Вы тут

«Прыпяць, дай пяць! 4.0»: акцыя-сплаў у абарону Палесся запускаецца ў новым фармаце


1 ліпеня стартуе штогадовая акцыя «Прыпяць, дай пяць!»: грамадскія арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і «Багна» прапануюць адправіцца ў водны паход па Прыпяці і яе прытоках, каб падкрэсліць іх значнасць для прыроды Палесся ў незарэгуліраванным, некранутым выглядзе.


Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да праблемы будаўніцтва воднага шляху Е40. Звычайна ўдзельнікі ладзілі цэнтралізаваныя сплавы, але ў сувязі з пандэміяй у мерапрыемства новы фармат: сплавы ў адзіночку ці невялікімі групамі. Арганізатары запускаюць карту з унікальнымі маршрутамі і заданнямі. Яе можна дапоўніць сваімі фатаграфіямі і тэкстамі. Аб актуальнасці акцыі і місіі удзельнікаў распавядаюць аўтары ідэі.

Канстанцін Чыкалёў, каардынатар акцыі ад «Багны»:

— Мы праводзім гэтую акцыю разам з мясцовымі жыхарамі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія падзяляюць нашу пазіцыю, ужо чацвёрты год. Да яе далучаюцца людзі і з іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даўно марылі наведаць палескія рэкі і ведаюць аб экалагічных пагрозах для тутэйшай прыроды. Усіх нас аб’ядноўвае жаданне абараніць Палессе і выказаць свой пратэст у сувязі з планаваным будаўніцтвам воднага шляху Е40. Рэалізацыя праекта закране адны з самых каштоўных прыродных тэрыторый Беларусі: нацыянальны парк «Прыпяцкі», Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 11 рэспубліканскіх заказнікаў і 6 мясцовых, 12 з якіх маюць міжнароднае значэнне. Палессе валодае глабальнай прыроднай каштоўнасцю. Нам бы хацелася, каб турысты пра яго даведаліся і ставіліся да гэтага рэгіёну з такім жа трапятаннем і павагай, як да Нотр-Даму.

Як даследаваць Прыпяць самастойна?

Абярыце маршрут з упадабанымі заданнямі на інтэрактыўнай карце і выкладзеце фота, відэа сплаву ў Instagram, Facebook, VKontakte з хэштэгам #savepolesia. Усё, вы ў справе: вашы дарожныя нататкі стануць часткай кампаніі.

На карту нанесеныя 10 маршрутаў па самых маляўнічых участках Прыпяці і яе прытоках. Яны падзелены па складанасці і працягласці: нешта па душы знойдуць і пачаткоўцы і дасведчаныя.

Калі вы ніколі раней не сплаўляліся, то падключайцеся да Telegram-каналу, дзе можна задаваць пытанні і атрымаць інструктаж ад вопытных байдарачнікаў.

Сяргей Зуёнак, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:

— Рыхтуючы маршруты, мы хацелі даць людзям магчымасць убачыць векавыя дубровы па берагах Случы, легендарнае Тураўскае баланье і заліўныя лугі з нізіннымі балотамі ў пойме Ясельды. На карце таксама ёсць заданні. Яны вар’іруюцца ад простых, як «сабраць смецце ўздоўж берагу», і забаўляльных, у стылі «зрабіць сэлфі на фоне гарлачыкаў», да больш складаных і важных: «адзначыць пункту сустрэч з рэдкімі птушкамі і „чырванакніжнымі“ раслінамі» або «замерыць узровень вады на пэўным участку ракі».

Удзельнікі сплаваў змогуць да канца жніўня скарыстацца зніжкай на арэнду байдарак і начлег у сядзібах Палесся ад партнёраў акцыі, кантакты якіх можна знайсці на карце. Тых, хто не зможа далучыцца афлайн, АПБ і «Багна» запрашаюць разам палюбавацца заходам над Прыпяццю і пасядзець каля вогнішча з дапамогай анлайн-трансляцыі. Усе мерапрыемствы будуць анансавацца па хэштэгу #savepolesia.

Па завяршэнні акцыі 31 жніўня карта з маршрутамі і нанесенымі ўспамінамі застанецца ў вольным доступе. Яе ўжо можна даследаваць па спасылцы.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Віктара МАЛЫШЧЫЦА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.