Вы тут

У віцебскім спальным мікрараёне Білева адкрыюць школу з ліфтам


Адкрыццё новай школы ў віцебскім спальным мікрараёне Білева, дзе пачалі ўзводзіць жыллё пятнаццаць гадоў таму, стане доўгачаканай і знакавай падзеяй. Установа адукацыі хутка будзе здадзена ў эксплуатацыю. Аб'ект гэты ўнікальны, і не толькі для Віцебшчыны. Незадоўга да Дня Незалежнасці карэспандэнт «МС» пабываў на цікавай новабудоўлі.


Новая школа ў Білеве.

Па-першае, школа на вуліцы Багатырова — самая вялікая ў абласным цэнтры па колькасці будучых вучняў: яна разлічана на 1020 чалавек у змену. Яшчэ яе неардынарнасць у тым, што ў школе будзе басейн, і не адзін, а адразу два: даўжынёй 25 метраў у тры дарожкі і так званы жабнік. Знаходзяцца яны ў шыкоўным спартыўным комплексе, які злучае з вучэбнай часткай галерэя. Акрамя таго, у спартыўнай зоне ёсць цудоўныя трэнажорныя залы.

Дарэчы, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі трапіць на фізкультуру, тут ёсць ліфт. Такіх прыкладаў ва ўсёй краіне нямнога. Будзе ў школе і цір.

Плануецца, што спартыўныя залы, як і басейн, будуць актыўна выкарыстоўвацца для аказання платных паслуг мясцовым жыхарам. Такія месцы для актыўнага адпачынку ў Білеве даўно неабходныя.

У гэтай сярэдняй школы пакуль няма афіцыйнага нумара, бо яна яшчэ лічыцца будоўляй.

Па суседстве знаходзіцца СШ № 46, якая расчыніла дзверы каля дзесяці гадоў таму. Гэтая «старэйшая сястра» новай школы, разлічаная на каля 1000 вучняў, не магла прыняць усіх ахвотных. Падмурак новай заклалі ў 2012-м. Потым з-за праблем з фінансаваннем аб'ект, на жаль, стаў даўгабудам.

Разумеючы ўсю важнасць і запатрабаванасць яшчэ адной навучальнай установы ў гэтым мікрараёне, мясцовая ўлада пастаралася, каб бюджэтная крыніца фінансавання не вычэрпвалася і была стабільная. Пачынаючы з 2017 года, будаўніцтва актыўна працягнулася.
Памер інвестыцый з пачатку ўзвядзення склаў каля 23,8 мільёна рублёў, у тым ліку сёлета — каля 3,5 мільёна.

Пасля таго як будуць падпісаны дакументы аб прыёме будынку ў эксплуатацыю, у гарвыканкаме прымуць рашэнне аб стварэнні школы і наданні ёй нумара, пачнуць прымаць заявы бацькоў наконт вучобы тут дзяцей.

Добраўпарадкаванне школы ў Білеве.

Дырэктар навучальнай установы Артур Церашкоў адзначыў, што плануецца запрасіць на работу каля 150 настаўнікаў. А ўсяго
будзе створана прыкладна 250 рабочых месцаў.

Генеральны падрадчык на аб'екце — найбуйнейшая ў вобласці арганізацыя ААТ «Будаўнічы трэст № 9». Паводле слоў дырэктара школы, будаўнікі працуюць добрасумленна, як і субпадрадчыкі. Усе недахопы выпраўляюцца аператыўна.

У дзень падрыхтоўкі рэпартажу работа кіпела як унутры, так і звонку. У класах збіралі і ўстанаўлівалі парты, шафы, іншую мэблю, манціравалі разеткі, а на тэрыторыі рабілі азеляненне і добраўпарадкаванне.

Яшчэ не быў цалкам гатовы вулічны спартыўны гарадок. Напрыклад, не ўсталявалі вароты на футбольным полі, якіх тут два — вялікае і малое. У гульнявых зонах, як і на дарожках для бегу, — пакрыццё, якое пры падзенні абароніць ад траўмаў. Вельмі цікава будзе дзятве і на пляцоўцы, дзе навучаць правілам дарожнага руху.

Дарэчы, Білева — раён, які актыўна забудоўваецца. Тут будуць і надалей развіваць сацыяльную інфраструктуру. Пазалетась тут адкрылі дзіцячы садок № 113 «Васілёк», разлічаны на адначасовае знаходжанне каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. На цырымоніі адкрыцця ганаровы госць, які доўгі час узначальваў Віцебскі аблвыканкам, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што будаўніцтва жылля ў мікрараёне пачалося ў красавіку 2005 года. Адкрыццё ўстановы адукацыі спікер ніжняй палаты парламента назваў тады значнай падзеяй не толькі для горада, але і ў цэлым для краіны.

Губернатар Мікалай Шарснёў падлічыў, што з кожным годам у Білеве юных гараджан становіцца на тысячу больш. Між іншым, гэты раён можна назваць самым экалагічна чыстым раёнам Віцебска, і ён становіцца адным з самых перспектыўных для пражывання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Школа з ліфтам

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.