Вы тут

Кавалкі паўвострава. ​Чаму абвастрылася супрацьстаянне КНДР і Паўднёвай Карэі?


Днямі споўнілася 70 гадоў з пачатку карэйскага ваеннага канфлікту. Вайна паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй доўжылася з 25 чэрвеня 1950-га да 27 ліпеня 1953-га. Пхеньяну дапамагалі СССР і Кітай, на баку Сеула ў вайне ўдзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія і іншыя краіны пад сцягам ААН. Карэйская вайна стала адным з самых кровапралітных узброеных канфліктаў ХХ стагоддзя. Паводле розных звестак, колькасць загінулых там склала ад 3 да 5 мільёнаў чалавек, пры гэтым большасць ахвяр — цывільнае насельніцтва. Вайна «выкасіла» каля чвэрці жыхароў Поўначы, перш за ўсё — за кошт удараў амерыканскай авіяцыі, якая, апроч іншага, выкарыстоўвала боепрыпасы з напалмам. У вайне ўдзельнічала каля 1,7 мільёна вайскоўцаў з ЗША, з іх звыш 33,6 тысячы чалавек было забіта, яшчэ амаль 8 тысяч дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Вайна скончылася перамір'ем у 1953-м, якое дзейнічае да нашых дзён. Між тым мірны дагавор дасюль не падпісаны, і час ад часу паміж краінамі ўзнікае жорсткае супрацьстаянне, за якім напружана сочыць увесь свет. Сёлетні чэрвень — не выключэнне. Чаму зноў абвастрыліся адносіны паміж Поўначчу і Поўднем і да чаго гэта можа прывесці?


Вогненны «меседж»

На мінулым тыдні паўночнакарэйскія ваенныя ўзарвалі вузел сувязі ў горадзе Кэсон, які выкарыстоўваўся для перагавораў з Паўднёвай Карэяй. Хоць будынак размешчаны на тэрыторыі КНДР і там не працавалі прадстаўнікі Сеула, гэты жэст даволі сімвалічны. Кэсон, размешчаны за 50 кіламетраў ад паўднёвакарэйскай граніцы, заўсёды лічыўся адным з асноўных плацдармаў для прасоўвання паўночна-карэйскіх вайскоўцаў на Поўдзень у выпадку сур'ёзнага канфлікту. У пачатку 2000-х на адной з яго ўскраін размяшчаліся шэраг пяхотных дывізій і артылерыйская брыгада. Аднак пазней горад стаў сімвалам прымірэння дзвюх краін Карэйскага паўвострава — у сярэдзіне 2000-х тут быў узведзены вялізны прамысловы комплекс, на якім сумесна працавалі кампаніі Поўначы і Поўдня. Нядзіўна, што менавіта тут у 2018 годзе ўслед за пачатым з падачы паўднёвакарэйскага лідара Мун Чжэ Іна прымірэннем бакоў з'явіўся і офіс сувязі Сеула і Пхеньяна.

Сёлета ў чэрвені стала вядома, што Пхеньян перакрывае ўсе ўрадавыя і вайсковыя каналы сувязі з Паўднёвай Карэяй і можа адмовіцца ад двухбаковых мірных пагадненняў, дасягнутых падчас трох сустрэч старшыні КНДР і прэзідэнта Паўднёвай Карэі, што адбыліся ў 2018-м. Вузел сувязі і так быў закрыты з канца студзеня з-за пандэміі COVІD-19. Будынак быў пабудаваны на сродкі, выдзеленыя Сеулам. Ён стаў першым падобным пунктам сувязі паміж дзвюма краінамі з моманту падзелу паўвострава ў 1945 годзе і лічыўся сімвалам палітыкі ўзаемадзеяння.

Яго разбурэнне адбылося пасля даволі рэзкіх заяў першага намесніка загадчыка аддзела ЦК Працоўнай партыі Карэі (ППК) Кім Ё Чжон, малодшай сястры Кім Чэн Ына. 13 чэрвеня яна заявіла, што Пхеньян зробіць наступны крок у дачыненні да Паўднёвай Карэі за яе здраду і злачынства супраць камуністычнага рэжыму. Кім Ё Чжон таксама дадала, што войскам краіны даручана планаваць і прымаць любыя неабходныя ў гэтым кірунку дзеянні. «Я адчуваю, што настаў час парваць з уладамі Паўднёвай Карэі», — сказала Кім Ё Чжон.

Ляснуць дзвярыма

Нягледзячы на тое што сітуацыя з распаўсюджваннем антыўрадавых улётак, несумненна, выклікае раздражненне ў Пхеньяна, прычына, па якой КНДР пачала абвастраць адносіны з Сеулам, заключаецца не толькі ў гэтым, адзначыў gazeta.ru старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра азіяцка-ціхаакіянскіх даследаванняў Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Алег Давыдаў. «Паўночнакарэйцы ўжо даўно не задаволены станам спраў у міжкарэйскіх адносінах. Як вядома, у адпаведнасці з дэкларацыямі, якія былі прынятыя Паўночнай і Паўднёвай Карэяй у 2018 годзе на вышэйшым узроўні, бакі дамовіліся аб шырокім развіцці міжкарэйскага супрацоўніцтва — гэта аднаўленне чыгункі і аўтамабільных дарог у КНДР, стварэнне сумесных эканамічных зон, тэхнапаркаў, турызм», — адзначае эксперт.

Гаворка ідзе ў першую чаргу пра Кэсонскі прамысловы парк і Кымгансанскую турыстычную зону. Кэсонскі прамысловы парк даваў работу прыблізна 50 тысячам грамадзян КНДР і ў той жа час дапамагаў існаваць сотням дробных і сярэдніх паўднёвакарэйскіх прадпрыемстваў. Кымгансанская турыстычная зона была адкрыта для грамадзян Паўднёвай Карэі на працягу дзесяці гадоў — з 1998-га да 2008-га. За гэты час яе паспелі наведаць амаль два мільёны паўднёвакарэйцаў, што давала ўраду КНДР дадатковую крыніцу даходаў. Аднак, па сутнасці, гэтыя пагадненні так і не прынеслі Пхеньяну чаканай аддачы.

Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідарам, які выйшаў на двухбаковы саміт з прэзідэнтам ЗША. Ён адбыўся ў 2018-м у Сінгапуры, і тады, сапраўды, здавалася, што замарожаны дыялог зрушваецца з мёртвага пункту. Аднак другая сустрэча Кіма і Трампа ў 2019-м практычна абнуліла дыпламатычныя намаганні КНДР. І хоць да гэтага саміту ў Ханоі ўжо быў падрыхтаваны тэкст дэкларацыі, які паводле задумы павінен быў пакласці пачатак доўгаму працэсу дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава, лідары дзвюх краін не дамовіліся. Трамп тады сцвярджаў, што Пхеньян паставіў умову поўнага зняцця амерыканскіх санкцый у абмен на дэмантаж ядзернага аб'екта ў Ёнбене. ЗША на такі крок не пайшлі. Па сутнасці, пасля гэтага дыялог па лініі Пхеньян — Вашынгтон практычна цалкам спыніўся. Усе міжнародныя памкненні Кіма зайшлі ў тупік: пагадненні з Паўднёвай Карэяй аддачы так і не прынеслі, перагаворы з ЗША па ядзернай праблеме праваліліся, Паўночная Карэя працягвае жыць ва ўмовах маштабных санкцый.

Як заўважыў сайту gazeta.ru кіраўнік Цэнтра карэйскіх даследаванняў Інстытута Далёкага Усходу РАН Аляксандр Жэбін, Сеул у якасці жэста добрай волі мог бы адмяніць свае аднабаковыя санкцыі, накладзеныя на Пхеньян. «Але націск старэйшага саюзніка (ЗША. — Аўт.), мабыць, не дазваляе ім гэтага зрабіць», — адзначыў эксперт.

«Такая сітуацыя фактычна перашкодзіла рэалізацыі міжкарэйскіх праектаў. Паўночнакарэйцы, падобна, прыйшлі да пераканання, што адносіны з Паўднёвай Карэяй не прыносяць ніякага выніку, перш за ўсё ў плане вырашэння надзённых эканамічных і фінансавых праблем КНДР. У гэтых умовах яны, магчыма, палічылі за лепшае гучна ляснуць дзвярыма», — заўважыў Алег Давыдаў.

Вайна «ў запас»

Тым часам днямі здарылася нечаканае — Кім Чэн Ын адклаў падрыхтаваны генштабам КНДР план вайны супраць Паўднёвай Карэі. Пхеньян вырашыў пакуль не абвастраць адносін з Сеулам. Прынамсі, прадстаўлены генштабам план ваенных дзеянняў супраць Поўдня вырашылі адкласці, вынікае з паведамлення Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК). Пасяджэнне праходзіла пад старшынствам лідара КНДР Кім Чэн Ына. Чым выклікана падобнае рашэнне кіраўніка Паўночнай Карэі, невядома.

Акрамя таго, паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap паведаміла, што Пхеньян дэманціраваў каля дзесяці гучнагаварыцеляў уздоўж дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай для перадачы прапагандысцкіх матэрыялаў. Такая непаслядоўнасць у дзеяннях паўночнакарэйскага кіраўніцтва ўсё ж выклікае пытанні ў назіральнікаў, бо паўторная ўстаноўка гукатранслюючай апаратуры (якая, дарэчы, раней была дэманціраваная па дамоўленасцях Сеула і Пхеньяна), мяркуючы па паведамленнях паўночнакарэйскіх СМІ, пачалася за пару дзён да гэтага. У выніку паўвостраў па-ранейшаму застаецца рэгіянальным і агульнасусветным ачагом напружанасці, і ўніверсальнага рэцэпта для зняцця гэтай напружанасці цяпер, здаецца, няма ні ў кога.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.