Вы тут

Пухавіцкі раён: Басейн для дарослых і дзяцей, фінская саўна і турэцкі хамам


Шыкоўны падарунак атрымаюць да Дня Незалежнасці Беларусі жыхары Пухавіцкага раёна — за бюджэтныя сродкі тут узведзены шматфункцыянальны спартыўны аб'ект — плавальны басейн. Карэспандэнт «МС» пабывала ў Мар'інай Горцы і азнаёмілася з навабудам.


Плавальнага басейна ў Пухавіцкім раёне чакалі даўно, як дзеці, так і дарослыя. Сваімі фізкультурна-аздараўленчымі комплексамі абзавяліся амаль усе раёны Міншчыны, акрамя Уздзенскага і Старадарожскага.

Генеральны план комплексу распрацаваны з ўлікам горадабудаўнічай сітуацыі і прасторавай кампазіцыі, прывязкі да існуючай забудовы, элементаў ландшафту. Размешчаны будынак у цэнтральнай частцы горада на вуліцы Усходняй, і дабірацца сюды будзе зручна ўсім, у тым ліку тым, хто жыве на ўскраінах.

Дадам, што будаўніцтва плавальнага комплексу не пакінула абыякавым ніводнага жыхара райцэнтра, а многія прынялі ўдзел у грамадскім абмеркаванні праекта, выказалі свае прапановы і заўвагі, пабывалі на яго прэзентацыі.

Атрымаўся комплекс, сапраўды, на зайздрасць: прасторны, светлы, утульны. Яго агульная плошча 4 294,59 квадратнага метра, за змену басейн можа прыняць 111 чалавек.

На падыходзе заўважаю, што вакол будынка кіпіць работа, камунальнікі заканчваюць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Засталіся апошнія штрыхі. Відаць, што тут давялося шмат папрацаваць: выкласці пліткай, усталяваць прыгожыя лаўкі, разбіць газоны, прадумаць ландшафтны дызайн. Каля будынка ўладкаваныя аўтапаркоўкі, гульнявыя пляцоўкі для дзяцей і месца адпачынку для дарослых.

У прасторным фае сустракаемся з дырэктарам Пухавіцкай  спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Алімпійскага рэзерву Аленай ЧаРатаевай. Алена Уладзіміраўна пагадзілася правесці для мяне невялікую экскурсію.

— На другім паверсе размесціцца адміністрацыйны корпус. Прадугледжана таксама некалькі раздзявалак — для хлопчыкаў і дзяўчынак, жанчын і мужчын, для залы барацьбы, трэнажорнай залы, — кажа яна. — Будзе тут і кафэ. Яго аддадзім у арэнду прыватніку на конкурснай аснове.

Апошнія прыгатаванні да  прыёму спартсменаў і наведвальнікаў ідуць і ў плавальнай зоне. Яна раздзеленая на дзве часткі: вялікая чаша з некалькімі дарожкамі для дарослых і аквазона для дзяцей, дзе яны будуць атрымліваць першапачатковыя навыкі плавання. Басейны ўжо напоўнены вадой, правяраецца сістэма фільтрацыі вады, вядзецца яе ачыстка.

— У дзіцячым басейне мінімальная глыбіня 40, а максімальная 70 сантыметраў, у дарослым — адпаведна — 120 і 180 сантыметраў, — тлумачаць будаўнікі. — Ёсць устаноўка для гідрамасажу і вадаспад, устаноўлена трэнажорнае крэсла для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прадугледжаны тут фінская саўна і турэцкі хамам, а таксама невялікі басейн з халоднай вадой. Гэта для аматараў акунуцца пасля лазні. Пасля заняткаў спортам усе ахвотныя змогуць расслабіцца ў пакоі для адпачынку.

— А ў галерэі вывешаны партрэты нашых спартсменаў, якія заваявалі медалі на еўрапейскім і сусветным узроўнях. Школа культывуе пяць відаў спорту: баскетбол, барацьбу вольную жаночую, барацьбу грэка-рымскую, лёгкую атлетыку, футбол. Акрамя таго, плануецца адкрыццё аддзялення па плаванні, — канстатуе Алена Уладзіміраўна. — У 2016 годзе ДЮСШ атэставалася як спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Алімпійскага рэзерву. Цяпер 22 нашы выхаванцы вучацца ў вучылішчах Алімпійскага рэзерву. За чатыры гады 28 нашых выхаванцаў перайшлі ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі.

Новы комплекс перададзены на баланс упраўлення спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама. Тут будуць займацца не толькі выхаванцы спартыўнай школы, але і іншыя дзеці, якія хочуць навучыцца плаваць, а таксама вучні агульнаадукацыйных школ, дзе ў вучэбнай праграме прадугледжана такая дысцыпліна, як плаванне. Гэтаму, вядома, яны бязмежна рады, паколькі ні ў адной з устаноў адукацыі раёна няма басейна. Цяпер яны атрымалі выдатную магчымасць развіваць свае навыкі пад кіраўніцтвам настаўнікаў па фізічным выхаванні, вопытных інструктараў.

Цэнтр будзе аказваць насельніцтву платныя паслугі, па папярэдніх падліках кошт адной гадзіны знаходжання будзе на ўзроўні пяці рублёў.

— Ці задаволены вы плёнам сваёй працы? — пацікавілася ў выканаўцы работ унітарнага прадпрыемства «БУ № 20 ААТ «Мінскпрамбуд» Дзмітрыя Зарыхты.

— Наша арганізацыя ўзводзіла шмат аб'ектаў у Мінску і Беларусі. Мы заўсёды гарантуем якасць, прытрымліваемся айчынных і замежных стандартаў. Будавалі мы аб'екты і ў Расійскай Федэрацыі. Прэтэнзій ад заказчыкаў не атрымлівавлі. Асабліва прыемна будаваць такія сацыяльныя і спартыўныя аб'екты, як у Мар'інай Горцы. Адчуваем задавальненне, бо яны прыносяць радасць і здароўе людзям, — лічыць Дзмітрый. — Наша арганізацыя ўзвяла гэты будынак крыху больш чым за год пад ключ. Апошні час колькасць будаўнікоў даходзіла да 200, стараліся, каб своечасова ўкласціся ў нарматыўныя тэрміны. Цяпер перадаём памяшканне ўласніку, займаемся пусканаладачнымі работамі, каб увесці комплекс у дзеянне да канца месяца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».