Вы тут

Адзінаццаты раз на беразе Дняпра пройдзе рэспубліканскі фестываль «Купалле»


Адзінаццаты раз на беразе Дняпра пройдзе рэспубліканскі фестываль «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») — брэндавае не толькі для Магілёўшчыны, але і для ўсёй краіны свята. А напярэдадні арганізатары расказалі пра сёлетнія цікавінкі ў праграме, захады для бяспекі гасцей і ўдзельнікаў і прэзентацыю новага турыстычнага маршруту.


Фота: minsknews.by

Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі, распрацаваная сумесна з Міністэрствам культуры творчая канцэпцыя свята абяцае быць цікавай. Пераканацца ў гэтым можна будзе на ўласныя вочы 11-12 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. «Разумеючы пэўныя засцярогі гасцей і ўлічваючы эпідэміялагічную абстаноўку, аблвыканкам зрабіў пэўныя захады: павялічыцца колькасць гандлёвых пляцовак, што дазволіць павялічыць дыстанцыю паміж наведвальнікамі, будзе арганізаваны медыцынскі пост для вымярэння тэмпературы ўсім, хто прыходзіць на фестываль, таксама наладжана інфармацыйная работа па давядзенні рэкамендацый медыкаў аб тым, калі лепш устрымацца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах, каб паберагчы адно аднаго», — расказаў ён. Дарэчы, нягледзячы на складанасці з перасячэннем граніц, арганізатары атрымалі пацвярджэнні ўдзелу ў фэсце народных майстроў з Украіны, Расіі і Літвы. Але найбольшую стаўку, безумоўна, робяць на айчынных майстроў, рамеснікаў, творчыя калектывы і, канешне, сваіх беларускіх гледачоў — гасцей з розных рэгіёнаў нашай краіны.

У першы дзень свята, 11 ліпеня, гасцей чакаюць на тэматычных пляцоўках свята: выстаўцы «Зроблена ў Беларусі», «Александрыйскім кірмашы» з гандлёвымі радамі, на «Каравайнай сялібе» з хлебам і квасам і салодкай пляцоўцы «Лёва з Магілёва», дзе можна будзе пакаштаваць фірмовае магілёўскае марожанае, на свяце народнага касцюма, на маладзёжнай пляцоўцы з выстаўкай — прэзентацыяй побыту ад ХІХ да ХХІ стагоддзя «Калідор эпох», на атракцыёнах і інтэрактыўных гульнях «Кірмашовыя забавы» і «Свята цырка»... Асобным пунктам у праграме стаіць «Свята кнігі» — своеасаблівая рэпетыцыя Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе на Магілёўшчыне, у Бялынічах.

Кульмінацыяй фэсту стане гала-канцэрт «Мая Александрыя» — не проста музычная праграма, а адмысловае тэатралізаванае шоу, усе элементы якога рэжысёры свята аб'ядналі вакол абярэга — птушкі, што ахінае сваімі крыламі свята. Лейтматывам гала-канцэрта, адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Мінкультуры Беларусі Ірына Дрыга, будзе падвядзенне вынікаў трохгоддзя малой радзімы, якую па-свойму раскрыюць у асобных творчых эпізодах народныя артысты Беларусі Уладзімір Гасцюхін і Анатоль Ярмоленка, народная артыстка Украіны Ірына Білык, заслужаны артыст РФ Дзяніс Майданаў, ансамбль «Беларускія песняры», заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алена Ланская, гурты «Аўра», «Чысты голас» і многія іншыя папулярныя артысты. Завершыцца праграма прэм'ерай песні «Мая Александрыя» і ўлюбёным публікай феерверкам.

У другі дзень фэсту, 12 ліпеня, пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны,
працягнецца «Свята цырка», а на канцэртных пляцоўках выступяць ансамбль песні і танца «Медуніца» і БДА «Песняры».

Дарэчы, сёлета быў распрацаваны новы турыстычны маршрут «Купальскае кола». Яго ўдзельнікі змогуць наведаць Шклоў і Александрыю, пабываць у сучасных садавінасховішчах і на кірмашы народных майстроў, паўдзельнічаць у свяце і нават атрымаць майстар-клас па пляценні купальскіх вянкоў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Купальскія вянкі на Дняпры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».