Вы тут

Карані і сучаснасць: у сталіцы фінішаваў «Млын моды-2020»


Сёння адбыўся фінал 29-га па ліку рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Млын моды» — упершыню ў рэжыме анлайн. Прамую трансляцыю фэшн-форуму вяла лічбавая платформа VOKA, дзякуючы чаму (прынамсі, у ідэале) убачыць беларускую моду сённяшняга і заўтрашняга дня маглі ахвотныя з усяго свету.


«Ніхто так не любіць беларускую моду, як любяць яны», — вітаюць удзельнікаў вядучыя Вольга Рыжыкава і Тэо. І з імі цяжка не пагадзіцца: ці многія ў цяперашні эпідэміялагічна напружаны час пасярод будняга дня выправяцца ў сталіцу, каб амаль чатыры гадзіны без перапынку адкрываць для сябе новыя імёны айчынных дызайнераў, фатографаў і мадэляў, спрабаваць адчуць трэнды і наватарскія знаходкі і, нарэшце, дачакацца, каго журы назаве лепшымі? Зрэшты, гэта толькі з першага позірку падаецца, што канкурсантаў няшмат: у залу Prime Hall пастаянна сцякаюцца людзі, і вось ужо кожная сцяна і канапа — фотазона, а за кулісамі ў час ставіць рэгуліроўшчыка модных плыняў. Спецыяльныя госці фестывалю, удзельнікі віртуальнага сёлетняга «Еўрабачання» гурт VAL жартуюць, што нават іх папрасілі «праспяваць модна пра „Да відна“». А ў зале заўважаем, мабыць, самую юную глядачку модных паказаў — малой ад сілы паўгода, і яна, відаць, дачка кагосьці з канкурсантаў, а таму здзіўленымі шырока расплюшчанымі вачыма глядзіць на дэфіле.

Па выніках адборачных тураў у фінал конкурсу, як загадзя паведамілі арганізатары — Мінадукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — прайшлі 45 калекцый маладых дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а на прызы і дыпломы лаўрэатаў прэтэндавалі 54 дызайнеры і 11 фатографаў (выстаўку іхніх работ можна паглядзець непасрэдна ў НЦМТДіМ на Кірава, 16). За творчым спаборніцтвам па традыцыі сочаць і прыглядаюцца да патэнцыйных удзельнікаў сваіх фэшн-праектаў замежныя партнёры «Млыну моды» з Расі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Сербіі, Даніі, Германіі, Францыі, Італіі, Швецыі, Кітая і іншых краін. А пераможцаў і прызёраў сярод дызайнераў, фатографаў, мадэляў, стылістаў, цырульнікаў, візажыстаў і іншых удзельнікаў моднай індустрыі вызначаюць па намінацыях: «Школа моды», «Майстар моды», «Фота», «Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу», «Топ-мадэль фестывалю-конкурсу», «Міс-мадэль Беларусі», «Містэр-мадэль Беларусі б.

Мінск, Гродна, Брэст, Пінск, Гомель, Мазыр, Віцебск, Буда-Кашалёва, Барысаў, Светлагорск, Баранавічы, Магілёў, Наваполацк, Кіраўск, Валожын, Рагачоў, Бабруйск — геаграфія ўдзельнікаў шырокая, конкурсны вопыт таксама розны, у кагосьці сёння дэбют, а хтосьці на «Млыне моду», лічы, заўсёднік. На пытанне, што наогул разумець пад сучаснай модай, кожны з дызайнераў мае свой адказ, а таму сярод прадстаўленых капсульных калекцый — трыкатаж і лён, воўна і бавоўна, акрыл і віскоза, скура і футра, ручная вышыўка і вязаныя сурвэткі, рознакаляровыя шкарпэткі, мяккія цацкі і шматлікія стыльныя аксесуары, ад сумкі ў выглядзе трэфовай масці да ўсё яшчэ актуальных дызайнерскіх масак.

Частку прадстаўленага адзення, здаецца, можна хоць заўтра запускаць у вытворчасць — нездарма ў кулуарах нават мадэлі жыва абмяркоўваюць: «Я б такое не тое што купіла, а проста зараз выйшла і гуляла па вуліцы». Але шмат і канцэптуальных калекцый, цалкам не насібельных — нікім, нідзе, ніколі. Аднак, як заўважыла член журы «Млыну моды», кіраўнік дызайн-цэнтра ААТ «Камволь», дызайнер і модны эксперт Эльвіра Жвікава, нельга ставіць модзе ацэнкі выключна з пункту гледжання ўтылітарнасці, бо фестываль-конкурс скіраваны на самавыяўленне і падтрымку творчай моладзі. Дапоўнім, сярод іншых мэтаў, прапісаных у палажэнні конкурсу — павышэнне прафесіяналізму ў свеце моды, дызайну і вытворчасці адзення, фатаграфіі, тэкстылю і паслуг, неабходных для прадуктыўнай працы беларускай эканомікі, а таксама фарміраванне грамадзянскіх і патрыятычных кампетэнцый асобы ў моладзі, захаванне нацыянальных традыцый, пашырэнне міжнародных сувязяў.

…Адны выношваюць свае задумкі гадамі, выпраўляючы і ўдасканальваючы іх, і ўсё адно застаюцца незадаволенымі, а другім муза нашэптвае на вуха ідэю літаральна за 12 хвілін. Прынамсі, так расказвае пра сваю калекцыю «Гібель багоў» прадстаўнік Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Плятнёў:

— Чым натхніўся? Пасля маёй паездкі ў Піцер, калі хадзіў па Эрмітажы, я так натхніўся ўбачанымі жывапіснымі палотнамі, што за 12 хвілін проста ў Чырвоным пакоі музея намаляваў усю калекцыю. За два тыдні мы яе адшылі, а сёння ўжо бачылі вынік. Ім я, у прынцыпе, задаволены — хлопцы перадалі тое, што я прасіў.

— І што прасілі?

— Быць максімальна брутальнымІ, не ўсміхацца, каб перадаць адпаведны настрой.

На наш погляд, у мадэляў гэта атрымалася, не заміналі нават штаны-арлекіны, куртка на адну толькі ніжнюю бялізну і дзіўныя аксесуары — мачо застаецца мачо, нават калі нясе пакет з багетамі або тэатральныя маскі дэль артэ. Зрэшты, дызайнер перакананы, што калі разабраць калекцыю на асобныя элементы, іх цалкам можна насіць хоць на вучобу, хоць на працу, хоць на тыя ж модныя мерапрыемствы і тусоўкі, калі яны, нарэшце, выйдуць з віртуальнасці у офлайн.

А вось вучні Вольгі Якімчык з Баранавіцкага каледжы лёгкай прамысловасці ў сваіх калекцыях, пры ўсёй рознасці кірункаў — «Wild West», «Покліч пустыні», «Street Shamans» — расказвалі пра аднолькавы для маладых людзей вольны дух, пошук саміх сябе і свайго шляху ў жыцці.

— Street Shamans — канцэптуальная калекцыя, вы наўрад ці сустрэнеце людзей у падобным адзенні ў Баранавічах ці ў Мінску, — усміхаецца Вольга. — Але для мяне як кіраўніка важна навучыць дзяцей быць сабой, мець унутраную свабоду паказваць у сваіх калекцыях тое, што яны насамрэч адчуваюць. А дзве другія калекцыі можна лёгка адаптаваць для маладзёжнага вулічнага стылю.

Касмічныя матывы і маляваныя дываны самадзейнай мастачкі Алены Кіш, нядзельны паход у заапарк і мультфільмы, іспанскія тарэадоры і беларускі супрэматызм, птушкі і шматпавярховыя дамы, каралы, недалёкая будучыня, постапакаліпсіс, папяровыя жураўлікі, матрошкі, рацыянальнае спажыванне і другасныя рэсурсы — з якіх толькі крыніц ні чэрпалі натхненне сёлетнія канкурсанты. Абсалютная большасць з іх, дарэчы, выкарыстоўвала ў калекцыях айчынныя матэрыялы.

«Дзякуючы вашаму таленту, вашаму імкненню ісці наперад гэты конкурс стаў ужо брэндам Рэспублікі Беларусь, — адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання прызёраў і пераможцаў «Млыну моды» начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Мінадукацыі Беларусі Эдуард Тамільчык. — Дзякуй за тое, што вы ёсць, і віншую вас са святам беларускай моды!». Старшыня канцэрну «Беллегпрам» Таццяна Лунгіна падзялілася ўражаннямі: «Хочацца быць спакойным за тое, што мода ў нашай краіне будзе стыльнай, бо ёсць новыя думкі, новыя ідэі, крэатыўныя людзі», — і асобна ўхваліла моцныя мужчынскія калекцыі, пажартаваўшы, што хутка мужчыны на вуліцах будуць больш стыльнымі, чым жанчыны. Нягледзячы на пафас прамоў, сутнасць іх цяжка аспрэчыць. «Млын моды-2020» у чарговы раз паказаў і пацвердзіў, што мода, стыль, крэатыў у Беларусі ёсць, і ўсё з імі як мае быць. Застаецца толькі спадзявацца, што рана ці позна колькасць таленавітых маладых дызайнераў утворыць асноўную масу дызайнераў на прадпрыемствах, свежыя ідэі дадуць мноства цікавых калабарацый з буйнымі вытворцамі «Беллегпраму», а для нас, канцавых спажыўцоў моды, нават не будзе стаяць пытанне, ці купляць і насіць беларускае…

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ


Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.