi 1944 года падчас наступальнай аперацыi «Баграцiён» у акружэннi апынулася 105-тысячная армiя працiўнiка. Разгром гэтай групiроўкi ў «Мiнскiм катле», якi завяршыўся 11 лiпеня 1944 года, стаў адным з рашучых крокаў на шляху вызвалення Беларусi.

69 года, на 25-ю гадавiну вызвалення Беларусi. Да яго стварэння мела дачыненне каля мiльёна чалавек — жыхары Мiнска i Мiнскай вобласцi, ветэраны вайны, вайскоўцы, рабочыя, студэнты, школьнiкi прыносiлi сюды жменi зямлi. На вяршыню кургана была дастаўлена зямля з гарадоў-герояў Масквы, Ленiнграда, Кiева, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Брэсцкай крэпасцi-героя i населеных пунктаў, вядомых дзякуючы баявым i працоўным подзвiгам. У падножжы кургана замуравана капсула з наказам нашчадкам.

Свежыя фарбы

Менавiта Курган Славы — адзiн з тых мемарыялаў, якi актыўна «працуе» на патрыятычнае выхаванне. Сёння тут прымаюць прысягу салдаты, ускладаюць кветкi вясельныя пары, каля падножжа Кургана Славы праходзяць выпускныя Акадэмii Мiнiстэрства ўнутраных спраў, сюды прыязджаюць замежныя дэлегацыi. Нi адно буйное маштабнае мерапрыемства, якое праводзiцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусi, не абыходзiцца без наведвання мемарыяла. Гэтая арганiзацыя ўжо доўгiя гады займаецца рэстаўрацыяй Кургана Славы i напаўненнем яго новымi сiмваламi i дэталямi, якiя дазволяць наведвальнiкам больш даведацца пра гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны.

Першыя работы па навядзеннi парадку на мемарыяле адбылiся яшчэ ў 2004 годзе. Федэрацыя прафсаюзаў выступiла за тое, што неабходна развiваць музей баявой тэхнiкi пад адкрытым небам.

«Федэрацыя прафсаюзаў з'яўляецца самай масавай грамадскай арганiзацыяй, якая аб'ядноўвае чатыры мiльёны членаў прафсаюзаў па ўсёй краiне. У нас ва ўсiх структурах ёсць маладзёжныя саветы. Сярод нашых членаў не толькi працоўная моладзь, але i навучэнцы сярэднiх i вышэйшых навучальных устаноў. Таму арганiзацыя ўдзяляе вялiкую ўвагу рабоце з гэтай катэгорыяй у адукацыйнай, культурнай, спартыўнай галiне i, канешне, клапоцiцца пра патрыятычнае выхаванне, — заўважае начальнiк галоўнага ўпраўлення па культуры i грамадскай рабоце апарата Савета ФПБ Арцём Iгнаценка. — Вялiкая колькасць хлопцаў i дзяўчат выходзiць на суботнiкi, бярэ ўдзел у рабоце па добраўпарадкаваннi. Акрамя Кургана Славы, ёсць вялiкая колькасць помнiкаў, мемарыялаў, абелiскаў, месцаў воiнскiх пахаванняў, брацкiх магiл, якiмi апякуюцца прафсаюзы. На цяперашнi момант у нас больш за чатыры тысячы аб'ектаў, за якiмi замацаваны прафсаюзныя арганiзацыi. На пастаяннай аснове яны праводзяць работы па добраўпарадкаваннi: недзе кладуць плiтку, дзесьцi ставяць агароджу, прыбiраюць. Сярод найбуйнейшых аб'ектаў, якiя курыруюць прафсаюзы абласнога i раённага ўзроўняў, — тэрыторыя брацкай магiлы лагера-шпiталя «Рэвiр» (Брэсцкая вобласць), комплекс «Прарыў» (Вiцебская вобласць). На Гродзеншчыне шэфства ўзята над комплексам «Шавулiчы» — вёскай, якая паўтарыла лёс Хатынi».

Федэрацыя прафсаюзаў актыўна ўзаемадзейнiчае з Беларускiм рэспублiканскiм саюзам моладзi, ветэранскай i пiянерскай арганiзацыямi, Мiнiстэрствам адукацыi.

Маштабныя мерапрыемствы па аднаўленнi Кургана Славы пачалiся ў 2015 годзе i былi прымеркаваны да 70-годдзя Вялiкай Перамогi. Дзякуючы намаганням прафсаюза мемарыял значна абнавiў аблiчча. Былi адноўлены ўсе прыступкi (да агляднай пляцоўкi вядуць дзве лесвiцы — у кожнай па 241 прыступцы). Упершыню ў гiсторыi мемарыяла на iм было заменена травяное покрыва. Курган — тое месца, дзе пастаянна свецiць сонца, таму ў спякотнае лета трава выгарала i помнiк выглядаў рудым. Было прынята рашэнне падняць стары дзёран, устанавiць антыкратовую сетку, правесцi сiстэму палiву i пакласцi новую рулонную траву. Як вынiк — сёння дагледжаны курган улетку зелянее, незалежна ад надвор'я.

Таксама ў 2015 годзе была зроблена ўнiкальная падсветка, — мемарыял не прападае ўначы i прыцягвае ўвагу падарожнiкаў. Нават у познi час на прыступках, што вядуць да вяршынi, сёння можна бачыць наведвальнiкаў.

У 2016 годзе з iнiцыятывы Федэрацыi прафсаюзаў быў устаноўлены каскад сонечных батарэй. Энергiя выкарыстоўваецца для начной падсветкi мемарыяла. Дарэчы, такая навiнка — адзiн з пасылаў для сучаснiкаў: дзякуючы подзвiгу нашых прадзедаў мы жывём пад чыстым небам, без дыму i грукату ад снарадаў, i нам можа служыць мiрнае сонца.

Таксама адрэстаўраваны мазаiка, барэльефы.

Колькасць наведванняў Кургана Славы пастаянна расце, таму прафсаюзныя работнiкi ў 2018 годзе прынялi рашэнне аб устаноўцы iнфармацыйных планшэтаў, якiя будуць знаёмiць гасцей з падзеямi, што адбывалiся ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Адзiн са стэндаў паказвае сучасную незалежную Беларусь, яе прыгожыя мясцiны, знакавыя прадпрыемствы, адноўленыя i мадэрнiзаваныя за апошнiя 25 гадоў. Iнфармацыя на планшэтах пададзена на беларускай, рускай i англiйскай мовах.

На 75-годдзе вызвалення Беларусi музей пад адкрытым небам папоўнiўся штурмавiком Iл-2, сабраным з арыгiнальных дэталяў, прычым часткi для яго рэканструкцыi паступалi з розных куткоў былога Саюза. Такiя самалёты адыгралi важную ролю ў вызваленнi Беларусi i наогул у гiсторыi Другой сусветнай вайны — невыпадкова iх празвалi «лятучымi танкамi» i «чорнай смерцю». Гэтая машына па аб'ёме выпуску адна з самых масавых у гiсторыi авiяцыi — за гады вайны было выраблена больш за 36 тысяч. Дарэчы, на ўрачыстым адкрыццi штурмавiка ў экспазiцыi мемарыяла «Курган Славы» прысутнiчаў сын легендарнага лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Леанiда Бяды.

Сёлета побач з легендарнымi танкам Т-34 i самалётам Iл-2 будзе ўсталявана яшчэ адна славутая баявая машына — «Кацюша». Упершыню яна была апрабавана ў баях за Оршу ў лiпенi 1941 года. Плануецца зладзiць святло-шума-дымавое шоу, пiратэхнiка будзе iмiтаваць залп легендарнай машыны. Таксама будзе закладзена памятная зорка i з'явiцца новы стэнд, прысвечаны «Кацюшы».

Планы на будучыню

Паступова Курган Славы ператвараецца ў шыкоўны адукацыйны праект, прычым кожны новы аб'ект — гэта магчымасць расказаць пра розныя старонкi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

На жаль, праз пандэмiю сёлета Федэрацыi прафсаюзаў не ўдалося здзейснiць яшчэ адну цiкавую задумку — вясной планавалася высадка алеi з саджанцаў, прывезеных з гарадоў-герояў. У планах таксама стварэнне iнфармацыйнай вiртуальнай пляцоўкi i сiстэмы QR-кадзiравання, каб наведвальнiкi маглi пры дапамозе сучасных тэхналогiй больш даведацца пра гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны. Вялiся перамовы з мабiльнымi аператарамi, каб на тэрыторыi комплексу быў Wi-Fi — усё ж у замежных гасцей, якiя прыязджаюць на Курган Славы, не заўсёды ёсць мабiльны iнтэрнэт, а ў роўмiнгу ён вельмi дарагi.

Сярод iдэй, якiя разглядаюцца Федэрацыяй прафсаюзаў, — стварэнне 3D-экскурсii, каб карыстальнiкi, што заходзяць на сайт, маглi больш даведацца пра мемарыял.

Магчыма, у будучым тут з'явяцца i аўдыёгiды — ва ўсякiм разе, такое пытанне прапрацоўваецца, бо часта на Курган Славы прыязджае адразу некалькi экскурсiйных груп, таму патокi турыстаў неабходна размяжоўваць i забяспечваць iнфармацыяй.

У добры шлях

У Федэрацыю прафсаюзаў Беларусi паступала шмат зваротаў як ад асобных грамадзян, так i ад цэлых груп (напрыклад, пад адным са зваротаў падпiсалася каля 500 чалавек) з просьбай пусцiць аўтобус, каб людзi, у якiх няма ўласнага аўтамабiля, маглi наведваць Курган Славы. «З гэтай прапановай мы выходзiлi на розныя структуры: Мiнаблвыканкам, Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта, Мiнаблтранс i iншыя, — расказвае Арцём Iгнаценка. — Сумеснымi намаганнямi мы паставiлi там прыпыначны пункт. I ўжо атрымалi паведамленне ад Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта, што туды ў парадку эксперымента з лютага 2020 года арганiзавана выкананне рэйсаў па маршруце № 395В «Мiнск—Смалявiчы» з праходжаннем прыпыначнага пункта «Курган Славы», якi здзяйсняе два абаротныя рэйсы па выхадных днях».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».