Вы тут

Няякасную ваду ўчора атрымалі 2260 дамоў Мінска


У вадзе з непрыемным пахам, якая ўчора стала паступаць у разводзячую сетку Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, патагеннай мікрафлоры не знойдзена. Але пiць яе пакуль што не трэба.


— Адразу ж пасля паступлення першай інфармацыі аб вадзе, якая трапляе ў разводзячую сетку і мае непрыемны пах, быў арганізаваны адбор пробаў. Пробы былі ўзятыя перш за ўсё па тых адрасах, адкуль паступалі тэлефонныя званкі, а таксама з аб'ектаў, якія размешчаны ў зоне ўплыву сістэмы водазабеспячэння Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, — расказала намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава.

Паводле слоў спецыяліста, гэты маніторынг ажыццяўляўся на працягу ўсяго ўчорашняга дня і працягваецца сёння. Лабараторыя Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працуе ў кругласутачным рэжыме. Даследаванні вады праводзяцца ў тры этапы. Перш за ўсё аператыўна высвятляецца адпаведнасць вады ўстаноўленым нормам па арганалептычных паказчыках. Другі этап — ацэнка фізіка-хімічных паказчыкаў вады. Трэці — даследаванні па паказчыках мікрабіялагічных і вірусалагічных.

— Учора мы вызначылі, што вада не адпавядае нормам па паху і шэрагу фізіка-хімічных паказчыкаў. Галоўным санітарным урачом г. Мінска было прынята рашэнне аб забароне выкарыстання гэтай вады для піцця. Сёння мы можам казаць, што нармалізаваліся паказчыкі перш за ўсё арганалептычныя, фізіка-хімічныя — нармалізуюцца. І ёсць першыя дадзеныя аб тым, што па мікрабіялагічных паказчыках вада адпавядае устаноўленым патрабаванням. Патагеннай мікрафлоры у ёй знойдзена не было. Але даследаванні працягваюцца — падкрэсліла Наталля Жукава.

Галоўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь рэкамендуе жыхарам Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў устрымацца ад ужывання вады з-пад крана для піцця і прыгатавання ежы, пакуль не будзе дакладна ўстаноўлена, што вада ў разводзячай сетцы цалкам адпавядае патрабаванням па ўсіх паказчыках, зацверджаных нарматыўнымі дакументамі.

— Для гэтага спецыялістамі УП «Мiнскводаканал» прымаецца комплекс мер, а мы працягваем кантроль якасці і бяспекі вады ў разводзячай сетцы не толькі на тэрыторыі Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, але і ў Ленінскім, Цэнтральным і Кастрычніцкім раёнах Мінска — у зоне памежнага ўплыву водазабору. Праца будзе працягвацца да поўнай нармалізацыі сітуацыі, — падкрэсліла Наталля Жукава.

Чатыры чалавекі былі дастаўлены ў стацыянар

За мінулыя суткі ў Мінску «хуткая дапамога» выехала да 15 пацыентаў, якія звязвалі свой стан здароўя з пагаршэннем якасці вады, распавёў на брыфінгу аб сітуацыі з водазабеспячэннем у сталіцы галоўны санітарны ўрач Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Жынко.

— Чатыры чалавекі былі дастаўлены ў стацыянар, — адзначыў спецыяліст.

Сярод іх жанчына з апендыцытам — відавочна, што вада тут ні пры чым. Дыягназы трох іншых пацыентаў — абвастрэнне хранічнага гастрыту, востры гастрыт і востры энтэракаліт. Пацыентка з апендыцытам сёння будзе прааперыравана, стан астатніх пацыентаў здавальняючы, распавёў Аляксандр Жынко. Сёння яны будуць выпісаныя. Зваротаў у «хуткую» з нагоды пагаршэння стану здароўя ў сувязі з якасцю вады пакуль больш не было.

Плаціць за няякасную ваду не прыйдзецца

Створана рабочая група па аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні прычын пагаршэння якасці пітной вады ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах. Пра гэта на брыфінгу аб сітуацыі з водазабеспячэннем у Мінску распавёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.

— Нас, безумоўна, турбуе гэтая сітуацыя і мы маем намер старанна расследаваць прычыны таго, што адбылося і зрабіць адпаведныя высновы, каб не дапусціць у будучым падобных выпадкаў, — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

Спецыяліст падкрэсліў, што на сённяшні дзень па аператыўнай інфармацыі, па стане на 12:00 111 дамоў у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах сталіцы ўжо атрымліваюць ваду, якая не мае паху і іншых адхіленняў.

— Праца вядзецца, іншыя раёны дапамагаюць Маскоўскаму і Фрунзенскаму, каб аператыўна вырашыць гэтую праблему, — сказаў Аляксандр Дараховіч. — На магістральных і ўнутрыквартальных сетках работы ўжо праведзены. Мы гаворым жыхарам гэтых двух раёнаў праз СМІ і ўжывую: неабходна зліць стаякі і тое, што знаходзіцца ў кранах. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым хутчэй мы атрымаем якасную ваду.

Баяцца, што давядзецца плаціць за няякасную ваду, не трэба, падкрэсліў Аляксандр Дараховіч. Будзе зроблены пераразлік, і аплата за гэтую ваду брацца не будзе.

Дакладныя тэрміны вырашэння праблемы «Водаканал» не называе

Прычыны пагаршэння якасці вады ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пакуль высвятляюцца.

— Ніякіх аварый, якія маглі б выклікаць такую сітуацыю, мы не фіксавалі. Прыцягнута шырокае кола спецыялістаў, каб выявіць прычыну, — сказаў дырэктар «Мінскводаканала» Алег Аўруцін.

Алег Аўруцін адзначыў, што ёсць інфармацыя аб адзінкавых выпадках пагаршэння якасці вады ў сумежных з пацярпелымі раёнах сталіцы. Зараз там таксама працуюць спецыялісты.

Дакладныя тэрміны, калі ў дамы мінчан пачне паступаць якасная вада, дырэктар УП «Мінскводаканал» не назваў. Аднак запэўніў, што спецыялісты разлічваюць на хуткае паляпшэнне сітуацыі. Ужо сёння раніцай у больш чым 100 дамах Фрунзенскага раёна халодная вада адпавядала норме. У цэлым жа няякасную ваду ўчора атрымалі 1400 дамоў Фрунзенскага раёна і 860 дамоў Маскоўскага раёна.

Ваду можна набраць бясплатна

Арганізаваны падвоз пітной вады ў дзіцячыя і медыцынскія ўстановы.

— У нас ёсць спіс такіх аб'ектаў. У прыватнасці, пачынаючы з 4:00 раніцы «Мінскводаканал» даставіў у сярэднім каля 300 літраў чыстай якаснай вады кожнаму дзіцячаму садку, — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч. — Наладжана ўзаемадзеянне з адміністрацыямі раёнаў і вада падвозіцца туды, дзе ў ёй узнікае дадатковая патрэба.

Для забеспячэння якаснай вадой насельніцтва жылых дамоў прыцягнута 7 адзінак тэхнікі Міністэрства абароны, а сёння ў 14:00 вайскоўцы далі мінчанам яшчэ 4 цыстэрны. Дапамогу ў падвозе вады насельніцтву аказалі найбуйнейшыя прадпрыемствы сталіцы — «Малочны гасцінец», «Мінск Крышталь», Мінскі холадакамбінат № 2, «Кока-кола», «Дарыда», «Мінскі завод безалкагольных напояў». Сёння для забеспячэння якаснай вадой насельніцтва пацярпелых раёнаў задзейнічаны 25 цыстэрнаў, яшчэ 4 цыстэрны чакаюцца з Вілейкі, Слуцка і Жодзіна. Плюс у Фрунзенскім раёне ў кругласутачным рэжыме працуюць тры дэкаратыўныя крыніцы з артэзіянскай вадой.

Такога яшчэ не было

Аварыйныя сітуацыі, звязаныя з водазабеспячэннем, бывалі і ў ранейшыя гады. Але такой маштабнай праблемы, якая закранала б два раёны Мінска, яшчэ не было, адзначыла намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава.

— У нас з УП «Мінскводаканал» наладжана ўзаемадзеянне, «Водаканал» інфармуе нас пра тое, дзе праводзяцца рамонтныя работы, робяцца ўрэзкі. Гэта дазваляе адкарэкцiраваць графік адбору вады ў тым ці іншым мікрараёне і супаставіць праблемы з водазабеспячэннем з захворваннямi кішачнымі інфекцыямі. Але пакуль падстаў ацэньваць гэтую сітуацыю так у нас няма, — падкрэсліла спецыяліст.

Забараняць выкарыстоўваць тую ваду, якая ўчора стала паступаць у жылыя дамы Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, для бытавых мэтаў, не звязаных з піццём і гатаваннем ежы, няма падстаў, сказала Наталля Жукава.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: З-пад крана пакуль піць не варта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.