Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Вера ў бога, любоў да людзей — вось i ўвесь сакрэт даўгалецця»

...У свеце многа вёсак, пра якiя людзi нават не чулi. Але ж часам менавiта ў iх нараджаюцца i жывуць сапраўдныя героi. Мне з такiм пашчасцiла пазнаёмiцца.

Iван Iг­на­та­вiч Ко­мар — чацвёрты зле­ва, брат Мак­сiм — першы зле­ва, 2014 год.

Упершыню Iвана Iгнатавiча Камара я ўбачыла ў 2014 годзе, калi ён, ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, на святкаваннi дня Перамогi павязваў пiянерскiя гальштукi, у тым лiку i майму брату. А праз некалькi гадоў — ужо мне.

Мы, валанцёры, не раз наведвалi Iвана Iгнатавiча дома, i я бачыла, што чалавек гэты моцны духам i ў той жа час вельмi добры. Ён заўсёды з радасцю сустракаў гасцей, з задавальненнем расказваў пра сваё жыццё, паказваў школьныя сшыткi i розныя фотаздымкi, здзiўляў нас валоданнем камп'ютарам i тым, што побач з Iванам Iгнатавiчам, мусiць, любы з нас адчуваў сябе досыць значным чалавекам, бо ветэран казаў, што кожнае дзiця — каштоўнасць свету. Не верыць яму нам не выпадала, хоць бы таму, што нарадзiўся Iван Iгнатавiч сто гадоў таму 1 лiпеня.

Сям'я ў яго была самая звычайная, як i большасць iншых. Спачатку хлопчык скончыў толькi чатыры класы сельскай школы i пайшоў вучыцца на краўца ў суседнюю вёску Ракевiчы. Магчымасць вярнуцца ў школу, праўда, ужо ў польскую, у яго з'явiлася пазней. У ветэрана з часоў той вучобы захавалiся фотаздымкi, а таксама яго сшыткi i дзённiк. У iх — адны пяцёркi (найвышэйшыя тады адзнакi!). А якi цудоўны почырк!

...Да пачатку вайны Iван Iгнатавiч паспеў папрацаваць краўцом. Казаў, што яго першай спробай былi мужчынскiя порткi. Больш складаныя рэчы, нават жаночыя сукенкi, кравец навучыўся прыдумваць i шыць пазней. Аднак кар'еру ў гэтай справе зрабiць не паспеў. Грымнула вайна, i ён стаў маладым радавым, якi ваяваў на ўкраiнскай зямлi,потым — на венгерскай. У 1945-м Iвана Iгнатавiча паранiла, асколак трапiў у калена, i пранасiў яго ветэран аж да 2009 года. «Бог ахоўваў мяне!» — кажа ён.

...Сваю будучую жонку Iван Iгнатавiч сустрэў пасля вайны, у любовi i вернасцi пражыў з ёй амаль паўстагоддзя. Потым Вольга памерла. Дзяцей, на жаль, не было, а вось спраў ды клопатаў — ва ўсе поры года i хоць адбаўляй: агарод, гаспадарка, шыццё... Iван Iгнатавiч заўсёды чым мог дапамагаў аднавяскоўцам, меў любiмыя захапленнi.

З дзяцiнства, напрыклад, ён марыў навучыцца фатаграфаваць i пасля вайны стаў гэтым займацца — здымаць на плёнку свае родныя мясцiны, сваiх аднавяскоўцаў.

Адначасова з гэтым ён вёў летапiс роднага Нянькава — пiсаў пра ўсё, што ў вёсцы адбывалася: хто калi пераехаў, хто з'ехаў, хто тут нарадзiўся, чым займаўся i чым вылучаўся... Такiм чынам, дзякуючы Iвану Iгнатавiчу захавалiся дакументальныя звесткi аб тым, як праходзiла жыццё ў гэтай мясцовасцi. Праўда, з гадамi нейкiх адметных падзей тут станавiлася ўсё менш i менш, бо старыя людзi памiралi, а маладыя з'язджалi ў гарады.

На здымках i ў летапiсе Iвана Iгнатавiча згадваецца, напрыклад, царква святых апосталаў Пятра i Паўла, якая некалi стаяла ў Нянькаве.

Адлюстраваны там i часы багаборнiцтва, калi царквы не стала...

А сам Iван Iгнатавiч у Бога верыў i пранёс гэтую веру праз усё жыццё. У сям'i ягоных бацькоў i ў яго ўласнай заўсёды выконвалiся царкоўныя звычаi, адзначалiся рэлiгiйныя святы.

«Вера ў Бога, у людзей i любоў да iх — вось i ўвесь сакрэт даўгалецця, — казаў ветэран. — Ну хiба гены яшчэ: мацi пражыла 102 гады».

Пад­час ак­цыi МНС, май 2019 г., На­стас­ся Бер­ды­гу­ла­ва — першая зле­ва.

...Самому ветэрану пакуль 100, i зроблена за гэты час вельмi шмат. Але ж узрост бярэ сваё. Iван Iгнатавiч жыве цяпер у Навагрудку ў доме кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян i як быццам не маркоцiцца: радуецца людзям i дзякуе богу за кожную новую ранiцу, дагэтуль не прапускае магчымасцi некага падтрымаць добрым словам, некаму расказаць штось цiкавае i карыснае са свайго жыцця. А самае галоўнае — падае прыклад мужнасцi i сiлы духу, кажучы, што старасць — не падстава сумаваць, хiба... падсумоўваць.

Некалi, напрыклад, пра яго родную вёску Нянькава мала хто ведаў. Але ж Iвану Iгнатавiчу ўдалося, здавалася б, немагчымае: яе, так званую неперспектыўную, вярнуць да жыцця, зрабiць вядомай дзякуючы выдатнай выстаўцы фотаздымкаў, арганiзаванай Нацыянальным гiстарычным музеем да 100-гадовага юбiлею iх аўтара.

Размовы з Iванам Iгнатавiчам, яго жыццё i работы далi мне магчымасць зразумець, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Нават самы, здавалася б, просты i сцiплы!

Так, вiдаць, бывае, калi ён жыве не толькi для сябе, але i для iншых.

Настасся Бердыгулава, вучанiца 7 класа ДУА «Вераб'евiцкi дзiцячы сад — базавая школа», Навагрудскi раён


На добры ўспамiн

Памяць пра школьныя гады ў сэрцы кожнага і на ўсё жыццё. Мы памятаем сваiх аднакласнiкаў i сваiх настаўнiкаў, якiя, нiбы скульптары, ляпiлi з нас асоб; памятаем першае каханне, выпускны…

Мне давялося вучыцца ў розных школах, але атэстат я атрымаў у Дакольскай сярэдняй.

Да 1908 года яна iснавала як земская, потым — як чатырохкласнае вучылiшча, як сямiгодка. Дарэчы, у гэтай школе да вайны вучыўся мой бацька, яго настаўнiкам быў Мiхась Iосiфавiч Юрцэвiч, якi потым вучыў мяне ў Карнiцкай пачатковай школе i часта заходзiў у нашу хату. Iм — былому настаўнiку i вучню — заўжды было пра што пагаварыць, аб чым параiцца…

Падчас маёй вучобы дырэктарам Дакольскай, ужо сярэдняй школы працаваў Баляслаў Валяр'янавiч Рынейскi — былы партызан, сакратар Глускага падпольнага райкама камсамола. У класах тады вучылася не менш чым па 30 вучняў, i прыходзiлi яны з добрага дзясятка вёсак: з Сяльца, Старыны, Бярозак, Новаандрэеўкi, Веснава... Тады ж, у школе, я дакрануўся да подзвiгу Сцяпана Антонавiча Калiнкоўскага, якi вучыўся ў ёй да вайны. Мне, дзевяцiкласнiку, як школьнаму мастаку даручылi аформiць стэнд, прысвечаны Вялiкай Айчыннай вайне, i для нагляднасцi дырэктар паказаў Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваеннi старшаму сяржанту Калiнкоўскаму звання Героя Савецкага Саюза...

Iншымi словамi, школа наша была з гiсторыяй, i мы, выпускнiкi, вядома ж, помнiм яе, у тым лiку — дзякуючы здымкам.

В. А. Васiлеўскi, г/п Глуск


Бландзін... Ён такі адзін

Не ўяўляю свайго жыцця без чароўных спеваў салаўя, без гудзення пчол, нават без шчымлівага «ку-ку». Пустым мне бачыцца любы падворак, дзе няма сабачай будкі і лаўкі для ката. А дачнікаў, якія, з'язджаючы ў цёплыя кватэры, на пагібель кідаюць сваіх гадаванцаў, і наогул зразумець не магу.

Аднаму з такіх гаротнікаў, праўда, пашчасціла: ён сустрэў на сваім шляху нашу ўнучку, і тая, прынёсшы ў хату малое згаладалае кацяня, так прасіла яго пакінуць, што мы не вытрымалі.

Так у нас з'явілася Дымка. І ўсё б з ёй добра, калі б...

У той добры дзень кошка, тоўстая, як гарбуз, уляглася на старым мяккім крэсле, побач — на маё здзіўленне — прыладкаваўся наш кот Пушок. Ён нават не падумаў адысці ад парадзіхі, а, наадварот, стаў... «прымаць» роды.

Так у нашай хаце з'явіўся «бландзін». Яго жыццё пачыналася як быццам шчасліва. А вось працягу магло і не быць.

Справа ў тым, што недзе праз тыдзень, калі кацяня толькі-толькі адкрыла вочкі, кошка раптам знікла (можа, загінула, можа, украў хто?), і ў малога (а следам і ў нас) пачаліся сапраўдныя пакуты: як абагрэць, чым пакарміць? А што, калі?..

З чайнай лыжачкі на кожнае «мяў» я стала ўліваць гэтай маляўцы па кропельцы свежага казінага малака. І ў нас атрымалася — каток глытаў.

Потым я навучыла яго самастойна хлябтаць малако і тады ўжо сказала: «Ну ўсё, мы будзем жыць».

Так яно і выйшла. Цяпер той Сіротка — усеагульны любімец. Ён акуратны, не назойлівы. Зімой, калі начуе на дварэ, цікуе, пакуль гаспадар выйдзе курыць на веранду, і тады, убачыўшы святло, лапкай стукае ў акно, каб адчыніў... Ну як тут не паслухаеш?! Нават тады, калі ён ноччу (і зноў жа лапкай) ціхенька пабудзіць — папросіць есці.

Вось такі ў нас разумны кот, да таго ж — прыгажун, якіх ні ў кога няма: з доўгай светлай поўсцю, з чарнявай, нібы трохі мурзатай пыскай, з вялікімі блакітнымі вачыма і шырокім, на ўсю спіну, хвастом. Ён лечыць мяне, калі нешта баліць, ён, здараецца, «рэгулюе» ціск, закалыхвае нанач, чакае з дарог... Ён упрыгожвае наша жыццё.

На нейкай паштоўцы аднойчы прачытала: «Без кота жизнь не та». І гэта — чыстая праўда.

Дык як жа данесці яе да ўсіх, хто цяпер вось жыве на лецішчах з гадаванцамі, а назад у свае кватэры хоча вяртаецца без іх?

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».