Вы тут

Як выжываюць у крызіс кінатэатры ў рэгіёнах?


Праз пандэмію новага каранавіруса сёлета змяніліся многія сферы жыцця, і не ў апошнюю чаргу культурная. Ва ўсім свеце музеі і тэатры, фестывалі і канцэртныя залы вымушаныя былі часова прыпыніць сваю дзейнасць альбо пераходзіць у анлайн-фармат. Тое самае адбываецца і ў Беларусі. У сталіцы, напрыклад, раней часу скончыў сезон Белдзяржцырк, абмежавалі час работы музеі, а ў красавіку зачыніліся практычна ўсе кінатэатры, за выключэннем шматзальнай «Беларусі». Па-рознаму з гэтай сітуацыяй справіліся ў рэгіёнах — дзе, як у Брэсце, змянілі графік работы, дзе, як у Гродне, адкрылі аўтакінатэатр і летнія пляцоўкі на свежым паветры, дзе прынялі захады па рассадцы гледачоў, каб не зачыняцца і не сыходзіць у «мінус»…


— Усе мы ў адной лодцы, і дзяржаўныя ўстановы, і прыватнікі, — сустракае нас у фае амаль што цёзкі, баранавіцкага кінатэатра «Звезда», упраўляючы Уладзімір Боўфалік. — Сусветныя кінапрэм'еры адклаліся на нявызначаны тэрмін, правы на пракат многіх фільмаў скончыліся, выкручваемся як можам.

Будынак «Звезды» старэйшы за сам кінатэатр амаль на паўстагоддзя: ён узведзены ў 1957-м (а кінатэатр адкрыты ў 2006-м), і гэты каларыт мінулага, натуральна, адразу бачыш звонку. Тым больш нечакана зазірнуць у тры цалкам сучасныя кіназалы, дзіцячы гульнявы лабірынт, буфет, дзе навідавоку стаіць сродак для дэзынфекцыі рук, а бармены працуюць у масках і пальчатках.

«Так, мы зрабілі пэўныя захады для бяспекі супрацоўнікаў і наведвальнікаў, — ловіць мой позірк упраўляючы, — паўсюль, дзе можна, праводзім дэзынфекцыю, вызначылі максімальную колькасць гледачоў не больш чым 25 % ад напаўняльнасці залы. Але не зачыняліся ні на адзін дзень, і на сёння я ўпэўнены, што выбралі правільны шлях. Я бачу гэта нават па рэакцыі 38 тысяч удзельнікаў нашай суполкі «ВКонтакте»: некаторыя адмовіліся ад наведвання публічных месцаў, але многія працягвалі хадзіць, цікавіліся рэпертуарам, акцыямі. Канешне, тут паўстала галоўная праблема, што не было фільмаў, але яна датычылася ўсяго свету — калі абвешчаныя рэлізы пераносяцца і прэм'еры адкладваюцца, што тут зробіш, акрамя таго што будзеш чакаць? Мы выйшлі з сітуацыі дзякуючы старым фільмам, перабіраць не выпадала: выбіралі з таго, што маглі ўзяць у абласным кінапракаце — там засталося каля 40 фільмаў, тэрмін правоў на паказ якіх яшчэ не скончыўся, альбо ў расійскіх дыстрыб'ютараў, якія не сышлі ў спячку».

Самы цяжкі і «пусты», кажа ўпраўляючы, быў май, калі на сеансы прыходзілі лічаныя гледачы. «Але мы загадзя рыхтаваліся, разумелі, што два-тры месяцы нічога добрага не будзе і трэба проста перацярпець. На тое, як я сябе паводжу, глядзяць усе — ад дырэктара да прыбіральшчыц: ці панікую я, ці захоўваю спакой. Калі б зачыніліся, то ў вымушаным адпачынку разам з дзяўчатамі-дэкрэтніцамі аказалася б каля 70 чалавек. А так 8 ці 9 чалавек, скажам, з бараў сышлі працаваць па спецыяльнасці, і мяне гэта ў прынцыпе радуе».

Цікавімся, што карыстаецца найбольшым попытам у кінаманаў Баранавіч — мо, камедыі, якія дазваляюць адпачыць ад тэмы пандэміі? «А вось і не, — усміхаецца дырэктар «Звезды» Ягор Мяцеў, — фільмы жахаў, і толькі потым камедыі».

Каб крыху разварушыць публіку, уключылі ў рэпертуар некалькі адносна новых фільмаў і кінахітоў ад Дыснея, Unіversal Pіctures ды іншых вядучых кінакампаній. А ў пачатку чэрвеня прыдумалі акцыю «Выберы першым»: кожны ахвотны, хто першым збірае кампанію сяброў і набывае мінімум пяць білетаў, можа выбраць са спісу кінастужак і мультфільмаў 6+, што жадае паглядзець сёння ўвечары, а астатнія гледачы могуць альбо пагадзіцца з выбарам і далучыцца да прагляду, альбо выбраць першымі свой любімы фільм у наступны дзень. Яшчэ адна ідэя, якая пайшла на «ўра», — «Дамашні кінатэатр», у якім можна арандаваць залу на дзве гадзіны і больш, каб паглядзець на вялікім экране свае любімыя фільмы (у тым ліку па інтэрнэт-падпісцы), відэазапісы альбо фота.

— Прыходзілі нават удваіх, каб перагледзець, напрыклад, кадры 20-гадовай даўніны з уласнага вяселля, — дзеліцца Уладзімір Боўфалік. — І тут справа не ў тым, што ў людзей няма дома тэлевізара ці камп'ютара з вялікім маніторам, а ў тым, каб змяніць абстаноўку, збегчы ад мітусні і пабыць сам-насам з каханым чалавекам або сябрамі. Хоць і сучасны экран, і якасны гук, безумоўна, таксама маюць значэнне.

— Да таго ж за спінай ніхто не шамаціць абгорткамі ад чыпсаў, — як глядач вар'яцею ад такіх непажаданых «спецэфектаў»...

— А ў нас такога і няма, — запэўнівае дырэктар «Звезды». — Мы забаранілі ўваход у кіназалы з пакетамі, якія шамацяць, — чыпсы прадаём толькі ў куфэрках ад папкорну. Спачатку многія былі супраць, а потым прызвычаіліся і нават дзякуюць.

— Паўсюдна змяняецца сама бізнес-мадэль кінатэатра, — разважае Уладзімір Боўфалік. — Асабліва гэта відаць у нас, на перыферыі. Калі ў Мінску і вялікі выбар залаў, і хутчэйшы рытм самога гарадскога жыцця, то ў нас такога няма, і людзей трэба наноў прывучаць хадзіць у кіно. Калі мы толькі адкрыліся, то сумесна з гарадскімі ўладамі забаранілі на час першых паказаў продаж касет і дыскаў з тымі фільмамі, якія ішлі ў гарадскіх кінатэатрах, і яшчэ каля года самі даціравалі, ладзілі нават бясплатныя паказы, каб проста прывучыць людзей з дому глядзець кіно. Многа робім бясплатных сеансаў, якія прыцягваюць пажылых людзей, дый мне самому цікава, як будзе змяняцца аўдыторыя. Гэта як у сацсетках: трэба знайсці «сваіх» людзей, з якімі будзе цікава стасавацца, і прапаноўваць розны кантэнт. Адзін з эксперыментаў, які таксама хачу здзейсніць, — «сеанс-сюрпрыз»: білет будзе каштаваць усяго адзін рубель, але вы не ведаеце, які фільм будзеце глядзець, — беларускае кіно, ці дакументальнае, а мо, рэтрафільм... А ў перспектыве, мяркую, кінатэатр павінен ператварыцца ў цэнтр, дзе будуць праходзіць самыя розныя мерапрыемствы, у тым ліку бясплатныя, творчыя сустрэчы для шырокай публікі, ад дзетак да дзядоў.

— Дарэчы, ці запатрабавана ў вас беларускае кіно?

— Бяром яго, але, на жаль, глядзяць не вельмі актыўна. І тут мы зноў вяртаемся да таго, што трэба арыентавацца на публіку: калі ёсць запыт на старыя фільмы, ці канцэрты, ці айчыннае кіно, ці на фільмы на замежных мовах (польскай, нямецкай, англійскай, французскай — моладзь часта так вучыць мову) — яго трэба даваць. Таму беларускую навінку «Авантуры Пранціша Вырвіча», калі яе нарэшце выпусцяць у пракат, абавязкова пакажам.

— Якія фільмы, на ваш погляд, варта паглядзець альбо перагледзець гэтым летам?

— Ва ўсіх розныя густы, таму параіць нешта адно немагчыма. За нас магу сказаць, што фільм «Джэнтльмены», які мы, дарэчы, паказалі першыя ў вобласці, «працаваў» амаль тры месяцы — вельмі якасная, добра знятая і сыграная стужка. Наогул, варта часцей хадзіць у кіно і глядзець розныя фільмы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Баранавічы — Мінск

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Кіна не будзе?»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?