Вы тут

Пад небам Беларусi. Чацвёртае выданне здымкаў фотакарэспандэнта «Звязды» нядаўна паступіла ў продаж


Апытанняў на гэтую тэму не рабiў, напэўна, нiхто, ды i навошта, калi без iх зразумела, што абсалютная большасць размоў па мабiльных тэлефонах пачынаецца з кароткiх: «Як жывы-здаровы?» i «Ты цяпер дзе?»

Пытаннi як пытаннi, а вось адказы...

Самы нечаканы (ва ўсякiм разе, для мяне) быў (шэптам): «На дрэве...» I гучаў ён не з вуснаў нейкага вiсуса-падшыванца, аматара чужых яблыкаў, а дарослага, досыць мажнога дзядзькi, калегi, фотакарэспандэнта найстарэйшай беларускай газеты.


Што яго, шаноўнага Анатоля Клешчука, «загнала» на тое ж дрэва (як варыянты — у шахту, у радзiльню, турму, кар'ер, на вежавы кран, на печ у вясковай хаце, на ферму, да храма, крынiцы, буслянкi i г. д.), тлумачыць, вiдаць, не трэба: неадольная цiкавасць i ўлюбёнасць у жыццё, у свой край, у некалi даўно абраную прафесiю.

Ёй шаноўны спадар Анатоль аддаў без малога чатыры дзесяцiгоддзi, за якiя стаў аўтарам больш чым 30 персанальных выставак (у тым лiку ў Аўстрыi, Германii, Злучаных Штатах, Кiтаi, Японii, у Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i Еўрапарламенце...), аўтарам i суаўтарам фотаальбомаў «Пад небам Беларусi», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускiх абрадаў»... Апроч таго, ён здымаў праведнiкаў народаў свету, кавалераў ордэнаў Салдацкай славы (сёлета «Звязда» вярнулася да гэтага праекта), помнiкi архiтэктуры, крынiцы, нацыянальныя строi, музыкаў, пiсьменнiкаў... «Жывая зямля», «Абрысы Айчыны», «Вытокi малой Радзiмы», «Пракаветнае» — гэта яго спецыяльныя праекты.

Зрэшты, пра ўсё, на што спадар Анатоль паглядзеў праз «вочка» фотааб'ектыва, тут жа зафiксаваў i перадаў потым iншым, нават праз коску напiсаць немагчыма. I гэта за шчасце, што хоць драбнiца найлепшых каляровых здымкаў можа разысцiся па свеце ў выглядзе асобных фотаальбомаў, адзiн з якiх — «Пад небам Беларусi» — вытрымаў ужо тры выданнi. Не так даўно ў продаж паступiла чацвёртае.

— Усе здымкi ў iм — новыя, — зазначыў аўтар.

— I проста фантастычныя! — прызналi першыя чытачы-гледачы, часам не верачы, што гэта нашы, беларускiя зiмы i вёсны, што гэта ў нас такая казачна прыгожая зямля i такое незвычайнае неба, такiя мiлыя звяры i птушкi…

Дзеля таго каб зняць iх (вось так!), згадзiцеся, варта пасядзець — i не толькi на дрэве.

Валянцiна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.