Вы тут

Ці не замінае мода захаванню гістарычных аб'ектаў?


Культурныя каштоўнасці з'яўляюцца своеасаблівым гарантам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і самабытнасці. Даволі часта выбар аб'ектаў, якія могуць знаходзіцца пад аховай дзяржавы, можа залежаць ад сучаснай культурнай палітыкі і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Напрыклад, у савецкія часы асаблівая ўвага аддавалася захаванню спадчыны, якая звязана з рэвалюцыяй і Вялікай Айчыннай вайной. Памяць пра ваенныя падзеі і сёння ў прыярытэце, а таксама сучаснікі сталі больш гаварыць пра захаванне аб'ектаў канструктывізму, забудоў у стылі так званага сталінскага ампіру.


Пэўная мода можа ўплываць на грамадства. Так, у апошнія гады вышукваліся помнікі, звязаныя з падзеямі паўстання 1863 года, а калі сталі папулярнымі творы Пясецкага, рэзка павысілася цікаўнасць да міжваеннай архітэктуры. Таму працэс асэнсавання каштоўнасці спадчыны даволі дынамічны і ці не кожны год мае патрэбу ў пераглядзе.

Вельмі важна захаваць усё, каб аб'екты змаглі дажыць да таго часу, калі зменіцца стаўленне грамадства да іх. Напрыклад, сёння людзьмі можа кіраваць жаданне знішчыць усё савецкае, але ці не наступаем мы на адны і тыя ж граблі, ці не паўтараем памылак нашых папярэднікаў, якія ў пачатку мінулага стагоддзя ў сваім жаданні пабудаваць новы незалежны ад старога царскага рэжыму свет, знішчалі помнікі архітэктуры, літаратуры, мастацтва. «Трэба мінімум уздзеянняў непасрэдна на самі аб'екты, варта працаваць з ментальнасцю, каб людзі зразумелі ўніверсальнасць каштоўнасцяў, што кожны з перыядаў, у які яны ствараліся не добры і не дрэнны, гэта проста ілюстрацыя жыцця», — упэўнена Таццяна Іваніцкая з грамадскага аб'яднання «Гісторыка».

Сучаснікі сёння шмат падарожнічаюць па свеце і пасля таго, як яны бачаць той жа самы Парыж, Санкт-Пецярбург ці Венецыю, у іх закрадаецца сумненне, што за мяжой захавалася прыгажосць, а нашы сціплыя аб'екты — гэта і не каштоўнасць зусім. З гэтым комплексам непаўнавартасці, на думку Таццяны Іваніцкай, трэба змагацца, бо нашы аб'екты проста іншыя і наяўнасць пэўных рэгіянальных адметнасцяў — гэта нават лішні плюсік нашым помнікам архітэктуры ў параўнанні з універсальнымі заморскімі палацамі. Магчыма, большую ўвагу трэба аддаваць гэтым пытанням у школах і ва ўніверсітэтах.

Вельмі многае залежыць ад стаўлення да аб'ектаў на месцах. Часам помніку, які ўключаны ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, аддаецца менш увагі, чым нейкім рэгіянальным адметнасцям. Напрыклад, у Буда-Кашалёўскім раёне з дэфіцытам на гістарычныя аб'екты шмат увагі аддаецца могілкам, дзе захавалася літаральна з дзясятак надмагільных пліт ХІХ стагоддзя, хоць самі могілкі не адпавядаюць крытэрыям, па якіх могуць быць уключаны ў Дзяржспіс.

Часам мы лічым, што 5587 каштоўнасцяў, што сёння ўваходзяць у спіс, — гэта ўжо зашмат, але насамрэч нам пакуль яшчэ рана рабіць падобныя высновы. Напрыклад, у Літве ў сярэднім 3,5 км квадратных (ці 157 чалавек) прыходзіцца на адну гісторыка-культурную каштоўнасць. У Польшчы — адпаведна 5 кв. км (або 641 чалавек), у Расіі 141 кв. км (або 1212 чалавек). У Беларусі на адну каштоўнасць прыходзіцца 38 км, або 1737 чалавек, і гэта з улікам брацкіх магіл. Ці не гаворыць гэта пра тое, што яшчэ рана ставіць кропку ў Дзяржспісе?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: mytravel.by

Загаловак у газеце: Адкінем комплексы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.