Вы тут

Эліза Ажэшка ў маскоўскім фармаце


У расійскім выдавецтве “Художественная литература” рыхтуецца да друку раман Элізы Ажэшкі, вядомай беларускай пісьменніцы ХІХ стагоддзя й сяброўкі Францішка Багушэвіча


Вокладка кнігі

На тытульнай старонцы выдання, што пабачыць свет у серыі “Забытая книга”, чытаем: “Элиза Ожешко. Меир Эзофович. Повесть из быта евреев в двух частях с иллюстрациями М.-Э. Андриолли”. Ва ўступным слове пададзена такая інфармацыя: “Элиза Ожешко (1841–1910) родилась близ Гродно и почти всю свою жизнь прожила в том городе. Сейчас это Республика Беларусь, но в те времена так называемые Восточные Кресы — Гродненская земля — входили в Российскую империю. Поэтому белорусы, равно как и русские, считают польскоязычную писательницу своей соотечественницей. Или просто — своей…”.

Упершыню раман быў надрукаваны ў 1878 годзе ў часопісе “Klosy”. Першы пераклад на рускую мову з’явіўся праз два гады ў маскоўскім выданні “Газета Гатцука”, і праз год выйшаў кніжкаю. І польскі часопісны, і рускамоўны кніжны тэкст суправаджаліся гравюрамі Міхала Эльвіра Андрыёлі, знакамітага ў свой час майстра, які аздабляў творы такіх мэтраў слова, як Джэймс Фенімар Купер, Адам Міцкевіч, Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Адметныя ілюстрацыі Андрыёлі спрыялі чытачу ў разуменні твора, мастак нібы ператвараўся ў суаўтара. Таму проста цудоўна, што выданне‑2020 упрыгожваюць тыя ж самыя ілюстрацыі, што і амаль паўтара стагоддзя таму, — праўда, клапатліва адрэстаўраваныя таленавітым фотамастаком Уладзімірам Нашчокіным.

У 1880‑я раман Элізы Ажэшкі “Меір Эзафовіч” прынялі вельмі добра: можна сказаць, што ацэнены ён быў упоравень з раманам “Над Нёмнам” (польск.: Nad Nіemnem). Увогуле, творчасць пісьменніцы мела ў яе час немалую вагу: варта згадаць, што яна двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію.

Што да рускай версіі рамана “Меір Эзафовіч”, то цікава, што амаль ад пачатку ён існаваў у некалькіх варыянтах. У прыватнасці, яго перакладалі рэвалюцыянерка, сакратарка Уладзіміра Леніна ў рэдакцыі газеты “Искра” Іна Смідовіч і вучаніца тэарэтыка мастацкага перакладу Івана Кашкіна Марыя Абкіна. Але й дарэвалюцыйныя, і савецкія перакладчыкі нешта “сціралі” ды штосьці ад сябе дадавалі: па ідэйных, так бы мовіць, меркаваннях, на патрэбу рэвалюцыйнай сітуацыі ды згодна з акалічнасцямі часу. Па сутнасці, рускамоўны чытач ХХ стагоддзя, можна сказаць, і не быў знаёмы з сапраўдным гучаннем ажэшкаўскага твора. У нашыя дні (тое ясна паўстала перад маскоўскімі выдаўцамі) мова твора ўжо не можа ўспрымацца так, як раней. Напрошвалася адаптацыя на сучасны лад, і яна была здзейснена. Аўтар яе, Дзмітрый Касаткін, выказвае спадзяванне, што рэдакцыя знакамітага твора Элізы Ажэшкі, напісанага сто сорак гадоў таму, спадабаецца сённяшнім чытачам так, як спадабалася сучаснікам пісьменніцы.

Кніга пабачыць свет у хуткім часе ды трапіць і ў Беларусь — дзе й пісалася.

Святлана Воцінава, галоўная рэдактарка часопіса “Маладосць”


Погляд з рэдакцыі.

Пад Гародняй, над Нёманам карані

Дзмітрый Касаткін выступае на Ажэшкаўскіх чытаннях у Мінску

Менавіта праз мастацкія вобразы (літаратура, кіно, фота, песні…), як разважаюць некаторыя псіхолагі, мы глыбей спасцігаем невядомыя раней мясціны, людзей з іншых краін. Так, пэўна, фармуецца ў нас нейкі падмурак, першасная матрыца “краінаўспрымання”, “народаўспрымання” — і з яе пазней вырастае больш цэласная карціна. Таму знаёміць замежнікаў, а найперш суседзяў з лепшымі набыткамі айчыннай літаратуры надзвычай важна. Святлана Воцінава глыбока даследуе абставіны жыцця, творчасці ды й саму шматгранную творчасць Элізы Ажэшкі, знакамітай пісьменніцы з беларуска-польскага памежжа. Святлана піша эсэ, артыкулы, чытае лекцыі, прысвечаныя той жыхарцы Гародні (цяпер Гродна), якая хоць і пісала па-польску, але ж, як кажуць, на мясцовым жыццёвым матэрыяле. Нагадаем, пані Ажэшчыха (ад нараджэння Эльжбета Паўлоўска — Elzbіeta Pawlowska) была родам з вёскі Мількаўшчыны, што за 40 кіламетраў ад Гродна. Маладою, у 16 гадоў аддалі яе замуж за памешчыка з‑пад Кобрына Пятра Ажэшку.

У інтэрнэце выстаўлена лекцыя Святланы Воцінавай “БАГУШЭВІЧ V&S АЖЭШКА: дыспазіторый айчыннасці ў беларускай літаратуры”: https://www.youtube.com/watch?v=Sp36lG24C70. А тэкст пра тое, што ў Маскве выходзіць новае выданне Элізы Ажэшкі, быў дасланы ў нашу рэдакцыю. Мы ў Святланы пацікаваліся: якое дачыненне да Беларусі мае згаданы ў тэксце перакладчык Дзмітрый Касаткін. І высветлілі: адсюль яго родавыя карані. Прыводзім цытату з ліста Дзмітрыя — Святлане дасланага й нам перасланага: “Напишите, что мой дед, который оказал на моё становление огромное влияние, родился в Минске в 1910 году, так как его отец служил в 119‑м Коломенском полку. И жили они прямо напротив железнодорожного вокзала на улице Коломенской, которой давно уже нет. А крестили моего деда в полковой церкви 119‑го Коломенского и 120‑го Серпуховского полков, которую, слава Богу, минчане восстановили вместе с мемориальным кладбищем. Там, кстати, похоронен один мой дальний родственник по фамилии Липень, участник Русско-Турецкой войны. Мать моего деда была коренной минчанкой… Сейчас точно не помню, но, наверное, в трёх поколениях. А прадед мой отличился в Первую мировую в феврале 1915‑го: в боях под Гродно, в битве за высоту 100.3 у деревни Ратичи. Получил два ордена: “Анну на шее” (второй степени с крестом и бантом) и Св. Станислава третьей степени. Это за то, что уцелел там и не сошёл с ума позже, как большинство участников тех двухнедельных боёв”. Яшчэ Дзмітрый паведамляе, што сам асвойвае, дзякуючы Святлане Воцінавай, пераклад з беларускай мовы на рускую.

Тут варта ўдакладніць: згаданыя ў тэксце могілкі — Вайсковыя. Нароўні з Кальварыйскімі гэта адзін з найстарэйшых некропаляў у межах Мінска. Для вайскоўцаў 119‑га пяхотнага Каломенскага палка знакавай была царква Аляксандра Неўскага, узведзеная ў 1898 годзе. Унутры храма ёсць пліты з імёнамі 118 беларусаў з ліку воінаў Каломенскага палка й артбрыгады, якія загінулі на Руска-турэцкай вайне.

На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знайшоўся тэкст пра Ажэшкаўскія чытанні, што прайшлі ў 2019‑м да 178‑х угодкаў пісьменніцы. Адным з удзельнікаў іх быў Дзмітрый Касаткін, камерцыйны дырэктар расійскага выдавецтва “Художественная литература”. Госць расказаў, што неяк яму падарылі старое, патрэпанае выданне 1881 года: раман “Меир Езофович”. Пазней аказалася: гэты ж твор у іншых перакладах на рускую мову “гучыць” па-рознаму: кожны варыянт зменьваў ідэю рамана, падпарадкоўваў яе спецыфіцы часу, рэвалюцыйнай ці іншай сітуацыі. Выданне‑2020 — гэта ўзяты за аснову тэкст 1881 года, на які накладзены тэкст з дапоўненага самой Элізай Ажэшкай рамана (з 1882 года). Як паведамляў Дзмітрый Касаткін, у дапрацаваным выглядзе фінал у твора іншы, ёсць шматлікія дэталі, апісанні, што робяць твор яшчэ больш прыгожым.

І яшчэ пра Дзмітрыя Касаткіна, які мае моцныя карані ў родзе Ліпеняў — а такіх у Беларусі шмат. У масквіча ёсць копія прывілея, дакумента: “Выпись из Литовской Метрики от 12 марта 1602 г. привилея польского короля Жигимонта ІІІ боярину Кузьме Липеню на подтверждение владения имением Липенево Ошмянского повета от 6 ноября 1589 г., представленная 7 июня 1738 г. Войтехом Липенем в Минский городский суд”. Мае Дзмітрый Аляксандравіч і ўнікальныя дакументы, датычныя згаданай Бітвы пад Рацічамі ў лютым 1915 года. Гэта, на яго думку, амаль невядомая бітва, хоць і помнік паставілі там, і пісалі пра яе — але ж павярхоўна. Ну, дасць Бог, і да гэтай тэмы звернемся. Заслугоўвае вялікай павагі, што чалавек не проста памятае пра свае родавыя карані — працуе на карысць гістарычнай Бацькаўшчыны, святой зямлі сваіх продкаў.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.