Вы тут

Мiр яднае кнiжнiкаў!


Гасцiннасць i добразычлiвасць панавалi на II «Кнiжных сустрэчах у Мiрскiм замку», якiя па традыцыi былi наладжаны ў трэцюю суботу чэрвеня. Арганiзатары — мiнiстэрствы iнфармацыi i культуры, Гродзенскi аблвыканкам, Карэлiцкi райвыканкам i музей «Замкавы комплекс «Мiр».


Летась, 15 чэрвеня 2019 года, фестываль сабраў каля 3500 гасцей. Больш за 40 выдавецтваў узялi ўдзел у прэзентацыi, продажы кнiжных навiнак у двары старажытнага замка. Сёлета праграма свята была пабудавана такiм чынам, каб прадставiць з мiнiмальным непасрэдным удзелам зацiкаўленых асоб усе праекты па знаёмстве з асветнiцкай, гiстарычнай кнiгай, мастацтвам кнiгi ў iнтэрнэт-прасторы. Фактычна «Кнiжныя сустрэчы ў Мiрскiм замку» 2020 года можна лiчыць кнiжным фестывалем у анлайн-рэжыме.

— Праектуючы сёлетняе кнiжнае свята ў Мiры, на старажытнай Гродзеншчыне, мы меркавалi, што трэба так арганiзаваць работу, каб пазнаёмiць шырокае грамадства з кнiгай як сацыяльнай, выхаваўчай з'явай, — дзелiцца сваiмi развагамi намеснiк мiнiстра iнфармацыi Iгар БУЗОЎСКI. — У краiне працуюць сотнi выдавецтваў, за год выходзiць каля дзесяцi тысяч назваў кнiг i брашур. Агульны наклад — дваццаць i болей мiльёнаў экзэмпляраў. Як не разгубiцца ў гэтым сапраўдным кнiжным моры? Таму, вiдавочна, i патрэбны розныя прэзентацыйныя, дыскусiйныя пляцоўкi для ўважлiвага разгляду, для ацэнак здзейсненага ў кнiгавыданнi. «Кнiжныя сустрэчы ў Мiрскiм замку» — адна з такiх магчымасцяў.

Нацыянальная бiблiятэка Беларусi падрыхтавала для Мiра спецыяльную выстаўку кнiг, альбомаў гiстарычнай, асветнiцкай тэматыкi. Аснову склалi кнiгi, якiя так цi iначай звязаны з Мiрскiм замкам, Карэлiччынай, iх ваколiцамi, Гродзеншчынай, увогуле з гiстарычнай тэматыкай. Намеснiк генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце i выдавецкай дзейнасцi Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Алесь СУША так ахарактарызаваў свае ўяўленнi пра кнiжнае свята ў замку: «Фестываль «Кнiжныя сустрэчы ў Мiрскiм замку» з'яўляецца цудоўнай iнiцыятывай адраджэння даўняй кнiжнай традыцыi, якая ў Беларусi заўжды развiвалася не толькi ў вялiкiх гарадах i манастырах, але i ў мястэчках, прыватнаўласнiцкiх замках i сядзiбах. Будучыня беларускай кнiгi таксама звязаная, на маю думку, з кожным горадам цi вёскай, з кожнай сям'ёй i кожным грамадзянiнам».

На кнiжным фестывалi ў Мiры адным з цэнтральных мерапрыемстваў стаў круглы стол, дзе абмяркоўвалiся пытаннi развiцця музейнага комплексу ў рамках устойлiвага развiцця рэгiёна.

Дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мiр» Аляксандр ЛОЙКА, якi ўзяў на сябе i мадэрацыю круглага стала, заўважыў, што ў вядомай на ўсю краiну i шмат шырэй гiстарычнай прасторы Мiрскага замка заўжды шанавалi асветнiцкiя, кнiжныя традыцыi. Вядома, што руплiвым кнiгазбiральнiкам быў i апошнi гаспадар замка — Мiхаiл Мiкалаевiч Святаполк-Мiрскi (1870—1938). Аляксандр Часлававiч звярнуў увагу на тое, што сёння музей актыўна займаецца кнiгавыданнем i кнiгараспаўсюджваннем. Кнiга, лiчаць у музеi, можа i павiнна суправаджаць навукова-пошукавую работу. Яна павiнна быць вiзiтоўкай не толькi для вузкага кола спецыялiстаў, але i для ўсiх наведвальнiкаў замка. Таму невыпадковым стала i тое, што ў межах праграмы II «Кнiжных сустрэч у Мiрскiм замку» былi адкрыты «Кнiжныя палiцы ад ААТ «Белкнiга» ў сувенiрнай краме музея. Такiм чынам, у Мiры iстотна пашырыцца асартымент продажу гiстарычнай, асветнiцкай лiтаратуры.

А што да развiцця музея «Замкавы комплекс «Мiр», якi, вiдавочна, з'яўляецца сапраўднай нацыянальнай, агульнадзяржаўнай каштоўнасцю нашай краiны, то ў час круглага стала быў выкладзены цэлы спектр слушных прапаноў. Наперадзе ў музейшчыкаў — рэканструкцыя вадаскiднага збудавання з добраўпарадкаваннем i арганiзацыяй пляцоўкi для сезоннага гандлю; рэстаўрацыя i прыстасаванне флiгеля; арганiзацыя рэгулярнага парку (так званага «iтальянскага саду»). Пра гэтыя ды iншыя клопаты музейна-замкавага жыцця гаварылi на круглым стале i Аляксандр Лойка, i кандыдат гiстарычных навук Вольга Папко, i загадчык аддзела генеалогii, геральдыкi i нумiзматыкi Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Аляксей Шаланда. Усе яны так цi iначай закраналi i кнiжную, кнiгазнаўчую тэму. Дарэчы, i на круглым стале, i ў кулуарах фестывалю прагучала шмат розных iнiцыятыў, якiя, несумненна, разам i сфармiруюць парадак дня для прапаганды асветнiцкай кнiгi ў нашым грамадстве.

Асобна на фестывалi быў прэзентаваны праект «У пошуках страчанага», з якiм на Дзяржаўную прэмiю Рэспублiкi Беларусь намiнаваны збiральнiк старых паштовак Уладзiмiр Лiхадзедаў. Дарэчы, мясцовай школе i Мiрскай гарпасялковай бiблiятэцы ён падарыў асобнiкi сваiх фiлакартычных альбомаў з рэпрадукцыямi старых паштовак. Бiблiятэчкi кнiг — i школе, i мясцовай бiблiятэцы — падарыла i Мiнiстэрства iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй — пакiдаць пасля завяршэння «Кнiжных сустрэч у Мiрскiм замку» ў падарунак кнiгi.

Мiкола БЕРЛЕЖ 

Фота Уладзіслава ЦЫДЗІКА

Г. п. Мiр, Карэлiцкi раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.