Вы тут

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы


Адразу пасля злучэння з часцямi Чырвонай Армii ў канцы 1943-га i да паловы 1944 года камандаванню партызанскiх фармiраванняў неабходна было прадставiць у Беларускi штаб партызанскага руху (БШПР) вынiковую справаздачу аб дзейнасцi сваiх брыгад i атрадаў. БШПР нават распрацаваў спецыяльную форму справаздачы i разаслаў яе ва ўсе злучэннi, якiя дзейнiчалi ў тыле працiўнiка. Яна ўключала раздзелы аб узнiкненнi атрада, яго баявой дзейнасцi, партыйна-палiтычнай рабоце, дапамозе «вялiкай зямлi», паўсядзённым жыццi i побыце партызан, медыцынскiм абслугоўваннi, аб жанчынах-партызанках i партызанах-героях.

Як i патрабавалася, асноўнае месца ў справаздачах было адведзена апiсанню баявых аперацый. Але поспехi партызан у баявой дзейнасцi шмат у чым залежалi ад бытавых умоў, забеспячэння харчаваннем, адзеннем, абуткам, узбраеннем i боепрыпасамi.


Вельмi важна было выбраць добрую пляцоўку для дыслакацыi партызанскага атрада цi некалькiх атрадаў у складзе брыгады. Па-першае, яна павiнна была знаходзiцца ўдалечынi ад вялiкiх дарог, у цяжкадаступным месцы. Гэта забяспечвала лагеру доўгую i адносна спакойную стаянку. Звычайна ў такiх месцах народныя мсцiўцы ўласнымi сiламi, а часам з дапамогай сялян будавалi жылыя зямлянкi, млыны, розныя майстэрнi, шпiталi, стайнi, рылi калодзежы. Так, напрыклад, партызанскi атрад «Сцяг» брыгады «Разгром», якi дзейнiчаў у Чэрвеньскiм, Барысаўскiм i Смалявiцкiм раёнах, з лiстапада 1942-га i да злучэння з часцямi Чырвонай Армii знаходзiўся на адным месцы, нягледзячы на чатыры варожыя блакады мясцовага ляснога масiву.

З першых дзён барацьбы ў тыле ворага перад камандзiрамi паўстала пытанне харчовага забеспячэння. Асаблiва абвастрылася сiтуацыя ў 1943 годзе, калi колькасць фармiраванняў i асабовага складу значна вырасла. У справаздачах канстатуецца, што вялiкая колькасць прадуктаў здабывалася за кошт канфiскацыi iх у сем'яў палiцаяў, падчас разгрому варожых гарнiзонаў, абозаў. Але асноўнай крынiцай харчовых паставак увесь час заставалiся сялянскiя гаспадаркi.

За кожным атрадам замацоўвалiся вёскi, размешчаныя ў зоне яго дзейнасцi. Камандзiры атрадаў прызначалi камендантаў з лiку жыхароў вёсак. Напрыклад, у настаўленнi камендантам, зацверджаным упаўнаважаным ЦК КП(б)Б i БШПР па Баранавiцкай вобласцi генерал-маёрам Чарнышовым, у адным з пунктаў вызначалася, што «нарыхтоўка прадуктаў партызанамi, выкарыстанне транспарту сялян, а таксама прыпынак партызан на начлег, адпачынак адбываюцца выключна па ўказаннi каменданта, а бязмэтавае знаходжанне партызан у вёсках катэгарычна забараняецца».

Насельнiцтва гэтых вёсак абкладалася падаткам з разлiку ў сярэднiм адзiн-два пуды збожжа, два-тры пуды бульбы з дарослага жыхара ў год. Чырвонаармейскiя i партызанскiя сем'i ад гэтых павiннасцяў вызвалялiся. Сабраныя ў насельнiцтва прадукты харчавання звозiлiся ў лес i захоўвалiся недалёка ад лагера. Такiм чынам ствараўся рэзервовы харчовы запас, якi выкарыстоўваўся ў перыяд вясновага бездарожжа, для патрэб шпiталяў, у iншых непрадбачаных сiтуацыях.

Амаль усе камандзiры ў справаздачах скардзiлiся на пастаянны недахоп солi. Не было яе i ў насельнiцтва, таму даводзiлася пасылаць агентаў у гарады i буйныя населеныя пункты з заданнем расстарацца соллю. Вялiкае значэнне мела своечасовая нарыхтоўка сухароў. Фактычна толькi сухары выратавалi жыццi сотням народных мсцiўцаў падчас варожых блакад.

Часам партызаны не маглi падзялiць памiж сабой вёскi, якiя забяспечвалi iх харчаваннем. Былi выпадкi, калi даходзiла да прымянення зброi. Вось пра што 14 снежня 1943 года пiсаў сакратар Магiлёўскага падпольнага РК КП(б)Б I. Станкевiч камандзiру партызанскага палка «Трынаццаць» С. Грышыну: «Па наяўных звестках, байцы i камандзiры падраздзяленняў вашага палка адбiраюць кароў у сем'яў партызанаў, а таксама робяць нарыхтоўку прадуктаў у вёсках, дзе дыслакуюцца iншыя атрады i дзе ў насельнiцтва шляхам абкладання ўжо ўзятыя прадукты харчавання».

Праз некаторы час Станкевiч зноў звяртаецца са скаргай на дзеян-нi партызан палка. Гэтым разам ён накiроўвае лiст сакратару Ма-гiлёўскага падпольнага абкама Д. Маўчанскаму: «Партызаны палка Грышына паводзяць сябе не належным чынам у нашым раёне (Бялынiцкiм. — Аўт.), iгнаруюць i не жадаюць выконваць нашы загады. Напрыклад, у ноч на 15 снежня 1943 года група партызан гэтага палка забрала ўсiх кароў у жыхароў вёскi В. Бясевiчы, а ў вёсцы Гарадзiшча раскапалi яму са збожжам, забралi скуру ў шаўца, якi шыў боты для партызан 113 атрада».

Не менш востра стаяла пытанне забеспячэння партызан адзеннем i абуткам. I тут даводзiлася звяртацца па дапамогу да мясцовага насельнiцтва. У справаздачы партызанскай брыгады iмя Н. Ф. Гастэлы былой Вiлейскай вобласцi камандзiры прызнаюцца: «Абмундзiраваннем брыгада, галоўным чынам, забяспечвалася з дапамогай мясцовага насельнiцтва, у якога канфiскоўвалiся ў першую чаргу прадметы ваеннай унiформы: польскiя мундзiры, шаравары, армейскiя боты. Спаганялася ў насельнiцтва таксама празмерная колькасць палатна, бялiзны». Камандаванне 152-га партызанскага палка восенню 1943 года выдала спецыяльны загад аб падрыхтоўцы да зiмы, у якiм прадпiсвалася «мець у кожнай роце свайго шаўца i краўца, арганiзаваць сярод насельнiцтва збор старых валёнак, кажухоў, шапак, штаноў i г. д., правесцi iх рамонт».

Найвялiкшым злом у партызанскiх атрадах лiчылася п'янства, i камандаванне прымала разнастайныя меры ўздзеяння на аматараў «зялёнага змія». Праводзiлася выхаваўчая работа сярод байцоў i камандзiраў, з насельнiцтвам вёсак. Калi гэтыя меры не прыносiлi вынiку, даводзiлася канфiскоўваць i знiшчаць самагонныя апараты. Так, згодна з вынiковай справаздачай камандавання асобнага атрада «Баявы» iмя Дунаева, якi дзейнiчаў у Дзятлаўскiм раёне, у зоне дзеяння атрада было знiшчана 36 апаратаў.

На маральны стан байцоў партызанскiх атрадаў вялiкi ўплыў аказвалi i дзяўчаты-партызанкi. Многiя з iх хадзiлi разам з байцамi на баявыя заданнi, а ў лагеры займалiся бытавымi пытаннямi: гатавалi ежу, мылi бялiзну, даглядалi параненых, падтрымлiвалi чысцiню i парадак, удзельнiчалi ў мастацкай самадзейнасцi... Знаходжанне дзяўчат у атрадах натхняла байцоў на подзвiгi, дысцыплiнавала iх. З iншага боку, закаханыя пары часцяком забывалi аб пiльнасцi, недасыпалi, што адбiвалася на нясеннi каравульнай службы, выкананнi iншых абавязкаў. Характэрнай у гэтым сэнсе з'яўляецца нататка ў сцянной газеце 2-й роты партызанскага атрада «Разгром» Мiнскай вобласцi, у якой партызаны крытыкуюць свайго таварыша Ганну Краснову: «Стоячы на пасту, Краснова вырашыла выкарыстаць гэты час як момант для спаткання. Забыўшыся пра свае абавязкi, яна выказвала свае любоўныя пачуццi партызану Каршуну, нiчога не заўважаючы вакол. Гэта не да твару Красновай, вельмi сорамна перад усiмi партызанамi, перад Радзiмай».

Асобныя камандзiры лiчылi, што прысутнасць у атрадах жанчын адмоўна ўплывае на баяздольнасць i дысцыплiну партызан. Яны пераводзiлi жанчын у сямейныя лагеры, не дапускалi iх да баявых аперацый, пазбаўлялi зброi. А камандзiр 1-й Мiнскай партызанскай брыгады ў свой час нават выдаў загад, якi забараняў заключэнне шлюбаў памiж партызанамi i партызанкамi. Сярод дакументаў ЦККП(б)Б, якiя захоўваюцца ў Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь, ёсць дакумент «Аб стане брыгады Дзербана», у якiм разам з iншымi недахопамi адзначаецца i пагалоўная жанiцьба каманднага складу з дзяўчатамi-партызанкамi: «У брыгадзе амаль усе камандзiры ажанiлiся i ўсю ўвагу аддаюць маладым жонкам... У вынiку — няма каму працаваць на кухнi, хадзiць на бая-выя аперацыi. Прычына — адсутнасць наладжанай партыйнай работы з боку як Барысаўскага партцентра, так i партарганiзацыi брыгады».

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан. Як правiла, агульным днём адпачынку з'яўлялася нядзеля. У гэты дзень, акрамя нясення вартавой службы, байцы i камандзiры нi да якiх iншых заняткаў не прыцягвалiся. Асабовы склад прыводзiў у парадак абмундзiраванне, стрыгся, мыўся ў лазнi. Праводзiлiся спаборнiцтвы па падняццi цяжараў, барацьбе, байцы гулялi ў дамiно, шахматы, шашкi, а па вечарах спявалi песнi i нават ладзiлi танцы.

Часам партызанская весялосць выходзiла за рамкi дазволенага. Невыпадкова камандзiр партызанскага злучэння Брэсцкай вобласцi С. Сiкорскi 13 чэрвеня 1943 года выдаў з гэтай нагоды спецыяльны загад, якi прадпiсваў: з 20 гадзiн вечара да 8 ранiцы «вытрымлiваць у лагерах поўную цiшыню» i выконваць шэраг iншых мер па маскiроўцы i захаваннi лагера.

А вось загад па партызанскiм атрадзе № 537, якi дзейнiчаў у Кiраўскiм раёне, быў больш катэгарычны, асаблiва ў адносiнах да жанчын-партызанак: «Жаночаму персаналу катэгарычна забараняю насiць белыя блузкi, спаднiцы, хусткi або берэты. Забараняю таксама ў лагеры танцы, iгру на музычных iнструментах, спевы i гучныя размовы».

Нягледзячы на ўсе цяжкасцi партызанскага жыцця i баявой дзейнасцi, узаемаадносiны памiж партызанамi i насельнiцтвам у пераважнай большасцi засноўвалiся на ўзаемнай выручцы i разуменнi агульнай мэты — барацьбы з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. Насельнiцтва бачыла ў партызанах сваiх абаронцаў i аказвала iм разнастайную дапамогу.

Генадзь БАРКУН, гiсторык

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.