Вы тут

Памятаць і любіць — значыць дзейнічаць


Разнастайнае, шматколернае жыццё ў беларускай суполцы “Крыніца” з літоўскай Клайпеды трохі падкарэктаваў сёлетні каранавірус— але ж не спыніў


Удзельнікі конкурсу малюнкаў з настаўніцай Аксанай Йазайтэне і Мікалаем Логвіным

З допісаў кіраўніка суполкі Мікалая Логвіна, дасланых ім тэкстаў, здымкаў, спасылак на публікацыі ў розных СМІ Літвы мы збольшага ведаем пра тамтэйшыя навіны. Пра тое, напрыклад, што напярэдадні 75‑годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве Амбасады Беларусі праходзілі ўрачыстыя акцыі ўзяцця зямлі з месцаў пахаванняў савецкіх воінаў на тэрыторыі Літвы. У Вільнюсе ў акцыі паўдзельнічалі Ганаровы консул Беларусі у Клайпедзе Мікалай Логвін, супрацоўніца беларускай Амбасады Ірына Зубко, іерэй Канстанцін-Міхайлаўскага храма ў Вільнюсе Міхаіл Сімановіч. Жмені зямлі былі ўзятыя з магіл загінулых салдатаў на Антакальніскіх мемарыяльных могілках, з магілы партызанскага камбрыга (кіраваў брыгадай імя Мікалая Гастэлы, што дзейнічала спачатку на Смаленшчыне, потым у Беларусі) Віктара Аляксандравіча Манохіна. Пасля вайны партызанскі камбрыг жыў у Беларусі (працаваў намеснікам старшыні Полацкага аблвыканкама, намеснікам Міністра аўтатранспарту БССР), у Вільнюсе — там у 1972 годзе памёр, там і пахаваны.

У інтэрнэце мы знайшлі цікавыя весткі з біяграфіі героя-партызана. Маці яго, Яўгенія Маліноўская, была дачкой Аляксандра Актанавіча Маліноўскага — палітычнага ссыльнага: яго “саслалі на катаргу ў Сібір за ўдзел у сялянскіх хваляваннях 1860‑х гадоў”, а пасля катаргі вызначылі на “вечнае” пасяленне ў адну з вёсак Томскай губерні. Можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць: саслалі Маліноўскага за ўдзел у паўстанні 1863–64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Маці нарадзіла Віктара ў 1911‑м у Томску (?) па-за шлюбам, а ў 1918‑м выйшла замуж за селяніна-серадняка Манохіна, які хлопчыка ўсынавіў. Мусіць, не проста так пацягнула нашчадка паўстанца нейкая родавая сіла ў Беларусь, жыць у ранейшай Вільні, дзе ў лістападзе 2019‑га ўрачыста перапахавалі астанкі Кастуся Каліноўскага ды яго паплечнікаў.

Усяго ж у Літве, удакладніў Мікалай Логвін, у плыні акцыі “На славу агульнай Перамогі!” бралі зямлю ў 8 месцах (Вільнюс — 2, Клайпеда — 3, Шаўляй — 3). Тая зямля, перасыпаная ў капсулы, змешчана ў крыпце мінскага Храма-помніка ўсіх святых (гл.: “Адна на ўсіх Зямля і Перамога” — ГР, 15.05.2020).

Наталля Дамненка, намесніца старшыні Беларускай суполкі “Крыніца”, напісала нам пра тое, як беларусы Клайпеды паўдзельнічалі ў акцыі ў падтрымку роднай мовы. Як вядома, знікненне мовы — гэта ці поўнае знікненне народа, ці канчатковае растварэнне яго ў іншых народах і культурах. “Таму вельмі важна зберагаць, развіваць сваю родную мову”, — піша Наталля. Прыводзіць як станоўчы прыклад такой культурніцкай працы беларускую кампанію “Лідскае піва”, у якой унутраная дакументацыя, этыкеткі й рэклама пераведзены на беларускую мову амаль 5 гадоў таму. Кампанія ладзіць розныя імпрэзы ў падтрымку мовы. “Праект “Агульная дыктоўка” — адзін з галоўных яе сацыяльных праектаў, — прадаўжае Наталля. — Сёлета дыктоўка праходзіла 6 мая. Амаль 3 тысячы ўдзельнікаў з больш чым 20 краін зарэгістраваліся на сайце кампаніі. Сябры суполкі “Крыніца” з Клайпеды таксама вырашылі разам з супляменнікамі з розных краін сесці за віртуальную парту. Сабралася ў актавай зале гарадскога Цэнтра нацыянальных культур 16 чалавек, некаторыя пісалі дыктоўку дома. Ініцыятыва кампаніі дае магчымасць кожнаму не толькі праверыць веды па беларускай мове, але й зрабіць унёсак у барацьбу з “COVІD‑19” на беларускай зямлі. Якім чынам? За кожнага, хто напісаў дыктоўку, “Лідскае піва” пералічвае 5 беларускіх рублёў на дабрачынны рахунак Мінздрава Беларусі, а яшчэ больш за тых, хто атрымае 9 і 10 балаў. Мы памятаем і любім сваю родную мову, таму гатовыя падтрымаць любы праект, які можа прынесці карысць Бацькаўшчыне”.

Па выніках праверкі дыктоўкі-2020 самыя пісьменныя з чальцоў суполкі — гэта Алена Валочка, Валянціна Снігур, Алена Мірончык, Марыя Бартусявічэне, Сяргей Бацютаў, Ігар Шыкавец ды Ірына Мількоўская. Малайцы!

Афіша Купалля

Наталля Дамненка дадае: суполка “Крыніца” даўно мае дамову аб супрацы з гарадміністрацыяй Ліды. І беларусы Клайпеды запрашаюць землякоў да сябе на святы, фэсты, самі наведваюцца ў госці ў Беларусь ды ладзяць паездкі для жыхароў Заходняй Літвы. І высвятляецца: некаторыя з іх не бывалі ў суседняй краіне больш за 30 гадоў! Вядома ж, усіх экскурсантаў уражвае, як сёння жыве Беларусь. А ў часе правядзення “Агульнай дыктоўкі” Мікалай Логвін узнагародзіў некаторых яе ўдзельнікаў памятнымі прызамі: падарыў кнігі на роднай мове.

Пра тое, як дзеці з Клайпеды далучыліся да конкурсу “Я малюю Беларусь”, прысвечанага Дню Незалежнасці, як актывісты “Крыніцы” правялі Купалле‑2020 (23 чэрвеня) — раскажам наступным разам.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».