Вы тут

Мiнск увайшоў у шэраг гарадоў, дзе ёсць «музычны фантан»


Адкрыццё мультымедыйнага фантана ў парку Янкi Купалы ў Мiнску адбудзецца 3 лiпеня — у Дзень Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь. Фантан пабудаваны непасрэдна на воднай гладзi Свiслачы. Найбольш эфектна воднае шоу будзе выглядаць пасля наступлення цемры.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.

Многiя мiнчане ўжо ацанiлi навiнку — пробныя запускi фантана праходзiлi ў апошнiя днi мая i ў чэрвенi. Але, па словах будаўнiкоў, што манцiравалi збудаванне, цалкам урачыстую праграму адкрыцця аб'екта пакуль не бачыў нiхто.

Яго праектаванне пачалося ў лiстападзе мiнулага года, а ў канцы мая былi завершаны будаўнiча-мантажныя i пусканаладачныя работы. Сёння «фантан з iнжынернымi камунiкацыямi на рацэ Свiслач», як афiцыйна называецца аб'ект, цалкам гатовы да эксплуатацыi, расказаў «Звяздзе» Дзмiтрый Усiк, кiраўнiк праекта Будтрэста № 7, што курыруе пабудову.

Будтрэст № 7, фiлiял СУ 711 — генеральны падрадчык будаўнiцтва фантана. Аўтары праекта — спецыялiсты УП «Мiнскпраект». Субпадраднай арганiзацыяй стала Чэлябiнская кампанiя «IТК-груп», якая мае вялiкi вопыт будаўнiцтва фантанаў.

— Новы аб'ект будзе ўяўляць сабой яркае i разнапланавае воднае шоу — музыка, танцуючыя струменi, лазернае шоу, водны экран. Струменi вады будуць «танцаваць» пад мiкс з васьмi мелодый беларускiх i замежных кампазiтараў, — гаворыць Дзмiтрый Усiк. — Водны экран ствараецца адным з вiдаў фарсунак, устаноўленых у цэнтральнай частцы фантана. Вадзяны пыл утварае досыць шчыльнае «палатно», на якое транслююць малюнак вiдэапраектары.

Усяго ўстаноўлена 128 фарсунак, якiя ўтвараюць каля двухсот струменяў. Максiмальная вышыня, на якую паднiмуцца бруi вады над узроўнем Свiслачы, — 32 метры, а аэрашуты будуць выстрэльваць на вышыню каля 40 метраў: для гэтага прадугледжана 10 спецыяльных насадак. Даўжыня новага фантана — 90 метраў, шырыня канструкцыi ў вузкай частцы — 16 метраў, у цэнтральнай — 20 метраў.

Фантан стане не проста ўпрыгажэннем сталiцы. Ён будзе выконваць i навучальную функцыю, адзначыў суразмоўнiк. На экране будуць транслiравацца вiдэаролiкi, прымеркаваныя да розных дат, а таксама лекцыi. Напрыклад, плануецца трансляцыя лекцыi вядомага музыказнаўца Мiхаiла Казiнiка пра творчасць Баха.

Пры мантажы фантана трубы былi пракладзены непасрэдна па дне, а помпы бяруць ваду са Свiслачы. На ўзровень вады ў рацэ ўстаноўка фантана нiяк не паўплывае, сказаў Дзмiтрый Усiк. Аддаленасць канструкцыi ад набярэжнай з боку парку Янкi Купалы — 40 метраў, ад процiлеглага берага — 80 метраў. Так што кроплi вады не далятаюць да гледачоў нават у ветранае надвор'е, падкрэслiў спецыялiст.

Як будзе працаваць новы фантан

Уключаць фантан будуць з дванаццацi гадзiн дня да дванаццацi гадзiн ночы. Днём — без святла i музыкi, а з дзесяцi гадзiн вечара прадугледжана праграма з лазерным шоу, светлавым i музычным суправаджэннем. З 23.30 святло i лазернае прадстаўленне будуць радаваць гледачоў, а вось музыку плануецца выключаць, каб не перашкаджаць жыхарам навакольных дамоў. Дарэчы, глядзець шоу аднолькава зручна з абодвух берагоў ракi.

На зiму фантан будзе апускацца пад ваду на глыбiню 2,5 метра, а вясной — зноў падымацца на праектную адзнаку. Па тэхнiчных характарыстыках, эксплуатаваць яго можна пры тэмпературы ад + 5 градусаў.

Зараз расiяне праводзяць навучанне спецыялiстаў УП «Мiнскзелянбуд» — гэта прадпрыемства стане эксплуатуючай арганiзацыяй, адказнай за новы аб'ект. Зрэшты, «разумны фантан» патрабуе мiнiмальнага абслугоўвання, адзначыў кiраўнiк праекта.

— Фантан размешчаны паблiзу ад забудовы сярэдзiны мiнулага стагоддзя. Цi будзе iнавацыйны аб'ект спалучацца з гiстарычнай часткай горада?

— На мой погляд, нiякага дысанансу не будзе. Наадварот, новы фантан прыцягне ў парк людзей i стане славутасцю Мiнска. Работа над гэтым аб'ектам была цiкавая. А вынiк — на мой погляд, вельмi натхняльны. Фантан не саступае замежным аналагам па прыгажосцi шоу i тэхнiчнай аснашчанасцi. Думаю, гораду патрэбны такi аб'ект.

Дзе яшчэ ёсць «музычныя фантаны»

«Святломузычныя фантаны» ўпрыгожваюць гарады ў розных краiнах. Самыя вядомыя з iх — сапраўдныя шэдэўры воднай iнжынерыi, а iх наведванне — абавязковы пункт турыстычнай праграмы.

У Празе гэта фантаны Кржыжыкавы, названыя ў гонар аўтара, Францiшака Кржыжыка. Канструкцыя ўключае ў сябе тры тысячы струменяў вады, якiя ў святле пражэктараў грацыёзна танцуюць пад музыку Моцарта. Карцiну дапаўняюць выступленнi артыстаў балета.

Грандыёзны святломузычны фантан размешчаны ў Лас-Вегасе, на штучным возеры. Струменi вады, якiя ён выкiдвае ўверх, падымаюцца на 80 метраў. Музычнае суправаджэнне шоу — Фрэнк Сiнатра, Лучана Павароцi i класiчныя брадвейскiя хiты. Будаўнiцтва гэтага фантана абышлося ў 40 млн долараў.

«Магiчны фантан» у Барселоне пабудаваны ў 1929 годзе. На той момант ён быў самы грандыёзны на планеце. Воднае шоу суправаджаецца музыкай Чайкоўскага, Баха, урыўкамi з оперы «Кармэн». Раней фантанам кiравалi ўручную, сёння — пры дапамозе камп'ютарнай праграмы.

А самым «крутым» на сённяшнi дзень называюць мультымедыйны фантан у Дубаi, на возеры побач з хмарачосам Бурдж-Халiфа. Гiгант быў адкрыты ў 2009 годзе. Вышыня бруй дасягае 150 м, а даўжыня пабудовы — 275 м. Патокi вады падсвятляюць 25 каляровых пражэктараў i 6600 лямпаў. Фантан каштаваў больш за 200 млн долараў.

Танцуючыя фантаны ў Батумi — адна з вiзiтных картак Грузii. Адзiн размешчаны перад Домам юстыцыi на Ардаганскiм возеры, другi — на Батумскiм бульвары, каля Палаца шлюбаў.

Сочынскiя «Спяваючыя фантаны» на Курортным праспекце былi пабудаваны ў 1970 годзе, а ў 2009-м — рэстаўрыраваныя. У Маскве, на тэрыторыi палацава-паркавага ансамбля Царыцына, святломузычны фантан адкрыты ў 2007 годзе. Пад музыку Чайкоўскага ў паветра ўзлятае 915 струменяў, што ўзнiмаюцца на вышыню да 15 метраў. Iх «размалёўваюць» 2583 падводныя крынiцы святла.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?