Вы тут

Раім паглядзець


Gastrofest. Vegan, Выстава «Доўгая дарога дамоў», На веласіпедзе — да Быкава і іншае — афіша «Звязды».


Другая хваля вялікага музычнага фестывалю

Дзе: vk.com

Калі: па 30 ліпеня

Колькі каштуе: бясплатна

Стартавала другая хваля вялікага музычнага анлайн-фестывалю — VELO_ve Music Fest 2.0. Новы сезон модных вечарынак падорыць гледачам яшчэ больш эмоцый і ўражанняў.

Як заўсёды, трансляцыі VELO_ve Music Fest 2.0 будуць праходзіць у нечаканых месцах Мінска і Беларусі, магчыма, арганізатары зазірнуць у госці і ў іншыя краіны. Музыка таксама будзе прадстаўлена на любы густ: ад хіп-хопу і драм-н-бэйсу да панк-року і тэхнаблюзу.

Сачыце за падзеямі па спасылцы.


Gastrofest. Vegan

Дзе: г. Мінск, gastrofest.by

Калі: 1–12 ліпеня

Колькі каштуе: 15 BYN

«Без мяса не смачна! Так скажуць тыя, хто не каштаваў веганскую ежу. Смачную, неадмысловую ў гатаванні і несумненна пажыўную» — кажуць арганізатары. Веганская ежа — гэта не спроба паўтарыць смак мясных або малочных прадуктаў, яна мае свой — насычаны і непаўторны. Веганскі рух у Беларусі яшчэ толькі набірае папулярнасць, аднак ужо чвэрць насельніцтва адмовіліся ад прадуктаў жывёльнага паходжання назаўжды.

З 1 па 12 ліпеня ў Мінску пройдзе Gastrofest.Vegan. Установы-ўдзельнікі будуць знаёміць усіх жадаючых з веганскай кухняй і новымі смакамі, а таксама распавядаць пра асаблівасці страў.

Акрамя гэтага, 5 ліпеня на стрыт-пляцоўцы «Пясочніца» пройдзе шэраг лекцый ад знаўцаў веганскай тэматыкі. У канцы ўсіх чакае майстар-клас ад партнёра праекта «Гродфуд» па гатаванні веганскіх страў, а таксама прэзентацыя вегетарыянскіх паштэтаў, лінейка якіх настолькі вялікая, што абсалютна кожны зможа знайсці свой смак.

Установы, якія ўдзельнічаюць у фэсце, можна паглядзець у Інстаграм.


Выстава «Доўгая дарога дамоў»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, Някрасава, 3

Калі: па 2 жніўня, 12:00–20:00

Колькі каштуе: 5 BYN/2 BYN

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь запрашае на выставачны праект «Доўгая дарога дамоў» аўтаркі Машы Мароз.

«Энергію нельга стварыць або знішчыць, яе можна толькі трансфармаваць або накіраваць у іншае рэчышча».

Праект з’яўляецца даследваннем уплыву сацыяльных і ідэалагічных нормаў сучаснай Беларусі на спадчыну традыцыйнай культуры і калектыўную памяць.

У праекце, які ўяўляе сабой інсталяцыю з аб’ектаў, лічбавую графіку і відэа, спалучаюцца культурныя коды розных эпох. Штучна створаная прастора пераносіць гледача ў бясчассе, прыватнае і публічнае губляе яскравыя межы, асабістае перажыванне заключанасці між двух «вымярэнняў», якія існуюць паралельна, робіцца часткай спробы трансфармацыі архаіка-міфалагічнага хвалявання ў тэрапеўтычны сеанс.

Адмысловая форма эстэтызацыі прасторы з захаваннем агульнай арнаментальнай ідэнтычнасці ўбранства інтэр’ера палескай хаты прызваная ўздзейнічаць на таго, хто «ўваходзіць» унутр. «Паверхні» прадметаў, за якімі самі рэчы робяцца не проста незаўважнымі, але, магчыма, знікаюць назаўжды, адасабляюць не толькі межы аб’ектаў ад паветра, але прыроду з’яваў ад іх вонкавага праяўлення.

Якое месца займае матэрыяльны і духоўны досвед мінулых пакаленняў на карце грамадзянскай супольнасці? Ці магчыма існаванне традыцыйнай культуры сёння ў нязменнай форме? Ці ёсць канал трансляцыі інфармацыі, які здольны гучаць у рэзанансе з калектыўнай свядомасцю?

Выстава праводзіцца ў рамках праграмы НЦСМ па падтрымцы маладых мастакоў і куратараў.

ncsm.by


Ранішняя ёга ля возера

Дзе: Востраў Камсамольскага возера, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 44

Калі: па 30 жніўня

Колькі каштуе: free donation

Кожную суботу і нядзелю лета вы можаце сустракацца ў 9:00 на драўляным насціле на Камсамольскім возеры за Палацам Моладзі. Заняткі падыходзяць для любога ўзроўню падрыхтоўкі. Галоўнае — ваша жаданне сустрэць суботнюю раніцу разам з усімі ў адзіным струмені.

Калі ў вас няма свайго дыванка — замоўце яго ў арганізатараў і яны яго прынясуць на занятак.

Зарадзіўшыся энергіяй Сонца, вы зможаце накіраваць яе на здзяйсненне сваіх планаў і жаданняў.

Тэл. +375 (29) 680-97-77, Viber + 375-29-680-97-77

facebook.com


Купальскія ўікэнды ў Суле

Дзе: в. Сула, parksula.by

Калі: 4 ліпеня, 12:00

Колькі каштуе: дарослы — 12 BYN, школьнікі — 6 BYN, дашкольнікі — бясплатна

Купальскія ўікэнды ў Суле — гэта падзеі выхаднога дня, дзе кожны ўдзельнік зможа знайсці сабе занятак па душы і пагрузіцца ў атмасферу традыцыйнага славянскага свята. Традыцыйныя гульні, спаборніцтвы і забавы, дзе кожны зможа памерацца сілай і спрытам; разнастайныя анімацыйныя пункты, якія знаёмяць з рознымі бакамі самага вясёлага летняга свята; смачныя стравы беларускай і літвінскай кухні, якія не пакідаюць абыякавым нікога.

Прайшоўшы праз Купальскі партал, госці патрапяць у загадкавы свет паданняў і легенд! Купальскія традыцыі: ачышчэнне агнём і вадой, гульні і танцы, выпрабаванні сілы і спрыту даступныя ўсім — і дзецям, і дарослым! Для самых маленькіх удзельнікаў будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для прыгожага адпачынку:

  • рухомыя гульні; дзіцячая пляцоўка, стасункі з гадаванцамі Сулы, купальскія карагоды;
  • сустрэча з персанажамі беларускай міфалогіі на інтэрактыўных пляцоўках
  • і многае іншае.

Дарослых гэтак жа чакаюць купальскія выпрабаванні, гульні і карагоды! Якое ж Купалле без варажбы, нагаворных зелляў і абярэгаў! Аматараў танцаў пацешаць майстар-класы па сярэднявечных танцах. Абавязкова развучыце іх з аніматарамі — здзівіце родных і блізкіх! Усіх жадаючых чакаюць майстар-класы па традыцыйных рамёствах і пляценні Купальскіх вянкоў. Зразумела, з далейшым запускам іх па рацэ Сула!

Апагеем ўікэнда стане распальванне святочнага вогнішча і, вядома ж, скокі праз агонь!

Дадатковую інфармацыю можна даведацца па тэлефонах:

  • + 375-(29)-613-77-01
  • + 375-(33)-615-77-01

parksula.by


Віртуальная выстава «Дарога... Караль Вайтыла / Ян Павел ІІ — у польскім тэатральным і памятным плакаце»

Дзе: instytutpolski.pl

Калі: па 10 чэрвеня

Колькі каштуе: бясплатна

З нагоды 100-й гадавіны з дня нараджэння Яна Паўла II Польскі Інстытут у Мінску разам з Галерэяй плаката ў Кракаве запрашае вас да знаёмства з віртуальнай выставай плаката пад назвай «Дарога... Караль Вайтыла / Ян Павел ІІ — у польскім тэатральным і памятным плакаце», прысвечанай літаратурнай творчасці Караля Вайтылы — Яна Паўла ІІ. Выстава таксама дапоўненая плакатамі, прысвечанымі падзеям часоў пантыфікату папы і яго пастырскай дзейнасці. Выстава прадстаўляе працы самых выбітных мастакоў, прадстаўнікоў польскай школы плаката, для якіх тытульная «дарога Яна Паўла II» стала творчым натхненнем.

Выставу «ДАРОГА... Караль Вайтыла / Ян Павел ІІ — у польскім тэатральным і памятным плакаце» складаюць выбраныя плакаты з аб’ёмнай калекцыі прац, звязаных з Вялікім Палякам. Калекцыя Кшыштафа Дыда налічвае іх больш за сто. У асноўным гэта мастацкія працы, выкананыя найлепшымі польскімі плакацістамі, створаныя да кіна- ці тэатральных падзей. Ёсць таксама інфармацыйныя плакаты, звязаныя з публікацыямі, разнастайнымі сустрэчамі і мерапрыемствамі.

Падборка плакатаў да гэтай выставы адлюстроўвае прадстаўленыя прапорцыі. Плакаты паходзяць з перыяду 1979–2011 гг. Найстарэйшы з іх створаны Вальдэмарам Свежым да фільма пра Святога Айца Яна Паўла ІІ «Пілігрым». Наступны пасля яго плакат Мечыслава Гуроўскага да прэм’еры спектакля Караля Вайтылы «Брат нашага Бога».

Нельга забываць пра тое, што Ян Павел ІІ (Караль Вайтыла) у часы сваёй маладосці быў чалавекам тэатра. Пяць яго п’ес мелі ў Польшчы больш за 30 пастановак на прафесійных сцэнах. Плакаты да іх стваралі найлепшыя польскія мастакі-плакацісты. Побач са згаданымі раней — Францішак Старавейскі, Ян Ярамір Алексюн, Гжэгаж Маршалак, Лех Маеўскі, Анджэй Пангоўскі. Адна з пастановак «Брат нашага Бога» была перанесена на экран Кшыштафам Занусі. Плакат да фільма стварыў Марэк Паўлоўскі.
Іншы від прадстаўленых плакатаў звязаны з падарожжамі Яна Паўла ІІ. Тут трэба згадаць такіх мастакоў як Міхал Клісь, Веслаў Гжэгорчык, Войцех Коркуць.

Прадстаўленыя плакаты ўжо ўдзельнічалі ў выставах у Польшчы і за мяжой, у тым ліку ў Швецыі, Харватыі і Германіі. Найбуйнейшая выстава адбылася ў 2013 года ў Мысляніцах (Польшча). Плакат да яе стварыў Себасцьян Кубіца. Плакат да прэзентаванай выставы стварыла прадстаўніца маладога пакалення Патрыцыя Лангава.

Прэзентацыя калекцыі плаката магчыма дзякуючы дапамозе і ўдзелу галерэі «Кшыштаф Дыда. Галерэя плаката ў Кракаве». Галерэя была створана ў 1985 годзе Кшыштафам Дыдам; з 1994 года дзейнічае як прыватная галерэя, уласнікамі якой з’яўляюцца Кшыштаф Дыда і Эва Пабіс. Гэта адзіная ў Польшчы галерэя, якая спецыялізуецца выключна на прамоцыі і продажы польскага плаката, месца сустрэчы як мастакоў, так і ўсіх тых, хто цікавіцца польскім мастацкім плакатам. Акрамя падрыхтоўкі выстаў, плакатаў і паштовак з рэпрадукцыямі плакатаў, галерэя ўдзельнічае ў арганізацыі і праводзіць свае тэматычныя конкурсы плаката.

Польскі Інстытут у Мінску ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. У сувязі з гэтым вы можаце сачыць за інфармацыяй і падзеямі на сайце і старонках у сацыяльных сетках:


На веласіпедзе — да Быкава: велаэкскурсія «3 ліпеня — на дачу да франтавіка!»

Дзе: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 93

Калі: 3 ліпеня, 10:00

Колькі каштуе: 39 BYN

 

У дзень вызвалення Мінска вы можаце пракаціцца на веласіпедах у музей-дачу Васіля Быкава, падыхаць брызам Мінскага мора і паблукаць па абшары старажытнага Заслаўя!

Для першай пост-апакаліптычнай пакатушкі арганізатары выбралі гэты загарадны маршрут, бо ён дазваляе пазбегнуць выкарыстання грамадскага транспарту, пралягае, збольшага, па малалюдных дарогах і зялёных зонах, і амаль не прадугледжвае ўваходу ў закрытыя памяшканні.

Адно выключэнне — вельмі цікавая і атмасферная музей-дача Быкава, дзе экскурсавод і вы — апранеце ненадоўга маскі для агляду дачнага дома легендарнага пісьменніка.

У мэтах бяспекі колькасць чалавек у групе строга абмежавана: 6 удзельнікаў + гід. Так нікому не будзе цесна, і вы зможаце трымаць неабходную дыстанцыю ў розных сітуацыях.

У кошт уваходзіць:

  • экскурсійнае суправаджэнне прафесійнага велагіда на ўсім маршруце;
  • уваходны квіток і экскурсія па музеі-дачы Быкава;
  • 1 аднаразовая маска для ўваходу ў музей (апрануць маску трэба будзе абавязкова).

Пры неабходнасці, веласіпед можна ўзяць на пракат на месцы сустрэчы: пр-т Пераможцаў, 93 («Драйв-спорт») са зніжкай 20 % для ўдзельнікаў экскурсіі.

Усе ўдзельнікі перад пачаткам вандроўкі не павінны мець аніякіх сімптомаў прастудных захворванняў (у выпадку наяўнасці сімптомаў экскурсавод захоўвае права адмовіць экскурсанту ва ўдзеле ў экскурсіі), а таксама ўсе ўдзельнікі абавязуюцца прытрымлівацца правіла трох метраў сацыяльнай дыстанцыі адзін з адным.

Працягласць экскурсіі — 10 гадзін. Для ўдзелу — дастаткова ўмення ўпэўнена катацца на ровары, асаблівай фізічнай падрыхтоўкі не патрабуецца. У маршруце прадугледжаны шматлікія прыпынкі і адпачынак у маляўнічых мясцінах.

Кантакты для запісу ў групу:


Выстава «Нальшанскія сустрэчы» анлайн

Дзе: facebook.comvk.com

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Музей «Лошыцкая сядзіба» працягвае ў анлайн-фармаце выстаўку «Нальшанскія сустрэчы». У суполках музея ў Facebook і «ВКонтакте» Вы зможаце ўбачыць 55 жывапісных і графічных твораў, а таксама прайсці анлайн-квэст.

Выстава «Нальшанскія сустрэчы» — расповед мастакоў, удзельнікаў пленэру, якія летам 2019 года сабраліся ля старога млына на аграсядзібе «Вялес» на стромкіх берагах Віліі. Да мастакоў далучыліся беларускія паэты і барды.

Сярод аўтараў «Нальшанскіх сустрэч» заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Барабанцаў і Віктар Нямцоў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алесь Суша, вядомыя мастакі мінскага краю: Анатоль Бяляўскі, Віктар Мікіта, Галіна Беганская, Кастусь Качан, Таццяна Ласка і Эдуард Мацюшонак.

Нальшанскі край надзвычай шырока раскрыўся ў творчасці мастакоў — удзельнікаў выстаўкі. Віктар Мікіта ўвасобіў у творах міфы і легенды краю, прысвяціў шэраг прац вяскоўцам, а Віктар Барабанцаў стварыў партрэт Вацлава Гражуля, цяпер адзінага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які жыве ў Жодзішках. Анатоль Бяляўскі засяродзіў увагу на дрэвах-волатах Нальшанскга краю. Кастусь Качан паказаў прыгажосць і лірызм беларускай прыроды, Таццяна Ласка і Галіна Бяганская замілаваліся пейзажамі, а Эдуард Мацюшонак прысвяціў сваё працы старадаўнім мястэчкам паўночна-заходняй Беларусі.

У межах выстаўкі працуе анлайн-квэст, у межах якога трэба адказаць на 9 пытанняў. Пераможцы квэсту змогуць атрымаць падзяку ад самога Яўстафія Любанскага.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.