Вы тут

Нам засталася спадчына. Вылучыць, асэнсаваць, захаваць!


У 1992 годзе ў Рэспубліцы Беларусь, адной з першых на постсавецкай прасторы, быў прыняты закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і менавіта з гэтага часу пачынаецца ўлік найбольш значных аб'ектаў, якія «распавядаюць» пра здабыткі нашага народа на розных гістарычных этапах. Калі ў 1993 годзе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічваў усяго толькі два аб'екты (урочышча Курапаты і будынак № 35 па вуліцы Маякоўскага ў горадзе Мінску), то ў пачатку 2020 года ён складаўся ўжо амаль з шасці тысяч аб'ектаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. І працэс працягваецца.


Пытанні, як захаваць гэта багацце для нашчадкаў, што з ім рабіць сёння і як папаўняць спіс новымі аб'ектамі, разглядаліся падчас канферэнцыі «Права на спадчыну і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: выклікі і рашэнні». Канферэнцыя сабрала больш за 50 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі, сярод якіх былі спецыялісты Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады, архітэктары-рэстаўратары, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, беларускіх і замежных універсітэтаў, работнікі музеяў і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і адмыслоўцы ў галіне захавання спадчыны.

Падчас дакладаў і дыскусій высветлілася, што ўсім ёсць што прапанаваць і запытаць у іншых удзельнікаў на наступныя год-паўтара. Напрыклад, адразу ж была агучана патрэба ў правядзенні семінараў або лекцый па працэдуры падрыхтоўкі прапаноў для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Больш даступная кансультацыйная падтрымка грамадзян, інфармацыйныя, метадычныя і адукацыйныя матэрыялы для непрафесіяналаў — уладальнікаў спадчыны і грамадзян — ствараюць фронт работ для асобных і сумесных намаганняў як Міністэрства культуры,так і профільных НДА.

Другім выклікам, які патрабуе адэкватнага і творчага адказу, асабліва з боку грамадскага, крэатыўнага і ІТ-сектараў, з'яўляецца распрацоўка інструментаў для ўдзелу грамадскасці: анлайн-платформаў «гарачых ліній» і развіцця практыкі грамадскіх слуханняў у цэлым.

І нарэшце, спецыялісты сышліся ў думцы, што важнай канкрэтнай задачай для ўдзелу грамадзян ва ўпраўленні спадчынай ужо на 2021 год павінна стаць падрыхтоўка даклада Беларусі аб ажыццяўленні Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Для гэтага маніторынгу спатрэбіцца ўцягванне грамадскіх арганізацый, актыўных грамадзян, экспертаў і іншых зацікаўленых бакоў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?