Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Лішні? Ці не лішні?

...Першы раз убачыўшы яе, такую кволую, па-дзіцячы нязграбную, безабаронную, Кірыл падумаў, што вось яно — ягонае шчасце! Кветкі насіў, з надзеяй зазіраў у вочы і знайшоў-такі адказ на сваё пытанне: яны згулялі вяселле.

Як быццам нядрэнна жылі, разам гадавалі першынца, аднак на жыццёвым шляху мужчыны сустрэлася іншая. Ёй, працуючы поруч, пад бокам, можна сказаць, няцяжка было знайсці падыход і патрэбныя словы, завалодаць увагай, а ўрэшце ўзяць ды разбурыць тое, што толькі-толькі пачало будавацца — Кірылаву першую сям'ю.

...Праўда, і ў другой ні ён, ні тая шалахвостка-разлучніца шчасця не знайшлі. Таму зноў развод, пасля якога мужчына доўга заставаўся адзін — не хацеў, баяўся памыліцца яшчэ раз.

А Таню ён ведаў даўно, лічыў яе добрым, надзейным сябрам. Адкуль узялося каханне, прычым раптам — ні села ні пала — ніхто не зразумеў.

Але ж сталі сустракацца, разам бавіць час, строіць жыццёвыя планы. Адзінае — тайком, каб не сурочыць. Да таго ж у Таццяны — немаленькая дачка. Раптам не прыме новага чалавека, не адобрыць выбар матулі?

Дарэмна яны баяліся: з дачкой, дзякаваць богу, праблем не было. Супраць новага чалавека паўстала хіба што... кошка. І шкодзіла яна як толькі магла — то ў туфлі Кірылу нагадзіць, то падушку яго памеціць...

Спроба нечым падкупіць ці дамовіцца поспеху не мела. Першыя папярэджанні — разам з падушкай скінуць яе з пятага паверха — на жаль, таксама. Тады Кірыл ёй вынес апошняе, чамусьці кажуць кітайскае...

У тую ноч яго моцна мучыла смага. Уключыў святло, каб не наступіць (кошка мела звычку спаць на дыванку каля ложка), насунуў тэпці, пашыбаваў у кухню. Праз некалькі хвілін вярнуўся і як не знямеў: на прасціне, дзе толькі што спаў, шарэла свежая пляма. Кошка, зрабіўшы яе, куляй сіганула за канапу.

— Ну ўсё! — закрычаў Кірыл, памкнуўшыся лавіць злачынцу. — Далей так працягвацца не можа! Нехта з нас лішні: ці я, ці яна!

— Пастой... Пацярпі яшчэ трошкі, — са слязьмі на вачах стала прасіць Таццяна. — Я сама паспрабую... Я з ёй пагавару — апошні раз...

Што ў іх была за «размова», ніхто не ведае. Можа, адна адной «расказалі» пра свае пачуцці, можа, паскардзіліся на лёс, можа, абмеркавалі далейшыя перспектывы... Аднак з таго часу кошку як падмянілі: цяпер, нейкім чынам адчуваючы Кірылаў прыход, яна загадзя садзіцца каля дзвярэй — чакае, следам за гаспадаром (прызнала!) ходзіць на балкон «пакурыць» і ноччу аддана сцеражэ яго адпачынак... А каб нашкодзіць? Ды ніколі! Ні-ні!

Галіна Нічыпаровіч, Уздзенскі раён.

P.S. Не ведаю, наколькі смешная гэта гісторыя, але ж праўдзівая. І пра ўсе Кірылавы жаніцьбы я расказала спецыяльна, каб падзяліцца адным балючым назіраннем. Раней людзі стваралі сем'і і жылі. Не без таго — часам спрачаліся, моцна сварыліся, злавалі адно на аднаго, але ж потым мірыліся, разам гадавалі дзяцей, чакалі ўнукаў. Цяпер жа — час нейкага легкадумства: можна сыходзіцца і разыходзіцца з-за драбязы альбо дзеля нейкіх сумнеўных прыгод…

Альбо нават з-за кошкі.


А мора ў кожнага сваё

На пачатку года ў працоўных калектывах складаюцца графікі адпачынкаў. Шмат каму хацелася б мець іх улетку, каб пабыць разам з дзецьмі, праведаць родзічаў, рвануць да мора, калі ёсць такая магчымасць...

У тым годзе ў маёй знаёмай яе не было: дачка развітвалася са школай, паступала вучыцца далей. Хіба маці тады да нейкіх паездак?.. Аднак, нягледзячы на гэта, з водпуску яна вярнулася з такім шыкоўным загарам...

— Дзе была? Адкуль? — здзівіліся жанчыны.

— З зялёнага мора, — усміхнулася яна.

— Гэта дзе ж такое знаходзіцца? Чорнае — зразумела, Белае з Чырвоным — таксама, а пра Зялёнае мы нават не чулі.

— А я пабывала! — стала хваліцца Наташа. — Вы толькі ўявіце: падыходзіш да яго і здалёк яшчэ бачыш, як хвалі плывуць — зялёныя такія з жоўтым пералівам... А над імі птушкі — то па адной, то чародкамі — да хваль дакранаюцца, спевам заліваюцца... Я нават навучылася іх распазнаваць — па знешнім выглядзе, па галасах... Паслухаеш іх, пасядзіш ці паляжыш паблізу ды скіруеш у блізкі сасоннічак. А там — аж чырвана ад пахкіх суніц! Назбіраеш трохі, панюхаеш — галава закружыцца, есці шкада!.. З поўным вядзерцам пойдзеш дамоў, а перад табой — роўныя радочкі бульбы...

— Дык ты ў вёсцы, у мамы была? — здагадаліся супрацоўніцы.

— Так. А мора — гэта калгаснае жытнёвае поле, побач з рапсавым... Ад яго і адліў зеленавата-жоўты.

— У нас на радзіме таксама і бор, і грыбы, і ягады, — пахвалілася адна з жанчын.

— І ў нас на лецішчы, — падхапіла другая...

— Нам з сястрой таксама ў спадчыну бабулін домік дастаўся... Побач з Белавежай. Там пакуль ніхто не жыве. Але вы так расказваеце, што мы абавязкова яго падладзім і будзем туды прыязджаць!

...Ну чаму б і не, калі і там, мусіць, ёсць мора?!

Лілія Скіндзер, г. Івацэвічы.


Макаранка — адпачывае

Настала сенакосная пара, і ўспомнілася даўняя праўдзівая гісторыя. Мне здаецца, што яна якраз для любімага ўсімі «Провада...»! Чытайце:

...«Пара мальцу ўжо

за навуку»:

Дзед накляпаў касу ўнуку,

Падагнаў кассё пад рост, —

Хоць сягоння на пакос.

Планаваў, што выйдуць

зрання,

Так, як трэба, як прывык...

І ў хлопца хваляванне:

Танцы ў клубе ці пікнік?

А з касой...

«Дзівак ты, дзеда:

Я ж не конь і не вярблюд,

Не таму ў вёску ехаў,

Каб гарбаціцца вам тут».

...Вечар з ночкай прагудзеў

ён:

«Віскі», дзеўкі, шашлыкі,

Салаўёў пачуў і... пеўняў

Пад дубамі ля ракі.

Дзед жа

з ранішняй расою,

Ледзь жывы,

махаў касою:

Думкі горкія ў старога:

Не прыйшла яму падмога,

Не збыліся спадзяванні

І нямілым стала ранне.

На ўнука душыць крыўда:

Болей

быць так не павінна!

...І ўзнік у дзеда план

(Хай жа знае гэны пан!):

Найкаштоўныя дарункі

Ён складаў для ўнука

ў сумкі,

Пакаваў цяжкі заплечнік...

Госць прачнуўся

аж пад вечар.

Каб жа выстранчыць

«дзіцяці»,

Бабка тупала па хаце.

Еў унучак — за траіх.

Дзед жа —

нечага прыціх:

Не было папрокаў, грозьбы,

Не гучала нейкіх просьбаў...

«Зразумеў мяне,

здаецца?» —

Госць дадому

з лёгкім сэрцам.

А стаў сумкі разбіраць, —

Што ні слова —

«маць» ды «маць».

Як дастаў усё

дазвання, —

Бачыць

дзедава пісанне:

«Вёз, унучак, ты цаглінкі

Замест сала і вяндлінкі,

З печы — трохі галавешак

Замест свежанькіх яечак,

Замест пляшкі першака

Май са склепа бурака,

Ну а масла-тваражок

Тым, хто косіць муражок,

А хто любіць толькі гулі,

Тым жыццё

падносіць дулі.

Зразумеў?

То будзь здароў!

Прыязджай у госці зноў».

...І ў самога, бачыць,

госць —

Сябручок

у хаце ёсць:

Бачыў ён цяжкія сумкі,

Помніў дзедавы ласункі:

Не аднойчы частаваўся

Так, што нанач заставаўся.

...У справу «ўехаў»

тут як тут,

Ну і выдаў свой прысуд:

«Так Макаранка б ці змог?

Дзед — найлепшы

педагог!»

...Ён адзін тады касіў,

Але ж хлопца павучыў.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


Цудадзейны сродак!

Гэту гісторыю мне расказала мая каляжанка, а ёй — муж, які ў 60-я гады мінулага стагоддзя працаваў доктарам у паліклініцы...

Дык вось аднойчы вёў ён прыём, і чарга каля кабінета сабралася вялікая. Людзі сядзелі, чакалі выкліку. І не проста так: да іх перыядычна выходзіла медсястра, першым тром падавала тэрмометры, каб змералі тэмпературу — скарацілі час прыёму ў доктара.

Такім чынам даходзіць чарга да старэнькай хутаранкі, якая дагэтуль ніколі ў жыцці не хварэла і не лячылася, не хадзіла раней да доктара. І цяпер бы не прыйшла, але ж моцна занядужала — карову не змагла падаіць.

Узяла яна ў сястрычкі тэрмометр, трохі пакруціла ў руках.

— А што з гэтай штукай рабіць? — спыталася ў жанчыны, што сядзела побач.

Тая, не доўга думаючы, расшпіліла на бабулі кофту, па-свойску засунула прыбор пад паху, сказала прыціснуць, каб крый бог не зваліўся.

...У канцы той змены аднаго тэрмометра медсястра не далічылася. Падумала, што нехта разбіў і не прызнаўся.

А праз некалькі дзён у паліклініку зноў прыйшла тая бабуля. Толькі згледзеўшы медсястрычку, яна кінулася насустрач з... з загорнутым у хустачку тэрмометрам, сказала:

— Дзякуй, табе, дачушка! Я ўсяго два дзянькі яго панасіла і так дапамагло, так дапамагло!.. Хвароба мая дзе і падзелася!

Медсястра тады схапіла ў яе тэрмометр і адразу сіганула ў кабінет. Разам з доктарам яны трохі пасмяяліся, а потым ён сам запрасіў бабулю ў кабінет, уважліва выслухаў, змераў ціск і з палёгкай уздыхнуў: лячыць не было чаго — дапамог тэрмометр!

Цудадзейны, як аказалася, сродак! Праўда, з кабінета яго больш не выносілі...

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.