Вы тут

Ён чуў сэрца народа: новы віртуальны раздзел да 120-годдзя Кузьмы Чорнага



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Ён чуў сэрца народа: новы віртуальны раздзел да 120-годдзя Кузьмы Чорнага

Працягваем працу сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які ажыццяўляе Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (у прыватнасці, часопіс “Маладосць”).

Кузьма Чорны сваім мастацкім словам узбагаціў беларускую літаратуру, напоўніў яе манументальнымі эпічнымі творамі, дапамог нашай літаратуры зрабіцца сапраўднай літаратурай вялікіх сацыяльных абагульненняў, вялікіх думак і пачуццяў чалавека нашай эпохі. Яго творы ўваходзяць у залаты фонд беларускага народа.

Міхась Лынькоў

Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала новы раздзел маштабнага віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”які прысвечаны класіку беларускай прозы Кузьме Чорнаму (Мікалаю Карлавічу Раманоўскаму; 1900–1944).

Раздзел знаёміць з асобай класіка беларускай літаратуры, яго шматграннай творчай спадчынай, даследаваннямі, прысвечанымі КузьмеЧорнаму, ушанаваннем яго памяці. У праекце прадстаўлены поўныя тэксты ўсіх яго прыжыццёвых выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі: першыя зборнікі 1925 г. “Апавяданні” і “Срэбра жыцця”, зборнік “Вераснёвыя ночы” (1929), аповесць “Лявон Бушмар” (1930), раман “Трэцяе пакаленне” (1935), аповесць “Насцечка” (1941), зборнік фельетонаў “Кат у белай манішцы” (1942) і іншыя.

Падарункам для даследчыкаў творчасці пісьменніка стануць сучасныя публікацыі, якія з дазволу аўтараў алічбаваны і даступны ў поўным аб’ёме. Сярод іх артыкулы А. Бельскага, С. Воцінавай, А. Данільчык, Г. Запартыка, В. Жыбуля, Т. Лаўрык.

Праект прадстаўляе цікавы матэрыял пра спадчыну Кузьмы Чорнага ў тэатральным мастацтве. Прыцягне ўвагу шэраг фотаздымкаў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Гэта сцэны са спектакляў па творах пісьменніка, дзе карыстальнікі пазнаюць С. Станюту, М. Яроменку, Г. Гарбука і іншых выдатных акцёраў.

Артыст Г. Гарбук у ролі Уласа ў мастацкім фільме “Ноч пры дарозе”па аднайменным апавяданні К. Чорнага. 1992 г. Фота з архіва В. Шувагіна. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

З фатаграфіямі родных і сяброў пісьменніка, яго лістамі і рукапісамі, асабістымі рэчамі пазнаёміць раздзел “Фотагалерэя”, які рыхтаваўся пры ўдзеле партнёраў праекта і змяшчае дакументы з іх фондаў.

Ліст К. Чорнага да А. Бабарэкі

Кузьма Чорны з першай жонкай Ідай Чырвань, сёстрамі і братам. Восень 1925 г. Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Нацыянальнай бібліятэкі з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага, які знаходзіцца ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, раздзел папоўніўся алічбаванымі малюнкамі пісьменніка, фатаграфіямі асобных экспанатаў музея і яго залаў.

Спадзяёмся, што праект значна палегчыць працу з дакументамі даследчыкам, гісторыкам і ўсім зацікаўленым у вывучэнні беларускай літаратуры.

Больш падрабязна пра віртуальны раздзел, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, можна даведацца з відэапрэзентацыі, падрыхтаванай да юбілею пісьменніка:

Запрашаем да знаёмства з праектам на беларускай старонцы інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі! У хуткім часе чакайце і рускую версію.

Спазнавайце і натхняйцеся разам з намі!

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/da-100-goddzya-litab-yadnannya-maladnyak/yen-chu-sertsa-naroda-novy-virtualny-razdzel-da-120-goddzya-kuzmy-chornaga/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».