Вы тут

Як праходзіў першы ў Беларусi конкурс «Бацька года»


Грамадская арганiзацыя «Савет бацькаў» горада Мiнска — гэта аб'яднанне мужчын, якiя вырашылi садзейнiчаць рэалiзацыi ўсвядомленага, абдуманага, адказнага бацькоўства. Тут вераць, што тата — ключавы чалавек у жыццi кожнага дзiцяцi. Напярэдаднi Мiжнароднага дня бацькi (адзначаецца 21 чэрвеня) суполка запусцiла першы ў Беларусi конкурс «Бацька года». Сярод крытэрыяў, па якiх адбiралi прэтэндэнтаў, галоўныя наступныя: мужчына павiнен быць жанаты, а ўсе дзецi — народжаныя ў адным шлюбе. Мы сустрэлiся са старшынёй ГА «Савет бацькаў» Аляксандрам Вялiчкам, каб пагаварыць пра сучасных тат, сям'ю i шчасце.


Пераможца конкурсу «Бацька года» Павел Дурноў.

— «Бацька года» — наш першы такi конкурс. Мы доўга думалi пра крытэрыi, але, зразумела, усе яны вельмi суб'ектыўныя. Пра старт аб'явiлi за два тыднi да Дня бацькi, i ў нас вызначылiся 13 намiнантаў, за якiх можна было галасаваць у сацыяльных сетках. (Праўленне «Савета бацькаў» прысудзiла званне «Бацька года — 2020» Паўлу Дурнову, ён мае пяць дзяцей. — Аўт.) Для нас вельмi важна, каб прэтэндэнт быў сямейным i сацыяльна актыўным чалавекам. Думаю, налета мы падыдзем да адбору яшчэ больш сур'ёзна. Я бываю з лекцыямi ў розных краiнах i бачу, што беларусы — народ найбольш арыентаваны на сям'ю, — кажа Аляксандр Вялiчка.

Сёння арганiзацыi, якой без малога год, удалося рэалiзаваць цiкавыя i карысныя iнiцыятывы. Праходзяць сямейныя велапрагулкi па знакавых мясцiнах сталiцы. Рыхтуюцца велапаходы па гiстарычных месцах Мiнскага раёна. Праводзiцца таксама валейбольны турнiр, у якiм удзельнiчае больш за 40 камандаў. У найблiжэйшы час будзе распачаты Кубак бацькоўства па футболе, якi падтрымалi розныя структуры — Мiнiстэрства спорту, гарвыканкам, Мiнiстэрства абароны. Па iнiцыятыве аднаго з бацькаў тут узялi шэфства над садам Гашкевiча. Адзiн тата займаецца шахматамi — i, як вынiк, арганiзаваны шахматны атрад. Пры жаданнi можна наведваць школу блогераў альбо пачынаючых праграмiстаў. Кожная актыўнасць тут — гэта магчымасць для дзяцей i бацькаў стаць камандай, сябрамi i яшчэ больш даведацца адно пра аднаго.

— Летась мы ахапiлi прыкладна 2,5 тысячы тат. Гэты год выпаў няпросты: у студзенi—лютым правялi некалькi семiнараў, а потым пачаўся каранавiрус. Але сядзiм i працуем, бо кiрункаў хапае, — дзелiцца Аляксандр Вялiчка. — У нас ёсць праграма «Чацвёрты мушкецёр», у рамках якой мы супрацоўнiчаем з хлопцамi з Украiны. Сутнасць яе ў тым, што таты з сынамi адпраўляюцца ў экстрэмальны паход. Мы былi ўжо ў Карпатах, на Каўказе, ладзiлi сплавы. Гэта 72 гадзiны разам, калi ў вас ёсць толькi нож, запалкi i соль. Летась адсюль у такую вандроўку паехалi 20 бацькаў з дзецьмi — i пасля былi ў захапленнi, бо калi ты побач з дзiцем у такiх умовах, то iмкнешся дэманстраваць лепшае, што ў табе ёсць.

Потым вырашылi, што трэба нешта прыдумаць i для тат дачок. Так з'явiлася iдэя «Тата-балю». Яго сёлета планавалi правесцi ў студзенi, але спачатку перанеслi на красавiк, а потым на снежань. Удзельнiкi балю рыхтуюцца разам са студыяй танца «Капiтэль» i прадзюсарскiм цэнтрам СПАМАШ.

Велапрагулка з татамі.

Была iдэя правесцi Дзень таты ў Лошыцкiм парку. Атрымалi дазвол, але пандэмiя парушыла планы. Цiкаўлюся мiж iншым, чаму такое свята ў нашай краiне не мае афiцыйнага статусу. Аказваецца, адмову часцей за ўсё аргументуюць празаiчна: «Немэтазгодна. У нас i так шмат святочных дзён». Магчыма, такая сiтуацыя ў чымсьцi сiмвалiчная, таму што вельмi шмат у нас гаворыцца пра ролю мацi, а тата застаецца на ценявых пазiцыях.

— Хто ў сям'i галоўны? Я перакананы, што толькi бацька, якi бярэ на сябе ўсю паўнату адказнасцi за жонку i дзяцей, можа называцца мужчынам з вялiкай лiтары, — кажа Аляксандр. — Бацька, якога няма побач з дзецьмi, — дрэнны бацька. Глядзiце, развод сёння — гэта ўцёкi ад праблем. I нiхто не разглядае сям'ю як тое, за што варта змагацца. Чаму ў нас няма пэўных мер, якiя будуць перашкаджаць яе распаду? Калi нашым людзям даюць тры месяцы на роздумы, то нiхто не iдзе па дапамогу да таго ж псiхолага... Таму ў нашай арганiзацыi ёсць iдэя — у тых жа ЗАГСах, судах расказваць пра нашы семiнары. I на iх мы растлумачым, што сям'я — гэта не проста жыць разам. Трэба змянiць уяўленне, быццам сям'я — месца выключнага шчасця. Насамрэч там можа быць рознае — канфлiкты, нежаданне браць адказнасць, нежаданне разумець i прымаць. Дастаткова ўзяць прыклады з нашага савета, калi мужчыны дэманструюць, што не проста спраўляюцца з абавязкамi, а шчаслiвыя быць бацькамi. Многiя ж сённяшнiя маладыя людзi гэтага не разумеюць. Цяпер папулярная парадыгма, у якой вяселле — фiнiш, а трэба тлумачыць, што гэта старт.

Тут цяжка не пагадзiцца. Нават у казках, якiя дзецi чуюць з дзяцiнства, усё заканчваецца фразай «Жылi яны доўга i шчаслiва». Аднак за шчасце кожнаму з нас даводзiцца плацiць сваю ўласную цану. Для гэтага недастаткова толькi кахання — патрэбна яшчэ i ўменне дараваць, саступаць у спрэчках i адмаўляцца ад уласнага эгаiзму.

— У нас перасталi змагацца за сям'ю. Людзi iмкнуцца да асабiстага шчасця. Некаторыя нават перакананы, што не варта жыць «дзеля дзяцей», калi тыя будуць назiраць пастаянныя сваркi. На што я кажу: жыць дзеля дзяцей — значыць паводзiць сябе так, каб дзецi не бачылi вашых канфлiктаў. Чаму двое дарослых людзей, стварыўшы сям'ю, адчуваюць сябе нешчаслiвымi? Сустрэлiся дзве адзiноты, два эгаiсты, але цi ёсць у такiм саюзе месца каханню? Каханне — гэта ж жаданне аддаваць i рабiць iншага шчаслiвым, — упэўнены Аляксандр Вялiчка. — Вялiкая колькасць разводаў абумоўлена выпадковымi шлюбамi. Калi маладыя людзi пачнуць думаць галавой перад стварэннем сям'i, то, можа, палова шлюбаў i не адбудзецца. Але я перакананы: калi навучым маладых людзей правiльнаму падыходу да стварэння сям'i, то мы пераломiм сiтуацыю. I дарослыя, i дзецi павiнны быць шчаслiвымi.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Варта захоўваць сям'ю дзеля дзяцей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.