Вы тут

Валянціна Паліканіна. Ратавальная сіла слова


Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна — у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.


На пытанне пра тое, як ставіцца да розных узнагарод, Валянціна Пятроўна адказвае так: «Стаўлюся з вялікай адказнасцю. Тым быльш што гэтая ўзнагарода цалкам літаратурная, бо заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання Францыск Скарына меў ступень доктара “сямі вольных мастацтваў”, куды ўваходзілі дыялектыка, рыторыка, граматыка... Медаль яго імя ў свой час атрымалі Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Сяргей Грахоўскі і іншыя знакамітыя творцы. Быць у іх ліку — вялікі гонар. І я вельмі ўдзячна маім калегам-літаратарам, кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніцтву краіны за тое, што палічылі мяне вартай такой узнагароды».

Валянціна Паліканіна піша пераважна па-руску. У школе, а гэта была мінская № 2 з літаратурным ухілам, выкладанне вялося на рускай, таму яна з дзяцінства стала больш блізкай  — менавіта па-руску думалася і стваралася. А першыя дзіцячыя вершыкі сталі з’яўляцца, калі будучай паэтэсе было толькі чатыры з паловай гады. Тады яна прасіла бацьку хутчэй запісаць, «не тое думка ўцячэ». Ужо пазней, скончыўшы філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, марыла пра рэдактарства. «Праца са словам мне падавалася таямнічай, вельмі важнай, — кажа пісьменніца. — Я і цяпер беражліва, з глыбокай пашанай стаўлюся да слова. Але люблю і рускую, і беларускую: гэта мовы-сваячкі, яны натхняльныя, лексічна багатыя, вельмі прыгожыя і дзівосна меладычныя».

Вершы паэтэсы можна аднесці да традыцыйнай плыні перш-наперш тэматычна: каханне, бацькоўскі дом, сям’я… «Не магу судзіць тых, хто піша пра будзённае — відаць, набалела, — заўважае Валянціна Паліканіна. — Але накаторых слоў знарок не выкарыстоўваю, хоць таксама выказваю свой погляд на падзеі сучаснасці. Вершы заўсёды — адлюстраванне эпохі, яе бядот і перамог. Але паэзія каштоўная сваёй пазачасавасцю, асаблівай творчай правідэнцыяльнасцю, прарывам праз гады, а часам і праз стагоддзі. Усё гэта  — уласцівасці класічнай паэзіі». Татальнага ж уплыву на сваю паэзію Валянціна Паліканіна ніколі не адчувала: «абышлося без капіравання чужой манеры і пераймальніцтва». Але заўсёды блізкай была творчасць Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай, Булата Акуджавы, Уладзіміра Сакалова, Генадзя Русакова. Сярод любімых у беларускай паэзіі — Максім Танк, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў: за вобразнасць і сілу пачуццяў. Пісьменніца ўпэўнена: і сярод сучаснікаў ёсць шмат добрых паэтаў, і многім з іх яна ўдзячна за пераклады сваіх вершаў на беларускую мову. Перакладае і сама — на рускую. Сведчанне — кніга перакладаў «Признание в любви», што пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Дарэчы, у «Мастацкай лiтаратуры» запланаваны выхад новай кнігі для дзяцей «Всех сильнее доброта». «Я веру ў духаносную сілу слова і імкнуся, як мае героі, “добрым словом мир спасать”», — распавядае аўтар.

Нягледзячы на тое, што паэзія Валянціны Паліканінай напоўнена жаноцкім трапятаннем, парывамі радасці і суму, тонкім адчуваннем жывога і светлага, творца ўпэўнена: раздзяленне паэзіі на мужчынскую і жаночую  — чыстая ўмоўнасць. «Паэзія ці ёсць, ці няма,  — разважае яна.  — Пра тое, што ўзрушвае да глыбіні душы, гавораць: “Гэта сапраўдная паэзія”. Вядома, мае значэнне, хто аўтар. Мужчынскія вершы ўражваюць глабальнасцю тэматыкі, эмацыянальным напружаннем, трапнай вобразнасцю. У жанчын творы больш інтуітыўныя, шчырыя, пранізаныя паўтонамі… Для мяне важна, каб у паэзіі прысутнічала ўсё пералічанае».

Што тычыцца крытыкі, то яна павінна быць канструктыўнай, інакш гэта падобна на звядзенне рахункаў, спагнанне злосці… Насамрэч, пакрыўдзіць страшна любога чалавека, а ўжо творцу — асабліва, таму што ён незвычайна чуллівы. «Такіх людзей не крыўдзіць трэба, а паважаць: праз іх прыходзіць у свет найважнейшая інфармацыя, яны ўлоўліваюць токі будучыні», — падкрэслівае паэтэса. Яшчэ Максім Горкі пісаў, што жыхары апраметнай «пакутліва зайздросцяць, назіраючы езуіцкі спрыт, з якім людзі ўмеюць ганьбіць адзін аднаго». Без любові немагчымы ні жыццё наогул, ні літаратура, ні крытыка.

Супрацьстаянне дабра і зла  — лейтматыў творчасці Валянціны Паліканінай, хоць, сапраўды, на ім трымаецца ўся літаратура, пачынаючы з антычнасці. Аднак у паэзіі аўтаркі пануюць рэлігійныя матывы. З часоў юнацтва Валянціна Паліканіна асабліва любіць творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага. «Іх літаратура працята праваслаўем... Вера  — падмурак любой творчасці, — лічыць паэтэса. — Без гэтага твор, нібы замак на пяску, рассыпаецца».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.