Вы тут

Запуск нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы адбудзецца 1 студзеня 2021 года


У лютым мінулага года ўпершыню публічна былі агучаны планы стварэння нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы. Гэтая навацыя абумоўлена часам — усё больш паслуг пераходзіць у электронную форму, і пошта не застаецца ўбаку ад тэхнічнага прагрэсу. Скарыстацца навінкай можна будзе зусім хутка — мяркуецца, што запуск сістэмы адбудзецца 1 студзеня 2021 года. Пра тое, што ж яна прынясе для карыстальнікаў, «Звязда» распытала начальніка цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій РУП «Белпошта» Анатоля Неўмяржыцкага.


— Што будзе ўключаць у сябе новая сістэма і як нарадзілася ідэя яе стварэння?

— Яе старту папярэднічала думка, як удасканаліць дастаўку звычайных папяровых заказных лістоў. Асаблівасць тут у тым, што іх дастаўка юрыдычна значная і пацвярджаецца подпісам атрымальніка. Гэтае апавяшчэнне, як мы ўсе ведаем, у класічнай схеме вяртаецца адпраўшчыку. З аднаго боку, такая сістэма адладжана дзесяцігоддзямі. Але гэта дадатковы папяровы дакументаабарот, плюс ён па сваёй прыродзе вымагае колькі часу, патрэбнага на вяртанне апавяшчэння. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць выбудаваць такі сэрвіс у электронным выглядзе, захоўваючы пры гэтым юрыдычную важнасць дастаўкі.

Варыянтаў рэалізацыі ідэнтыфікацыі асобы сёння прыдумана шмат. Тут і электронны лічбавы подпіс, і паслуга SіmІD — фактычна той жа электронны подпіс, але рэалізаваны пры дапамозе SІM-карткі, і ІD-картка, якая цяпер распрацоўваецца ў нашай краіне.

У сваю чаргу, мы разумелі, што калі «Белпошта» не будзе гэтым займацца, то мы проста страцім час. Па-першае, класічны аналагавы сэрвіс з кожным годам будзе ўсё больш сыходзіць у гісторыю, а папулярнасць набярэ электронны функцыянал — як гэта зараз адбываецца ў многіх сферах. Вось таму мы і акрэслілі сваю задачу: алічбаваць нашы паслугі, каб карэспандэнцыю можна было дастаўляць як мага больш аператыўна. Ёсць шэраг стандартаў і на ўзроўні Сусветнага паштовага саюза, якія рэгламентуюць падобныя падыходы ў міждзяржаўных дачыненнях.

Сёлета ў канцы года мяркуем запусціць Нацыянальную электронную паштовую сістэму ў пробную эксплуатацыю, а прэзентаваць усім карыстальнікам — 1 студзеня 2021-га. Такім чынам, усё ідзе па графіку. Між іншым, нашы партнёры, якія распрацоўвалі новыя праграмныя комплексы, выйграўшы адпаведныя тэндары, амаль усе з'яўляюцца рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій.

— Наколькі ж скароціцца папяровы дакументаабарот?

— Мы паглядзелі на тое, як гэта рэалізавана ў нашых бліжэйшых суседзяў і ў краінах Захаду. Архітэктура агульных падыходаў усюды аднолькавая. Розніца толькі ў тым, як заканадаўствы розных краін трактуюць паняцце электроннага лічбавага подпісу і яго кампетэнцыі. Мы ўзялі на ўзбраенне так званую гібрыдную схему. Гэта значыць, што карыстальнікі падзяляюцца на дзве часткі: тыя, хто знаходзіцца ў межах сістэмы, і па-за яе перыметрам. Працуе гэта так. Калі атрымальнік зарэгістраваны ў межах сістэмы, то яму прыйдзе паведамленне не папяровае, а электроннае, доступ да якога будзе ў асабістым кабінеце. Найлепшы варыянт, калі і адпраўшчык, і атрымальнік знаходзяцца ў перыметры сістэмы, і перапіска ідзе па прынцыпе «лічба-лічба». Ці ёсць атрымальнік у электроннай базе, адпраўшчык убачыць падчас набору яго кантактаў у спецыяльным полі. Калі ж яго там няма — апавяшчэнне будзе папяровае.

— Юрыдычная машына, як правіла, не вызначаецца хуткасцю. Якія спатрэбіліся змены ў заканадаўстве ў сувязі з увядзеннем новай сістэмы?

— Былі ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні ў закон «Аб паштовай сувязі» — галоўны дакумент, які рэгламентуе нашу сферу дзейнасці. Але тут мушу зазначыць, што за апошнія дзесяць гадоў даволі істотна змянілася заканадаўства, якое датычыцца лічбавай сферы, асабліва ў сферы электроннага лічбавага подпісу. Разам з тым мы ўспрымаем юрыдычны складнік як працэс эвалюцыйны. Гэта значыць, што па меры неабходнасці будуць ініцыявацца змены ў заканадаўства. Зараз нашы юрысты імкнуцца адпрацаваць максімальную колькасць пытанняў, якія могуць узнікнуць падчас эксплуатацыі новай сістэмы. Але гэта, па сутнасці, фінальны этап работы. Куды большая работа была зроблена некалькі гадоў таму — падрыхтоўка базы, яе абгрунтаванне, узгадненне з усімі зацікаўленымі органамі, увядзенне электроннага лічбавага подпісу і сістэмы, на якой ён існуе...

Новыя сэрвісы нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы будуць уключаны і ў нашу мабільную праграму BELPOST. Яна ўжо даступная ў Google Play Market і App Store. Разам з тым асноўны функцыянал даступны ўжо і зараз — напрыклад, пры яго дапамозе можна адсачыць шлях адпраўлення, знайсці па індэксе і адрасе аддзяленне паштовай сувязі і пракласці да яго маршрут, выклікаць кур'ера.

— «Белпошта» нядаўна абнавіла свой сайт. Як ён дапаможа ў станаўленні электроннай паштовай сістэмы?

— Сістэма, праграма і сайт — гэта, па сутнасці, адзін шматканальны праект. Дастаткова зарэгістравацца ў адным з яго пералічаных кампанентаў — і ўліковы запіс будзе дзейнічаць у астатніх. Увогуле, новы партал выбудаваны так, каб усе яго сэрвісы — падпіска на выданні, аплата, адсочванне адпраўлення, — ажыццяўляліся праз адзіны праграмны інтэрфейс, што кардынальна спрашчае ўзаемадзеянне карыстальніка і сістэмы. Для гэтага спатрэбілася перабудаваць амаль увесь машынны працэс.

У нашых найбліжэйшых планах — запусціць праграмны інтэрфейс для юрыдычных асоб. Дзякуючы яму яны змогуць адсачыць свае адпраўленні, запоўніць аддалена неабходныя дакументы. Попыт на гэта вельмі вялікі, але раней з-за тэхнічных абмежаванняў рэалізаваць такія рэчы было немагчыма. Цяпер жа ўсё інакш.

Гутарыў Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Пошта пераходзіць на лічбу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.