Вы тут

Юрый Караеў: У прафесіі міліцыянера мала рамантызму


Сёння ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў — святочны дзень. Сорак пяць выпускнікоў, якія атрымалі дыпломы з адрозненнем, развітваліся са сваёй альма-матэр. Яны скончылі факультэты міліцыі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы. Сярод маладых лейтэнантаў, якія зусім хутка прыступяць да нясення службы, — адзінаццаць прэзідэнцкіх стыпендыятаў і прэміянтаў, занесеных у рэспубліканскі банк адоранай моладзі, а таксама семнаццаць залатых медалістаў.


Павіншаваць выпускнікоў прыбыў міністр унутраных спраў Юрый Караеў.

— У лёсе кожнага чалавека здараецца падзея, памяць аб якой захоўваецца назаўжды, — зазначыў кіраўнік ведамства. — Сёння — адна з такіх падзей, калі вы папоўніце афіцэрскі склад сілавых структур. Мне самому зразумелыя ўсе цяжкасці, якія адчувае кожны афіцэр міліцыі — падчас будняў кожнага ўчастковага, аператыўніка, супрацоўніка ДАІ. Рамантызму там мала. А вось чаго шмат, дык гэта чалавечых лёсаў. Звычайныя людзі імкнуцца абысці бокам непрыемныя падзеі, а мы, наадварот, ідзем ім насустрач. І спрабуем перапыніць іх. Гэта патрабуе вялікіх душэўных якасцяў, каб не счарствець душой. Памятайце — у гэтую прафесію вы прыйшлі не зарабляць вялікія грошы, а абараняць людзей.

Юрый Караеў зазначыў, што першай думкай заўсёды павінна быць абарона людзей.

Адзін з выпускнікоў, Уладзіслаў Лемяшонак, не раз удзельнічаў у навуковых канферэнцыях. Яго працы былі прысвечаны розным аспектам дзейнасці — ад дзейнасці малодшага камандзіра да нюансаў працы ўчастковага інспектара. Менавіта на гэтую пасаду ён і размяркоўваецца. Службу малады лейтэнант будзе несці ў Смалявіцкім РУУС, дзе праходзіў пераддыпломную практыку.

— Нават пакуль і не верыцца, што гады вучобы засталіся ззаду, — дзеліцца Уладзіслаў Лемяшонак. — Асабліва ўразіла пачуцце калектввізму, якое раней не было вядомае. Акадэмія навучыла перш за ўсё быць адказным за ўсе справы, за свае ўчынкі.

Агулам жа маладыя афіцэры працягнуць службу не толькі ў МУС, але і ў Міністэрстве абароны, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і Дзяржаўным памежным камітэце.


Юрый Караеў таксама пракаментаваў падзеі, якія апошнім часам разгортваліся ў Мінску.

«Часам яны накіраваны на разгойдванне сітуацыі, і пад выглядам нібыта мірных пратэстаў і нейкіх выказванняў нязгоды з нейкімі дзеяннямі ўлады хаваецца велізарная небяспека. Таму што, напрыклад, калі пікеты ператвараюцца ў несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, яны закранаюць вялікую колькасць старонніх, якія не маюць дачынення да гэтага і не жадаючых у гэтым удзельнічаць людзей», - сказаў ён.

«Я ў гэтай сітуацыі патрабую ад супрацоўнікаў міліцыі, каб мы лепш «недаціснулі» , чым «пераціснулі» . Каб не траплялі да нас людзі, якія не хацелі ў гэтым удзельнічаць, — сказаў Юрый Караеў.Рукі трымаць за спіной я кажу супрацоўнікам АМАПа. Калі яны кагосьці выцясняюць — лепш хай прадставяцца самі, але нікога, не дай бог, не б’юць, не прымяняюць фізічную сілу, тым больш не дастаюць спецсродкі».

Міністр унутраных спраў паведаміў, што праз начальнікаў упраўленняў унутраных спраў інструктуе пра тое, каб супрацоўнікі праяўлялі максімальную вытрымку. А ў міліцыю дастаўлялі толькі тых, хто імкнецца дэстабілізаваць абстаноўку і ўцягнуць недатычных людзей «спецыяльна, наўмысна, ігнаруючы шматразовыя патрабаванні і намёк з фізічным выштурхоўваннем, але ласкавы такі, не сілавы»

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Прэв’ю: obrazovanie.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.