Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Аршанскі «Вітэн» чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе, адолеўшы гомельскі ВРЗ у серыі за залатыя медалі — 3:2.

У пятым, вырашальным, паядынку залатой серыі аршанцы выйгралі на сваёй пляцоўцы з лікам 4:1. Да гэтага абодва прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул атрымалі па дзве вікторыі на сваіх пляцоўках: «Вітэн» выйграў 3:2 (у авертайме) і 4:2, а ВРЗ двойчы перамог з аднолькавым вынікам 2:1.

Раней «Вітэн» выйграваў чэмпіянат краіны ў 2008, 2009 і 2013 гадах. Уладальнікамі бронзавых медалёў XXXІ чэмпіянату краіны па міні-футболе сталі спартсмены мінскай «Сталіцы», якія двойчы абыгралі гомельскі БЧ — 4:1 (дома) і 6:3 (у гасцях).

Нагадаем, самым тытулаваным клубам з'яўляецца мінскі «Дарожнік», які шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. У «Лідсельмаша» і «Вітэна» па чатыры «золаты», па тры — у «Мінска», МАПІДа і «Сталіцы».

2. У нядзелю завяршыўся кваліфікацыйны раўнд адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Беларусі па тэнісе. У мужчын у асноўную сетку турніру выйшлі Зураб Багатрышвілі, Мікалай Банькоў, Хактан Гараеў, Іван Паўлючэнка, Ціхан Феедораў, Цімафей Куксаў, Ягор Слізевіч, Данііл Пятроўскі. У жанчын — Улада Зверава, Анастасія Рафальская, Алеся Якубовіч, Стэфанія Шабанава, Дар'я Хамуцянская, Крысціна Дзмітрук, Вераніка Прыц, Анастасія Абрамовіч. Па завяршэнні кваліфікацыі адбылася жараб'ёўка месцаў у асноўнай сетцы турніру. Адзначым, што матчы асноўнай сеткі ў мужчын і ў жанчын будуць згуляныя ў два дні — панядзелак і аўторак.

3. Завяршыліся матчы 14-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Гульцы салігорскага «Шахцёра» не здолелі адолець брэсцкі «Рух» — 1:1, і такім чынам разрыў паміж «Шахцёрам» і лідарам БАТЭ, які абыграў у Бабруйску мясцовую «Белшыну» з вынікам 2:0, павялічыўся да чатырох ачкоў. Вынікі астатніх матчаў 14-га тура: «Віцебск» — «Мінск» — 1:0, «Слуцк» — «Нёман» (Гродна) — 0:1, «Славія» (Мазыр) — «Смалявічы» — 2:1, «Іслач» (Мінскі раён) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 2:2, «Дынама» (Брэст) — «Гарадзея» — 3:1, «Дынама» (Мінск) — «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 0:0.

Турнірнае становішча: БАТЭ — 30 ачкоў (14 матчаў), «Шахцёр» — 26 (14), «Дынама» (Брэст) — 25 (14), «Нёман» — 23 (13), «Тарпеда-БелАЗ» — 23 (14), «Энергетык-БДУ» — 23 (14), «Віцебск» — 21 (14), «Іслач» — 20 (14), «Дынама» (Мінск) — 20 (14), «Слуцк» — 18 (14), «Славія» — 18 (14), «Рух» — 16 (14), «Гарадзея» — 15 (14), «Мінск» — 13 (12), «Смалявічы» — 7 (13), «Белшына» — 6 (14).

Спіс найлепшых бамбардзіраў узначальваюць Гегам Кадзімян («Нёман»), Павел Няхайчык (БАТЭ), Іён Нікалаеску («Віцебск»), Віталь Лісаковіч («Шахцёр») і Джасурбек Яхшыбаеў («Энергетык-БДУ»), якія забілі па сем мячоў.

Наступны тур пройдзе з 26 да 28 чэрвеня.

4. Еўрапейская гандбольная федэрацыя вызначыла ўсе каманды, якія выступяць на групавым этапе новага сезона Лігі чэмпіёнаў. У лік 16 удзельнікаў асноўнага этапу галоўнага кантынентальнага клубнага турніру ўвайшоў і чэмпіён Беларусі Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова. Іх сапернікамі стануць два прадстаўнікі нямецкай бундэслігі «Кіль» і «Фленсбург», а таксама іспанская «Барселона», дацкі «Ольбарг», венгерскія «Веспрэм» і «Пік», харвацкі «Заграб», французскія «Пары Сэн-Жэрмэн» і «Нант», нарвежскі «Эльверум», славенскі «Цэле», партугальскі «Порту», «Вардар» са Скоп'е, польскі «Віве» з Кельце, у якім гуляюць беларускія гандбалісты Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш, і ўкраінскі «Матор» з Запарожжа з беларусамі Барысам Пухоўскім, Максімам Бабічавым, Іванам Марозам і Вячаславам Боханам у складзе.

Нагадаем, у бягучым сезоне Лігі чэмпіёнаў прайшоў толькі групавы этап. Плануецца, што вырашальны этап адбудзецца 28-29 снежня ў нямецкім Кёльне.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Залатая серыя скончана

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.