Вы тут

Здольнасць адлюстраваць жыццё. Да стагоддзя Беларускага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы


 «Беларус па сваёй генетычнай прыродзе вельмі тэатральны чалавек. Пра падзеі і ўчынкі людзей ён здольны не толькі маляўніча расказаць, але і вобразна іх паказаць, скарыстоўваючы міміку, тэмперамент, імправізацыйны “дар”».

Анатоль Сабалеўскі, прафесар-тэатразнаўца

Пачынальнікі… Тое, што станаўленне і развіццё тэатральнага мастацтва і яго творчых школ на беларускіх землях пачынаецца з далёкіх часоў старажытнасці  — бясспрэчная ісціна. Падстаў да такіх высноў шмат. Галоўным, акрамя таленавітасці і нацыянальнай самабытнасці беларуса, з’яўляецца геаграфічнае размяшчэнне нашай бацькаўшчыны ў самым цэнтры Еўропы, праз якую з далёкіх часоў пралягалі шляхі ва ўсе краіны свету. На працягу доўгай, цяжкай і пакутлівай гісторыі з разбуральнымі войнамі, рабаваннем і вынішчэннем захопнікамі матэрыяльных каштоўнасцей на нашых землях укараніліся і давалі добрыя, карысныя ўсходы чужаземныя звычкі, дабратворныя навучэнні, асабліва ў культурных напрамках, якія, прама ці ўскосна, пераймаліся нашымі таленавітымі прашчурамі. У выніку, пачынаючы з далёкіх часоў, выбудоўваўся падмурак для фарміравання ўнікальных мастацкіх калектываў розных жанраў, стыляў і напрамкаў. Шматлікія гістарычныя факты даюць падставу сцвярджаць, што значны ўплыў на зараджэнне прафесійных метадаў тэатральнага мастацтва і яго школы аказалі найбольш цывілізаваныя краіны Заходняй Еўропы. Менавіта там, у ліцэях Парыжа, Варшавы і іншых сталіц, нашы таленавітыя землякі-самародкі атрымлівалі прафесійныя веды па музыцы, спевах, танцах і інш.

Яркім прыкладам такой мастацкай пераемнасці з’яўляецца дзейнасць беларускага асветніка і падзвіжніка праваслаўнага «школьнага тэатра» Сімяона Полацкага (Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629—1680). Выхадзец з заможнай дынастыі полацкага купецтва, адораны ад прыроды мастацкім талентам, падлетак некаторы час вучыўся музычным практыкаванням у Варшаве, потым спазнаваў духоўныя веды ў Полацкай семінарыі, а пасля яе заканчэння паступіў у Кіева-Магілянскую калегію (акадэмію). Там ён і адкрыў свае здольнасці да тэатральнай творчасці: удзельнічаў у літургічных прадстаўленнях, пісаў захапляльныя асаны, сюжэты на біблейскія тэмы і нават драматургічныя творы. Адным з найбольш вядомых твораў таго перыяду з’яўляецца лірычная п’еска «Бяседы пастушацкія», напісаная ў пастаральным жанры, дзе ідэалізавалася жыццё пастухоў і пастушак. Пісаў кірыліцай і лацінкай.

У 1656 г. Сімяон вярнуўся ў Полацк, дзе прыняў манаскі сан і быў накіраваны настаўнікам у брацкую школу пры Полацкім Богаяўленскім манастыры. Тут ён арганізаваў тэатр, які ў далейшым стаў называцца школьным. З ліку вучняў праваслаўнай брацкай школы настаўнік адабраў найбольш здольных «да выразнага чытання і дэкламацыі» і стаў вучыць акцёрскаму майстэрству. Безумоўна, пераважалі прымітыўныя метады навучання, але гэта ўжо была школа — з пэўнай сістэмай тэатральнага і практычнага асваення ведаў сцэнічнай творчасці. Ёсць звесткі, што ў бібліятэцы С. Полацкага знойдзены канспекты яго заняткаў з бурсакамі па гісторыі тэатра і драматургіі, аналіз «Паэтыкі» і «Нікамахавай этыкі» Арыстоцеля, выпіскі з трактатаў Плінія і з камедый Менандра «Саміянка» і «Трацейскі суд». Вядома, што ў тэатральнай школе Сімяона Полацкага вучыліся Кандрат Ануфрыевіч, Васіль Грышановіч, Васіль Яновіч, Сава Капусцін, Васіль Кузьмін, Мацей Юркевіч, Іван Міхайловіч, браты Зміцер і Іван Лаўрыновічы. Усе яны былі вядомымі акцёрамі школьнага тэатра. У далейшым некаторыя (В. Грышановіч, З. Лаўрыновіч, М. Юркевіч) сталі святарамі-настаўнікамі той жа брацкай школы Богаяўленскага манастыра ў Полацку і Забельскай калегіі каля вёскі Валынцы.

Можна меркаваць, што дзейнасць Сімяона Полацкага ў Беларусі была б яшчэ больш плённай і значнай для тэатральнай адукацыі, калі б не прыезд цара Аляксея Міхайлавіча. Маладому манахунастаўніку, тэатралу даручылі павіншаваць гасудара з прыездам у старажытны Полацк. Сімяон з вялікім натхненнем і майстэрствам дэкламатара прачытаў сваю оду «Предисловие от малых». Цар Аляксей Міхайлавіч, па звестках гісторыкаў, па сваёй прыродзе быў сентыментальным  — вельмі расчуліўся, пахваліў дэкламатара, нават абняў яго і тут жа аддаў загад збірацца ў далёкую дарогу — на пастаяннае жыхарства ў Маскву (1664 г.).

У Белакаменнай С. Полацкі жыў пры царскім двары, выхоўваў дзяцей Аляксея Міхайлавіча, пісаў вершы, віншавальныя оды, прытчы, якія ставіліся ў прыдворным тэатры. Найбольш значныя з іх  — «Камедыя пра Навухаданосара цара...», «Гісторыя, альбо Дзеянні евангельскія аб блудным сыне». Як і раней у Полацку, у Маскве ён наладзіў пры тэатры вучобу маладых акцёраў. Зазначым, што гэты таленавіты чалавек быў сапраўдным патрыётам Беларусі, ніколі не парываў адносін з радзімай. Так, у 1673 г. ён папрасіў ад цара дазвол правесці набор вучняў з беларускага краю. Дваццаць шэсць хлопцаў-беларусаў было адобрана і прывезена ў прыдворны тэатр Аляксея Міхайлавіча. Усяго ў гэты перыяд (1673—1679 гг.) у трупе С. Полацкага вучылася і іграла больш чым семдзесят акцёраў. Сярод іх найбольш таленавітымі былі беларусы Івашка Сямёнаў, Федзька Юр’еў, Савінка Сілін, Лаўрушка Сцяпанаў, Данілка Іванаў, Сенька Шубін, Юрка Канстанцінаў і інш.

Трэба адзначыць, што, ведаючы талент землякоў, С. Полацкі імкнуўся папаўняць сваю маскоўскую тэатральную трупу выхадцамі з Полаччыны, Нясвіжа, Слуцка, Шклова. Нават краўцоў прывозілі з беларускіх зямель. Так, у 1674 г. для пашыву касцюмаў да першага рускага балета «Арадзей» са Шклова прывезлі трынаццаць краўцоў на чале з Трафімкам Данілавым. Вучыліся і працавалі ў тэатры С. Полацкага танцоры і спевакі. Адным з самых слынных барытонаў быў Іван Кокла з Полацка. А ў 1670 г. маскоўскія аматары песнапення славілі спевы «васпявака» Івана Календы, якога знайшоў і прывёз са Слуцка ў Маскву менавіта Сімяон Полацкі.

Многія вучні асветніка, атрымаўшы грунтоўную падрыхтоўку у Маскоўскім «школьным тэатры», імкнуліся прадоўжыць справу таленавітага настаўніка: вярталіся дамоў, у Беларусь, дзе стваралі пры семінарыях, бурсах, калегіумах тэатральныя школы і мастацкія гурткі.

 Сімяон Полацкі пражыў кароткае жыццё (памёр 25 жніўня 1680 г.), але яго след у гісторыі беларускага тэатра значны.

Прыгонны тэатр

 У другой палове XVII ст. побач з царкоўнымі і манастырскімі навучальнымі ўстановамі актыўна дзейнічалі прыватныя тэатральныя школы, якія ў асноўным абслугоўвалі багатыя магнацкія роды, вучылі «вытанчаным мастацтвам» пераважна шляхецкіх дзяцей. Тэарэтычна ў тэатральных школах маглі вучыцца дзеці ўсіх саслоўяў. Аднак на практыцы сялян да пазнання мастацтва не надта дапускалі. І ўсё ж моладзь, у тым ліку і сялянскія дзеці, вучылася ў тэатральных школах і іграла на сцэнах школьных тэатраў. Сатырычныя казкі, анекдоты, пародыі амаль цалкам і без змен уключаліся ў школьныя інтэрмедыі.

Вядомы вучоны-фалькларыст А. К. Сержпутоўскі апісаў цікавую сустрэчу з маладым селянінам, які аказаўся вельмі адукаваным у тэатральнай справе. Ён «няспынна расказваў розныя баечкі, прафесійна дэкламаваў маналогі з антычных трагедый і імправізаваў даволі доўгія ўрыўкі. Усё гэта ён перадаваў у вершаванай форме з цікавымі мастацкімі спевамі і паказамі. “Скуль гэта ў цябе?” — запытаў я. — “Вучыўся... у Варшаве”, — сціпла адказаў хлопец... Вось такія таленавітыя людзі, атрымаўшы высокую адукацыю ў Еўропе, зараз займаюцца асветніцкай дзейнасцю у глухіх кутках Беларусі. Магчыма, з цягам часу яны стануць нацыянальнай гордасцю...»

Адметная рыса тэатральнай адукацыі Беларусі ў другой палове XVIII ст.  — шырокая дзейнасць прыгонных тэатраў. Буйныя магнаты — Радзівілы, Сапегі, Патоцкія, Тызенгаўзы, рускія вяльможы — П. А. Румянцаў-Задунайскі, З. А. Чарнышоў, С. Г. Зорыч, Л. І. Салагуб, Р. А. Пацёмкін і многія іншыя сканцэнтравалі ў сваіх руках агромністыя эканамічныя і чалавечыя рэсурсы Беларусі. Кожны з іх імкнуўся сваё графства, палац, маёнтак зрабіць падобным на «вялікую сталіцу» — з аркестрамі, тэатрамі, баламі, феерверкамі.

…Да прыкладу. З блізкіх і далёкіх вёсак у Шклоў (тэатр графа С. Г. Зорыча) звозіліся дзеці прыгонных сялян, з якіх адбіралі найбольш таленавітых. Для іх пачыналася цяжкая праца  — вучоба. Архіўныя матэрыялы захавалі звесткі аб прыгоннай акцёрскай дынастыі Азарэвічаў. Асаблівым талентам балетнай актрысы вызначалася юная прыгажуня Пелагея Азарэвіч.

Пры ўсіх цяжкасцях, складанасцях прыгоннага жыцця артыстаў маладыя таленавітыя беларусы імкнуліся да вучобы, спазнавалі чароўны свет музыкі, танца, акцёрскай ігры. У выніку ў Беларусі закладваліся прафесійныя традыцыі ў галіне выканаўчага мастацтва і адукацыі. Асноўным асяродкам фарміравання гэтых адукацыйных традыцый былі менавіта прыгонныя тэатры. У іх рэпертуар, акрамя драматычных сцэн, актыўна ўваходзілі оперныя і балетныя творы італьянскіх, французскіх, рускіх кампазітараў. Са змяненнем зместу прадстаўленняў мяняліся і назвы саміх тэатраў. У большасці яны сталі музычна-драматычнымі, а былы рэлігійна-абрадавы кірунак саступаў месца вясёлым операм і забаўляльным інтэрмедыям. У  сувязі са зменай характару прадстаўленняў мянялася і методыка падрыхтоўкі музыкантаў і акцёраў. Ад акцёраў патрабавалася быць больш пластычнымі — умець не толькі перадаваць пачуцці, дэкламаваць, але і спяваць, танцаваць.

Такім чынам, падводзячы вынікі тэатральнай, а ў некаторых выпадках і музычнай адукацыі за амаль стагадовы перыяд дзейнасці прыгонных тэатраў, трэба адзначыць, што яны на беларускіх землях адыгралі важную ролю ў абуджэнні цікавасці людзей, асабліва моладзі, да мастацтва тэатра. З вучылішч і школ мастацтваў, што дзейнічалі пры прыгонных тэатрах, выйшла нямала таленавітых акцёраў, спевакоў, танцораў, музыкантаў, якія ў далейшым стваралі свае школы і напрамкі ў тэатральнай адукацыі Беларусі.

Максім СОХАР, рэжысёр, кандыдат мастацтвазнаўства. Працяг будзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.