Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ідзе моцны ціск


Прэзідэнт узгадніў прызначэнні ў рэспубліканскія, мясцовыя органы ўлады і на дыпламатычныя пасады.


Прэзідэнт узгадніў кандыдатуры на пасады першага намесніка і намесніка міністра эканомікі, члена Брэсцкага аблвыканкама, начальніка дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пасткама Саюзнай дзяржавы, старшыні Крычаўскага райвыканкама, генконсула ў латвійскі Даўгаўпілс, а таксама назначыў паслоў у Швейцарыю і Венесуэлу.

Юрый Чабатар атрымаў павышэнне да пасады першага намесніка міністра эканомікі. Анжаліка Нікіціна стала намеснікам міністра эканомікі. Міхаіл Лабароў узгоднены членам Брэсцкага аблвыканкама. Начальнікам дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы стала Святлана Іванова, старшынёй Крычаўскага райвыканкама — Андрэй Седукоў. Аляксандр Ганевіч і Андрэй Молчан прызначаны Надзвычайнымі і Паўнамоцнымі Пасламі адпаведна ў Швейцарскую Канфедэрацыю і Баліварыянскую Рэспубліку Венесуэлу. Кандыдатура Ільі Лапуця ўзгоднена на пасаду Генеральнага консула ў горадзе Даўгаўпілсе (Латвійская Рэспубліка).

Звяртаючыся да гэтых асоб, Прэзідэнт адзначыў, што яны самі добра ведаюць, з чым прыйдзецца сутыкнуцца падчас працы на пасадах.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што добра вывучыў біяграфію Андрэя Седукова і падкрэсліў багаты вопыт новага старшыні райвыканкама ў якасці будаўніка. Гэта дапаможа яму ў дзейнасці кіраўніка Крычаўскага раёна, дзе размешчана адно з асноўных прадпрыемстваў цэментнай галіны.

«У свой час у нас быў дэфіцыт цэменту. Мы выпускалі там чатыры мільёны тон, і ўвесь час узнікалі пытанні па цэменце. Зараз выпускаем больш за дзевяць мільёнаў, можам дзесяць выпусціць. Зразумела, што пашыраеце магутнасці, я разлічваў, што будзем працаваць на экспарт. Вам прыйдзецца вельмі сур’ёзна займацца гэтым і іншымі прадпрыемствамі», — сказаў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што апошнім часам горад змяніўся да лепшага, там пабудавана новая вытворчасць. Давядзецца кіраўніку раёна займацца і сельскай гаспадаркай. Па яго словах, Крычаўскі раён – вельмі важны ўсходні рэгіён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прадстаўнікі ўлады цяпер здаюць экзамен, і патлумачыў, чаму ніколі напярэдадні выбарчай кампаніі не прызначаў старшынь райвыканкамаў: «Вам прыйдзецца ўвайсці ў курс справы з ходу і займацца гэтай перадвыбарчай кампаніяй. Здаваць экзамен за сябе і за іншых. Улічваючы, што вы сам магілёўскі, мясцовы, думаю, вам не трэба шмат часу, каб увайсці ў курс справы. Трэба проста працаваць», — дадаў кіраўнік краіны.

«Вы ж бачыце, вакол фэйкі, жудасныя фэйкі, якія мяне проста здзіўляюць»

Каментуючы прызначэнні, Прэзідэнт звярнуў увагу, што на людзей «ідзе моцны ціск, асабліва ў Інтэрнэце».

«Вы ж бачыце, вакол фэйкі, жудасныя фэйкі, якія мяне проста здзіўляюць. Мне далажылі, што ў аднаго з маіх сыноў у Швейцарыі 840 мільёнаў долараў. Я бачыў, мне паказалі. Накіруйце туды па дыпламатычных каналах ліст, хто хоча забраць гэтыя грошы, хай неадкладна забярэ, — сказаў ён. — Такія фэйкі будуць заўсёды і нам трэба гэта мець на ўвазе, з гэтым жыць і змагацца. У іншым выпадку яны будуць ніякія. Яны не могуць з намі канкурыраваць, таму прыходзіцца хлусіць».

Па словах кіраўніка краіны, ілжывыя звесткі ідуць і з Расіі.

«Дарэчы, гэта падкідваецца структурамі бабічаўскімі, «незыгарамі» гэтымі з Расіі. Гэта не наша, з Расіі ідзе інфармацыя. Потым яны перапросяць, здымуць. Але людзям у мазгі ўжо ўкінулі. Нават кажуць пра пасведчанне службы бяспекі. Хтосьці, хто сыходзіў, з сабой пасведчанне забраў, зараз друкуе, што ён супраць улады», — заявіў лідар краіны.

«Гэта неверагодна, каб, звальняючыся са Службы бяспекі, чалавек хоць на гадзіну пакінуў у сябе пасведчанне. Ён спачатку здае зброю, пасведчанне, потым атрымлівае абыходны ліст і іншае. Людзі, асабліва моладзь, якія ў тэлеграм-каналах сядзяць, гэтага ж не разумеюць. І яны глядзяць: нават у Службе бяспекі супраць Прэзідэнта. Вось такія фэйкі, і мы з гэтым павінны жыць. Але мы павінны трымаць галаву на плячах і людзям растлумачваць, што адбываецца»— сказаў Прэзідэнт.

Як ён адзначыў, улады «павінны тлумачыць людзям, што адбываецца».

«Яны што, нас штурхаюць на несумленнасць, як яны паводзяць сябе? Зразумела, што за імі стаяць лялькаводы. Яны і ў Польшчы жывуць, і з Расіі падкідваюць. Мы пра гэта пры сустрэчы ў найбліжэйшы час з Прэзідэнтам Пуціным пагаворым», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго меркаванні, сітуацыя ўскладняецца і тым, што выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогіі, ідзе з-за межаў умяшанне ў справы краіны.

«Мы не ядзерная дзяржава, мы не можам узяць ядзерную баегалоўку, размахваць і крычаць — пра гіпергукавую зброю, што мы вам адкажам. Мы звычайная сярэднееўрапейская краіна, міралюбівая, накіраваная на спакойнае жыццё, і пагражаць у сувязі з гэтым мы не можам», — сказаў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.