Вы тут

Антон Мартыненка: Нашым мужчынам вельмi пашанцавала


Сёння наш госць — тэле- i радыёвядучы, блогер, шчаслiвы муж i бацька Антон Мартыненка. Мы з iм абмеркавалi, што такое каханне, што самае важнае ў выхаваннi дзяўчынак, цi варта дарыць кветкi на 8-е сакавiка i цi ёсць сэнс хаваць ад жонкi салодкае.


— На вашым ютуб-канале «Гонза Беларус» ёсць выпуск, дзе вы пыталiся ў мiнакоў, якi самы рамантычны ўчынак яны зрабiлi. А як бы самi адказалi на гэтае пытанне?

— Я шавец без ботаў. Калiсьцi для сябе вырашыў, што мужчыны дзеляцца на дзве катэгорыi: тыя, хто дорыць кветкi на 8-е сакавiка, i тыя, хто iмкнецца зрабiць жыццё лепшым. Я з другой катэгорыi. Мая жонка перажывае: на восьмае сакавiка я нiколi не дару ёй кветкi, таму што гэта казёншчына i «абавязалаўка». Не хачу мець нiчога агульнага з гэтымi натоўпамi мужыкоў, якiя раз на год як вар'яты бегаюць з кветкамi. Дзеля чаго? У звычайным разуменнi я вельмi нерамантычны чалавек. Але мне падабаецца, калi людзi прыдумляюць розныя спосабы, каб паказаць свае пачуццi. Напрыклад, калi мая жонка зацяжарала, ёй стала цяжка гатаваць. Таму апошнiя пяць гадоў абеды i вячэры раблю я.

— Апытаннi, якiя вы здымаеце, ствараюць партрэт беларусаў. Што, па-вашаму, адрознiвае беларускiх жанчын?

— Я ўпэўнены, што на плячах нашых жанчын трымаюцца не толькi сем'i, але i ўсё беларускае грамадства. Калi б мяне спыталi раней, што адрознiвае нашых жанчын ад замежнiц, я б адказаў — дагледжанасць. Але цяпер я разумею, што гэта даволi абразлiвы эпiтэт: што гэта значыць? Звычайна ты так сабе, а тут нешта падправiла i стала больш-менш? Нашы дзяўчаты выдатныя.

Хоць ёсць сёе-тое, у чым усе мы саступаем замежнiкам. Мы закрытыя ў сабе. Напрыклад, беларуска зрабiла прычоску, купiла прыгожую вопратку i таму адчувае сябе прывабнай. Немкi або францужанкi значна саступаюць нашым жанчынам знешне, але прыцягваюць сваёй унутранай свабодай. Iх шчырая ўсмешка адразу ўздымае настрой. Радуе, што гэта ўсё часцей можна ўбачыць i ў нас.

— Што вы даведалiся пра дзяўчынак дзякуючы сваёй дачцэ?

— Я думаў, што жаданне спадабацца ў iх узнiкае ў 10-12 гадоў. Маёй Любе чатыры, i яна з двух гадоў сама навучылася «строiць вочкi». Прычым нi я, нi жонка так рабiць не ўмеем. Аказалася, што дзiця нараджаецца сфармiраванай асобай, якая проста мяняецца ў памерах. Яно падобна на цябе ў дробязях. Але гэта не люстэрка, а праламленне: дзiўна, як у iм выяўляюцца твае рысы. Гэта трэба прыняць i максiмальна прыстасавацца.

— Што самае важнае ў выхаваннi дзяўчынак?

— У выхаваннi любога дзiцяцi важная любоў. Калi шчыра любiш, прымаеш усё, што робiць тваё дзiця. Вядома, без фанатызму, але важна, каб малое ведала — яго падтрымаюць. Дзiця павiнна не баяцца расказаць нешта бацькам. Трэба, каб яно ведала: нават калi на яго сварацца, усё роўна любяць.

Датычна дзяўчынак... У нас бацькi чамусьцi рэдка кажуць дзяўчатам камплiменты — не дай бог будзе ганарыцца. А хлопчыкам можна, iх навучаюць: «Ты галоўны, гаспадар у доме, павiнен прыйсцi з работы, а там усё прыбрана i нагатавана». А чаму? Жанчына не павiнна працаваць больш за мужчыну, дзе справядлiвасць? Калi яна даглядае дзiця, будзь ласкавы ўзяць на сябе гаспадарку. Iнакш усё нявыказанае перарасце ў крыўды.

— Неяк ваша жонка выклала ў «Iнстаграм» сваё дзiцячае фота з «каменным» выразам твару i падпiсала, што рэпецiруе рэакцыю на вашы жарты. У сувязi з гэтым пытанне: калi не атрымлiваецца з гумарам, то чым «браць» жанчыну?

— Сярод нашых даволi пасiўных мужчын некаторая нахабнасць — ужо канкурэнтная перавага. Калi б у мяне быў сын, я б сказаў яму: «Хлопец, скарыць можна любую, калi знайсцi падыход». Каб спадабацца дзяўчыне, мужчына павiнен быць адукаваны, чымсьцi цiкавiцца, нешта ведаць. Вельмi важна, каб у людзей у адносiнах былi падобныя iнтарэсы. Мы з жонкай любiм адно i тое ж. Але няма адзiнага сцэнарыя: у мяне ёсць знаёмыя, якiя сварацца кожны дзень, яны разам 15 гадоў, i ў iх усё выдатна. Калi iм падабаецца, каму якая справа? Больш бянтэжаць маладыя пары, якiя пачынаюць у «Iнстаграме» расказваць, як правiльна будаваць адносiны. Шаноўныя, вось будзе вам 70 гадоў — на здароўе, толькi чамусьцi 70-гадовыя нiкога не вучаць, як быць шчаслiвымi.

— Як вы ставiцеся да фемiнiзму?

— Я супер-фемiнiст. Я вучыўся на фiлфаку i за пяць гадоў вучобы даведаўся пра ўсё! Калi ты вучышся з дзяўчынкамi год-два, яны ўжо не ўспрымаюць цябе як хлопца, i з'яўляюцца больш адкрытыя размовы. Для мяне было шокам, калi некалькi дзяўчат прызналiся, што ў дзiцячым узросце ў iх бок былi нейкiя прыставаннi з боку дарослых дзядзек. Неяк мы адпачывалi вялiкай кампанiяй, i я спытаў, у каго яшчэ было нешта падобнае. Аказалася, у большасцi, i гэта жахлiва. Я разумею, што многiя хлопцы гэтага не ведаюць, як не ведаў я. Але з тых часоў я значна большы змагар за жаночыя правы, чым мая жонка цi сяброўкi.

— Што рабiць, калi жанчына на дыеце папрасiла нi ў якiм разе не даваць ёй салодкага, а ўвечары молiць дазволiць хоць кавалачак?

— Я супраць такiх забарон. Трэба, аб'еўшыся салодкiм тортам, на наступны дзень пасумаваць наконт гэтага. Я за тое, каб — асаблiва цяпер, калi кожны год на планеце можа стаць апошнiм — усе елi больш шакаладных тортаў, таўсцелi i былi шчаслiвыя! Лепш так, чым худыя дэпрэсiўныя дурнi, якiя ўсiх напружваюць.

— Самае дзiўнае ў жанчынах — гэта...

— Тое, што яны церпяць нашых мужчын. Нашы заганы даволi дуркаватыя. I мы ў канкурэнтным спаборнiцтве прайграём замежнiкам...

— Што такое каханне?

— Калi ты не можаш без чалавека.

— Падобна на словы маньяка...

— Калi чалавек-маньяк знайшоў чалавека з псiхалогiяй ахвяры i яны шчаслiвыя, то гэта выдатна. Але я меў на ўвазе, што каханне павiнна быць як у рамане «Тры таварышы». Калi больш за ўсё ты баiшся страцiць чалавека i змагаешся за яго.

Нам, беларускiм мужчынам, вельмi пашанцавала, а нашым жанчынам — вельмi не пашанцавала. Чым раней мужчыны гэта зразумеюць, чым раней яны пачнуць бiць сябе па руках у незразумелых патрабаваннях i жаданнях, тым лепш будзе для ўсiх. А жанчынам трэба пастарацца сябе любiць i ўдзяляць сабе больш увагi.

Вiталiна БАНДАРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?